top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Экааграсядзіба Навусць прапануе сядзібны адпачынак і экскурсіі ў Налібоцкую пушчу

Updated: Jan 15, 2023

Сааўтар Ірына Ратэнка


Дадзены рэклямны пост мае сваёю мэтаю прапанаваць кароткатэрміновыя ездкі (напрыклад, на выходныя) да нас у экааграсядзібу Навусьць (уладальнік Ірына Ратэнка) дзеля сядзібнага адпачынку і тэрэновых экскурсій у Налібоцкую пушчу, каб азнаёміцца зь яе прыродным хараством і багацьцем, ды й забачыць тое-сёе з жывёльнага сьвету. Каб больш прывабіць, адразу зацемім, што мы праводзім даволі ўнікальныя экскурсіі. Напрыклад, гэтак з сакавіка 2019 года па люты 2020 года пад час 38 экскурсійных ездак, якія адбываліся цягам 2-15 сутак, мы паказалі ваўкоў 32 разы, рысяў - 10 разоў, бурых мядзьведзяў - 4 разы, зуброў ад 1 да 5 разоў за гэтакую ездку. Вядома, што экскурсанты бачуць і шмат іншых жывёл, кшталту ласёў, выдраў, баброў, глушцоў, чорных буслоў, розных драпежных птушак і г.д. Экскурсійны гід - прафэсійны заолаг, прафэсар, доктар біялягічных навук Вадзім Сідаровіч. Пад час тэрэновых экскурсій госьці таксама могуць азнаёміцца з багатай разнастайнасьцю тропаў й іншых адзнак дзейнасьці сысуноў і птушак Налібоцкай пушчы, а таксама пачуць праўдзівыя адказы на любыя заалягічныя й экалягічныя пытаньні.


Цалкам, каб даведацца пра падрабязнасьці экалагічных экскурсій, што мы ладзім у Налібоцкай пушчы, калі ласка, глядзіце наш экатурыстычны сайт wolfing.info. Гістарычныя зьвесткі пра Навусьць, дзе мейсьціцца наша экааграсядзіба, пададзены ў гэтым жа блозе ў асобным посьце.


Акрамя дэманстрацыйна накіраваных экскурсій мы запрашаем гасьцей на аб'езд й абыход шматлікіх фотапастак, што мы ўсталявалі ў Налібоцкай пушчы, каб падглядзець цікавосткі з жыцьця рыся, ваўка, мядзьведзя, барсукоў, лясных кунаў ды выдзер. Паводле слоў удзельнікаў экскурсіі гэтакага кшталту ёсьць ня менш захапляльныя чымся дэманстрацыйныя.



У межах гэтай экаагратурыстычнай прапановы мы заахвочваем перш за ўсё людзей, што жывуць на параўнальна невялікай адлегласьці ад нас у Налібоцкай пушчы, то бок беларусаў, а таксама расейцаў, палякаў і літоўцаў, што жывуць непадалёку ад беларускіх межаў.


Акрамя каротка тэрміновых ездак дзеля сядзібнага адпачынку й тэрэновых экскурсій у Налібоцкую пушчу, мы прапануем больш працяглы адпачынак на нашай экааграсядзібе. Цалкам мы можам пасяліць і абслужыць да 15 гасьцей.









Сьцісла распавядзём, што мы маем на сядзібе дзеля пражываньня й цікавага адпачынку. Гэта дзьве лазьні, душ для гасьцей, кухня-сталоўка з дзьвума лядоўнямі, з печчу й рознымі сучаснымі прыладамі дзеля гатоўкі ежы кшталту мульціваркі. Гэта асобныя утульныя пакоі, што разьлічаны на аднаго, двух, або трох гасьцей. Гэта ровары, байдаркі і каноэ на пракат, два абсталяваныя мейсцы, дзе пасобна паліць вогнішчы і гатаваць смажаніну, спортпляцоўка, дзіцячая гульнявая пляцоўка з раскошным пяском, дзьве невялікія сажалкі (прыблізна 5 на 12 мэтраў), дзе пасобна купацца дзецям й магчыма макнуцца дарослым. Ёсьць даволі багатыя этнаграфічныя экспазыцыі ранейшага сялянскага жыцьця ў Налібоцкай пушчы, як мы кажам, пабытовы музэй, сталярска-слясарны музэй, экспазыцыя ранейшых аграрным прылад. Тры чыстыя прыбіральні з асьвятленьнем мейсьцяцца навонкі.


Мы забясьпечваем смачным трохразовым харчаваньнем, але ёсьць наша згода і мажлівасьці, калі госьці прывозяць прадукты з сабою й гатуюць ежу самі. Улетку мы маем экалягічна чыстую садавіну й гародніну са сваёй прысядзібнай дзялкі.


Ірына Ратэнка ў прысядзібнай цяплічцы.


Куды можна самому прайсьці ад нашае сядзібы?

(1) Тое озёрка Вока, дзе можна з вялікаю асалодаю пакупацца - хто плаваў тамака, той ведае. Адлегласьць да гэтага азярка ёсьць два з паловаю кілямэтра.


Фота Сяргея Плыткевіча.


(2) Тое рэчка Волька, што ў 200 мэтрах адлегласьці ад нашае аграсядзібы. За выняткам пэрыяду працяглай сухмені па рэчцы Вольцы можна цудоўна пакупацца й паплаваць на каноэ або байдарцы. Яна аблямавана маляўнічай прыродай і поўніцца жывёльнага сьвету. Чаго толькі не ўбачыш, я сплынаеш па ёй. Таксама істотна, што на Вольцы няма іншых турыстаў, тады як на большых рэчках як Бярэзіна ўжо крыху прыкра бачыць натоўпы турыстаў асабліва ў выходныя дні.


Звычайна пачынаем сплаў па Вольцы ад гэтага Навусьцянскага мосьціку.





Узімку добра прайсьціся па лёду Вольцы пешшу або на іртах. Усё гэта побач.


Таксама з Навусьці мы ладзім аднадзённыя, або двухдзённыя (з начоўкай) сплавы па Заходняй Бярэзіне ад вусьця Іслачы да сутокаў Бярэзіны й Нёмна.


(3) Цудоўна прайсьціся тры кілямэтры на пясчаныя выдзьмы побач з нізінна-багеннымі галявінамі ў Козе Пенна, дзе забачыце прыроднае хараство й абавязкова штось з жывёл. Ранняй восеньню тамака адбываецца жарстны юр у ласёй і высакародных аленяў, які можна чуць і назіраць.




(4) Але калі прайсьці яшчэ адзін кілямэтр да галявіны ў Стаськава, то тамака аленяў будзе балей і ёсьць куды пакласьці вока ў прыгажосьць пушчанскай далечыні. Туды зручна ехаць на ровары.



(5) У прыдатны сэзон навакольлі Навусьці поўняцца грыбамі й усялякімі ягадамі.






Пэўныя кошты на ездку ў залежнасьці ад колькасьці гасьцей, дзён побыту, сэзону, заказа ў гатаваньні ежы або не, экскурсій і г.д. трэба абмяркоўваць. Калі ласка, тэлефануйце гаспадыні экааграсядзібы Навусьць Ірыне Ратэнка (8-029-7611506) або пішыце па электроннаму адрасу naust.eco.station@gmail.com


Ніжэй можаце паглядзець чагось з нашага аматарскага відэа пра зімовые ездкі бельгійцаў 2018-2019 гадоў.



644 views0 comments

Comments


bottom of page