top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Дзе і што то ёсць Налібоцкая пушча?

Updated: Jan 15, 2023


Дадатковы аўтар Ірына Ратэтка


Неяк сам аўтар гэтакае пытанне ніколі сам сабе не ставіў, бо для яго Налібоцкая пушча атаесамлялася са сталым распаўсюдам леса-багеннага тэрэну абапал ракі Бярэзіны (г.зн. Заходняй Бярэзіны) на 44-78 кілямэтраў ад Менска на захад і паўночны захад. На ўсход ад Бярэзіны гэта пушча сягае далей чым на захад ад яе. Больш-менш з поўдня й з паўднёвага захаду Налібоцкая пушча абмяжоўваецца далінай ракі Нёмну, за якой пераважвае аграрны ляндшафт. З поўначы межы Налібоцкае пушчы менш выразныя. Уздоўж даліны Бярэзіны яна цягнецца на поўнач заўважна далей, тады як з паўночнага ўсходу яна ў асноўным абмежавана далінай Іслачы за выняткам самага паўночна-ўсходняга рогу. Тэрытарыяльна-адміністратыўна Налібоцкая пушча знаходзіцца ў Стаўпецкім ды Валожынскім раёнах Менскай вобласьці й у Наваградскім ды Іўеўскім раёнах Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Выразнае ўяўленьне Налібоцкай пушчы шмат базуецца на тым, што яе даволі раскошны леса-багенны тэрэн пераважна аблямаваны аграрнымі землямі з мноствам вёсак і шэрагам мястэчак. Гэтакім чынам як на мапе, так і ва ўражаньнях вызіцёра Налібоцкая пушча з яе адносна натуральным станам прыроднага асяродзьдзя досыць агромістая, але адначасова відаць межы, дзе яна канчаецца й пачынаюцца землі, больш карэнным чынам перапрацаваныя людзьмі пад ворныя нівы, паселішча й іншае.

Сучасная плошча Налібоцкай пушчы, як масіву сталага распаўсюду адносна натуральнага тэрэну пераважна ляснога, складае па маім ацэнкам каля 1710 квадратовых кілямэтраў, а з леса-аграрным навакольлем Налібоцкі лясны тэрэн дае каля 2750 квадратовых кілямэтраў.


Naliboki forest on the map of Belarus
Абрысы Налібоцкай пушчы на мапе адміністратыўнага падзяленьня Беларусі.

General map of Naliboki Forest
Агульная мапа Налібоцкай пушчы



The author's point of view on the border of Naliboki Forest
Аўтарскае бачаньне межаў сучаснай Налібоцкай пушчы

Нягледзячы на ўсю ляндшафтную акрэсьленасьць, дзе то ёсьць Налібоцкая пушча, аўтар праводзіў шмат апытанкі, як то ўсьведамляюць Налібоцкую пушчы людзі. Перш за ўсё тыя людзі, якія стала жывуць недзе ў 10-20 кілямэтровых навакольлях ад яе ўзгодна з маімі перакананьнямі, дзе яна прасьціраецца.

Сярод жыхароў аграрных навакольляў Налібоцкай пушчы, з якога ейнага боку я б не апытваў, панавала пэўная няўцямнасьць, дзе тое гэтая пушча. На поўдні Налібоцкай пушчы ў левабярэжных ад Нёмну вёсках і мястэчках хутка казалі, што яна во за Нёмнам, але як далёка яна сягае апытанцы паведзіць не маглі. Каля мястэчка Мір і Карэлічы некаторыя адказвалі, што не за Нёмнам яе пачатак, а во побач каля нас, і то было слушна, бо насамрэч леса-багенны масіў па левабярэжжу Нёмна ў бок Міра й Карэлічаў акурат вымалёўваецца як ладны рог вонкавых абрысаў Налібоцкай пушчы. З цэнтральнага захаду, цэнтральнага ўсходу й поўначы за невялічкай акалічнасьцю панавала яснасьць. Налібоцкая пушча во тамака, як на далоні, крыху далей, бо во бачыце выразную мяжу лесу, тамака дзе пачынаецца нізінны лясны абшар. Во тое й Налібоцкая пушча. Гэтаксама, як і на поўдні, у гэтых людзей значна менш было паразуменьня ва ўяўленьнях аб межах Налібоцкай пушчы.Найбольш блытаніны было з гэтакім апытваньнем на паўночным усходзе, паўднёвым усходзе й паўднёвым захадзе Налібоцкай пушчы, бо тамака адносна натуральны прыродны пас злучае Налібоцкую пушчы з іншымі вялікімі лясамі. Тамака шмат хто адказваў пытаньнем на маё пытаньне аб Налібоцкай пушчы кшталту – а во тамака во ўжо Налібоцкая пушча ці то не? І калі я адказваў станоўча ці не, яны неяк таксама жыва й неабыякава рэагавалі на мой адказ.Шмат хто казаў, што ў нас не Налібоцкая пушча, якая тамака далёка пад Налібокамі, а тутай якая-небудзь Вішняўская пушча. І гэтак акрамя Вішняўскай пушчы прагучалі Малая, Пяршайская, Валожынская, Бакштанская, Дудаўская, Дзялятыцкая, Занёманская, Графская, Мірская й Аталезьская пушчы. Пры гэтым часьцей за ўсё прыгадваліся самастойныя назовы Вішняўскай, Пяршайскай, Дзялятыцкай і Графскай пушчаў. Тутай дзеля справядлівасьці трэ заўважыць, што амаль што ўсе гэтыя назовы сягаюць далёка ў мінуўшчыну. Гэтак яшчэ ледзь не ў XVI стагодзьдзі называлі тэррытарыяльна-адпаведны фрагмэнт агромістага леса-багеннага тэрэну, што з цягам часу ўсё балей выбітна паўставаў як Налібоцкая, або Занеманская пушча, ці з большага як Мікалаеўскі Лес. Таксама зацемім, што здаўна вядомыя найменьні Хатаўской і Дзяраўноўскай пушчаў ужо відавочна адышлі ў нябыт, бо адпаведныя раскошныя лясныя абшары ў навакольлях вёскі Хатава й мястэчка Дзераўная з большага былі высечаны й пераўтвораны ў ворныя землі. Але й дагэтуль тамака шмат лясоў і той ляндшафт паўстае як леса-аграрная мазаіка.

Цікава й крыху дзівосна прыгадаць уяўленьня жыхароў асяродку Налібоцкай пушчы аб тым, дзе то ёсьць Налібоцкая пушча. Нечакана многія адказвалі прыкладна так. Не, у нас тутай не зусім Налібоцкая пушча. Тутай во Вайнілаўшчына, там во Карышішча, а далей Крывуха. Тлумачэньнем гэтага зьяўляецца тое, што пушчанская людзі пераважна стала жылі на параўнальна невялічкім абшары й абмяжоўвалі сваю жыцьцёвую прастору не далей як на пару ўрочышч ад іх, ці па-іншаму гэтак далёка, як няцяжка дабрацца з возам або санямі на кані. Каля я пытаў, а ці ведаюць яны пра Мільву Бярэзіну, або Дарагунь, што далей, але не надта далёка, то звычайна гучаў адказ, што чулі, але гэта далёка й можа ўжо гэта ня пушча. Таксама цікава зацеміць, што сярод жыхароў Кляцішча й Вайнілаўшчыны некаторыя старыя жыхары называлі ўвесь лясны абшар вакол іх Мікалаеўскім Лесам, гэта значыць надта старым ягоным найменьнем. Потым яны дадавалі, што цяпер гэтак не кажуць, але раней было. Мусіць напоўніцу гэтак казалі й іхнія дзяды ды бабкі.Сярод знаёмцаў у Менску большасьць з іх, нават у заалягічна-батанічным людзкім асяродзьдзі не выявілася досыць дакладных уяўленьняў аб геаграфіі Налібоцкай пушчы. Казалі, што яна знаходзіцца пад Налібокамі, пад Івянцом, ці пад Валожынам. Згадзіцеся, што гэтакі адказ ёсьць вельмі недакладны. Хтосьці сказаў, што Налібоцкая пушча ёсьць вялікі лес з асушанымі, раней раскошным багнамі абапал ракі Заходняя Бярэзіна. Апошняе для мяне было ўжо значна балей акрэсьлена ў параўнаньні з адказам, што Налібоцкая пушча ёсьць пад Валожынам. Адылі, відавочнай цямнасьці ва ўяўленьнях аб мейсцазнаходжаньні Налібоцкай пушчы ні ў кога з менчукоў я не засьведчыў. Яшчэ горай былі ўяўленьні аб Налібоцкай пушчы ў жыхароў маёй роднай вёскі Гарадзішча, што крыху на ўсход ад Менску. Большасьць не змаглі нават дакладна адказаць, у якім баку ад Менску знаходзіцца тая Налібоцкая пушча, але ўсе ведалі, што там агромістыя лясы, шмат багны й што тамтэйшыя жыхары вырабляюць адмысловую хатнюю гарэлку, ці па-простаму самагонку. Я не скажу, што я апытаў усіх, але толькі сусед і сваяк Анатоль Дычкін, у якога жонка з-пад Івянцу, з лёгкасьцю адказаў, што Налібоцкая пушча знаходзіцца пад Івянцом.


Тыя фота, што пададзены вышэй, паказваюць некаторыя ўнікальныя, а пераважна найбольш пашыраныя варункі сучаснай Налібоцкай пушчы. На пададзеных мапах зазначана мейсца Налібоцкай пушчы на агульнай мапе адміністратыўнага дзяленьня сучаснай Беларусі, а таксама даецца агульная картаграфія Налібоцкай пушчы й ейныя межы ў аўтарскім уяўленьні.


































173 views0 comments
bottom of page