top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Ледастаў і крыгаход у Налібоцкай пушчы

Updated: Jan 15, 2023

Сааўтар Ірына Ратэнка


Калісці, яшчэ здаецца ня гэтак даўно ледастаў і вясенні крыгаход на рэках быў звычайнай з'явай цалкам у Беларусі й у Налібоцкай пушчы ў прыватнасці. Гэтаму амаль ніхто не здзіўляўся й асоба ніхто гэтым не захапляўся. Гэтак жа мы й самі. Насамрэч, мы шмат карысталі ледзяное покрыва ў зоалягічных вандроўках, але ставіліся да гэтага як да нечага звычайнага, таго што заўжды ў пэўны час будзе. Адылі, з паступовым пацяпленьнем клімату ў 2000-х гадох у Беларусі зімы станавіліся ўсё менш сьцюдзёнымі, а таму значны ледастаў і веснавы крыгаход сталі драбнець, а то й увогульле зьнікаць.


Але гэтаю зімою, якая пачалася ў Налібоцкай пушчы з другой паловы студзеня ўсё было па-ранейшаму. К сярэдзіне студзеня й у лютым на рэках і каналах Налібоцкай пушчы ўсталявалася амаль што суцэльнае трывалае ледзяное покрыва. І вось цяперака мы гэта ўсё, што ўлучана з лёдам на рэках і іншых вадаёмах надта закаштавалі.  Як заўжды тое бывае, што пачынаеш надта нешта каштаваць менавіта тады, калі гэта нешта губляеш.


Гэтаю зімою надта зручна й захапляльна было хадзіць па тым паўсюдным лёдзе, які даваў спрамогу завітаць у звычайна недасягальныя куткі водна-багенных нетраў Налібоцкай пушчы. Як і людзі, па лёдзе шмат ходзяць і зьвяры. Таму як крочыш па скутай лёдам рэчцы альбо каналу, то ўвесь час трапляеш разнастайныя тропы сысуноў то бок зьвяроў. Гэтаю зімою павандравалі мы па тых ільдах шмат і з вялікай цікавасьцю. Асабліва часта даводзілася хадзіць па Вольцы блізу Навусьці, дзе мы мешкаем. Нават дзяцей бралі пахадзіць і пакоўзацца па тым лёдзе.

На Вольцы блізу Навусьці.

Бясьпечна хадзіць па лёдзе на рэках і каналах – гэта нялатвы навык і адмыслоўства. Мы вучым сыноў гэтаму пры кожнай магчымасьці (прынамсі сына Вінцэся, які мае схільнасьць да прыроды), бо ў школе і ўнівэрсытэце на гэтакае аддаецца ня досыць увагі. Дзеля спраўнай хады па лёдзе трэба шмат ведаць, як цячэ і замярзае вада ў рэчцы або канале. Таксама трэба ведаць, дзе небясьпечная магутная плынь, як далёка абыходзіць стрыжаня, дзе і як хутка ўтвараецца пусталёдка ў залежнасьці ад хады надвор'я. Трэба ведаць лядовыя гукі, то бок якія з іх бясьпечныя, а якія не. Тое самае з утварэньнем наледзі, лёдавых шчылін і ападзеньня лёду.


У Налібоцкай пушчы на лёдзе па замёрзлым рэчкам і каналам заўжды трапляецца шмат зьвярыных тропаў.


На асушальных каналах у ледастаў ва ўрочышчы Валасень.


Абмярзаньне паверхні вады ў мароз на Нёмне каля мосту ў Панямоні.

Нёман скуты лёдам каля мосту ў Любчы.


Абмярзаньне паверхні вады ў мароз на Бярэзіне ва ўрочышчы Дразды.


Скутая лёдам Бярэзіна ў тым жа мейсцы.

Скутае лёдам абалоннае азяро (старарэчча) Бярэзіны ва ўрочышчы Дразды.


Ледастаў на былых торфараспрацоўках ва ўрочышчы Гала Балота.

Неман перад крыгаходам блізу Мікалаева (паўднёва-заходнія ваколіцы Налібоцкай пушчы).

Крыгаход на Нёмне ў тых жа мясьцінах.


Бярэзіна перад крыгаходам ва ўрочышчы Дразды.


155 views1 comment
bottom of page