• Vadim Sidorovich

Кляцішча як стольная вёска сучаснай Налібоцкай пушчы

Updated: Dec 23, 2019

Чаму ў маім уяўленьні Кляцішча ёсьць умоўная стольная вёска сучаснай Налібоцкай пушчы, а не Налібокі або Бакшты, то гэта так. У выніку высечкі лясоў і аграрнага асваеньня Налібоцкіх лясных абшараў пераважна ў XIX-тым стагодзьдзі сама вёска Налібокі апынулася па-за межамі сталага разьмеркаваньня лесу. То бок Налібокі зараз знаходзяцца не ў Налібоцкай пушчы, а ў ейным навакольлі блізу яе цэнтральна-усходніх межаў. Што тычыцца Бакштаў, то Бакшты і шэраг вёсак вакол (Забярэзь, Пацавічы, Ягадзень, Агароднікі, Барысаўка й іншыя) разьмеркаваны на вялікай галявіне сярод Налібоцкай пушчы ня гэтак далёка ад паўночна-заходніх межаў. Да таго ж Бакшты ўлучаны з месцамі і мястэчкамі аўтастрадаю М6 Менск-Гародня. З таго тамтэйшым людзям няма адчуваньня адноснай пушчанскай ізаляванасьці, нават таго што яны знаходзяцца ў самой Налібоцкай пушчы. Большасць іх кажа, што Налібоцкая пушча недзе тамака і паказваюць на паўднёвы ўсход. А ў Кляцішчах тое адчуваньне пушчанскай ізаляванасьці ёсьць, і ўсе кажуць, што яны акурат у асяродку Налібоцкай пушчы. Тамака я нават пачуў у адказ на гэтакі мой запыт, што мы-Кляцішца ёсьць як сталіца Налібоцкай пушчы. Гэтак і склалася маё ўяўленьне аб Кляцішчах як аб стольнай вёсцы.

Перш чымся нешта паведзіць аб Кляцішчах бачыцца слушным даць слова фотаздымкам сучасных і нядаўніх Кляцішчаў, што я зрабіў цягам апошніх трыдцаці гадоў.



2017 год.

2017 год.

2018 год.

Вячэрнее сутоньне і заход сонца над Кляцішчам, Відаль з паўночнага боку, 2005 год.

Дарога на Кляцішчанскае лясніцтва, 2014 год. Лясная гаспадарка ў Кляцішчанскім лясьніцтве ёсьць апірышчная аснова Кляцішчаў. Гэта лясьніцтва ня толькі высекае лес у Налібоцкай пушчы, але й апекваецца на ім, ахоўваючы ад пажараў і шкодных кузурах. Таксама ў Кляцішчанскім лясьніцтве ёсьць даволі вялікая пасека, гадавальнікі коней і дэкаратыўных расьлін.

Шматгадовы Кляцішчанскі лясьнічы й спраўны гаспадарнік Аркадзь Панамароў у лесе блізу Кляцішчаў, 2015 год.

Супрацоўнік Кляіцішчанскага лясьніцтва і жыхар Кляцішчаў Баляслаў Бразоўскі ў лесе пад Кляцішчамі, 2018 год. Болесь вельмі прыемны, пасьцівы чалавек, зь якім мне заўжды цікава пагутарыць.

Ірэна Філіповіч жыхарка Кляцішчаў на сваім падворку парадкуе выбраную бульбу, 2014 год.

Ірэна лічыць, што другім (пасьля лясной гаспадаркі) апірышчам існаваньня Кляцішчаў зьяўляецца вырошчваньне бульбы.


Бульбяныя склепы ў цэнтры Кляцішчаў, 2016 год.


Сабакі, што ахоўваюць бульбяныя дзялкі на ўскрайку Кляцішчаў, 2002 год.


Хатняя птушка на гаспадарскім панадворку, 2000 год.

Абсмаліваньне забітага япрука, 2016 год.

На сваім транспарце каля вясковай крамы, 2019 год

2019 год.

2019 год

1985 год.

1985 год.

Кінутая хата ў Кляцішчах. Фота 2018 году.

Зачынены будынак некалі галоўнай пушчанскай школы ў Кляцішчах. Амаль што ня стала дзяцей школьнага веку ня толькі ў Кляцішчах але й у навакольных хутарох. Фота 2014 году.

Дзяўчынкі-аднаклясніцы каля Кляцішчанскай школыі, 1970-я гады. Фота са збораў Бразоўскіх.

Кляцішчанскія школьнікі аднаго толькі клясу , 1970 гады. Фота са збораў Бразоўскіх.

У Кляцішчанскай школе некалі ў 1980-я гады студэнты бялягічнага факультэту Белдзяржуніверсытэту праходзілі батанічную і заалягічную практыку ўлетку. На гэтымі фотаздымку, зробленым у Кляцішчанскай школе каля печы сядзяць Грыцэвіч В., Паповіч Е., Васіль Грычык і Аляксандра Рыхая. Фота са збораў Васіля Грычыка, зроблена ў ліпені 1980 году.

Акраіна Кляцішчаў, маляўнічы заход сонцу. Фота 2017 году.

Кляцішча ў пярвотнай леса-багеннай глухамані Налібоцкай пушчы (тады Мікалаеўскі лес) узьнікла недзе напрыканцы ХVІІ-тага стагодзьдзя. Налібоцкім падлавецтвам нясьвіскіх магнатаў Радзівілаў тамака пры раскошнай квяцістай поплаўнай галявіне рэчкі Вусы была ўтворана досыць вялікая пасека з наземных (зямецкіх) і надрэўных калодаў. Дадаткова там мейсьцілася гаёўня з адным, двума, або нават трыма дварамі лясных службоўцаў Налібоцкага падлавецтва. Таксама ў гаспадарцы Радзівілаў гэтакія пасекі напрыканцы ХVІІІ-тага стагодзьдзя існавалі пры даліне рэчкі Бойнай, у Бродным і Сьмейным, пры Валасеньскай галявіне ў Трасьцяніцы, а таксама пры даліне Ліпніцы ў Карыціцкім бару, ці Карыцішчы (непадалёк ад Кляцішчаў).


У сярэдзіне XIX стагодзьдзя пры ўладараньні Налібокамі Пятра Вітгенштэйна, недалёка ад Кляцішчаў у Рудні Налібоцкай разбудоўваецца былая Радзівілаўская жалезная гута. Акрамя таго была пабудавана яшчэ адна больш тэхналягічная ліцейня ў Кляцішчах.

Асноўныя будынкі на абедзьвюх жалезных гутах былі мураваныя і складаліся з каменнага муру й цагляных сьцен. Дахі абодвух гутных будынкаў былі зроблены з жалезнага гонту. Пры гутных будынках былі вялікія коміны, якія ўзвышаліся на іх дахам прыблізна на 3-6 мэтраў. Адны коміны былі даволі тоўстыя ад доменных печаў, другія значна меншага дыямэтру, верагодна, ад пулдінгавых печаў. Першапачаткова ў Кляцішчах былі адзін тоўсты й два тонкіх коміна. У 1850-х гадох разам на жалезаліцейнай вытворчасьці ў Рудні Налібоцкай і Кляцішчах звычайна працавала больш за 200 чалавек. У гэтым ліку былі не толькі працаўнікі, якія забясьпечвалі выплаў жалеза, жалезныя вырабы й іхні збыт, але й здабычу балотнай руды й часам дравеснага вугалю. Напачатку тамака працавалі нямецкія мэталюргічныя адмыслоўцы, што былі спэцыяльна запрошаны на працу, каб наладзіць выплаў жалеза. У пэрыяд найбольшага развою ў 1860-х і 1870-х гадох разам на абодвух прадпрыемствах актавалі тры доменныя печы, 8 пудлінгавых печаў, пракатны стан і шмат іншага тагачаснага мэталюргічнага абсталяваньня. Механічны рух на абодвух жалезных гутах забясьпечваўся адмысловым варатным колам 3-4 мэтры дыямэтрам. Гэта кола па пэрымэтры мела лопасьці, у якія яго штурхала цякучая вада. Каб паток быў больш моцны, на рацэ рабілі даму, а ў ёй мураваную пратоку. Гэтакай ракой у Рудні Налібоцкай была Вуса, а ў Кляцішчах – Рэчыца й дадаткова канал, што падводзіў ваду з той жа Вусы. Механічны рух перш за ўсё быў патрэбен дзеля няспыннай падачы паветра ў плавільныя печы (г.зн. доменыя ці пулдзінгавыя печы). Акрамя таго мэталюргічны працэс вымагаў шмат вады. Колькасьць нанятых працаўнікоў часам павялічвалася да 500 чалавек. На Кляцішчанскім заводзе быў буйны молат, які звалі Квеч, што пляскаў жалеза на розныя тэхналягічныя патрэбы. Штогод выплаўлялася з балотнай руды да 500 тысяч пудоў чыгуну. Напрыклад, у 1863 годзе цалкам на мэталюргічным заводзе Рудня Налібоцкая-Кляцішча выплаўлялася 60 тысяч пудоў недаапрацаванага жалеза, 10 тысяч пудоў чугуну й 115 тысяч пудоў пулдзінгава жалеза палепшанай якасьці. Прадпрыемства ў Рудні Налібоцкай не было здольнае да выпрацоўкі якаснага жалеза, таму адтуль амаль што ўсе выплавы адпраўлялі на больш тэхналягічную гуту ў Кляцішча. Дастаўка выплаваў з Рудні Налібоцкай ў Кляцішча спачатку ажыцьцяўлялася толькі конным цягам на адмысловых вазах па спэцыяльна адбудаванай дарозе даўжынёй каля 7.5 км. У гэтакія вазы запрагалася ад двух да чатырох цяглавых коней. Дзесяцігодзьдзе пазьней быў адбудаваны й водны шлях, які складаўся з рэчышча Вусы на пачатку, а потым праз чатыры кілямэтры ад яе рэчышча праставаў досыць водны канал даўжынёй каля 3 км. Дастаўка выплаваў па каналу ажыцьцяўлялася спэцыяльнымі баркамі.


Балотную руду здабывалі спачатку толькі ў даліне Вусы ў навакольлях Рудні Налібоцкай і Кляцішча. Потым, як скарысталі тамака асноўныя яе залежы, здабыча балотнай руды пасунулася на некалькі кілямэтраў далей: ва ўрочышча Шубін з Кляцішчаў і ва ўрочышча Гразнае Балота з Рудні Налібоцкай. Капалі балотную руду па прастакутніку прыблізна 10 м даўжынёй на 6 м шырынёй, які называлі выгранкай. Гэтакая выгранка звычайна рабілася тамака, дзе рудныя залежы разьмяркоўваліся стала. У тых мейсцах, дзе балотнай руды было ня так шмат і яна разьмяркоўвалася фрагмэнтарна, адпаведна ўтвараліся няроўныя ямы гэтакім чынам, як і распаўсюджваліся рудныя залежы. Пазьней, калі ў ваколіцах жалезных гутаў рудныя запасы з большага скончыліся, балотную руду пачалі здабываць ва ўрочышчах Крывуха й Карыцішча (3-5 км ад Кляцішчаў дарогай), Гала Балота й Краснае (11-14 км ад Кляцішчаў дарогай), абапал рэчкі паўднёвай Каменкі (6-8 км ад Кляцішчаў дарогай), абапал рэчкі Ізьлядзі (4-7 км ад Рудні Налібоцкай дарогай), ва ўрочышчах Рыгораў Барок і Калюгі (4-6 км ад Рудні Налібоцкай дарогай), абапал рэчкі паўночнай Каменкі (6-8 км ад Рудні Налібоцкай дарогай) і абапал рэчкі Сівічанка (больш за 10 км ад Рудні Налібоцкай дарогай).



Рэканструкцыя жалезнай гуты ў Кляцішчах, якая працавала тамака ў 1850-1870-х гадох. Малюнак Валянціны Цехановіч паводле эскіза Вадзіма Сідаровіча.

Цыдра, што ёсьць шлакі жалезна-гутнай прамысловасьці.

Непадалёк ад мейсцаў здабычы балотнай руды у мулёрах (навал дрэўны, што абсыпаны зямлёй) выпальвалі дрэўну на дравесны вугаль, што патрэбен быў пры выплаўцы жалеза. Гэтакае суседства па здабычы жалезагутнай сыравіны тлумачыцца наяўнасьцю дарог, якія цягнулі ў мейсца здабычы балотнай руды ад саміх гут. Падвоз балотнай руды да мэталюргічных заводаў забясьпечваўся спэцыяльнымі вазамі, што былі запрэжаны ў некалькі коняў, або валоў. У 1860-х гадох дзеля палягчэньня здабычы й падвозу балотнай руды з урочышч Шубін і Гала Балота – Краснае, а таксама адвозу жалеза й жалезных вырабаў да Нёмну капаюцца два каналы: Шубіна-Нёманскі й Жоўта-Нёманскі. Гэтыя досыць водныя каналы прабіваюць спраставаны водны шлях праз пушчанскую багенна-лясную неруш. Яны забралі ваду з Вусы дазваньня й ейнае старарэчча пачынала заўважна цячы толькі пасьля далучэньня паўднёвай Каменкі. Шубіна-Нёманскі канал быў прарыты ў паўднёва-заходнім накірунку да Галяндэрні й Купійска. Ён шмат дзе пралягаў па даліне Вусы праз урочышча Шубін, але ў ніжнім цячэньні мінаў паўднёвую рачную дугу ва ўрочышчах Буды й Сьмейнае й праставаў да Нёмну праз багенныя чорнаалешнікі паміж урочышчамі Ялоўка й Казлоў Барок. Трывалай конаезднай дарогі ўсьцяж гэтага канала на большасьці ягонага цёку не было. Жоўта-Неманскі канал быў пракапаны амаль што ў заходнем накірунку (крыху на поўдзень) да мястэчка Любча, што стаіць на беразе Нёмну. Гэты канал быў пракапаны па даліне рэчкі Жоўтай, якая марудна цякла ў супрацьлеглым накірунку да Вусы па амаль што плоскай лагчыне, што звалася Карыцішчам. Потым Жоўта-Неманскі канал уваходзіў у багенны масіў Гала Балота-Краснае-Казялец, дзе ўжо сьцёк вады быў у патрэбным накірунку. Уздоўж Жоўта-Неманскага каналу была адбудавана трывалая конна-ездная дарога. Абодва каналы заўважна паменшылі воднасьць навакольных багнаў й далі значную палёгку ў распрацоўцы балотнай руды ў адпаведных рачных далінах і багнах, а таксама аблегчылі дастаўку балотнай руды на жалезныя гуты. Акрамя жалезагутных спраў Шубіна-Нёманскі й Жоўта-Нёманскі каналы слугавалі шляхамі сплаву дрэўны, на які таксама працавала шмат людзей з Рудні Налібоцкай і Кляцішчаў.

Будаўніцтва й функцыяваньне жалезных гут у Рудні Налібоцкай і Кляцішчы, Шубіна-Нёманскага й Жоўта-Нёманскага каналаў ажыцьцяўляліся за кошт уладальнікаў: сьпярша Пятра Вітгенштэйна, а потым ягонай дачкі Марыі Гонгелоэ. Але ў 1890-х гадох пачаўся эканамічны заняпад гэтай гутнай справы з-за цяжкай канкурэнцыі з больш таннай прадукцыяй мэталюргічных заводаў Данбаса, Урала і іншых прамысловых рэгіёнаў тагачаснай Расеі. Каналы ў занядбаным стане былі прададзены некаму Жыгмунту Ваяводскаму, які наладзіў інтэнсіўны сплаў дрэўны да Нёмну й далей у краіны заходняй Эўропы. Дзеля гэтай мэты ім і ягонай гаспадарчай суполкай таксама было куплена шмат лясоў на прыканальных навакольлях. Пад гэты час было зьнішчана немала пярвотных пушчанскіх лясоў. Жалезныя вырабы й проста жалеза ў слітках ад мэталюргічных гут у Рудні Налібоцкай і Кляцішчах было надта дарагім з-за дарагой здабычы балотнай руды на адлеглых багенных тэрэнах і з-за адноснай дарагоўлі пры куплі дравеснага вугалю, ці нарыхтаванай дрэўны ў лясной гаспадарцы ўсё таго ж Жыгмунта Ваяводскага. Вытворчасьць жалеза на гутах штогод меншала й недзе ў 1900-1904 гадох буйная вытворчасьць жалеза была спынена. Гута ў Рудні Налібоцкай перастала функцыянаваць зусім, а ў Кляцішчах невялікія памеры выплаву жалеза й жалезных вырабаў для лякальных патрэб адбываюцца й надалей - па некаторым сьведчаньням да паловы 1930-х гадоў. Мэталюргічнае абсталяваньне з абодвух гут было спрадана й вывезена (з Рудні Налібоцкай па Жоўта-Неманскаму каналу й Нёмну ў Гародню). Засталіся вялікія па таму часу гутныя будынкі й яшчэ большыя горы шлакаў, ці цындры па-пушчанскаму. Гэтыя навалы шлакаў у 1920-1940-х гадох былі 1-5 мэтраў вышынёй і займалі плошчу каля двух гэктараў у Кляцішчах і каля аднаго гэктару ў Рудні Налібоцкай.

Мулёрная здабыча дравеснага вугалю дзеля жалезна-гутнай прамысловасьці. Малюнкі Валянціны Цехановіч.

Заняпад жалезнай гуты ў Кляцішчах ня быў даволі драматычным для тамтэйшых жыхароў, бо большасьць радзін даволі вялікай гутнай слабады пазбавілася асноўнага прыбытку. Адылі то не было парушальным чыньнікам жыцьця як у напоўніцу гутнай слабадзе Рудні Налібоцкай. Балазе, па-першае, у Кляцішчах, як ужо паведамлялася, жалезная гута яшчэ памалу досыць доўга рымсьціла й гэтым самым давала нешматлікія працоўныя мейсцы некаторым вяскоўцам. Па-другое, шмат якія з радзін у Кляцішчах традыцыйна працавалі ў лясной і паляўнічай гаспадарках пушчанскіх лясоў. Гэты занятак у Кляцішчах быў заўважна балей пашыраны, чым тое ў Рудні Налібоцкай, бо Рудня Налібоцкая першапачаткова ўзьнікала як жалезагутнае паселішча. Акрамя таго гэтакі ўклад жыцьця мог адбывацца ў Кляцішчах, бо тамака былі распрацаваны землі з больш урадлівай глебай, тады як у Рудні Налібоцкай і ейных навакольлях у павярхнёвых грунтах пераважае пясок. Годны зямельны надзел у Кляцішчах даваў неабходную падтрымку радзінам лясных і паляўнічых працаўнікоў пры іхніх недастатковых заробках. Менавіта спалучэньне аграрнай працы й нейкай лясной службы давала спрадвечны пражытак у Кляцішчах. Будынак жалезнай гуты ў Кляцішчах з большага праіснаваў да Другой сусьветнай вайны. Ён быў канчаткова разбураны немцамі пад час блякады Налібоцкай пушчы ў жніўні 1943 году, а потым уся цэгла й камяні з падмурка былі разабраны вяскоўцамі пры пасьляваенным аднаўленьні хат. Адылі, перад Другой сусьветнай вайной гэты будынак значна паменшыў, бо ўсё што толькі было непатрэбна (вялікія коміны, дадатковыя цагляныя забудовы і г.д.) парушалася, каб здабыць будаўнічы матэрыял для нейкіх сваіх пільных патрэб. У навакольлях Кляцішчаў ня было ні сваёй гліны, каб рабіць цэглу, так і ня было анізваньня камянёў. Навалы цындры былі паступова разьвезены дзеля паляпшэньня дарог пасьля Другой сусьветнай вайны.

Селянін у Кляцішчах пераорвае ніву, 1910 год. Фота з Архіву кіна- і фотадакумэнтаў Беларусі.

У 1966-1967 гадох у Кляцішчах, што мела на той час каля 600 жыхароў, здарылася эпідэмія сібірскай язвы. Ледзь не палова мешканцаў загінула ад той хваробы. Да гэтай пары ў Кляцішчах стаіць памятны крыж на сканчэньне той загубы.


Нямецкія карнікі пад час блякады партызанаў у Налібоцкай пушчы ў ліпені--жніўні 1943 году. Фота ўзята з сайту https://forum.iob.pl/graficzki2/t2136948238_3.jpg

Партызаны пад час Другой сусьветнай вайны блізу Кляцішчаў, 1942-1944 гады. Фота з Архіву кіна- і фотадакумэнтаў Беларусі.

Леса-багенныя ўрочышча вакол Кляцішчах пад час Другой сусьветнай вайны былі сваеасаблівай сталіцаю партызанскага руху ў Налібоцкай пушчы. Самі Кляцішчы пакуль яны не былі спалены нямецкімі карнікамі шмат карысталіся партызанамі. Вакол Кляцішчаў партызаны ў асноўным базаваліся ва ўрочышчах


У Кляцішчах у 1950-1960-х гадох. Фота са збораў жыхароў Кляцішча.

У Кляцішчах у 1950-1980-х гадох працаваў леспрамгас, што павысекаў вялікія плошчы лясоў навокал. Фота са збораў жыхароў Кляцішчаў і з Архіву кіна- і фотадакумэнтаў Беларусі.



Як ужо паведамлялася Кляцішчы былі заснаваны напрыканцы ХVІІ-тага стагодзьдзя як буйная пасека ў Налібоцкім падлавецтве Радзівілаўскай гаспадаркі. Трэба адзначыць, што і цяперака пчалаводства ёсьць сталы занятак жыхароў Кляцішчаў, а ў лясьніцтве ёсьць буйная пасека, амаль што як і раней. На фота відаць пасека Кляцішчанскага лясьніцтва пасьля перапуду, зробленаму разбурэньнямі вульляў мядзьведзем у ліпені 2018 году. Пасечнікі аднаўляюць пабураныя вульлі й усталёўваюць электрычную ахоўную агароджу.


© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.