top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Возера Кромань і хутар Устрынь-Баркі на ягоным узбярэжжы

Updated: Jan 15, 2023

Ледавіковае возера Кромань ёсьць адна з шэрагу найбольшых прыродных каштоўнасцяў Налібоцкай пушчы. І не таму што яно з'яўляецца гідралягічны чымся ўнікальным. Напрыклад, на поўначы Беларусі ў Паазерскай пушчы маецца сотні падобных ледавіковых азёр, але гэта тамака ў Паазерскай пушчы. А тутай у Налібоцкай пушчы яно бадай што гэтакае рэштавае ледавіковае адно на вялікі леса-багенны абшар. Дзеля дакладнасьці зацемім, што ў Налібоцкай пушчы ёсьць яшчэ адно маленечкае рэштавае ледавіковае азярцо пад Навусьцю, а таксама гэтакае ж азярцо Бяздоннае было на раскошным Хмелішчанскім багна к усходу ад Кромані. Бяздоннае зьнікла пры асушэньні той багны. Таксама ў даліне Нёмна і Бярэзіны ёсьць значныя абалонныя азёры на старарэччах, але тое абалонныя азёры, якія па ўтварэньню, гідрахіміі й функцыяваньню зусім адрозныя ад ледавіковых азёр. Што тычыцца Кромані, то ў Вікіпедыі зазначана, што ейная плошча паверхні складае 0.92 км², даўжыня гэтага возера 1.2 км, найбольшая шырыня 1.1 км. Даўжыня берагавой лініі 5,49 км. Найбольшая глыбіня 26,5 м, сярэдняя 13,2 м.



Возера Кромань.
Возера Кромань.

Бераг возера Кромань.
Бераг возера Кромань.

Пасьля пасьпяховай рыбалкі на Кромані. Відаць, што злоўлена немала ладных ляшчэй. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

У возеры Кромань даволі шмат розных гатункаў рыбы, перш за ўсё трэба адзначыць ляшча, ліна, плоць, акуня, шчупака, гусьцяру, краснапёрку, печкура ды ярша. Таксама прынамсі было шмат шыракапалага рака. Стала жывуць на возеры бабры, выдры і амерыканскія норкі, якія канкурэнтна выцеснілі абарыгенных эўрапейскіх норак. Менавіта на Кромані ў Налібоцкай пушчы ў 1950-х гадох адбываліся массавыя выпускі амерыканскіх норак дзеля акліматызацыі гэтага футравага гатунку куніцавых. Гэтак 49 амерыканскіх норах на Кромані было выпушчана ў 1957 годзе, а потым 1958 годзе выпускалі яшчэ 99 асобнікаў.

Назва возера паходзіць ад кельцкага crom, што азначае круг, і сапраўды возера Кромань амаль што круглай формы.

Кромань мае карставае паходжаньне. Вада ў Кромані чысьцюткая да гэтых часоў. Упадаюць рака Блюшка й асушальны канал, выцякае рака Краманіца (Кроманка) таксама каналізаваная яшчэ за польскім часам у 1930-я гады.







Вытокі Краманіцы з Кромані.



Шлюз на вытоках Краманіцы, што рэгулюе ровень вады ў Кромані. Бетонныя асновы былі мураваны яшчэ напрыканцы 1920-х гадоў, калі ў навакольных лясох гаспадарыла польская лесаэксплюатацыйная фірма "Сьверк". Тады той шлюз падымаў ровень вады ў возеры й накіроўваў ваду ў Краманічную канаву, што выцякала пры руме з паўночнага берага Кромані.


Каналізаванае рэчышча Краманіцы адразу пасьля шлюзу пры Кромані. Патрэбай каб спраставаць Краманіцу быў сплаў дрэўны ад Кромані да Нёмну, што напрыканцы 1920-х гадоў і напачатку 1930-х гадоў ладзіла польская лесаэксплюатацыйная фірма "Сьверк".


Вядомы Шкляны Мост, што каля кілометра ўніз па Краманіцы. Ён ёсьць на старой дарозе з Любчы на Налібокі, што праставала праз Валасеньскую багенную галявіну. Сваё гэтакае найменьне гэтае маставое мейсца атрымала таму што некалі, калі яшчэ ў Налібоках працавала Радзівілаўская шкляная гута, нейкі габрэй накупіў шкляных вырабаў і вёз у бок Наваградка на спродаж. Але цяжка гружоны воз на тым мосьце перакуліўся, і шкло пасыпалася ў Краманіцу.

Што тычыцца невялічкага людзкога паселішча Устрынь-Баркі на ўзьбярэжжы Кромані, то з ягонай раньняй гісторыі вядома няшмат. Тутай трэба зазначыць, што цяперака Ўстрынь-Баркі ўсё часьцей называюць Кромань, як і возера. Але ранейшая. аўтэнтычная назва гэтага людзкога паселішча пры возеры Кромань ёсьць менавіта Ўстрынь-Баркі. Яно даўнее, яшчэ сярэдневечнае. Прынамсі напрыканцы XVI-тага стагодзьдзя гаёўня Устрынь-Баркі пры Кромані ўжо функцыянуе ў сыстэме Радзівілаўскай леса-лавецкай гаспадаркі як вельмі істотны гаспадарчы пункт на шляхах з Любчы ў Налібокі й са Шчорсаў у Налібокі. Акрамя таго з Устрынь-Баркі пралягала дарога на Буды і далей яна пралягала леваруч даліны Вусы да Броднага й таксама да Любчы. У Будах была ня толькі развойная буда (лесагаспадарчая адзінка хімічнай і будаўнічай накіраванасьці), але і найлепшы водступ Налібоцкага падлавецтва ў паляўнічай гаспадарцы Радзівілаў. Прынамсі напачатку XVII-тага стагодзьдзя ва Ўстрынь-Баркі жыве і працуе аж пяць радзін лясовых службоўцаў ад Радзівілаў. Сярод іх быў асочнік-баброўнік, лясны стражнік, бортнік, рыбнік, а таксама некалькі лесьнікоў дзеля выкананьня шараговых лесагаспадарчых задач. Гэтакія ж лясныя службоўцы тамака мешкалі напэўна й надалей, але асабліва істотная ўвага надавалася лову рыбы для Радзівілаўскай кухні ў Нясьвіжы. Гэтак напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя прыгадваюцца нават аж тры рыбнікі, што часова або стала жылі ва Ўстрынь-Баркі й аблаўлівалі ня толькі Кромань, але й Нёманскія тоні.


Навакольле Кромані славілася багатым лесам. Пакуль гэтым усім валодалі Радзівілы, яны не давалі дазволу на высечку раскошных пярвотных лясоў паміж Хмелішчанскім багно й далінай Вусы, а таксама на захад за Вусаю аж да багны Паўднёвае Ўюнішча. Усё гэта прыроднае багацьце дбайна захоўвалася дзеля прыгажосьці магнацкіх ловаў.


У XIX-тым стагодзьдзі, калі тамтэйшымі лясамі завалодалі іншыя гаспадары, то ўсё зьмянілася. Мужык Стэфаніі Радзівіл Людвіг Вітгеншіэйн распачаў значныя высечкі леса непадалёку ад Кромані пры рацэ Вусе, а таксама пры дарогах на Любчу і Шчорсы каля Кромані. Пры іхняй дачцэ Марыі Гогенлое высечкі працягваліся каля Кромані ва ўрочышчах Красный Бор і Ямнае, а таксама ў Трасцяніцы, але надта шанаваўся захаваўшыйся пярвотны лес пры Вусе ва ўрочышчах Буды, Шубін і Сьмейнае. У 1890-х гадох у Будах на сродкі Марыі Гогенлое будуецца палацык, які й навакольле ёй былі надта да спадобы. Калі Будамі й Кроманьскім навакольлем завалодаў Фрыдрых Фальц-Фейн, вядомы тагачасны прыродаахоўнік, то былі нават пляны ўтварыць тамака першы краёвы запаведнік. Гэтым часам напярэдадні Першай сусьветнай вайны высечак лесу ад Кромані да Будаў амаль што не праводзілася. Запаведніцкім плянам Фальц-Фейна перашкодзіла Першая сусьветная вайна. Яна лягла цяжкім ярмом на тамтэйшыя мясьціны, бо тамака цягам дзьвюх з паловай гадоў мейсціліся прыфрантавыя расейскія войскі. Гэтым часам ужо досыць развойнае паселішча Ўстрынь-Баркі (да 14 двароў напярэдадні той вайны) амаль што зьнікла. Сялянскую гаспадарку было весьці амаль што немагчыма з-за штомесячных, калі не штодзённых пабораў сялянскага дабра вайскоўцамі.


Краманічная канава ад польскай лесагаспадарчай установы "Сьверк"  і румнае мейсца каля яе,  пачатак 1930-х гадоў.  Фота Л. Іванова з часопіса Echa Leśne, 1931(4).
Краманічная канава ад польскай лесагаспадарчай установы "Сьверк" і румнае мейсца каля яе, пачатак 1930-х гадоў. Фота Л. Іванова з часопіса Echa Leśne, 1931(4).

Па сканчэньню вайны й усталёўкі Польскай улады прыкроманьскія лясы апынуліся пад лесаэксплёатацыйным прыгнётам полькай дрэўна-здабываўчай фірмы «Сьверк». Напачатку 1920-х гадоў з паўночнага боку Кромані, то бок супрацьлеглага боку ад Устрынь-Баркі (на той час там было два або тры двары) «Сьверк» будуе афіцыну, стадолу для коней й барак для працаўнікоў. Новабудоўля гэтак і завецца Барак Кроманьскі. Цяперака тое мейсца каля Кромані завуць Румок, то бок што тамака быў некалі рум.


Высілкамі "Сьверка" каналізуецца Краманіца, рэчышча якой выпрастоўваецца да сутокаў з Вусаю, капаецца абвадная канава ад Кромані да Краманіцы, пры выхадзе абвадной канавы ўтвараецца рум з складзкімі паветкамі. Спрэс высекаюцца навакольныя лясы, якія сплаўляюцца ў Нёман і прадаюцца ў Англію. У траўні 1928 года кроманьскія будынкі фірмы «Сьверк» кімсьці падпальваюцца і згараюць. З таго часу высечка леса ў прыкроманьскіх лясох замаруджваецца, але яшчэ заўважна працягваецца досыць доўгі час. «Сьверк» абанкруціўся й зьнік толькі ў 1936 годзе. Лесасплаўчы канал па Краманіцы паступова страціў сваю прыдатнасьць і больш не ўжываўся дзеля сплаву лесу.


Якія падзеі адбываліся ва Ўстрынь-Баркі цягам зьмены польскай улады на савецкую перад Другой сусьветнай вайной невядома. Ведаю толькі, што Ўстрынь-Баркі сустрэла гэтую вайну, маючы тры двары, адзін зь якіх належыў радзіне Грыгарцэвічаў. Як і паўсюль у Налібоцкай пушчы ўсё хаты прыкроманьскіх мяшканцаў былі спалены немцамі. Устрынь-Баркі было зьнішчана ў другую блякаду ў жніўні 1943 года. Нейкія будынкі ва Ўстрынь-Баркі ацалелі й іх потым немала карысталі савецкія партызаны й бежанцы, што жылі пры іх. Асноўныя прыкроманьскія савецка-партызанскія базы знаходзіліся ва ўрочышчы Ямнае, што на поўнач ад Кромані і ў Красным Бары каля рэчкі Бойная, што на паўднёвы ўсход ад Устрынь-Баркі.


Пасьля Другой сусьветнай вайны ва Ўстрынь-Баркі адбудаваліся толькі два двары, адзін зь якіх па-ранейшаму належыў Грыгарцэвічам. У 1960-х гадох радзіна Грыгарцэвічаў ва Ўстрынь-Баркі складалася з бацькі Язэпа, маці Ганны, сына Юзіка і дачкі. Бацька працаваў лесьніком у Будаўскім лясьніцтве Стаўпецкага лясгасу.



Супрацоўнікі Будаўскага лясьніцтва, 1951 год. У цэнтры лесьнічы Леанід Кароткін, справа у ніжнім радку Язэп Грыгарцэвіч з Устрынь-Баркоў, трэці справа ў ніжнім радку Здзіслаў Калей. Фота з калекцыі Калеяў.

Лесьнік Язэп Грыгарцэвіч з забітым рысем. Ён выйшаў з лесу і стаіць каля панадворка. Да яго падыйшлі жонка Ганна й сынок Юзік. Фота пачатку 1960-х гадоў са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

Да той сядзібы і Грыгарцэвічавай радзіна аўтар гэтых радкоў меў некаторую датычнасьць яшчэ ў маленстве. І вось як тое было, аб чым мне захоцьцю паведзіць, бо і зараз адчуваю незвычайны калярыт той ездкі і таго часу.


У жніўні 1969 году мой бацька Яўген Сідаровіч разам з мужыком ягонай пляменьніцы Аляксандарам Грэсям ехалі на маленькім самаходзе Запарожац на рыбалку-адпачынак на возера Кромань, што знаходзілася ў пушчанскай глушы. Бацька ўзяў мяне ў тую трохтыднёвую ездку з сабою. Аляксандар Грэсь меў на хутары Кромань знаёмца Язэпа Грыгарцэвіча, які тамака жыў й працаваў лесьніком. Мы мелі папярэдні дазвол гаспадара стаць з намётам і самаходам на ягоным хутарскім падворку, мець ад яго човен й сякую-такую харчовую падтрымку з сялянскай гаспадаркі Грыгарцэвічаў. Ехалі мы з Менска на мястэчка Івянец, потым на вёску Налібокі, ад якой павярнулі ў сталы лес па старасьвецкаму гасьцінцу з Налібокаў на Кромань. Далей па таму гасьцінцу можна было накіроўвацца на вёскі Панямонь і Шчорсы, а то і ў бок урочышч Будаў й Сьмейна. Гасьцінец гэты, які быў раней дзе адбрукаваны, а дзе быў ладнай грэбляй, раздаўбала дазваньня цяжкая лесагаспадарчая тэхніка ў пасьляваенны час. Асабліва вялікія й брудныя калюгі недзе ва ўрочышчы Цякучае ўжо пад Кроманьню было цяжка пераадолець.



Тая брудная дарога на шляху ад Налібакаў да возера Кромань й Устрынь-Баркі.

Таму Аляксандар паведаміў загадзя, што пры праездзе праз найбольшыя калюгі відавочна захрасьнем і мусім доўга чакаць нейкай падмогі. Хутчэй за ўсё гэта чакаць пакуль не пад’едзе нехта іншы яшчэ з любога боку, каб разам ледзь не перанесьці ўсе самаходы пад’езжых праз тыя брудныя калюгі. Можа чакаць трэба будзе суткі або нават балей, так што тамака можна й заначаваць у намёце. Гэтак і здарылася, бо тамака мы й захрасьлі. Па дарозе ад Налібок мяне надта ўразілі велічэзныя яліны, якіх цяперака тамака дакладна няма, бо іх пасьсякалі, а мо ў маленстве яны падаваліся большымі. На зьдзіўленьне чакаць давялося нядоўга. Нехта пад’ехаў аж на дзьвюх лесагаспадарчых самаходах і скопам больш за дзесяць мужыкоў наш Запарожац быў амаль што перанесены праз тыя доўгія і брудныя калюгі цягам ня менш гадзіны. Дзеля гэтага ўжываліся два доўгія й моцныя падклады з яловых стаўпуроў дыяметрам 10-15 сантымэтраў, якія Аляксандар з бацькам падрыхтавалі загадзя. Гэтак мы дабраліся да возера Кромань да той Грыгарцэвічавай сядзібы.




Радзіна Грыгарцэвічаў за пераборкай накапанай бульбы на іхнім хутары Ўстрынь-Баркі ля Кромані, Налібоцкая пушча, 1960. Зьлева направа малы сын Юзік, бацька Язэп, жончына маці Алена й жонка Ганна.
Радзіна Грыгарцэвічаў за пераборкай накапанай бульбы на іхнім хутары Ўстрынь-Баркі ля Кромані, Налібоцкая пушча, 1960. Зьлева направа малы сын Юзік, бацька Язэп, жончына маці Алена й жонка Ганна. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

Радзіна Грыгарцэвічаў у гасьцях у Калеяў у Броднае. Фота сярэдзіны 1960-х гадоў са збораў радзіны Калеяў.

Ганна Грыгарцэвіч з прыручаным партусам у сваёй хаце на хутары Устрынь-Баркі ля Кромані, 1969.
Ганна Грыгарцэвіч з прыручаным партусам у сваёй хаце на хутары Устрынь-Баркі ля Кромані, 1969. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

Мяне шмат чаго ўразіла тамака й нават пакінула глыбокі сьлед надоўга, можа й на ўсё жыцьцё. Перш за ўсё, гэта ўжо не раз узгаданая хутарская й сярод-пушчанская вольніца, чаго ніяк не адчувалася ў Менску й пад Менскам тамака, дзе я гадаваўся. Па-другое, зусім іншая, прыгожая мова – амаль што чыстая беларуская мова, якая гэтак суладна й са смакам вымаўлялася Грыгарцэвічамі, што хацелася казаць менавіта на гэтай мове. Я, як сынок пераважна рускамоўных бацькоў, к таму часу ўжо ўсё ж такі нямала чуў беларускіх слоў ад сваёй бабулі Вольгі Віктаровіч. Адылі мова Грыгарцэвічаў была значна прыгажэйшай, бо ў ёй амаль што не было намяшана рускамоўных слоў і вымаўленьня, што відавочна робіць гаворку нязграбнай й несуладнай, ды пазбаўляе яе моўнага хараства. Трэцяе, тамака шмат чаго было цікава й адмыслова. Грыгарцэвічы ўтрымлівалі малое рысяня й я з ім гуляў. То было вельмі помна.


На падворку быў самагонны заводзік у асобнай невялічкай пабудове. Я малым падлеткам бачыў, як тамака жэнілі самагонку, і мне тое запомнілася, бо ўсё поўнілася нейкім дагэтуль нязнанымі адмысловасьцю й калярытам. Там жа на падворку наўпрост у вялікім аж літраў на трыццаць чыгунным кагане штодня варылі рачных ракаў, якіх лавілі крыгай (то ёсьць адмысловая сетка, расьцягнутая па драўняным апірышчам, што падобна на перавёрнутую літару ш) побач на возеры Кромань. Я ў гэтым ня раз удзельнічаў. Потым употай выпускаў шмат рачных ракаў на волю – у возера, або проста ў траву на падворку, каб уратаваць іх ад загубу ў кагану з кіпнем. Мы ўсе разам, а часам толькі я сам насам яшчэ малы падлетак, самастойна пераплаўляўся на чоўне на другі бераг возера, дзе выцякала рэчка Краманіца. Тамака пры рэштках падмурку яшчэ даваеннага польскага шлюзу добра лавілася рыба, пераважна акуні. Я памятую, што закідваеш вудачку ў пратоку, паплавок праплывае ад аднаго да трох мэтраў й звычайна тоне, то тады цягнеш чарговага акуня. Дзьве, або тры гадзіны й маем вядро гэтакіх акунёў. Акрамя таго часам лавіліся плоці ды яльцы.




Сенаваньне ва Ўстрынь-Баркі. Юзік Грыгарцэвіч бліжні справа. Фота сярэдзіны 1960-х гадоў са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.


Дзяўчаты з Ўстрынь-Баркі, Дрэвезны, ды Прудзішча ідуць у Панямонь на вечарыну. Фота 1960-х гадоў са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.


Язэп (Юзік) Грыгарцэвіч на Кромані непадалёку ад свайго хутара Ўстрынь-Баркі, 1991.
Язэп (Юзік) Грыгарцэвіч на Кромані непадалёку ад свайго хутара Ўстрынь-Баркі, 1991. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

Куток цяперашняй сядзібы Грыгарцэвічаў (фота 2020 году), у якім для мяне ёсьць нейкае адчуваньне ранейшага часу на той лесьнічоўцы. То бок выглядае як раней, адылі канечне ўсё тамака зьмянілася.





254 views0 comments
bottom of page