top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Падзеленая Навусць і драматычная гісторыя сяброўства расейскага и нямецкага жаўнераў, 1915 год

У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты.

Дадзенае трэцяе апавяданьне, як і ўсе іншыя на гэту тэму не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая рэканструкцыя падзей на дакумэнтальнай аснове з імкненьнем максымальнага праўдападабенства, але ў нейкіх частках можа ўтрымліваць выдуманыя імёны і мастацкую выдумку другасных падзей, калі бракавала сапраўднай інфармацыі. 


У верасьні 1915 году пасьля крывавага Сьвенцянскага прарыву абароны расейскіх войскаў нямецкае войска хутка пайшло ў наступ і к канцу верасьня больш менш склалася новая лінія фронту, якая падзяліла Налібоцкую пушчу, бо яе заходнюю частку акупавалі нямецкія войскі. Галоўным чынам новая лінія фронту з поўначы на поўдзень паўз пушчанскія абшары лягла па рацэ Бярозе або Заходняй Бярэзіне, а пасьля сутокаў з Нёмнам пад Дзялятычамі нямецкія войскі стаялі ўздоўж левабярэжжа Нёмна аж да вусьця Сэрвечы. Пад Бакштамі, карыстаючыся шэрагам тамтэйшых зручных бродаў ракі Бярозы, нямецкія войскі прасунуліся далей і занялі частку пушчанскага абшару аж да сярэдняга цячэньня рэчкі Волькі. Пры гэтым вёска Навусьць, што разьмяркоўвалася абапал Волькі, апынулася падзеленай на нямецкую частку то бок Навусьць-вёску з поўначы ад рэчкі і расейскую частку ў Навусьцянскім Зарэччы. Асноўная лінія абароны расейцаў швыдка і заложна будавалася расейскімі жаўнерамі на адлегласьці аднаго кілямэтра ад Волькі на поўдзень пад хутарамі Стаськава, Яськава, Дашчэчына, Барсуча ды Вайнілаўшчына. Таксама нейкая абарона расейцаў склалася к усходу ад рэчкі Жаўцянка, што ўцякае ў Вольку. Нямецкае камандаваньне зьвярнулася да расейскага камандаваньня з угодай, што гэты Навусьцянскі выступ фронта пад Бакштамі яны скасуюць, то бок адвядуць адтуль сваіх жаўнераў і вайсковую тэхніку на правы бок Бярозы, каб выраўняць фронт. За гэта прапанавалася забарона на вайсковае супрацьстаяньне на гэтым Навусьцянскім выступу да пачатку сьнежня. Расейскі бок пагадзіўся, бо пасьля Сьвянціцкай паразы і ўцёкаў на значную адлегласьць на ўсход было бы рызыкоўна раздражняць нямецкі бок сваёй нязгодай на той зыскоўны крок, які прапанаваўся немцамі.

Той час Навусьць-вёску і Навусьцянскае Зарэчча зьвязвалі дзьве конаездныя дарогі, кожная зь якіх мела свой мост паўз рэчку Вольку. Таму размежаваньне немцаў і расейцаў у Навусьці, дзе ўжо не прадугледжвалася баявых дзеяньняў, абмяжоўвалася вартай пры тых двух мастох і баявым дзяжурствам да дзясятка жаўнераў у невялікіх акопах, якія былі выкапаны ў некалькіх сотнях мэтраў ад тых мастоў. Пры гэтым тая варта пры Навусьцянскіх мастох разьмяркоўвалася на адлегласьці не балей за сотню мэтраў паміж нямецкім вартаўніком і расейскім вартаўніком. Паколькі вышэйшым камандаваньнем быў аб’яўлены мірны двухмесячны тэрмін, то супрацьлеглыя жаўнеры адчувалі сябе як на курортным адпачынку ў поўнай расслабленасьці, забыўшыся на ўсе злыбеды, пасьля цяжкага ваеннага быту і цяжкіх людзкіх страт першага году вайны. Раньневосеньскае дагэтуль сьпякотнае надвор’е спрыяла гэтым настроям і ладу жыцьця. Маставыя вартавыя або драмалі пры мосьце, забыўшыся на стрэльбу, што ляжала, дзе прыйдзецца, або жарсна гулялі ў карты на ежу, пітво, або проста каб неяк бавіць час. Харчы сухімі пайкамі завозілі спарадычна і замала, таму жаўнеры шмат дапамагалі сялянам па іхняй гаспадарцы, каб атрымаць штось пад’есьці, а таксама гарэлкі як падзяку за дапамогу. Жаўнеры зьбіралі баравікі, на якія быў у той раньневосеньскі сэзон быў значны ўраджай. З баравікоў гатавалі розныя стравы часам з мясам і бульбаю. Хтось з жаўнераў бавіў час з Навусьцянскімі дзеўкамі, якіх было ня шмат. Хтось лавіў рыбу крыгаю ў Вольцы, што было даволі цікавым заняткам і неяк карміла. Асабліва ў гэтым вылучаліся два рыбных аматары, пры гэтым адзін зь іх быў нямецкі жаўнер Курт Крафт з Памерані, а другі – расейскі жаўнер Валер Вашкевіч з недалёкага беларускага мястэчка Трабы. Неяк яны абодва вартавалі мост з супрацьлеглых бакоў. Шукаючы чымся заняцца, паспрабавалі паразмаўляць. Першым па польску зьвярнуўся Курт, які ладна ведаў польскую мову, бо ў роднай яму Памерані жыло шмат палякаў і польская мова гучала вакол даволі часта. Валер ведаў польскі яшчэ лепш, бо маці была полькай, нямала палякаў мешкала на іхняй вуліцы ў Трабах, ды і сама польская мова тамака гучала часта, можа толькі крыху менш за беларускую і габрэйскую. Абодва яшчэ маладзёны гадоў па дваццаць яны вырасьлі на рэчках, з маленства захапляліся лоўляй рыбы. Таму ўсё пра рыбу, яе нораў і як яе лавіць стала ўзаемазацікаўленым спакменем іхніх доўгіх размоў. Неяк за той доўгі дзень пры мосьце Курт і Валер адчулі ўзаемную сяброўскую цягу адзін да аднаго. Жахі вайны, якія ўжо абодва адчулі поўнай мерай, хісткасьць ды нявызначынасьць іхніх лёсаў, пагодлівае надвор'е ды неспадзявана абваліўшыйся на іх мірны час нямала спрыялі хуткаму сяброўскаму іх сыходжаньню. Назаўтра яны дамовіліся ўзяць крыгу і паспрабаваць парыбачыць удваіх.

У той помны дзень надвор’е выдалася пагодлівае. Сонца сьвяціла па-восеньскі пяшчотна, на небе было ясна ані воблачка, а вада ў рэчцы была яшчэ не сьцюдзёная. Крыгу пазычылі ў Хведара Юшкевіча, дзе быў на пастоі Курт. Заложна лавілі рыбу цэлы дзень, і таго ўлова хапіла на смачную рыбную вячэру ўсім жаўнерам з абодвух бакоў Навусьці. Усе прагна елі ды хвалілі Курта з Валерам. Тыя ўжо на гатаваную рыбу глядзець не маглі, бо аб’еліся рыбаю ў абед. Курт узяў да абеду мясных нямецкіх кансэрваў, а Валер немалую бутэльку гарэлкі, хлеб ды патэльню. Таму разагрэўшы на патэльні тлустыя нямецкія кансэрвы, яны смажылі ў тым тлушчы шчупакоў. Пілі гарэлку, і ўсё гэта смачна елі з хлебам. А потым зноў палезьлі з крыгаю ў рачную ваду ды лавілі рыбу а таксама ракаў ледзь не да цемрачы. Хтось з жаўнераў забраў улоў раней, каб згатаваць рыбу на вячэру. Моцна інсьпіраваныя, радасныя, амаль што шчасьлівыя, яны вярнуліся на начлег у Навусьць, пакуль што кожны на свой бок.

Паколькі аніякіх вайсковых загадаў, або намераў на ваенныя дзеі не было, то наступнымі днямі Валер з Куртам займаліся лоўляй рыбы на Вольцы. Да іх часам далучаліся браты, яшчэ маладзёны Хведар і Тарас Юшкевічы, што жытлавалі ў сваіх сядзібах побач з Волькай. Часам падыходзіў Юшкевічаў сябра Ўладзімір Шыбут. Апошні як раз і быў крыніцай гэтай гісторыі праз свайго сына Яўгена.

Гэтыя навусьцянцы дадалі Валеру з Куртам лоўчых прылад. То былі плеценыя з лазы бучы, якія зручна было ўладкоўваць на рыбныя праходы, звужаючы іх лазовымі прутамі або яловымі лапкамі, уплеценымі паміж тычак. Курт быў здатны на маляваньне. У сваім нататніку ён часта замалёўваў шэрым алоўкам сцэны іхніх рыбных ловаў, вітлінныя прылады ловаў, а таксама самі ўловы. Частку малюнкаў аддаваў Валеру, іншыя захоўваў у сваім нататніку. Цяперака бадай што ўжо сябры Курт і Валер начавалі у невялічкай Юшкевічавай пуні, што была збудавана на адонке сярод поплава блізу Волькі. Вечарамі тамака яны палілі вогнішча, гатавалі рыбу то смажанаю, а то ўхою. Падыходзілі да іх браты Юшкевічы. Выпівалі гарэлку, якая весяліла душу, а аб вайне дбалі, каб нават не прыгадваць. Адылі не заўжды тое атрымоўвалася. Вайна гэтак ці інакш прыгадвала аб сабе. Але жарснае паляваньне на рыбу з крыгаю ў тыя помныя дні было галоўным. Рыбы хапала на ўсіх. Нават Валеравы ротны завёз бочку шчупакоў, акунёў ды плотак ў суседнюю роту, якая акапывалася каля Яськава.

Але ўсё добрае нарэшце аднойчы праходзіць. К канцу лістапада нямецкае камандаваньне адводзіла войскі з Навусьцянскага выступа на правабярэжжа Бярозы. Курт з Валерам доўга абдымаліся і ціснулі рукі, абмяняліся адрасамі і цьвёрда дамовіліся сустрэцца пасьля вайны. Ну а што яны застануцца жывымі, і гэта ачамярэлая вайна ўрэшце скончыцца, то ў гэтым у іх сумлеву не было. Курт з дазволу Хведара Юшкевіча ды ўзводнага камандзіра забраў з сабою Хведараву крыгу. Тады Курт з Валерам нават не маглі ўявіць, што зноў сустрэнуцца ледзь не праз палову года, але тое будзе ня гэтак ціхамірна і бясьпечна.

На новым мейсцы рота, у якой ваяваў Валер, была разьмеркавана пад хутарам Петухова. Прайшла доўгая, сьцюдзёная зіма, у якую ў начным акопе пад Бярозаю Валер падмарозіў сабе пальцы і частку ступака на правай назе. З абмаражэньнямі Валер трапіў у шпіталь і прабыў тамака больш за два месяцы. Той шпіталь мейсьціўся ў былым паляўнічым палацы графа Тышкевіча ў Вяла па Івянцом. Добра, што не адрэзалі пальцы, а то й увесь ступак. Дактары напружна і з хваляваньнем штодня аглядалі ягоныя раны ад абмаражэньня. Марудна яны зажывалі, але зажылі. Вясною Валера вярнулі ў сваю роту, якая ўсё яшчэ стаяла пад Петухова.

Аднойчы напачатку траўня 1916 года ягоны ротны саслужбовец паведзіў яму, што быў у іншай роце за Паташняй, і тыя жаўнеры злавілі двух нямецкіх жаўнераў, якія лавілі рыбу крыгаю пры беразе Бярозы і перайшлі на наш левы бок пад абалонным возерам Чорнае. Гэты ягоны знаёмы казаў, што той немец ведае шмат нашых, ды ў тым ліку называў і цябе. Заўтра іх павядуць пад канвоем у Івянецкі штаб на допыт, а потым напэўна расстраляюць. Валера ў гэты момант як апаліла маланкай, бо ён паразумеў, што той нямецкі жаўнер, які трапіў у палон, ёсьць ягоны сябра Курт. Трэба было Курта ратаваць нават рызыкуючы сабою, але як тое зрабіць. Адна справа вызваліць Курта, напаўшы на канвой па пушчанскай дарозе. Тое падавалася хоць і небясьпечным, нежаданым, але мажлівым. Значна больш складаным уяўлялася, як пераправіць Курта на супрацьлеглы бок Бярозы да сваіх, бо ўсё ўзьбярэжжа ракі было шчыльна перакрытае расейскімі жаўнерамі.

Капылы працавалі шалёна хутка, і ў Валера склаўся больш менш рэалістычны плян мажлівага ўратаваньня Курта. Трэба быў надзейны хаўрусьнік, а лепш каб зь ім было бы два хаўрусьнікі. Паразмаўляў аб гэтакім хаўрусе з адным саслужбоўцам, да якога меў давер, і які ведаў Курта, бо ў Навусьці разам елі рыбу, пілі гарэлку, размаўлялі. Той адмовіўся. Потым гэтак сама адмовіўся гэтакі ж другі і трэці саслужбовец. Усе абяцалі прыкрываць адсутнасьць Валера ў разьмеркаваньні роты пад Петухова, але не балей таго. Прасіць аб гэтакай дапамозе яшчэ кагось з саслужбоўцаў станавілася небясьпечна, хаця кандыдатуры на тое былі. Клапаціла, каб хто зь іх не паведзіў аб тым вайсковаму камандаваньню.

Апынуўшыся без хаўрусьніка, Валер сеў у задуменьні памеркаваць, што насамрэч рабіць далей і дзе шукаць дапамогі. Добра, што дзень выдаўся па ваеннаму спакойны, і ніхто з ачольнікаў не турбаваў жаўнераў. Ва ўсіх побач быў дзень звычайнай ваеннай нудоты, у якой панаваў сум, журботнасьць і не было чаго рабіць. Валер прыгадаў Тараса і Хведара Юшкевічаў з Навусьці. Няма сумлеву, што тыя хлопцы кульныя і калі іх адпаведна ўзброіць, то яны дапамогуць адбіць Курта недзе ў пушчы па дарозе іхняга канваяваньня да Івянцу. Яны ж таксама могуць хаваць Курта недзе ў гаспадарчых забудовах на сваіх сядзібах. Але нехта з суседзяў або яшчэ нехта можа ўбачыць Курта і распавесьці пра захоўваньне варожага жаўнера вайсковым уладам. Не падлягала сумлеву, што за тое будзе немінуемы расстрэл. Наяўнасьць разам з Куртам другога нямецкага жаўнера таксама абцяжарвала той намер схаваць вызваленага Курта ў Навусьці. Цяжка было на тое наважыцца, каб гэтак падставіць на сьмерць два пасьцівых маладых жыцьця Хведара і Тараса Юшкевічаў. Да таго ж Валераў плян пераправы Курта на той бок, які абяцаў яму Валеру алібі пад час немінучых росшукаў таго, хто вызваліў тых немцаў, патрабаваў яшчэ аднаго, а лепш двух менавіта ротных саслужбоўцаў на апошнім заплянаваным кроку ўсёй задуманай Валерам авантуры. Той апошні крок быў больш менш бясьпечным для памагатыяў, і Валер вырашыў папрасіць аб той меншай дапамозе зноў кагось з тых трох жаўнераў яшчэ раз. Вырашыўшы гэтак, уся роўна карцела пытаньне, як нападаць на канвой аднаму. Не хацелася забіваць сваіх, то бок тых канваіраў, бо яны гэтакія ж жаўнеры як і ён. То быў моцны выклік для Валерава сумленьня, але жыцьцё сябра Курта, як ён цяперака тое адчуваў, для яго было істотней.

Часу заставалася зусім ня шмат, і Валер накіраваўся да сваіх ротных акопаў і зямлянак другой лініі абароны, дзе напэўна зараз былі ўсе тыя трое. Падышоў, і неўзабаве ўбачыў Сямёна Пярэйму – аднаго з тых, каго Валер прасіў ад той небясьпечнай дапамозе. Сямён даў знак, што трэба паразмаўляць вока на вока. Адышлі ў бок ад лініі акопаў. Сямён сказаў, што кагадзе вырашыў даць згоду, каб дапамагчы. Валер абняў Сямёна, падзякаваўшы. Потым яны адышлі разам яшчэ далей, дзе Валер выклаў Сямёну падрабязны плян выратаваньня Курта. Сямён зьдзівіўся прадуманасьці ўсёй дзеі і з усім пагадзіўся. Потым Валер паразмаўляў з астатнімі двума яшчэ раз. Яны пагадзіліся прыкрываць адсутнасьць Валера і Сямёна ў разьмяшчэньні роты, маўляў, кагадзе тыя былі тутай. Таксама адзін зь іх пагадзіўся ўдзельнічаць напрыканцы заплянаванага выратаваньня Курта.

Было відавочна, што канваяваць Курта ў Івянец будуць па гасьцінцу з Бакштаў паўз Каменную Слабаду, Новы Двор і Паўдарожжа. Увесь шлях за сьветлавы дзень ім відавочна не прайсьці. Таму канвой і палонныя будуць на тым шляху начаваць. Хутчэй за ўсё начлег будзе ў Новым Двары, або ў Паўдарожжы. Канвой будзе з двух або трох, можа максымум чатырох жаўнераў, бо падаецца неверагодным, каб хтось наважыўся бы збройна вызваляць тых нямцаў. Камандаваньне лічыла, што досыць некалькі ўзброеных канваіраў, каб тыя немцы самі не паўцякалі і ўсё.

Гэтак і было. Канваіраў было трое. Валер і Сямён з укрыцьця сачылі за гасьцінцам на адлегласьці паўвярсты да Новага Двара. Канвой заначаваў у сядзібе Адама Ліпніцкага ў Новым Двары. Палонных зачынілі ў сьвірне, які меў моцныя дзьверы, што зачыняліся на цяжкую завалу без замка. З тыльнага боку сьвірна былі маленькія вэнтыляцыйныя атворы, праз якія чалавеку было аніяк не прасунуцца. Але ўся роўна вартаўнік палонных, які будзе іх каравуліць усю ноч павінен рэгулярна аглядаць як дзьверы гэтак і тыя атворы.

Адразу па прыбыцьцю ў Новы Двор на сядзібу Адама Ліпніцкага гаспадар запрасіў канваіраў падсілкавацца. Тыя пайшлі пад'есьці ды выпіць гарэлкі ўсе разам. Тое пільна трэба было Валеру і Сямёну. Сямён, як значна мацнейшы за Валера, узяўся скруціць вартавога, калі той наблізіцца да кута сьвірна, каб агледзіць атворы. У той момант падыходу вартаўніка да кута сьвірна Валер павінен кінуць кавалак дрэўны з супрацьлеглага боку, каб той глянуў туды. Гэта дасьць магчымасьць Сямёну з-за кута сьвірна ззаду напасьці на вартаўніка, бязгучна скруціць яго, зьвязаць і з кляпам у роце пакласьці яго ў сьвіран замест палонных. Тое ўсё спрацавала. Двое другіх канваіраў, якія пілі гарэлку ў хаце, размаўлялі і зьбіраліся ісьці спаць анічога не пачулі. Курт і ягоны саслужбовец былі вызвалены, што было для іх радаснай нечаканасьцю.

Нельга было губляць часу, бо было невядома, якія неспадзяванкі іх могуць чакаць наперадзе. Без асобых размоў усе ў чатырох пабеглі паўз цемрач лесу ўздоўж гасьцінца да раздарожжа пры рацэ Бярозе пад Петухова. Там зьвярнулі ў бок Паташні. Дайшоўшы да даліны Волькі заглыбіліся далей ад дарогі і загадзя пракладзеным шляхам дайшлі да сутокаў Ізьледзі і Волькі, якія былі мэтраў трыста вышэй мосту паўз Вольку блізу Паташні. Той мост бесьперапынна ахоўваўся расейскімі жаўнерамі. Звычайна ў тым каравуле было два жаўнера.

Курт і ягоны саслужбовец затаіліся пры сутоках Волькі і Ізьледзі, тады як Валер з Сямёнам і яшчэ тым трэцім хаўрусьнікам, які ўжо чакаў іх пры тых сутоках, пачалі гучны лоў рыбы ў Ізьледзі крыгаю. Неўзабаве каравульныя падышлі да неспадзяваных рыбаловаў, наставіўшы на іх стрэльбы. Пачалося гучнае тлумачэньне. Але тыя канваіры і рыбаловы хутка пазналі адны другіх. То былі знаёмыя жаўнеры з Паташненскай роты. Гучная перабранка набыла жартлівую размову. Тыя хвіліны Курт і ягоны саслужбовец ціхутка паплылі ўніз па Вольцы да яе недалёкіх сутокаў з Бярозай. Яны пераплылі Бярозу і трапілі да сваіх.


Сутокі Волькі (зьлева) і Ізьледзі (справа) каля мосту ў Паташні (сучасны выгляд).

Самавольныя рыбаловы, то бок Валер, Сямён і той трэці атрымалі тыдзень арышту. Гэта здарылася толькі таму, што Валер наўмысна зацягнуў сваю прысутнасьць там да зьмены каравулу. Гэта трэба было, каб мець алібі, калі будуць шукаць нападнікаў на канвой. А ў Новым Двары тыя канваіры вызначылі здарыўшыеся толькі недзе а трэцяй ночы. Раніцай яны дайшлі да Івянца і даклалі аб начным нападзе на канвой і ўцёках палонных. Уцекінёраў і нападнікаў шукалі і не адзін дзень, але ўсё было безвынікова. Ніхто аніяк ня клаў падазрэньне на Валера за гэтае вайсковае злачынства, ня гледзячы на тое, што стала вядома аб знаёмстве тых немцаў з жаўнерамі з роты, што разьмеркавана пад Петухова. У Валера і ягоных хаўрусьнікаў было алібі. Яны тую ноч лавілі рыбу на Ізьледзі, за што іх арыштавалі..

Скончылася тая вайна. Валер вярнуўся ў свае Трабы. Потым для Валера былі яшчэ два ваенныя гады польска-савецкага вайны. На гэтай вайне Валер быў паранены, але акрыяў ад ран і зноў вярнуўся да бацькоўскай хаты ў родныя Трабы. Як і бацька Валер стаў кавалём. Ажаніўся, зьявіліся дзеткі. Працаваў з бацькай цяжка і шмат, але ў хаце быў дастатак. Аніякіх вестак ад Курта не было. Валер меркаваў, што той быў забіты на той вайне. Адылі восеньню 1926 году да Валера дайшоў ліст з Нямеччыны, дзе ў капэрце быў невялічкі аркуш паперы з малюнкам іхняй лоўлі рыбы крыгаю ў Навусьці. З тыльнай часткі малюнка было напісана, што тая вайна і паваенны час апынуліся зусім ня гэтакія зацныя, як тыя ловы рыбы крыгаю ў Навусьці, але шкада. Больш не было напісана нічога.

Валер усьвядоміў, што Курт жывы. Тое была добрая навіна. А ў траўні 1927 году нечакана але і чакана ў Трабах зьявіўся і сам Курт. Валер даведаўся, што Курт за пацыфісцкія захады супраць вайны, брутальнае непадпарадкаваньне і супраціў вайсковаму камандаваньню быў асуджаны ў Нямеччыне на доўгі тэрмін зьняволеньня. Курт выйшаў на волі па амністыі толькі напрадвесьні 1926 году.

І вось Курт нарэшце сустрэўся з Валерам. Сябры нядоўга бавілі час у Трабах. Неўзабаве яны на Валеравай параконнай брычцы зьявіліся ў Навусьці. Сьвяткавалі сустрэчу ў хаце Хведара Юшкевіча. Хведар і ягоны брат Тарас былі шчыра ўзрадаваны іхняму прыезду. Багата елі і пілі гарэлкі. Некалькі дзён лавілі рыбу новай Юшкевічавай крыгаю сьперва на Вольцы, а потым на Бярозе блізу Чорнага азяра, дзе ў 1916 годзе Курта і ягонага саслужбоўца злавілі жаўнеры Паташнянскай роты. Заехалі яны й у сутокі Ізьледзі і Волькі, дзе Валер залатвіў Курту ўцёкі да сваіх на той бок Бярозы. Аднаго дня Валер і Курт завіталі да тых Ліпніцкіх у Новым Двары, дзе Курт з саслужбоўцам быў замкнёны ў сьвіран, а Валер з Сямёнам іх вызвалілі. Таго спадара Адама ўжо не было ў жывых, але ягоная хата і той сьвіран былі гэтакімі ж як і дзесяць гадоў таму. Гэтую ездку Курт шмат маляваў алоўкам. Тыя графічныя малюнкі ён дараваў Валеру і Хведару. Невядома, як яны захоўваліся Валерам, а ў Хведара яны віселі на сьцяне каля покуці аж да 1942 году, калі тая хата была спалена нямецкімі карнікамі.

Наступныя гады Курт езьдзіў да Валера кожнае лета. Невядома, як сябры бавілі час цягам гэтакіх візытаў Курта, але ў Навусьць яны больш ня езьдзілі аж да 1938 году. У Нямеччыне Курт зарабляў на жыцьцё рамонтам гадзіньнікаў. Ён ня меў радзіны і жыў самотна. У 1934 году ён перасяліўся з Нямеччыны ў польскую Познань, бо на радзіме нямецкія фашысты набіралі моц, і людзям з ягонымі пацыфісцкімі поглядамі там станавілася сьмяротна небясьпечна. І вось у ліпені 1938 года Курт з Валерам зноў сядзелі за гасьцінным сталом Хведара Юшкевіча ў Навусьці. Курт пачуваўся журботна заклапочаным вайною, якая насоўвалася. Хведар з Валерам не давалі веры таму, што вайна можа ў хуткім часе ўварвацца ў іхнія хаты. Яны былі ўпэўнены, што ўсё неяк абыдзецца і ўсё кепскае абміне іхнія радзіны і двары. Таму яны ўсяляк супакойвалі Курта і нават крыху пасьмейваліся з ягоных жахлівых перасьцярог. Але Курт ня крыўдзіўся. Ён проста хваляваўся за сяброў, і хацеў іх неяк засяродзіць на тым жахлівым, што насоўвалася, каб неяк адвесьці тую злыбяду.

Перасьцярогі Курта былі праўдзівыя. Пройдзе не гэтак шмат часу, і напачатку верасьня 1942 году нямецкіія карнікі застрэляць Хведара Юшкевіча на ягоным панадворку, зьнішчаць ягоную сядзібу ў Навусьці, а жонку Імпэрыю з дзецьмі спаляць жыўцом у гумне ў Паўдарожжы. Валер Вашкевіч пражыве на год балей, і ў ліпені 1943 году яго і ўсю ягоную радзіну застрэляць на ўскрайку Налібоцкай пушчы па Вішнева, дзе яны хаваліся ад перасьледу пад час нямецкая блякады партызанаў. Далейшы лёс Курта невядомы. Адылі, відаць, што Куртавы журботныя перасьцярогі мелі рацыю.


43 views0 comments
bottom of page