top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Як мядзведзь знішчыў воўча логвішча

Updated: Jan 15, 2023

Сааўтар Ірына Ратэнка


У Налібоцкай пушчы каля месяца таму мы знайшлі воўча кодла ў пашыранай лісавай нары. Шэсць ваўчанят размяркоўваліся недзя крыху балей за мэтр углыб ад уваходнай адтуліны. Іхнія вочы кагадзе расчыніліся, то бок ваўчанятам было 10-12 содняў ад нараджэньня. Упэўніўшыся, што вайдэра (воўча матка) штодня корміць ваўчанят, мы усталявалі фотапастку на стаўпуры вялікай хвоі на бясьпечным адлегласьці.


Праз два тыдні мы завіталі да таго мейсца, каб забраць фотапастку, і былі агаломшаны ўбачаным. Тое воўча логвічша знішчыў мядзьведзь. Драматычныя, калі не сказаць трагічныя падзеі разгортваліся наступным чынам. Штось асноўнае зафільмавала фотапастка, аб чым паведамляе відэа. Адылі тое не ўсё, бо мейсцазнаходжаньне мядзьведзя пасунулася па-за межы максымальнай дасягальнасьці дэтэктара руху нашай фотапасткі.



Той мядзьведзь выпадкова знайшоў воўча логвішча і пачаў адрываць ваўчанят. Гэта адбывалася цягам поўгадзіны. Падобна на тое, што басер і вайдэра (воўчыя бацька і матка) знаходзіліся непадалёку, але яны нават палохаліся набліжацца да раз'ятранага мядзьведзя. Як той сышоў ад логвішча, верагодна зьеўшы ваўчанят, то адразу падыйшлі бацькоўская ваўкі. Выглядалі яны напуджанымі. Аглядзеўшы зруйнаванае логвішча, пазнакаваўшы яго, басер і вайдэра не наважыліся спрабаваць нешта адкапываць, каб пашукаць можа ацалеўшых ваўчанят. Яны прыйшлі толькі ўначы, а потым прыходзілі яшчэ некалькі начэй запар і капалі.


Падобна на тое, што ваўчаняты не ацалелі, бо паводзіны той паркі ваўкоў далей цалкам зьмяніліся. Яны пачалі шырока швэндацца па той тэрыторыі, што займалі мінулай зімою. Акрамя таго, яны сталі шмат знакаваць лясныя дарогі й перасоўвацца не спяшаючыся. Для тых, хто разумее адметнасьці ваўкоў на размнажэньні, усё гэта ёсьць досыць дакладныя рысы адсутнасьці кодла.

215 views0 comments

Comments


bottom of page