top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Навусць да і па Другой сусветнай вайне: стан вёскі, вынішчэнне немцамі ды іншыя вядомыя падзеі

Updated: Feb 13

Сааўтар Баляслаў Сідаровіч


Да Другой сусветнай вайны паселішча Навусць складалася з Навусці-вёскі й Зарэчча. Калі Навусць-вёска была больш менш кампактным паселішчам, то Зарэчча было расцягнутае ледзь не на два кілямэтра ланцужком хутароў, якія ў той час мелі тры асноўныя назовы. Уніз па цячэньню Волькі то былі сьперва Волка, потым Козе Пенна і яшчэ ніжэй Валяватка. Паводле падрабязная польскай мапы канца 1920-х гадоў ва ўсёй Навусьці налічвалася 15-17 двароў: 7 двароў у Навусьці-вёсцы й 8-10 двароў у Зарэччы. У савецкам перапісу 1940 года значыцца 11 двароў, але невядома, што мелася на ўвазе пад Навусьцю, то бок толькі вёска, ці сукупна з Зарэччам. Навусць-вёска і Зарэчча ядналіся коннаезднымі дарогамі з двума драўнянымі мастамі ў накірунках Козе Пенна і Валяваткі.


Гэтакім чынам выглядала геаграфія Навусьці да Другой сусьветнай вайны, як сабе яна ўяўлялася ў Бакштоўскай гміне ў даваеннай Польшчы. Навусьць у той час лічылася засьценкам, то бок у ёй жытлавалі дробная шляхта і заможныя сяляне на сваіх куплёных або стала арандаваных землях. Жыхары Зарэчча дакладна атаесамлялі сябе чальцамі навусьцянскай тэрытарыяльнай супольнасьці, але найменавалі свае паселішча на дробным роўні, напрыклад, не як Навусьць-Валяватка, а каротка як Валяватка, а то яшчэ карацей як, напрыклад, хутар Дубіцкіх, або Дубіцкае. Таксама на хутар Лойкаў у Козе Пенна маглі казаць Лойкаўшчына, а на хутар Мазураў у Вольцы казалі Мазуроўшчына. Але ўся цалкам частка Навусьці на левы бераг Волькі заўжды найменавалася як Зарэчча. Цікава, што калі хтось з жыхароў Навусьці быў недзе на аддаленьні, напрыклад ў Дудах або Валожыне, і хтось іх пытаў адкуль яны, то тыя адказвалі што яны з Навусьці, а не, напрыклад, з Козе Пенна.


Я паспрабаваў зрабіць рэканструкцыю таго, якія радзіны жытлавалі ў Навусьцянскіх дварох. У гэтым мне немала дапамаглі аповеды тутэйшых жыхароў Ганны Комсы і яе дачкі Ліды, Марыі і Богдана Касьперовічаў, Рамуальды й Яўгена Шыбутаў, Баляслава Садоўскага, Тацьцяны й Алендзіка Мазалеўскіх, а таксама Ленарда і Тарэсі Юрэвіч.


Тутай хацелася бы зацеміць пра імёны людзей, што я буду падаваць далей, бо адных і тых жа людзей называлі адрозна ў залежнасьці ад культурнай прыналежнасьці і схільнасьці пэўнай асобы то бок беларускай, расейскай або польскай. Таксама шмат каго часта клікалі скарочана. Напрыклад беларуса Вінцэся маглі найменаваць як Вінцэнт, Вінэк, або Вікенцій, а беларуса Язэпа як Юзаф, Ёсіп або Іосіф. Гэтакіх прыкладаў у Навусьці, да і шырэй у Налібоцкай пушчы мне вядома шмат. Таму калі стала вядома, што для пэўнай асобы ўжывалася некалькі імёнаў, то я буду дадаваць іх у дужках. Яшчэ цікава, што мужніх жанок тутай клікалі ў асноўным па мужыку, напрыклад, мужык Ксавэры то жанка будзе Ксавэрыха. Часам нават суседзі не маглі ўзгадаць сапраўднае імя жанкі. Так што некаторыя сапраўдныя імёны некаторых жанок я знайшоў толькі на могілках, дзе пісалі на помніку па пашпарту.


Калі пералічваць тыя двары ўздоўж конаезднай лясной дарогі з поўначы на поўдзень праз Навусьць, то бок з Юраўска пры Іслачы  да гасьцінцу Івянец-Бакшты, то было прыкладна гэтак. Пасьля Першай сусьветнай вайны дакладна хтось жытлаваў у лесе зьлева да багеннага чорнаалешніку перад вёскай, але ўжо напрыканцы 1920-х гадоў тамака двара не было а толькі апрацоўвалася ніва ў некалі гэктараў. Гэтым хтось  была радзіна палясоўшчыка Базыля Ігнатовіча. У сярэдзіне 1920-х яны пагарэлі ды зьехалі ў Амэрыку на заробкі а потым  тамака засталіся. Пагарэла тады ўсё: і хата, і гаспадарчыя забудовы. Усё сьведчыла аб наўмысным падпале. Радзіна сенавала ў Відным на Пружэніцкім поплаве, у двары нікога не было, у печы не палілася і навальніцы не было, а ўсё неяк дзіўна згарэла. Некалькі месяцаў да таго няшчасьця спадар Ігнатовіч моцна пасварыўся за сенакос пры рэчцы Пружэніца з польскім асаднікам. Таму Навусьцянцам меркавалася, што той асаднік і спаліў Ігнатовічаў двор.


Цалкам трэба зацеміць, што ўзгодна з аповядамі ўзгаданых вышэй тутэйшых людзей напрыканцы 1920-х гадоў і ў 1930-я гады ў Навусьці і навакольлі нібыта насоўвалася атмасфэра варажбы й супрацьдзеяньня паміж большасьцю тутэйшых беларусаў, якія выразна прэвалявалі ў нацыянальным складзе насельнікаў Налібоцкай пушчы з аднаго боку, і з другога боку прысланымі польскімі асаднікамі й службоўцамі, якімі польская ўлада наўмысна напаўняла пушчанскія абшары, каб найхутчэй паланізаваць новыя акупаваныя землі беларусаў. Ў Налібоцкай пушчы і ейным навакольлі польскім асаднікам (былым вайскоўцам, што хацелі асесьці на зямлі і займацца сельскай гаспадаркай) і польскім лясным і іншым службоўцам давалі найлепшыя землі. Але прыдатнай вольнай зямлі, якая б пуставала, не было. Таму ў большасьці выпадкаў сельскагаспадарчыя землі нейкім чынам пераразьмяркоўваліся ад пушчанскіх беларусаў да наезжых палякаў. Нават калі асаднікам даваліся найлепшыя землі з дзяржаўнай зямельнай маёмасьці, а тутэйшыя беларусы аніяк не маглі пашырыць свае зямельныя валоданьні, то тое таксама выклікала гнеў і абурэньне апошніх супраць нова-зьявіўшыхся гаспадароў. Асабліва гвалтоўна пераразьмяркоўваліся сенакосы, і тое кепскім чынам надта закранала беларускіх пушчанцаў. У Налібоцкай пушчы землі ёсьць пераважна бедныя – пясок або пераўвільгатнёная тарфа. На гэтакіх глебах шмат збожжа і бульбы ня вырасьціш. Таму аснову здабытку пушчанцам давала гадоўля быдла. А калі ў гаспадарцы ня досыць сенажатак, то ня зможаш трымаць і досыць быдла.


Уся гэтакім чынам ўзьнікшая варожасьць паміж беларускімі пушчанцамі з аднаго боку і з другога боку польскімі ўсяленцамі і службоўцамі мела наступствы й далей пад час вызваленьня ад Польшчы заходняй часткі Беларусі і асабліва цягам Другой сусьветнай вайны.

У 1940 і пачатку 1941 года савецкія ўлады высялялі з пушчы ў Сыбір лясных польскіх службоўцаў, асаднікаў і іхнія радзіны. Пад час вайны беларусы гэтак ці інакш ішлі ў савецкія партызаны, тады як палякі далучалісч да польскай арміі краёвай, якая таксама партызаніла ў Налібоцкай пушчы. Вядома, што паміж гэтымі двума вайсковымі згуртаваньмі не заўжды было мірна. Усе гэтыя акалічнасьці гэтак або інакш закранулі і навусьцянцаў, але ў рэчаіснасьці ўсёж такі ня гэтак моцна як недзе ў іншых частках Налібоцкай пушчы.


Мэтраў чатырыста далей па-за чорнаалешнікам праваруч дарогі наступным дваром быў Комсаў, дзе напрыканцы 1930-х гадоў мешкалі Ўладзімір (1913 года нараджэньня) з жонкай Агатай і дочкамі Гэляй і Нінай, а таксама маці Агаты Ганна Ліпніцкая. Разам зь імі нейкі працяглы час мешкаў халасты Ганнін брат Ігнась Шыбут. Ганнін мужык Расьціслаў Ліпніцкі быў асочнікам у Бакштоўскім лясьніцтве, і адпаведны службовым абавязкам ён займаўся арганізацыяй і кантролем паляваньня ў леса-багенным тэрэне пад Навусьцю. У 1932 годзе Росьцік кімсьці быў наўмысна цяжка паранены на паляваньні і таму неўзабаве памёр ад тых ран. Яшчэ, быўшы ў прытомнасьці, Росьцік сьцьвярждаў, што страляў па яму хтось з палякаў, якога месяцам раней ён злавіў на клусаўніцтве дзіка. Але сьледзтва нічога не вызначыла, і забойца ня быў пакараны.


Росьцік быў пахаваны за 100 мэтраў ад свайго двара, дзе ў Навусьці на грудку былі тагачасныя могілкі, меўшыя ня менш за сорак капцоў. Некаторыя з надмагільных помнікаў былі даволі даўнія – недзе з пачатку XIX-тага стагодзьдзя. У якасьці помнікаў былі выплаўленыя чыгунныя крыжы з шыльдамі (верагодна выплаўленыя ў жалезнай гуце ў Рудні Налібоцкай), было некалькі надмагільных камянеў, адзін вялікі каменны крыж, але асноўнымі надмагільнымі помнікамі былі дубовыя крыжы. Вядомы імёны і прозьвішчы, што былі напісаныя на трох чыгунных шыльдах і адным вялікім каменным крыжы адмысловай прыгажосьці. Аднаго нябожчыка клікалі Юльян Шыбут (было напісана па-расейску, год сьмерці 1901), другога – Геранім Каратынскі (было напісана па-беларуску, памёр недзе ў 1870-х гадох), трэцяга – Мсьціслаў Шыбут (было напісана па-расейску, год сьмерці 1912). Крыж быў самы стары і на ім было высечана прыблізна наступнае па беларуску: Сабіна Шыбут, 27 рок, 1804, то бок жыла 27 гадоў і памерла ў 1804 годзе. На іншых помніках былі надпісы на польскай мове (ня менш трох гэтакіх) у асноўным з прозьвішчам Мазура. Аднаго з нябожчыкаў клікалі Валер, другога – Юзаф. На тым магільным пагорачку і цяперака расьце шмат маладзіла, што беларусы паўсюдна садзяць на могілках, але аніякіх надмагільных тамака ўжо няма. Значная частка гэтага пагорачка забрана экскаватарам пры будаўніцтве дарогі да Навусьці ў пачатку 1980-х гадох, але кажуць, што тамака к таму часу ўжо ані надмагільных помнікаў, ані саміх капцовых пагорачкаў не было. Сабінін крыж і два надмагільныя камяні былі скрадзены ўначы ў пачатку 1930-х гадоў. Астатнее (жалезныя помнікі і некалькі надмагільных камянёў) зьніклі цягам вайны. Пасьля вайны на тым пагорачку ўжо нікога не хавалі, а хаваліся на могілках пры Каменнай Слабадзе. Аб гэтых могілках мне паведзілі Яўген Шыбут і Ленард Юрэвіч, якія штось бачылі самі і чулі ад сваіх бацькоў.


Перад могілкамі была старая праваслаўная капліца, бо на той час у Навусьці за выняткам Мазураў з хутара Волькі ўсе радзіны былі праваслаўныя. Тое ішло ад праваслаўных магнатаў Храптовічаў, якія валодалі гэтымі землямі да Першай сусьветнай вайны. Наяўнасьць гэтай капліцы раздражняла спрэс каталіцкую адміністрацыю Бакштоўскай гміны, якая складалася з наезжых і тутэйшых палякаў.Таму ў 1932 годзе па загаду з гміны тая капліца была разабрана з нагоды быццам бы яе драхласьці й адпаведна небясьпекі для саміх Навусьцянцаў.

Далей у бок Волькі, бадай што напроці могілак праваруч дарогі жыла адна з Шыбутаўскіх радзін: дакладна дзед Ксавэры, сын Уладзімір з жонкай Зосяй і двума сынамі Яўгенам і Міхасём. Наступным зноў-такі праваруч дарогі быў двор Трафіма Шыбута з жонкай Фрэдэрыкай і чатырма дзецьмі (Базыль, Паліна, Тадэвуш і старэйшы Караль 1923 г.н.). Трафім быў родным братам Уладзіміра і сынам дзеда Ксавэры. Паміж падворкамі Уладзіміра і Трафіма мейсьцілася адбудаваная ў 1927 годзе грыбасушылка ад Бакштоўскага лясьніцтва. На гэтай грыбасушылцы радзіны Ўладзіміра і Трафіма, а можа й іншыя радзіны навусьцянцаў сушылі баравікі для лясьніцтва ў грыбны сэзон і мелі за гэта нейкі заробак.



На фотаздымках зьверху мужыкі з Навусьці перад хатай Трафіма Шыбута, пачатак 1930-х гадоў (зьлева направа Трафім Шыбут, Уладзімір Шыбут, Тарас Юшкевіч); унізе Фрэдэрыка Шыбут (з Юрэвічаў), фота канца 1930-х гадоў; Базыль Шыбут сын Фрэдэрыкі і Трафіма, фота канца 1930-х гадоў. Фота з калекцыі Шыбутаў.


Недзе ў другой палове 1930-х гадоў адбыўся значны канфлікт з бойкай (на кулаках і калах) паміж нейкімі польскімі асаднікамі з аднаго боку, а з другога боку былі гэтыя мужыкі Шыбуты: Трафім, Уладзімір і Ксавэры. Таксама ў той бойцы на баку Шубутаў удзельнічалі нейкія іншыя навусьцянскія мужыкі як мінімум Тарас Юшкевіч. Нагода гэтай сутычкі з тымі палякамі вядома. То было карыстаньне пад сенажаці пэўнага кавалка даліны Волькі, а таксама лоўля ракаў і рыбы ўздоўж Волькі. Асаднікам асабліва перашкаджаў Трафім, бо ён быў адмыслоўцам лоўлі шчупакоў на жэрліцы ўлетку і з асьцямі пад час іхняга нерасту ў красавіку. Таксама Трафім з жонкай Фрэдэрыкай і ў каапэрацыі з Уладзімірам і Агатай Комса лавілі надта шмат ракаў у Вольцы на продаж нейкім габрэям-карчмарам з Івянцу. Шыбуты з дапамогаю ўплывовага дзядзькі (стрыечніка Ксавэры), які служыў кіроўцам справамі ў Храптовічскай Адрывонжы пад Вішнева, адстаялі ў Бакштоўскай гміне свае пазыцыі ў карыстаньні Волькі. Але праз некалькі месяцаў Трафім быў забіты на той сенажаці стрэлам з лесу. Ня гледзячы на намаганьні таго ўплывовага стрыечніка, забойцаў не знайшлі, да і напэўна ня надта шукалі. Як падавалася Навусьцянцам акупацыйныя польскія ўлады былі на баку меркаваных забойцаў. Адылі ўсе Навусьцянцы былі перакананыя, што імі былі тыя польскія асаднікі. Пасьля забойства Трафіма ўвесь цяжар, каб цягнуць дзьве гаспадаркі і забясьпечваць дзяцей абодвух радзін, цягнуўся высілкамі Ўладзіміра Шыбута. Бацька Ксавэры ўжо быў стары і ня мог укладаць у гаспадарку шмат моцы.


Далей да рэчкі Волька апошнім дваром уніз па цячэньню Волькі быў двор вотчыма Ўладзіміра Комсы. Вотчыма звалі Хведарам, і ён паходзіў з роду Юшкевічаў недзе з Жабрачыхі. Маці Ўладзіміра Комсы клікалі Імпэрыяй. Яна сышлася з Хведарам пасьля гібелі першага мужыка Якіма Комсы. Першая жонка Хведара памерла пры чарговых родах. Калі ў Хведараву хату ўвайшла Імпэрыя, там ужо было двое дзяцей. Імпэрыя з Хведарам нарадзілі яшчэ дваіх. Першы мужык Імпэрыі Якім загінуў заўчасна недзе ў пачатку 1920-х гадоў. Гісторыя ягонай пагібелі зноў-такі магла быць ўлучанай з канфліктам з нейкімі палякамі. Якім быў на месячным адпачынку ў Навусьці пад час службы ў польскім войску. Ягоная вайсковая частка стаяла летнім лягерам паміж Ягаднем і Заберазьзю. Вяртаючыся назад, Якім Комса быў застрэлены з вайсковай стрэльбы недалёка ад Ягадня недалёка ад таго вайсковага лягера. Яшчэ да адпачынку Якім ня ладзіў з польскімі саслужыўцамі, што даходзіла да сутычак. Да сваёй заўчаснай пагібелі Якім з Імпэрыяй жытлавалі аднаасобна на хутары Віднае пры рэчцы Пружэніца на адлегласьці каля аднаго кілямэтра ад могілак і хаты Ксавэра Шыбута.

Адылі, ужо напрыканцы 1920-х гадоў тамака двара не было а толькі падтрымоўвалася дзьве сенажаткі з невялічкімі пунямі дзеля захоўваньня сена.


Насупраць Хведара Юшкевіча леваруч дарогі, што накіроўвалася ў бок рэчкі Волькі і далей праз мост у Валяватку, мешкаў брат Хведара Тарас. Вядома, што Тарас пацярпеў у той бойцы з польскімі асаднікамі. Штось зь ім здарылася, можа была пашкоджана сьпіна, але перад вайною ён ані ня мог рабіць анічога цяжкага. Як мог яму дапамагаў брат Хведар, але нягледзячы на гэта гаспадарка Тарасавай радзіны была даволі бедная. У Тараса з жонкай Амэляй было таксама не менш чымся чацьвёра дзяцей.


Побач з дваром Тараса Юшкевіча вышэй па цячэньню Волькі ў перадваенны час мешкалі яшчэ дзьве радзіны. Адна зь іх была ад Юрася Шыбута, што быў братам Ксавэры Шыбут. На тым двары жылі Юрась з жонкай Феадосяй. Зь імі мешкалі іхні ўжо немалады сын Станіслаў, які меў жонку Мальвіну, а дзяцей у іх чамусьці не было. У другой хаце, што была бліжэй да Юшкевічаў, жыў Гаўрыла Шыбут (стрыечнік Ксавэры) з жонкай Эўфрасіняй і з дзецьмі. Аднаго зь іх клікалі Міхась, які па вайне будзе жытлаваць на тым падворку.


Вось і ўсё, што было ў Навусьці-вёсцы да Другой сусьветнай вайны. Цяперака паведзім якія двары былі ў Навусьці-Зарэччы. Калі пералічваць двары зьверху ўніз па цячэньню Волькі, то было недзе гэтак. У хутары Волька было два двары. Першы належаў радзіне Зыгаровічаў (бацька Флорыян, маці Яніна і трое дзяцей Лявон, Наста і Дарота). Наступным быў двор Казіміра і Ванды Мазураў з дзецьмі. Гэта параўнальна заможная радзіна была польскага паходжаньня і трымалася польскіх звычаяў. Казімір працаваў лясным аб'ездчыкам і кантраляваў лясныя працы ў навакольлі ад Івянецкага лясьніцтва. Гэта радзіна не дажыла ў Вольцы да вайны, і недзе напрыканцы 1940 году яна была выселена савецкімі ўладамі ў Сыбір.


Баляслаў і Ян Садоўскія каля хаты ў Козе Пенна ў 1940-м годзе.
Баляслаў і Ян Садоўскія ў Козе Пенна каля хаты Незабудак ў 1940-ым годзе. У дзьвярох стаіць Рыгор Незабудка. Фота з калекцыі Садоўскіх.
Фелікс і Ян Клачкевічы ў Козе Пенна каля хаты Незабудак ў 1940-ым годзе. Фота з калекцыі Зянона Клачкевіча.

Далей уніз па цячэньню Волькі мэтраў трыста ад Мазураў быў двор Рыгора Незабудкі. Яго жонку звалі Лізавета. Зь імі мешкаў Рыгораў бацька Станіслаў. Аднаго з сыноў, які будзе жыць на гэтым падворку па вайне быў Ян (Іван).


Яшчэ далей ў бок Волькі быў двор Кастуся і Юзэфіны Рыбіцкіх. У іх было чацьвёра дзяцей (аднаго зь іх клікалі Ян). Мэтраў чатырыста ў паўднёвы бок ад Рыбіцкіх жытлавалі Жыльневічы: Валер'ян з Зофьяй, якія мелі трох дзяцей Ганну, Ленарду й Альберта. Нейкі час напрыканцы 1920-х гадоў зь імі мешкаў брат Валер'яна Казімір з жонкай Лёксай і маленькай дачкой Каралінай.


Побач зь Жыльневічамі быў двор Жданкевічаў. Іхняя радзіна складалася з Мечыслава з жонкай Лёдзяй, двое дзяцей (Яўстах і Клера) і пажыля маці Мечыслава Паланэя (Пелагея). Мечыслаў з сярэдзіны 1920-х гадоў служыў палясоўшчыкам. Ён не надта карыстаўся дабразычлівасьцю навусьцянцаў, бо па службе павінен быў адшукваць злоўжываньні тутэйшых да лясных скарбаў. Вядома, гэта не падабалася, і з цягам часу Мечыслаў апынуўся у канфлікце з шэрагам навусьцянцаў. Служыўшы ў польскай лясной адміністрацыі, Мечыслаў быў схільны да польскасьці, што раздражняла шэрагі навусцянскіх беларусаў, якія былі больш прыгнечаны ўладамі чымся польскія лясныя службоўцы й асаднікі.


Далей мэтраў семсот па цячэньню Волькі жытлавалі Станіслаў і Алімпія Лойкі з трыма дзецьмі (Марцін, Дамінік і Васіль). Яшчэ ніжэй па левабярэжжу Волькі была частка Навусьцянскага Зарэчча, якая звалася Валяваткай аднаіменна з выспай і разгалінаваньням Волькі крыху ніжэй па яе цячэньню. Да Другой сусьветнай вайны было аж тры паселішча ў зарэчынскай Валяватцы, якая расьцягнулася на тры кілямэтры аж да Каменнай Слабады. Але ўсім гэтым цягам за Волькай была выспа Валяватка, што напэўна і дало найменьне ўсім гэтым хутарам. Першыя дзьве Валяваткі былі недалёка адзін ад аднаго (каля аднаго кілямэтра) і ад крайняй Юшкевічавай хаты Навусьці-вёскі (прыблізна 300 мэтраў), а трэцяя Валяватка была на дыстанцыі двух кілямэтраў ад другой і была побач з Каменнай Слабадой. Таму апошнюю зь іх я ўмоўна аднашу да Каменнай Слабады. Гэтаксама яна адносілася і па тэрытарыяльная разьмеркаваньню ў Бакштанскай гміне. Першая Валяватка разьмяркоўвалася на двух меншым і большым грудах (па вайне іх клікалі Гарадовічскія груды). Праз гэтыя груды і травяныя багны вакол іх праходзіла дарога з Навусьці-вёскі. Яна пралягала то па пяску, а то па грэблі сярод твані.


Неяк убаку на першым малым груду, што быў мэтраў трыста ад хат Юшкевічаў праз раку была адна хатка пажылых Матроны і Ануфрыя Шыбут. Дзяцей у іх не было. Калі быў жывы Ануфрый (ён памёр у 1933 годзе), то у іх была невялічкая жывёльная гаспадарка.  Матрона зарабляла як траўны лекар і павітуха. Яе паслугі былі досыць ангажаваны Навусьцянцамі й іншымі навакольцамі. Каб дапамагчы ў народзінах за Матронай дасылалі конныя вазы нават з Заберазі і Бакштаў. Таксама Матроне ўдавалася лекаваць некаторыя хваробы. Гэтакім чынам можна казаць, што ў Навусьці быў свой лекар.


Далей ад Волькі праз грэблю на другім груду мейсьціліся тры двары, першы зь якіх быў заўважна багацейшы. Ён належаў радзіне Язэпа (Ёсіп, Юзаф) і Ганне Дубіцкім. Побач крыху далей жытлавалі дзьве іншыя радзіны Базыля і Ганны Віршыч, ды Аляксея і Нарцызы Шыбут. Вядома, што Аляксей быў стрыечным братам Ксавэры Шыбут з Навусьці-вёскі. Аляксей з Нарцызай мелі мінімум чацьвёра дзяцей: Пятро (1920 г.н.), Маруся (1924 г.н.), Феадосія (1927 г.н.) і Алесь (1930 г.н.).


Далей уніз па Вольцы ў другой Валяватцы, што знаходзілася ў адным кілямэтры ад першай, жытлавала  радзіна іншых Віршычаў, што былі сваякамі вышэй згаданых. Бацьку клікалі Андрэй, маці Мартай, дзяцей Васіль і Сяргей. Наколькі вядома, Андрэй і Базыль Віршычы былі роднымі братамі. Яны былі вядомымі ў навакольлі бортнікамі, але жылі не толькі з мёду. Акрамя пчол, браты ўтрымлівалі шмат быдла і займаліся капканным вылавам футравых звяркоў у асноўным выдзёр, норак і кунаў. У Навусьці Віршычы былі адносна заможнымі людзьмі.


Вось і ўсе даваенныя жыхары Навусьці як у правабярэжнай частцы ад Волькі (то бок Навусьць-вёска) гэтак і ў левабярэжнай частцы (то бок Зарэчча, якое складалася з Валяваткі, Козе-Пенна і Волькі). Трэба зацеміць, што сярод прозьвішчаў даваеннай Навусьці прэвалююць Шыбуты. Вядома, што гэта прозьвішча было ўспадкавана ад дзьвух сваяцкіх радзін братоў Шыбутаў, якія разам з радзінамі ў якасьці асочніка і ляснога стража былі пераселены ў Навусьць магнатамі Храптовічамі з Вішнева недзе напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя.


Вось і ўсе даваенныя жыхары Навусьці як у правабярэжнай частцы ад Волькі (то бок Навусьць-вёска) гэтак і ў левабярэжнай частцы (то бок Зарэчча, якое складалася з Валяваткі, Козе-Пенна і Волькі). Трэба зацеміць, што сярод прозьвішчаў даваеннай Навусьці прэвалююць Шыбуты. Вядома, што гэта прозьвішча было ўспадкавана ад дзьвух сваяцкіх радзін братоў Шыбутаў, якія разам з радзінамі ў якасьці асочніка і ляснога стража былі пераселены ў Навусьць магнатамі Храптовічамі з Вішнева недзе напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя.
Кавалак той вузкакалейнай чыгункі на дзялянцы ад Новага Двору да Козе Пенна прыблізна ў 1933-35 гадох у закінутым стане. Фота з калекцыі Садоўскіх.

Да ўсяго пералічанага абавязкова трэба дадаць, што да Навусьці (дакладна да Козе Пенна) ў міжваенны час была пракладзена вузкакалейка. Але, прынамсі, ад Івенца да Навусьці гэта чыгунка функцыявала на конным хаду. Упряжка з шасці коней цягнула некалькі вагонаў. Гэтая шасьціконная чыгунка праіснавала да 1935 году, калі была разабрана. Дакладнее гісторыя той вузкакалейкі была наступнай. Яе пачалі цягнуць у 1907 годзе з вёскі Вайгняты да вёскі Букатава, потым у 1922 годзе была значна падоўжана й перасекшы раку Бярэзіну паміж вёскамі Навасёлкі й Барценіхай была пракладзена пушчай да мястэчка Валожын, потым яна вялася на мястэчкі Першай, ды Івянец і далей да хутара Козе Пенна. Узгодна з тагачаснай польскай мапай гэта вузкакалейка была пракладзена ад Івянцу на вёску Серкулі, потым на вёскі Дайнаву, Паўдарожжа, Новы Двор і потым на Козе Пенна. Агульная яе даўжыня была 94 км. У асноўным гэта чыгунка карысталася для вывазу леса.


Гэта мейсца на пясчанай выдзьме паміж Козе Пенна і Навусьцю-вёскай, дзе быў тупік той вузкакалейнай чыгункі з Івянца, дакладнее  разварот той чыгункі ў супрацьлеглы бок па колу вакол выдзьмы.
Гэта мейсца на пясчанай выдзьме паміж Козе Пенна і Навусьцю-вёскай, дзе быў тупік той вузкакалейнай чыгункі з Івянца, дакладнее разварот той чыгункі ў супрацьлеглы бок па колу вакол выдзьмы.

Пад час нямецкай блякады пушчанскіх партызанаў у ліпені-верасьні 1942 году нямецкія карнікі, прыбыўшы ў Навусьць 6 верасьня, загадалі жыхарам швыдка зьбірацца й ехаць коннымі вазамі ў Паўдарожжа. Падворак мусіў быць пакінуты мешканцамі за 15 хвілін. За гэты час некаторыя нават не маглі сабраць спалохаўшыхся дзяцей, што пахаваліся ад жахлівых карнікаў. Хто аслухаўся таго загаду, таго расстрэльвалі на мейсцы. Гэтак ў навусьцянскім Зарэччы загінула радзіна Жыльневічаў з пяці асоб. У Паўдарожжы прыбыўшых навусьцянцаў чакала пакутлівая сьмерць быць спаленым жыўцом. Тамака яны разам з паўдарожцамі, жыхарамі Новага Двору й Яськава (цалкам блізу ста асоб) былі сагнаны ў вялікае гумно і спалены. Сярод навусьцянцаў, што былі жахліва забіты ў Паўдарожжы, апынуліся дзьве радзіны Юшкевічаў, Фрэдэрыка Шыбут з трыма дзецьмі, радзіны Зыгаровічаў, Рыбіцкіх, Дубіцкіх ды Базыля і Ганны Віршычаў. Старэйшы сын Фрэдэрыкі Шыбут захаваўся, бо пасьвіў быдла ў даліне Волькіі, пачуўшы гвалт, схаваўся. Таксама далёка ня ўсе навусьцянцы паслухаліся таго загаду карнікаў. Як паказалі далейшыя падзеі шмат хто зь іх неяк выжыў цягам вайны.


Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Язэпа і Ганны Дубіцкіх, а па вайне жытлавалі Якім і Вераніка Гарадовічы.
Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Базыля і Ганны Віршыч, а па вайне этай дзялкай таксама карысталіся Якім і Вераніка Гарадовічы.
Мейсца, дзе да вайны жытлавалі Матрона й Ануфрый Шыбуты. Па вайне тутай быў двор Лукаша і Дашы Шыбутаў.
Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Аляксея і Нарцызы Шыбут.
Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Кастуся і Юзэфіны Рыбіцкіх, а па вайне жытлавалі Віктар і Юзэфіна Жыльневічы.
Цяперашні выгляд Лойкаўшчыны. Да вайны тутай жытлавала радзіна Станіслава й Алімпіі Лойкаў.
Мейсца, дзе да вайны стаяла хата Флярыяна й Яніны Зыгаровічаў.
Тутай да вайны жыла радзіна Ванды і Казіміра Мазураў.
На гэтым мейсцы да вайны стаяла хата Валерёяна і Зофьі Жыльневічаў.
Тутай да вайны жытлавала радзіна Мечыслава і Лёдзі Жданкевічаў.
Спадчыннае мейсца Віршычаў у Валяватцы-Жданках.

Таксама ў ліпені 1942 года, яшчэ да нямецкай карнай выправы былі забіты Мечыслаў і Паланэя Жданкевічы. Адны кажуць, што Мечыслава забілі немцы за сувязь з савецкімі партызанамі. Другія меркавалі, што гэта была расправа тутэйшых за мінулую прыхільнасьць Мечыслава да польскай адміністрацыі на пасадзе палясоўшчыка з магчымай шкодай гэтым асобам. Калі Мечыслава выводзілі з хаты, то яго маці Паланэя бегла за сынам, таму тыя невядомыя забілі і яе недзе ў адным кілямэтры ад хаты.


Уладзімір Комса ў партызанах.

Але, нягледзячы на тыя нямецкія карныя блякады, хтосьці з навусьцянцаў усё ж такі ацалеў. Хтосьці хаваўся ў зямлянках ды буданах далёка ў лесе (як шэраг Шыбутаў), або быў у партызанах і не забілі ў баёх (яе Уладзімер Комса, Пятро, Маруся, Феадосія і Алесь Шыбут). Частка гэтых навусьцянцаў выжыла і пасьля вайны перш за ўсё яны засялялі тое спаленае навусьцянскае мейсца. Хаты сталі адбудоўвацца ўжо ў 1944 годзе, як савецкія войскі пагналі немцаў назад з беларускіх земляў, і вайна адышла на захад ад Налібоцкай пушчы. Напрыклад, ужо ўлетку 1944 году была адбудавана невялічкая хата Ўладзімірам Шыбутам на папялішчы даваеннай хаты. Гэта хата ня мела падлогі і была з дранкавай страхой, але нейкую печ нават з комінам Шыбуты зрабілі.


З жыцьця Навусьці пад час той вайны акрамя яе зьнішчэньня  6 верасьня 1942 году стала вядома тры чымся значныя гісторыі: дзьве вельмі доўгія, трэцяя карацей. Вельмі цікавая і досыць падрабязна вядомая гісторыя двух радзін Шыбутаў пад час Другой сусьветнай вайны.


Гэта першая гісторыя сваёй працягласьцю выбіваецца з кантэксту дадзенага паста. Адылі ўсяроўна натуральна падаць яе менавіта тутай. Таксама трэба зацеміць, што напісанае ёсьць рэч не строга дакумэнтальная, а шмат у чым мастацкая рэканструкцыя фактычных падзей.

Дык вось, як ужо паведамлялася ў даваеннай Навусьці на правабярэжжы рэчкі Волькі бадай што ў цэнтры гэтай вёсачкі жытлавала адна з Шыбутаўскіх радзін: дакладна дзед Ксавэры, сын Уладзімір з жонкай Акулінай і двума сынамі Яўгенам і Міхасём. Наступным дваром у бок Волькі быў гэтакі Трафіма Шыбута з жонкай Фрэдэрыкай і чатырма дзецьмі (Базыль, Паліна, Тадэвуш і старэйшы Караль 1923 года нараджэньня). Яшчэ да Другой сусьветнай вайны некалі ў сярэдзіне 1930-ых гадоў Трафім быў застрэлены ў даліне Волькі верагодна з-за спрэчкі з польскімі асаднікамі пры перадзеле Навусьцянскіх сенакосаў. З таго часу на Ўладзіміра лёг дадатковы цяжар клопату аб дабрабыце ня толькі сваёй радзіны, але і радзіны загінулага брата. Уладзімір ледзь даваў рады, каб сярод гэтых двух радзін ніхто не галадаваў.

З акупацыяй Налібоцкай пушчы нямецкімі захопнікамі ў 1941 годзе забесьпячэньне харчамі ў Навусьці значна пагоршылася. Штотыдня ў Навусьці зьяўляўся прызначаны немцамі солтан з Дарагуні, які зьбіраў пэўную колькасьць разнастайных харчоў ад кожнай радзіны. З утварэньнем савецкіх партызанскіх аддзелаў трэба было аддаваць пэўную немалую частку ежы партызанам. Таксама прасілі ежы уцекачы з навакольных вёсак, якія хаваліся ад немцаў у пушчанскіх нетрах. Шыбуты ледзь перажылі сьцюдзёны сэзон 1941-1942 гадоў. Сталаваліся дзьве радзіны разам, то бок за сталом было кожны раз аж дзесяць чалавек. Шмат было гэтакіх дзён, што на гэты стол крыху ежы падавалася толькі адзін раз на дню, і пры гэтым тая ежа была строга падзеленай паміж едакамі. Адылі ніхто зь іх не памёр, але часам усе яны па-сапраўднаму галадавалі. У сакавіку 1942 году першыя два тыдня Шыбуты елі толькі страўныя і багатыя на крухмал карнявішчы пухоўкі, якія магчыма было яшчэ здабыць ў даліне Волькі. Потым гэту рачную даліну як і ўсе астатнія заліла палавень. Уладзімір спадзяваўся, што наб'е шчупакоў астрагою, але надвор’е было пахмурнае і ня досыць цёплае. Таму нераст шчупакоў усё не пачынаўся. Выручыла тое, што Ўладзімір знайшоў пад недалёкім азярком Вока забітага ваўкамі лася, які быў зьедзены імі толькі напалову. З рэштаў таго мяса Шыбуты трымаліся ледзь не два тыдня. Потым Шыбуты дачакаліся нераста шчупакоў, далей лавілі няшмат рыбы крыгаю ў Вольцы, зьбіралі птушыныя яйкі ды елі першую зеляніну: заяччу капусту, мядзьвужжу цыбулю, дзьмухавец ды шчаўе. Неяк дажылі да сярэдзіны траўня, калі ўжо здабыць нейкую ежу было ня гэтак цяжка.

Адылі Ўладзімір цьвёрда ўсьвядоміў, што трэба нешта прадпрыймаць, бо ягоная радзіна, гэтак як і радзіна Трафіма перамруць з голаду наступнай зімою. Вядома трэба садзіць тое-сёе, што ёсьць, у агарод ды даглядаць палеткі з азімым жытам. Бульбы, каб пасадзіць расьці, амаль што не было – толькі дваццаць бульбін, якія з цяжкасьцю пазычылі ў Незабудак з Козе Пенна. З жывёльнай гаспадаркі засталіся два кані ды цяжарная мыка. Мінулае лета аднаго каня ўвесь час хавалі ўсяродку ды вакол невялічкай Трафімавай пуні, што была збудавана ў даліне Волькі каля аднаго кілямэтра ўніз па рацэ. Уладзімір таксама меў на поплаве дзьве пунькі, у якіх хавалі мыку і два кані, каб не забралі ні немцы і ні партызаны. Апошнімі маглі быць як савеція партызаны, габрэйскія ўцекачы або польская Армія Краёва. Акрамя быдла, было шмат патрэбных рэчаў, якія маглі забраць, напрыклад, Уладзімір меў цэлую бочку солі, якую яшчэ не агледзелі ні немцы, ні іхні солтан, ні партызаны. Тую соль можна было бы мяняць у кагось на ежу. Трэба было шмат чаго хаваць недзе ў пушчанскім навакольлі, але як і дзе было не зусім паразумела. Таксама трэба было лепш схаваць быдла.

Неяк да Ўладзіміра Шыбута завітаў ягоны сусед Уладзімір Комса, які на той час быў у савецкіх партызанах. Комса параіў суседу, каб той усё хаваў і сам з радзінаў кудысь хаваўся ў пушчанскія нетры. Бо сапраўды, удзень усё будуць забіраць немцы самі ці праз паліцаяў ды солтанаў, а ўначы прыйдуць па харчы ды іншае партызаны ці свае савецкія, а яшчэ горш калі палякі. Гэтак паступова заберуць усё, што не пасьпееш схаваць. А напэўна будзе яшчэ горш, бо немцы ня будуць мірыцца, што гэтакія пушчанскія жыхары, як вы тутай, корміце партызанаў, ды попрасту пазабіваюць вас усіх а сядзібы папаляць ушчэнт. Таму штось рабі, неяк уцякай ды хавайся дзесь. Што казаць, бо з усім гэтым Шыбут быў згодны. Ён і сам ня раз гэтак меркаваў.

Пасьля адыходу Комсы трывожныя думкі мітусіліся ў галаве Ўладзіміра Шыбута. Шыбут канчаткова вырашыў, што тэрмінова трэба нешта жыцьцёва каштоўнае выносіць на нейкае табарышча ў досыць захаваным мейсцы і ня гэтак далёка, ды тамака пасадзіць сыноў, каб яны ўсё тое пільнавалі. Трэба зрабіць тамака добра замаскаваныя зямлянкі і не адну. Таксама трэба будзе зрабіць дзьве немалыя паветкі для каня і для мыкі са стажкамі сена. З гэтымі думкамі ён пайшоў да хаты Фрэдэрыкі, каб яе паклікаць да сябе, дзе ўсё абсаймаваць. Фрэдэрыка паведзіла Ўладзіміру, што во толькі ў поплаўнай пуні, што даліне Волькі нарадзіла мыка цялушку, і яна мусіць бегчы туды, дзе ўжо завіхаецца Акуліна.

Праз гадзіну ў хаце Ўладзіміра Шыбута сабраліся ўсе сямейнікі ад двух радзін. На гэтай вялікай радзіннай радзе пачалі абмяркоўваць, як ратавацца ў гэтай цяжкай сытуацыі. Спачатку Ўладзімір паведзіў якое яму бачыцца тое выйсьце. Яно складалася з наступнага. Трэба будаваць патайныя зямлянкі на двух абалонных выспах на назоў Доўгай і Вялікай. Гэтыя выспы ў даліне Волькі ёсьць і цяперака, ды як і тады яны выразна акрэмліваюцца і зарослыя старым, пераважна яловым лесам. Вялікая выспа была асабліва захавана ад мажлівага нашэсьця нямецкіх карнікаў, бо яна з усіх бакоў была аблямавана цяжка прахадной багеннай абалоняй. Тамака рэчка Волька разгаліноўвалася, а праз кілямэтар іяна зноў сыходзілася. Гэта мейсца звалі Валяватка, якое складалася з Вялікай выспы ды разгалінаванай даліны Волькі. Цікава, што тое ж найменьне мелі і хутары па правабярэжжу ад Волькі ў тым мейсцы. Тыя выспы Доўгая і Вялікая былі шчыльна парослыя лесам і разьмяркоўваліся ў адным і двух кілямэтрах ад Навусьці ніжэй па цячэньню Волькі. Яшчэ Ўладзімір казаў, што на бліжэйшай Доўгай высьпе трэба збудаваць паветкі з зачыненымі на кут двума сьценкамі для каня і мыкі з цялушкай. У гэтыя паветкі трэба перавесці быдла з вядомых Навусьцянцам поплаўных пунек. Бадай што гэта было найпершай задачай. Караль павінен быць адказным за быдла, пасьвіць іх удзень ды начаваць з імі пры пунях. Надвячоркам прыходзіць на нейкі час да хаты за харчамі, але пераважна быць пры быдле. Сыны Ўладзіміра і Акуліны павінны быць з Ксавэрам на дальнем табарышчы на Вялікай высьпе ў Валяватцы ды дабудоўваць і ўсяляк паляпшаць яго. Акуліна ды Фрэдэрыка з трыма меншымі дзецьмі будуць жытлаваць на бліжнім табарышчы і штось дацудоўваць там. Ён жа будзе пераважна сам, або з кімсьці з сыноў насіць усялякае патрэбнае на тыя выспы, ды пільнаваць сядзібы, а пры пільнай небясьпецы адразу ўцякаць. Вядома, аднаму ўцячы латвей. Амаль што ўсе з тым пагадзіліся, але Фрэдэрыка адмовілася сыходзіць з хаты з малымі дзецьмі, ня гледзячы на доўгія ды аргумэнтаваныя ўгаворы. Таму на бліжнім табарышчы на Доўгай высьпе было ўмоўлена, што будуць жытлаваць Акуліна ды Караль з быдлам.


Па цэнтру на дальнем пляне бачна Доўгая выспа ў даліне рэчкі Волькі. Фотаздымак 2023 году.

Доўгая выспа ў даліне рэчкі Волькі. Фотаздымак 2021 году.

Сатэлітны фотаздымак Валяваткі з Вялікай выспай. Фотаздымак узяты з Google Earth.
Паўночны край Вялікай выспы ў даліне рэчкі Волькі. Відаль з правага рамяна разгалінаваньня Волькі ў Валяватцы. Фотаздымак 2014 году.

Назаўтра з раніцы Уладзімір, Ксавэры, Караль, Міхась ды Яўген з рыдлёўкамі, сякерамі ды піламі пайшлі будавацца на тыя выспы. Тое будаўніцтва за бягучымі іншымі пільнымі справамі, а таксама пераносам усяго патрэбнага заняла больш трох тыдняў. Справа па будоўлі зямлянак надта замаруджвалася тым, што ўсю выкапаную зямлю трэба было адносіць кудысь, каб не было яе відаць. Інакш зямлянкі былі бы лёгка заўважны. Пераважна тую зямлю адносілі да рэчкі і высыпалі ў яе плынью На Доўгай высьпе былі збудаваны дзьве паветкі і тры зямлянкі. Адна досыць вялікая зямлянка з пячуркай з бочкі, жалезнай трубы і цэглы. У той зямлянцы было восем вузкіх нараў па бакох. Дзьве іншыя меншыя зямлянкі меркавалася карыстаць для харчовых прыпасаў і іншых патрэбных рэчаў. Сьцены зямлянак былі выкладзены з параўнальна тонкага бярвеньня. Дахі паветак і зямлянак уяўлялі сабою перш за ўсё скрыль з гэтакага жа бярвеньня. Дахі мелі ўхіл і былі пакрыты хваёвай гонтай ды кавалкамі яловай кары. На дахі паверх гэтага пакрыцьця клалі мох, лісьце ды іншае расьліннае, каб іх не было відаць з летака. На дахах зямлянак паміж імхом і пакрыцьцём з яловай кары ды хваёвай гонты насыпаўся скрыль чорнай поплаўнай глебы дзеля ўцяпленьня. Зямлянкі былі дазваньня замаскаваныя і, праходзячы побач на адлегласьці ў 5-10 мэтраў, іх цяжка было заўважыць. У дадатак два бакавіньня паветак, якія разьмяркоўваліся ў яловым гушчары, пераплялі яловымі лапкамі. Таму паветкі таксама былі ледзь заўважныя на адлегласьці 15-20 мэтраў. На Вялікай высьпе збудавалі запасную зямлянку без печкі з чатырма шырокімі нарамі для жытлаваньня і другую меншую для рэчаў і харчоў. У трушчобах лесу на Вялікай высьпе недалёка ад зямлянак Шыбуты ачысьцілі пляцыкі ад травы ды пасадзілі гарбузы, каб яны віліся па ветравалу наверх да сонца. Гэты спроба потым апынулася задачнай, і тое дала нямала гарбузоў ня толькі ўлетку 1942 году, але і ў наступныя два лета той вайны.

На Доўгай высьпе Шыбуты былі гэтакія адны, але на Вялікай высьпе з супрацьлеглага боку на адлегласьці каля аднаго кілямэтра зладзілі падобнае табарышча дзьве радзіны Шакалёў з Каменнай Слабады, а таксама Сабалеўскія з трэцяга (бліжэйшага да Каменнай Слабады) хутара Валяватка. Таксама на тым баку Волькі проці другога хутара Валяватка (па вайне Жданкі) збудавалі зямлянку Віршычы. Ад Віршычаў да Шыбутаў было таксама каля аднаго кілямэтра можа крыху менш.

Рэштавыя адзнакі ўсіх тых зямлянак ў выглядзе шырокіх ям прастакутнай формы відаць тамака і цяперака, і, праходзячы тамака час ад час, я часам чульліва прыгадваю той аповед Яўгена Шыбута, як іхняя радзіна рымсьціла на тых выспах. Няма ўжо ані Яўгена, ані Ўладзіміра, а тыя ямы застаюцца як нямыя сьведкі тых ужо далёкіх, але ўсё яшчэ хвалюючых падзей.

Але вернемся да іх. Збудаваўшы тыя табарышчы на абалонных выспах Волькі, Шыбуты сталі жытлаваць больш-менш па задуманаму распарадку. Адылі часам, асабліва пад вечар яны ледзь ня ўсе сабіраліся ў сваіх хатах у Навусьці. У гэтакіх выпадках Уладзімір заўжды непакоіўся ды засьцярагаў ад мажлівай сьмяротнай небясьпекі. І партызаны, і немцы, і іхні солтан з Дарагуні неаднаразова наведваліся да Шыбутаў. Тое-сёе яны забіралі, але шмат чаго было ўзяць немагчыма, бо гэтак мала каштоўнага на іхніх сядзібах было.Фрэдэрыка па-ранейшаму ўпёрта трымалася таго, каб жыць з дзецьмі ў сваёй хаце, адпусьціўшы з дому толькі старэйшага сына Караля. Караль займаўся быдлам і прыходзіў пад вечар да мац, каб зь ёю пад’есьці і штось дапамагчы.

Тая адчуваная Ўладзімірам Шыбутам небясьпека, аб якой папярэджваў Уладзімір Комса, усё ўзмацнялася. Пад канец жніўня немцы загадалі жыхарам Навусьці нікуды не адыходзіць ад сваіх хат, падворка і палеткаў. Былі чуткі аб шэрагу забітых мірных пушчанцах з той або іншай не надта значнай нагоды. Тады Уладзімір Шыбут і ягоныя сямейнікі канчаткова сышлі на свае табарышчы. Адылі Фрэдэрыка ўсё ўпарцілася з гэтым і заложна трымалася сваёй хаты. Нават 6 верасьня, калі ўжо раніцаю нямецкія карнікі сталі паліць Навусьцянскія хаты і ўжо побач на сваім падворку застрэлілі суседа Хведара Юшкевіча, Фрэдэрыка з дзецьмі не зьбегла са сваёй хаты на тыя патаемныя табарышчы Шыбутаў. З гэтай недарэчнасьці яе з трыма дзецьмі і іншымі пушчанцамі чакаў жудасны лёс быць спаленай у гумне ў Паўдарожжы. Уладзімір Шыбут за нейкую гадзіну да спаленьня ейнай хаты быў у яе і ўмольваў сыходзіць, але яна адмовілася, сказаўшы, што яе з малымі дзецьмі наўрадці будуць чапаць, а таксама Караль павінен прыйсьці ад быдла на абед. Уладзімір вылаяўся на яе ўпартую дурасьць і сышоў, за што сябе доўга карыў, бо трэба было пагнаць Фрэдэрыку гвалтоўна, ці хоць забраць яе дзяцей.

Нямецкія карнікі, прыбыўшы ў Навусьць 6 верасьня, загадалі жыхарам, тым што былі ў вёсцы, швыдка зьбірацца й ехаць коннымі вазамі ў Паўдарожжа. Падворак мусіў быць пакінуты мешканцамі за 15 хвілін. За гэты час некаторыя нават не маглі сабраць спалохаўшыхся дзяцей, якія пахаваліся ад жахлівых карнікаў. Хто аслухаўся таго загаду або не пагаджаўся з чымся, то таго расстрэльвалі на мейсцы. Гэтак у Навусьцянскім Зарэччы загінула радзіна Жыльневічаў з пяці асоб, а таксама на сваім падворку ў Навусьці-вёсцы быў застрэлены Хведар Юшкевіч - Уладзіміраў сусед і сябра (ён жа отчым Уладзіміра Комсы). У Паўдарожжы прыбыўшых Навусьцянцаў чакала пакутлівая сьмерць быць спаленым жыўцом. Тамака яны разам з Паўдарожцамі, жыхарамі Новага Двору й Яськава (цалкам блізу ста асоб) былі сагнаны ў вялікае гумно ды спалены. Сярод Навусьцянцаў, што былі жахліва забіты ў Паўдарожжы, апынуліся Фрэдэрыка Шыбут з трыма дзецьмі, дзьве радзіны Юшкевічаў, радзіны Зыгаровічаў, Рыбіцкіх, Дубіцкіх, а таксама Базыль і Ганна Віршычы. Старэйшы сын Фрэдэрыкі Шыбут Караль захаваўся, бо пасьвіў быдла ў даліне Волькі і, пачуўшы гвалт, схаваўся. Таксама далёка ня ўсе Навусьцянцы паслухаліся таго загаду карнікаў. Як паказалі далейшыя падзеі шмат хто зь іх неяк выжыў цягам вайны. Хтосьці хаваўся ў зямлянках ды буданах далёка ў лесе (як шэраг Шыбутаў), або быў у партызанах і не забілі ў баёх (яе Уладзімер Комса, Пятро, Маруся, Феадосія і Алесь Шыбут).

Але вернемся непасрэдна да тых Шыбутаў, аб якіх уся гэтая навэла. Караль, пасьвіўшы быдла і пачуўшы зыкі гвалту ў Навусьці, наблізіўся да вёскі. Ён бачыў, як немецкія карнікі палілі будынкі, як застрэлілі Хведара Юшкевіча каля ягонай хаты, як у адчаі мітусіліся Навусьцянцы. Моцна ўражаны і забыўшыся на ўсё, ён не пабег да бацькоўскай хаты, а кінуўся прочкі ў абалонную багну. Пры гэтым, уцякаючы, Караль кінуў быдла проста сярод поплаву пры Вольцы. Караль бачыў у Навусьці немцаў з сабакамі на шворках і зразумеў, што зьбеглых Навусьцянцаў будуць шукаць у пушчанскіх ваколіцах жаўнеры з сабакамі. Таму ён доўга не сядзеў у поплаўных трысьнягах, а пайшоў да Доўгай выспы папярэдзіць Уладзіміраву радзіну. Тамака на табарышчы іх не было. Не было іх і на табарышчы Вялікай выспы. Караль зразумеў, што Шыбуты хаваюцца недзе сярод абалоннай багны, але дзе – невядома. Не было на тое часу, каб іх шукаць. Трэба было неяк ратавацца самому. Па-ранейшаму ён чуў стрэлы і зыкі гвалту з Навусьці, а таксама цяпер ужо і з боку Каменнай Слабады. У гэтай сытуацыі Караль пасунуўся на правы бок даліны Волькі, выбраў невялічкую выспу з высокімі густымі елкамі і залез высока на адну зь іх. Тамака ён сядзеў доўга з здранцвеўшымі нагамі, а ўначы ён пакутваў ад сьцюдзёнасьці. Удзень ён бачыў, як пад ягонай елкай праходзілі немцы з сабака на шворцы і з аўтаматамі. З елкі ён бачыў і чуў, як тыя стралялі запальваючымі кулямі па поплаўных пуньках Навусьцянцаў, і як большасьць з іх занялася гарэць. Таксама Караль чуў два выбухі гранат на Доўгай высьпе і падумаў самае горшае пра Уладзіміраву радзіну, то бок што тое падарвалі іх у той зямлянцы.

Ну а што тыя Шыбуты на чале з Уладзімірам? Уладзімір сьцяміў, што нямецкія карнікі пасьля спаленьня Навусьці могуць зладзіць аблаву на зьбеглых Навусьцянцаў і знайсьці іхнія зямлянкі. Дзед Ксавэры прапанаваў схавацца на старых адонках з рэштамі сена, дзе правае рамяно Волькі пры Вялікай высьпе яшчэ раз раздвойваецца, ўтвараючы кавалак поплаву аблямаваны з усіх бакоў пратокамі. Да таго ж тыя адонкі якія былі шчыльна аточаны трысьнягамі за выняткам праходу, па якому раней цягалі сена. Тое разгалінаваньне рэчышча Волькі ў гэтым мейсцы здарылася ў веснаваую палавень некалькі гадоў таму. Менавіта з гэтай нагоды былі закінуты тыя два адонкі, і на іх ужо больш не складалі сена. Шыбуты ўзялі туды з сабою нейкую зброю як тое паляўнічую стрэльбу, сахор і дзьве сякеры, цёплую вопратку для начлегу і тое-сёе з ежы. Перабраўшыся туды яны сядзелі ціха, нават не размаўляючы. Яны чулі ўсё тое, што чуў і Караль. Ад гэтага адчуваньне Шыбутаў было на мяжы адчаю, але была і рашучасьць даць адпор, калі хто з немцаў або паліцаяў выкрые іхняе прыстанішча.

На другі дзень шмат нямецкіх карнікаў шчыльным ланцугом праходзілі недалёка пры мяжы сухадолу і багеннай абалоні Волькі. Блішэйшыя зь іх да даліны Волькі верагодна ня толькі шукалі зьбеглых, але і сенажатныя пунькі на паплавах Волькі, каб стрэламі запальваючымі кулямі падпаліць тыя. Каля крайняга зь іх круцілася вялікая чорная сабака. Шыбутам шанцавала, што ўзьняўся моцны вецер на зьмену надвор’я. Таму тая сабака пры далінным ветрагоне была мала карысна для іхніх росшукаў. Адылі яна неяк усё ж такі знайшла Шыбутаў у іхнім прыстанішчы на адонках сярод тых трысьнягоў, калі ланцуг немцаў быў ужо на адлегласьці метраў дзьвесьце. Тая вялікая чорная сабака імкліва кінулася на Акуліну. Але Шыбуты Ўладзімір і Ксавэры швыдка яе забілі, пракалоўшы віламі, ды ударамі сякеры па галаве. На дзіва сабака не брахала перад тым кідком, а шоргат трысьнягоў пад ветрам заглушыў зыкі забойства той нямецкай сабакі. Усё ж такі нехта з немцаў нешта пачуў, і таму па іхніх ды суседніх зарасьніках трысьнягоў немцы стралялі з аўтаматаў, але Шыбуты ўжо шчыльна паляглі на адонкі, і таму нікога тыя кулі не зачапілі. Нехта з Шыбутаў бачыў, як двое немцаў памкнуліся да суседняй курціны трысняговых зарасьнікаў, але ўваліўшыся па грудзі ў ваду і твань, тыя вярнуліся, пастраляўшы па тым трысьнягам, як мае быць. Потым тыя немцы сышлі, але Шыбуты засталіся на тых адонках і чакалі, як тыя пойдуць назад.

Іх не было даволі доўга. Чулася шмат страляніны недзе наперадзе ў бок Лыса-Горскага багна і пад Каменнай Слабадой. Вяртаючыся назад у бок Навусьці, немцы голасна клікалі сваю сабаку і зноў падыходзілі ўсё бліжэй да Шыбутаўскага сховішча. Шыбуты вырашылі схавацца ад немцаў у пратоку Волькі на супрацьлеглым баку, дзе была глыбокая вымоіна ад полай вады. Тамака Уладзімір неяк недарэчна ўтапіў сваю паляўнічую стрэльбу і не наважыўся за ёю ныраць. Калі немцы сышлі, Уладзімір ныраў за стрэльбай шмат разоў, але так яе і не знайшоў. То была балючая страта іхніх мажлівасьцяў на прышласьць. Напрыклад, на Валяватцы і далей у бок Лыса-Горскай багны яшчэ вадзіліся ласі, але як іх заб’еш на мяса без стрэльбы? Аніяк. Пасьля сыходу тых немцаў, пабедаваўшы нямала аб той патанулай стрэльбе, Шыбуты наважыліся выбрацца са свайго сховішча ў трысьнягах і агледзіць свае табарышчы на Доўгай і Вялікай выспах.

Пазьней стала вядома, што тыя нямецкія росшукі былі для іх вельмі выніковыя. Далей пад Каменную Слабаду ў затопленым чорнаалешніку яны з другім сабакам знайшлі трое нейкіх уцекачоў і расстралялі на мейсцы. Пазьней праз некалькі тыдняў хтось з Шакалёў знайшоў тых забітых. Шакалі пахавалі іх на заходне-паўночным ражку Вялікай выспы. Гэтыя ўцекачы былі дакладна не тутэйшыя. Акрамя таго недзе ўжо пад Махавіцкай багнай тыя нямецкія карнікі знайшлі лягер уцекачоў-габрэяў з Бакштаў і Заберазі. Усе яны былі замардаваны тамака на лягеры. Тых габрэяў было штось пад пядзесят асобаў.

Прыйшоўшы на табарышча на Вялікай высьпе, Шыбуты на сваю радасьць убачылі, што яно было некранутае, і напэўна немцы на Вялікай высьпе зусім не былі. На Доўгую выспу нямецкія карнікі заходзілі. Яны заўважылі жытлоўную зямлянку Шыбутаў і кінулі туды гранату. Таксама былі напоўніцу парушаныя дзьве паветкі, што былі збудаваны ў яловым гушчары каля жытлоўнай зямлянкі. На ўдачу Шыбутаў меншыя зямлянкі з рэчамі і харчамі, якія разьмяркоўваліся мэтраў пядзесят убаку, карнікі не знайшлі. Калі б тое здарылася, то гэта было б вялікай стратай, тады як саму зямлянку дзеля жытлаваньня можна было збудаваць яшчэ раз. Агледзелі зямлянкі з рэчамі і харчамі. Усё тамака было цэла. У гаспадарскай зямлянцы былі звычайныя прылады для сялянскай працы: сякеры, пілы, рыдлёўкі, граблі, сахор, частка запасаў вопраткі і абутку, іконы, некалькі большых і меншых бочак, цэбары і карыты, жорны, формы для выпечкі хлеба, малыя кросны і пралка-лежачок, керамічны посуд і іншая драбяза. У зямлянцы-варыўні было торбаў з дзесяць жыта, дзьве бочкі молатай мукі, два кубельцы соленага сала, вялікі кош сушанай рыбы і бочка солі. Акрамя таго была торба з махоркай ды два новыя крэсівы. Шыбута адчулі жах ад мажлівай страты ўсяго гэтага і вырашылі літаральна сёньня нешта перанесьці да табарышча на Вялікай высьпе ды прыхаваць тамака таксама недзе ўбаку.

Потым Шыбуты схадзілі да сваіх поплаўных пунек, што стаялі поўныя сена ў лозах і таму незаўважныя. Карнікі іх не ўбачылі, і таму яны засталіся некранутымі. Гэта надта ўзрадавала. Яшчэ больш радасьці было, калі ён каля тых пунек убачыў іхнюю мыку і цяля. Але дзе ж Караль, і чаму няма побач з мыкаю іхніх коней? Гэта пытаньне надта карцела Ўладзіміра й іншых Шыбутаў у тыя хвіліны. Што тычыцца лёса Фрэдэрыкі і трох яе дзяцей, што заставаліся зь ёю пад час зьнішчэньня Навусьці, то Шыбуты меркавалі, што ён незайздросны і хутчэй за ўсё трагічны.

Мыку з цялём завялі да табарышча ў Вялікай высьпе, дзе засталіся дзед Ксавэры ды хлопцы. Уладзімір і Акуліна пайшлі, крадучыся, у Навусьць на папялішча сваёй сядзібы. Ацалела толькі Шыбутава піўніца, адкуль выбегла іхняя котка і прасіла есьці. У яе відавочна былі малыя кацяняты. Усё гэта вельмі расчуліла Шыбутаў, хаця быццам бы яны ўжо даўно ўсьвядомілі, што неяк гэта непазьбежна здарыцца. Гарод быў немала пашкоджаны, але ў ім тое-сёе засталося расьці, і магчыма было яго падправіць і штось яшчэ дарасьціць і ў хуткім часе сабраць. Ацалела бульба, цыбуля, фасоль і гарбузы. Гэта ўжо было нямала. У піўніцы пад застрэшкам знайшлі кагадзе празрэўшых кацянят. Акуліна забрала котку і малых кацянят з сабою на табарышча, каб тая лавіла дробных грызуноў у іхняй зямлянцы-варыўні. Цікава, што гэта котка і яшчэ адно кацянё перажывуць усю вайну і дажывуць у Навусьці ледзь не да канца 1950-ых гадоў.

Як Уладзімір з Акулінай стаялі на папялішчы сваёй сядзібы, да іх падышла суседка Ганна Ліпніцкая. Яна была маткай Агаты Комса – памерлай жонкі Ўладзіміра Комсы. Пагаравалі, падзяліліся пільнымі навінамі. Ганна сказала, што яна цяперака напоўніцу апекваецца дачкамі памерлай Агаты й Уладзіміра. Тых звалі Гэля і Ніна. Ганна паведзіла, што Уладзімір Комса часам прыходзіць і прыносіць ім ежы са сваёй партызанкі. Шыбуты тое ведалі. Ганна запытала, ці можа яна карыстаць для начлегу Шубутаву піўніцу. Шыбуты пагадзіліся, але папярэдзілі, што тое небясьпечна. На тым і разышліся.

Па дарозе да Вялікай выспы Ўладзімір усё ж такі вырашыў сабраць і зьнесьці ўсю гародніну заўтра. Бо могуць раскрасьці, бо ацалелыя людзі засталіся амаль што без ежы. Гэтак і зрабілі разам з сынамі ды ўсё перанесьлі да табарышча. Нават пазбіралі на папялішчы ўсе жалезныя рэчы і таксама забралі з сабою. Наступныя дні ўсе былі занятыя будаўнічымі працамі на Вялікай высьпе і частковым пераносам свайго скарбу з Доўгай выспы. Было шмат працы, але ўсё зрабілі, як мае быць.

Надвячоркам трэцяга дня пасьля вынішчэньня Навусьці нямецкімі карнікамі Ўладзімір Шыбут на рагу Валяваткі сярод багеннага чорнаалешніка нечакана сустрэў пляменьніка Караля. То была радасьць, што Караль жывы. Уладзімір завёў яго да сваіх на недалёкае табарышча на Вялікай высьпе. Караля накармілі печанай бульбай з салам. Той еў прагна, бо ўжо амаль што трэці дзень галадаў. Караль даведаўся, што мыку і цялушку Шыбуты знайшлі. Ужо Шыбутам была вядома трагедыя ў Паўдарожжы. Аб тым ім паведзілі браты Юзаф і Ян Мазалеўскія з Яськава, якіх Уладзімір таксама выпадкова перастрэў у лесе, як хадзіў на нейкую выведку сытуацыі ў бок гасьцінца з Івянца на Бакшты. Як Караль даведаўся, што ягоныя родныя пакутліва загінулі, то ў хлапечай гістэрыцы папракнуў Уладзіміра і Ксавэры, што тыя самі ўратаваліся, а ягоных крэўных не пазвалі з сабою й не ўратавалі. Уладзімір абурыўся, сказаўшы, што ты ж сам ведаеш, як ён намагаўся зрушыць Фрэдэрыку з Навусьці. Нават ён намагаўся тое зрабіць, рызыкуя жыцьцём, амаль што ўжо пад час зьнішчэньня Навусьці. Ксавэры ў дадатак даводзіў, што Фрэдэрыка і слухаць не хацела, каб уцякаць, бо цябе не было ў двары. Таксама яна ўпарта трымалася той думкі, што яе з малымі дзецьмі не зачэпяць, што лепш дачакацца Караля. Адылі нейкая сварка ўся роўна адбылася паміж усхоплівым ды грубым Уладзімірам і расчуленым Каралям, і Караль сышоў ды больш не прыходзіў да Шыбутаў. Яго Шыбуты не шукалі, бо іх час быў жорстка разьмеркаваны на патрэбы выжываньня сярод пушчанскіх нетраў.

Запасы жыта, сала ды нейкую сабраную гародніну Шыбуты ўпяцёх хутка пазьядалі. Добра, што была дойная мыка, якая давала малако, зь якога Шыбуты мелі таксама тварог і сьмятану. У гэтым дачыненьні сярод Шыбутаў існаваў сполах, што пройдзе не балей году, і мыка перастане даіцца. Як і дзе зноў узяць бычка, каб яе асемяніць і каб яна зацяжарыла, і каб ізноў было з яе малако? То было вельмі пільнае пытаньне. У тых умовах іхняга падваеннага жыцьця тое вырашыць было напэўна немагчыма. Каб неяк нарыхтаваць харчоў, Шыбуты намагаліся шмат чым. Зьбіралі і сушылі баравікі, чарніцы, буякі, брусьніцы. Сабраныя журавіны ды ягады каліны, а таксама лясныя гарэхі захоўвалі, ніяк іх не апрацоўвая. Адшуквалі гнёзда птушак і забіралі яйкі сабе на ежу. Хлопцы Міхась ды Яўген прытарнаваліся лавіць птушак у сілы з конскіх валасоў ды выпрацаваных быдлячых жылак. Гэтыя пасткі для птушак яны забралі з сабою з Навусьці, дзе напярэдадні вайны дзед Ксавэры вучыў іх гэтакай лоўлі птушак. Шыбуты нават адшуквалі і варылі гадзюк, якая па смаку нагадвала звараную рыбу. Што тычыцца шматлікіх вужакаў, то іх ня елі, бо яны занадта сьмярдзелі. Штодзенна ў бязлёдны пэрыяд лавілі ў Вольцы рыбу да ракаў крыгаю. Дбалі, каб насаліць і насушыць рыбы празапас.

Нялёгкай задачай было захаваньне гэтых харчовых запасаў. Дзеля гэтага ў асноўным карысталі лазовыя кошыкі з шчыльнай накрыўкай. Кошыкі накрывалі яловай карою ды падвешвалі каля стаўпуроў вялікіх густых елак. Таксама штось захоўвалі ў гэтакіх жа кашах у зямлянцы-варыўні з наладжанай вэнтыляцыяй, а таксама ў раскошных жаралах у двух вялізных дубох, што расьлі непадалёку ад табарышча на Вялікай высьпе. Таксама ў багеннай абалоні Волькі капалі карэнішча пухоўкі. Іх захаваньне было простым. Карэнішча пухоўкі захоўвалі ў вільготнай яме. Акрамя таго адшуквалі, дзе расьце чартапалох, і капалі ягоныя карэнішчы, па форме падобныя на моркву. Карэнішчы пухоўкі і чартапалоху варылі і елі з сольлю, або з салёным салам, калі яно яшчэ было. Калі сваё зярно скончылася, Уладзімір хадзіў мяняць соль на жыта ў жыхароў Кляцішчаў або Рудні Налібоцкай. Тыя захоцьцю мяняліся на соль усё, што заўгодна. Соль была важлівай рэччу. Кляцішча і Рудню Налібоцкую немцы вынішчылі толькі ў ліпені 1943 году.

З надыходам зімы ставілі пад лёд венцеры, плеценыя з лазы. Добра, што дзед Ксавэры быў выдатным адмыслоўцам-вітліншчыкам. Ён яшчэ ўвосень навязаў шмат карыснай вітліны, седзячы на табарышчы на Вялікай высьпе. Узімку рыба лавілася марудна, але ўсё ж такі кожны тыдзень, а то і два разы на тыдзень нейкі ўлоў рыбы на адну рыбную поліўку для радзіны быў.

Таксама Ўладзімір спрабаваў лавіць зайцаў сілкамі, або як часьцей іх называлі зашморгамі. Тыя зашморгі з выпрацаваных жыл і сырамятнай шкуры быдла былі не надта трывалыя, і, трапіўшы ў іх, зайцы часта вырываліся. Адылі адзін а часам і два зайцы на зімовы месяц усё ж такі лавіліся, што было амаль што сьвятам на Шыбутаўскім табарышчы. Адылі яшчэ па сьнегу напрадвесьні 1943 году хтосьці, прайшоўшы Уладзіміравымі тропамі, пакраў усё тыя зашморгі. Уладзімір меркаваў, што той злодзей быў нехта з Шакалёў або Віршычаў, якія хаваліся ў пушчанскіх нетрах непадалёку. Схадзіўшы і да адных і да другіх, звычайна ўсхоплівы і нястрыманы Ўладзімір нічога станоўчага не дабіўся і толькі папсуў адносіны з тымі радзінамі. Пазьней напрыканцы лета 1943 года, калі большасьць тых Шакалёў і Віршычаў пазабіваюць нямецкія карнікі, а суседняе табарышча Шыбутаў і яны самі ацалеюць, захаваўшыяся жыхары з Каменнай Слабады будуць казаць, што менавіта Ўладзімір Шыбут са сваёй злобы здаў іх немцам праз знаёмага паліцая з Дарагуні. Адылі ў тое цяжка даць веры, а вось чаму Шыбуты ацалелі ў нямецкую блякаду лета 1943 года даведаемся ніжэй. Зараз крыху зноў вернемся да апісаньня іх харчаваньня на табарышчы на Вялікай высьпе.

Хлеб пяклі ня часта, можа раз на тыдзень. У жытлоўнай зямлянцы была складзена прымітыўная печка з рэштаў жалезнай бочкі, жалезнай трубы і цэглы, што было прынесена з разбуранай немцамі зямлянкі з Доўгай выспы. Калі збожжа зусім не было, або заставалася яго замала, Акуліна залівала ў формы для выпечкі хлеба мешанку з таўчоных вараных карэнішчаў пухоўкі, крыху жытняй мукі ды ягад з гарахамі. Гэтакі пірог, калі ён яшчэ быў замешаны на малацэ ўсім падабаўся. У самыя бязкормныя дні Шыбуты елі парахню са стаўпурой чорных алешын, якая была перамешана з прамёрзлымі салодка-даўкімі ягадамі каліны. Тое запівалася гарачай гарбатаю з прутоў маліны, чорнай парэчкі, а калі-небудзь і багульніка. Даволі часта ў гэтукую гарбату кідалі сушаныя чарніцы.

Напрадзім’і 1942 году да Шыбутаў панадзіліся ваўкі зграяй каля дзесяці асобнікаў. Абараніцца былі толькі сахор ды дзьве сякеры, якіх ваўкі не надта палохаліся. Спачатку ваўкі толькі час ад часу падыходзілі ды чакалі зручнага моманту, каб напасьці на мыку ці цёлку. Шыбуты іх адганялі вагнём на ладунку кшталту паходні з кала і яловай кары са смалой на ёй. Прыходзілася ўтрымліваць адразу тры вогнішчы. Тое дадавала шмат працы па нарыхтоўцы дроў адразу для трох вогнішч. Асабліва заложныя насяданьні ваўкоў былі па начох, калі яны больш харобра падыходзілі бліжэй да Шыбутаўскага табарышча. Потым праз тыдзень іхнія паводзіны сталі яшчэ больш агрэсіўныя. Часам яны наўпрост нападалі. Сытуацыя ўскладнялася тым, што і мыка і цялушка надта нэрваваліся з-за насяданьня і нападаў тых ваўкоў. Ратавалі быдла адразу ўсе Шыбуты, хто з паходняй, а хто з сякерай ці сахорам. У выніку шматлікіх супрацьстаяньняў цялушку ўберагчы не змаглі. Ваўкі яе забілі й зьелі. Мыка ацалела. Стары бацька Ўладзіміра Ксавэры быў моцна пакусаны ваўкамі за нагу, а два ваўкі былі напэўна сьмяротна паранены сахорам. Адзін зь іх так і зьбег з сахорам тырчашчым у сьпіне. Тая Ксавэрава нага кепска зажывала й лекавалася ледзь ня ўсю рэшту зімы. Урэшце напрадвесьні Ксавэры памёр. Пахавалі яго блізу табарышча на Вялікай высьпе. Прастакутны грудок ад таго капца на тым мейсцы заўважны і цяперака.

Недзе ў пачатку траўня 1943 года Шыбута пазбавіліся і мыкі. Нехта з савецкіх партызанаў, якія жытлавалі пад Іслаччу пры Махавіцкай багне неяк убачылі, што ў бежанцаў на Вялікай высьпе ёсьць мыка. Неўзабаве прыйшло шэраг партызанаў, якія прапанавалі Шыбутам аддаць мыку на патрэбу харчаваньня тых, хто са зброяй змагаецца супраць нямецкіх фашыстаў. Прыйшлося аддаць. Акуліна нямала пабівалася з-за страты мыкі. Каб Шыбуты не памерлі з голаду, партызаны ў знак удзячнасьці за дабравольна адданую мыку далі Ўладзіміру паляўнічую стрэльбу і з дзясятак зарадаў. Яшчэ балей зарадаў Уладзімір выменяў на соль у Кляцішчах. Тое бадай што шмат у чым уратавала Шыбутаўскую радзіну ад галоднай сьмерці зімою 1943-1944 гадоў. З засады каля рэчкі і пры доўгім чаканьні Ўладзімір за тую галодную зіму забіў пад дваццаць лісаў і зайцоў, трох ваўкоў, некалькі рысяў і выдзер ды аднаго бабра. Усё гэта зварылі і зьелі. А бяз гэтага напэўна бы памерлі з голаду. Рыба той зімою амаль што не лавілася з-за таўстога ледаставу з наледзьдзю. Кляцішчы і Рудня Налібоцкая былі вынішчаны нямецкімі карнікамі ў ліпені, і ўжо нічога тамака на соль абмяняць было немагчыма. Да і Шыбутаўскія запасы солі падыходзілі да таго стану, калі больш выдаткаваць соль на абмен азначала пакінуць сябе без солі ў недалёкай прышласьці. Рэшты солі пільна патрэбны былі самім.

З вырашчанай улетку гародніны Шыбута мелі толькі гарбузы ды рэпу, якія яны шмат дзе садзілі ў траўні 1943 году. Гарбузы былі пасаджаны перш за ўсё на будынкавых папялішчах сваёй сядзібы ды сядзібы ўжо загінулых Трафіма з Фрэдэрыкай. Таксама доўгія градкі для гарбузоў і рэпы былі выпрацаваны ў ветравальных трушчобах на Вялікай высьпе ды пры спаленых і ацалелых сенакосных пуньках і некаторых маленкіх выспачках сярод даліны Волькі блізу Валяваткі. Не паўсюдна Шыбуты далі рады ў час як мае быць даглядаць за гарбузовымі расьлінкамі, бо лета 1943 года выдалася цяжкае з другой блякадай Налібоцкай пушчы нямецкімі карнікамі. Адылі цалкам гарбузоў вырасла шмат. Каб яны не збуцьвелі ў хуткім часе пры захоўваньні, трэба было іх зьбіраць дасьпелымі. Але шмат дзе, асабліва на Навусьцянскіх папялішчах нехта сабраў шмат гарбузоў раней за Шыбутаў. Сабраўшы ацалелыя гарбузы, Шыбуты спадзяваліся, што іх хопіць ледзь не на ўсю зіму. Насамрэч апошнія гарбузы яны даядалі на Каляды, бо з-за амаль што адсутнасьці хлеба і бульбы гарбузы еліся надта хутка. Таксама значная частка іх пагніла ў занадта вільготных зямлянках і з-за падмярзаньня. Рэпы пакралі менш. Таксама яна лепш захоўвалася ў зямлянках. Спажываючы памяркоўна, той рэпы выстарчыла да Вялікадня.

Жахлівым часам у жыцьці Шыбутаў была другая палова лета 1943 году недзе з сярэдзіны ліпеня і да амаль што сярэдзіны жніўня. У гэты пэрыяд нямецкая фашысты латвілі блякаду Налібоцкай пушчы дзеля вынішчэньня надта шкодных ім партызан, а таксама габрэйскіх уцекачоў. Да таго небясьпечнага часу Шыбутам пашанцавала загадзя неяк падрыхтавацца. Тое пачалося з таго, што напрыканцы чэрвеня да іх на табарышча на Вялікай высьпе завітаў усё той жа Ўладзімір Комса. Ён прасіў з кіляграм солі для цёшчы, якая апекалася двума ягонымі дачкамі. Яны рымсцілі неяк у зьнішчанай Навусьці. Комса час ад часу прыходзіў да іх ды падкормліваў іх са свайго партызанскага пайка, а таксама падтрымоўваў усім тым, што мог неяк здабыць. Але солі ў іх ужо даўно не было. Узамен Комса прынёс пару дзясяткаў зарадаў для Шыбутавай паляўнічай стрэльбы, якая дасталася яму яшчэ ў траўні таксама ад партызанаў як невялікі падарунак за рэквізаваную мыку. Адылі галоўнае для Шыбутаў у тым візыце Комсы былі ня тыя зарады, а паведамленьне, што немцы неўзабаве рыхтуюць вялікую аблогу партызанаў у Налібоцкай пушчы. Комса паведаміў, што ягоны аддзел будзе шырока манэўраваць па пушчанскіх абшарах, і мусіць у бліжэйшы час яму завітаць у Навусьць не давядзецца, толькі б не забілі, бо вельмі хочацца яшчэ пажыць. Абодва Ўладзіміра з гэтым шчыра і са спадзевай пагадзіліся. Комса папярэдзіў, што гэтым разам будзе каля пяцідзесяці тысяч нямецкіх карнікаў, і што яны будуць забіваць ня толькі партызанаў і габрэяў, а іх усіх перастрэтых і адшуканых простых пушчанцаў. Запалохвала яшчэ і тое, што паводле Комсіных слоў гэтым разам у складзе карных аддзелаў будзе шмат сабак дзеля пошуку уцекачоў перш за ўсё габрэяў. Таму ён папярэдзіў, што, каб захавацца, трэба кожным разам кудысь сыходзіць на сьветлавы дзень з табарышча вадою, ды гэтакім жа чынам і вяртацца. Шыбут адказаў, што ён не падлетак і ўсё гэта добра ўсьведамляе. Комса зьбіраўся сыходзіць, але на разьвітаньне зьнянацку вельмі абавязываючы папрасіў Шыбута на час той нямецкай аблогі прыняць да сябе ягоных дачок на месяц або два. Уладзімір Шыбут пагадзіўся. Комса прапанаваў у якасьці падзякі сваю вінтоўку, сказаўшы, што мае яшчэ дзьве запасныя. Шыбут адмовіўся, параіўшы, што лепш бы атрымаць нейкіх харчоў.

Назаўтра Комса прывёў да Шыбутаў на Вялікую выспу двух сваіх дачок. За дзьве ходкі ён прынёс вялікую торбу жыта, амаль што столькі жа бульбы ды торбачку кавалкавага цукры. Комса сказаў, што забера дачок сам пасьля спыненьня нямецкай аблогі. Па сыходу Комсы Шыбуты распачалі сваю падрыхтоўку да таго, каб неяк уратавацца пад час той аблогі. Перш за ўсё яны пайшлі агледзіць тыя сенажатныя адонкі сярод трысьняговых зарасьнікаў, дзе яны хаваліся ў папярэднюю аблогу ранняй восені 1942 году. Цяперака яны зрабілі тамака памост з жэрдак, на які нацягалі леташняга трысьнягу, які нават у дождж не надта намакае. Па-другое, Шыбуты зрабілі шэраг новых хованак для свайго рэчавага і харчовага скарбу на значнай адлегласьці ад табарышча. На табарышчы заставалася толькі тое, што пільна трэба было назаўтра.

Нямецкая блякада партызанаў у Налібоцкай пушчы пачалася 13 ліпеня, а Шыбуты адчулі тое недзе праз некалькі содняў. Уладзімір штодня хадзіў на выведку ў бок Кляцішчаў і на свае вочы здалёк убачыў навалу немцаў і тэхнікі ў гэтай вёсцы. Акрамя таго той увесь дзень і цягам папярэдняга дня час ад часу кружлялі летакі і было чуваць як недзе яны скідалі на кагось бомбы. Шыбуты праз гэта адразу паразумелі, што проста адседжвацца ўдзень на тых памостах без маскіроўкі з боку неба было бы самагубствам. Калі зрабіць на тых памостах невялічкія буданы з трысьнягу, то наламаны трысьнёг хутка падсохне, і тыя буданы будуць добра відаць з летака. Заставалася максымальна замаскаваць памост на адонках, каб ён выглядаў як вялікі адонак. Побач трэба было зрабіць шэраг невялікіх больш натуральных сховішч кшталту распаўсюджаных у далінах рэк заломаў трыснягу, каб пры набліжэньні летака ўцякаць хавацца туды. Гэтак і зрабілі. Заходзілі да памостаў праз ваду па Вольцы. Надвячоркам тым жа шляхам вярталіся начаваць на сваё табарышча. Сямейнікі бурчэлі на Ўладзіміра, што ён робіць аж занадта перасьцярогі. Але калі нямецкія карнікі вынішчылі Кляцішча і суседнюю вёску Рудня Налібоцкая, то ніхто ўжо нічога гэтакага не казаў, усе пасур’ёзьнілі ды выконвалі ўсё захады бясьпецы вельмі дбайна. Ад летакоў прыходзілася хавацца з памосту ў заломы трысьнёг або проста ў ваду па некалькі разоў за дзень.

Аднаго дня Ўладзімір схадзіў да Шакалёў і шэрагу іншых радзін з Каменнай Слабады на іхняе табарышча на другім канцы Вялікай выспы і параіў зьнішчыць ляжнёўку паўз Вольку, што яднала Вялікую выспу з гасьцінцам на Івянец і Бакшты. Уладзімірам рухала перасьцярога, што, знайшоўшы Шакалёў, немцы могуць знайсьці й іхняе табарышча. Шакалі меркавалі, што ляжнёўка ім надта зручна, каб пераходзіць на супрацьлеглы бок Волькі, дзе гэта рэчка была параўнальна шырокая. Магчымую небясьпеку ад наяўнасьці той ляжнёўкі яны лічылі нязначнай і казалі, што немцы яе ня знойдуць, а калі і знойдуць, то мы швыдка паўцякаем у багну, куды яны не палезуць. Уладзімір Шыбут запярэчыў, што яны самі можа адразу і не палезуць, а вось іхнія сабакі то дакладна палезуць. Насамрэч ён не надта спадзяваўся, што Шакалі зробяць, як ён раіць. Уладзімір Шыбут ведаў, што яго тыя недалюбліваюць, калі не сказаць, што ставяцца кепска. Крыху было за што, бо Ўладзімір Шыбут быў усхоплівы і крыху грубы, а з таго нярэдка паводзіўся дзёрзка. Урэшце Шакалі, відаць, не паслухалі, што хутчэй за ўсё спрычынілася да гібелі значнай часткі тых Каменна-Слабадскіх уцекачоў. Трапіўшы на Вялікую выспу з заходняга кута, немцы не дайшлі да яго ўсходняга кута, дзе было табарышча Шыбутаў. Добра, што не было сьцежак паміж, а таксама шлях туды нямецкім карнікам мажліва перагарадзіў досыць шырокі пас затопленага чорнаалешніка, які ўмоўна падзяляе Вялікую выспу на дзьве часткі. Немцы напэўна меркавалі, што гэтая выспа скончылася і пайшлі назад. Дзівосна, што заглыблены ў лясныя нетры хутар Сабалеўскіх у Трэцяй Валяватцы ўжо недалёка ад Каменнай Слабады і недалёка ад таго Шакалёўскага табарышча на Вялікай высьпе наземныя нямецкія карнікі не знайшлі, і ён ацалеў. Нямецкія летакі бачылі яго і кідалі па ім бомбы, але наўпрост не пацэлілі. Акрамя Шакалёў пацярпелі і Віршычы, якія мелі зямлянкі на супрацьлеглым баку Волькі недзе на адлегласьці аднаго кілямэтра ад Шыбутаў. Яны збудавалі зямлянкі занадта блізка ад сваёй сядзібы і ў дадатак пры конавознай дарозе ад сваёй сядзібы да поплаўнай сенажаці ў даліне Волькі. З-за гэтага і пацярпелі.

Гэтак Шыбуты жылі да сярэдзіна жніўня, калі тая нямецкая блякада скончылася. Дзень праводзілі ў трысьнягах, а начавалі на табарышчы. Ніхто зь іх балей не загінуў. Комсіны дочкі таксама былі цэлы, якіх Уладзімір Комса забраў у пачатку верасьня. Далей быў час, які поўніўся працаю па нарыхтоўцы нейкіх харчоў з усяго таго, што магла даць пушча. Зіма 1943-1944 года была доўгай і суровай. Адпаведна на Шыбутаўскім табарышчы на Вялікай высьпе і навокал адбывалася сапраўдная барацьба гэтай радзіны за выжываньне. Часам, калі анічога не было зьесьці, па некалькі тыдняў елі толькі каліну перамешаную з парахнёй ад чорнай алешыны ды вараныя карэнішчы пухоўкі. На дзіва ўсе Шыбуты ў тую цяжкую зіму выжылі акрамя дзеда Ксавэры, які памёр ад воўчых ран раней. Далей ужо ўлетку 1944 году, як савецкія войскі пагналі нямецкае войска назад далёка за межы Налібоцкай пушчы, Шыбутамі была адбудавана невялічкая хата на папялішчы даваеннай хаты. Гэта хата ня мела падлогі і была з дранкавай страхой, але нейкую печ нават з комінам Шыбуты зрабілі. Тады ў гэтай пушчанскай радзіне пачало занава ўсталёўвацца мірнае жыцьцё як і ва ўсіх навакольных, каму пашанцавала ацалець праз вайну.


Асобная цікавая гісторыя ёсьць як пасьля зьнішчэньня Навусьці нямецкімі фашыстамі шостага верасьня 1942 году ратаваўся Караль Шыбут - хлопец 1923 года нараджэньня. Чытайце яе ніжэй. Гэта ёсьць другая абяцаная гісторыя з доўгіх. Тое-сёе як гэта было Вы ўжо ведаеце з папярэдней гісторыі, але тутай усё будзе больш падрабязна. Таксама трэба зацеміць, што напісанае ёсьць рэч не строга дакумэнтальная, а шмат у чым мастацкая рэканструкцыя фактычных падзей.

Дык вось, шостага верасьня 1942 году пачуўшы зыкі гвалту ў Навусьці, Караль наблізіўся да вёскі. Ён бачыў, як немецкія карнікі палілі будынкі, як застрэлілі Хведара Юшкевіча каля ягонай хаты, як у адчаі мітусіліся Навусьцянцы. Моцна ўражаны і забыўшыся на ўсё, ён не пабег да бацькоўскай хаты, дзе ў той час была ягоная маці Фрэдэрыка з малымі дзецьмі, а кінуўся прочкі ў абалонную багну. Пры гэтым, уцякаючы, Караль кінуў быдла проста сярод поплаву пры Вольцы. Караль бачыў у Навусьці немцаў з сабакамі на шворках і зразумеў, што яны будуць шукаць зьбеглых Навусьцянцаў у пушчанскіх ваколіцах вёскі. Таму ён доўга не сядзеў у паплаўных трысьнягах, а пайшоў да Доўгай выспы ў даліне рэчкі Волькі, дзе хавалася ад нямецкага перасьледу радзіна Ўладзіміра Шыбута, каб папярэдзіць дзядзькаву радзіну. Тамака на табарышчы іх не было. Не было іх і на запасным табарышчы Вялікай выспы ў разгалінаваньні даліны Волькі, што звалі Валяваткай. Караль зразумеў, што Шыбуты хаваюцца недзе сярод абалоннай багны, але дзе тое было невядома. Не было на тое часу, каб іх шукаць. Трэба было неяк ратавацца самому. Па-ранейшаму ён чуў стрэлы і зыкі гвалту з Навусьці, а таксама цяпер ужо і з боку Каменнай Слабады. У гэтай сытуацыі Караль пасунуўся на правы бок даліны Волькі, выбраў невялічкую выспу з высокімі густымі елкамі і залез высока на адну зь іх. Тамака ён сядзеў доўга з здранцвеўшымі нагамі, а ўначы ён яшчэ пакутаваў ад сьцюдзёнасьці. Удзень ён бачыў, як пад ягонай елкай праходзілі немцы з сабакам на шворцы і з аўтаматамі. З елкі ён бачыў і чуў, як тыя стралялі запальваючымі кулямі па паплаўных пуньках Навусьцянцаў, і як большасьць з іх занялася гарэць. Таксама Караль чуў два выбухі гранат на Доўгай высьпе і падумаў самае горшае пра Уладзіміраву радзіну, то бок што тое падарвалі іх у той зямлянцы.

Пасьля сыходу немцаў раніцаю трэцяга дня пасьля ўцёкаў з Навусьці Караль пракраўся ў зьнішчаную Навусьць і ўбачыў папялішча спаленых забудоў, у тым ліку і папялішча хаты ягонай радзіны. На Навусьцянскай дзялянцы было ціха і бязьлюдна. Анікога й анізыку. Затрымлівацца тамака было небясьпечна і бессэнсоўна. Караль пашукаў чагось карыснага на сваім пагарэлым падворку ды падворку Ўладзіміра Шыбута. Сярод таго, што ён знайшоў быў бацькаў сурдут і швэдэр, якія разам з нейкай іншай вопраткай маці з нейкіх меркаваньняў папрала напярэдадні трагедыі. Гэта вопратка гэтак і засталася вісець у садзе на расьцягнутай вяроўцы і полымя, якое шугала ад гарэўшых забудоў, тую вопратку не закранула. Таксама на папялішчах Караль знайшоў лёзы двух пагарэлых нажоў, сякеру і рыдлёўку з пагарэлымі рукаяцямі. Таксама ў некранутай піўніцы Ўладзіміра Шыбута на палічцы каля газьнічкі ляжала шмат ужыванае, але яшчэ працоўнае крэсіва. Там жа Караль знайшоў некалькі вялікіх кайстравых торбаў, што звычайна ўжываюць дзеля пераноскі бульбы. Усё тое былі жыцьцёва значныя знаходкі, якія Караль паклаў у гэтакую торбу, каб узяць з сабою. У другую торбу Караль набраў яблык са свайго саду. Пад’еўшы насьпех нейкай гародніны, ён зноў рушыў з Навусьці ўніз па Вольцы ў бок Доўгай і Вялікай выспаў, дзе ўсё ж такі маглі быць сваяцкія Шубуты.

На Доўгай высьпе нікога зь іх не было. Жытлоўная зямлянка Шыбутаў была насамрэч выбухнута гранатаю, але Шыбутавых трупаў тамака не было. Караль зразумеў, што тымі гранатавымі выбухамі немцы зьнішчылі жытлоўную зямлянку і паветкі для адстою быдла. Зямлянкі Шыбутаў зь іхнімі рэчамі і харчамі не былі знойдзены немцамі. Караль туды не палез. Ён накіраваўся на Вялікую выспу, бо мо Шыбуты ўжо тамака і штось ведаюць пра лёс ягоных крэўных. Ведаць тое Каралю надта рупіла і адначасова ў Каралявай душы ўсё павялічвалася трывога за лёс сваіх крэўных. У любым выпадку калі ягоных родных на табарышчы Вялікай высьпе ня будзе, Караль ня меўся заставацца тамака надоўга. Ён меўся падацца да хроснай маці Альбіны Міцкевіч у вёску Кляцішчы, калі тая вёска ацалела і тамака няма нямецкіх карнікаў. Таму, падыходзячы да Валяваткі, Караль схаваў свой скарб у сухім жарале чорна-алешнікавага кобла. Неўзабаве на ўсходнім рагу Валяваткі сярод гэтакай жа чорна-алешнікавай багны Караль перастрэў Уладзіміра Шыбута. Ўладзімір сустрэў пляменніка са шчырай радасьцю. Караль імгненна памягчэў у стаўленьні да дзядзькі. Уладзімір завёў яго да сваіх на недалёкае табарышча на Вялікай высьпе. Караля накармілі печанай бульбай з салам. Той еў прагна, бо ўжо трэці дзень амаль што галадаў. Караль даведаўся, што мыку і цялушку Шыбуты знайшлі. Ужо Шыбутам была вядома трагедыя ў Паўдарожжы. Аб тым ім паведзілі браты Юзаф і Ян Мазалеўскія з Яськава, якіх Уладзімір таксама выпадкова перастрэў у лесе, як хадзіў на нейкую выведку сытуацыі ў бок гасьцінца з Івянца на Бакшты.

Пры сустрэчы Ўладзімір адразу сказаў, што аб лёсе ягонай радзіны яны пакуль анічога ня ведаюць, і што трэба спадзявацца на лепшае. Потым як Караль пад'еў, Уладзімір распавёў яму аб трагедыі ў Паўдарожжы. Як Караль даведаўся, што ягоныя родныя пакутліва загінулі, то ў хлапечай гістэрыцы папракнуў Уладзіміра і Ксавэры, што тыя самі ўратаваліся, а ягоных крэўных не пазвалі з сабою і не ўратавалі. Уладзімір абурыўся, сказаўшы, што ты ж сам ведаеш, як ён намагаўся зрушыць Фрэдэрыку з Навусьці, каб яны загадзя хаваліся зь імі на абалонных выспах. Але тая ні ў якую не хацела сыходзіць са сваёй хаты. Больш таго, Уладзімір сказаў, што нават, рызыкуя жыцьцём, ён намагаўся тое зрабіць, амаль што ўжо пад час зьнішчэньня Навусьці. Ксавэры ў дадатак даводзіў, што Фрэдэрыка і слухаць не хацела, каб уцякаць, бо цябе не было ў двары. Таксама яна ўпарта трымалася той думкі, што яе з малымі дзецьмі не зачэпяць і што лепш дачакацца Караля. Адылі нейкая сварка ўся роўна адбылася паміж усхоплівым ды грубым Уладзімірам і расчуленым Каралям. Таму Караль сышоў ды больш не прыходзіў да Шыбутаў. Ну а Шыбуты яго не шукалі, бо іх час быў штодзённа жорстка разьмеркаваны на патрэбы выжываньня сярод пушчанскіх нетраў.

Раніцай, сышоўшы ад Шыбутаў з Валяваткі, Караль забраў свой скарб з таго жарала і накіраваўся ў бок Кляцішчаў напрасткі праз пушчу. Быў ясны ранак, сьвяціла сонца, арыентавацца на Кляцішча было лёгка. Тая вёска была акурат на поўдні ад Валяваткі, то бок трэба было трымаць сонца зьлева наперадзе. Ноша Караля пацяжэла, бо на адыходзе жонка Ўладзіміра Акуліна дала Каралю ладны кавалак сала, колькі печаных бульбін і торбачку солі. Яшчэ Караль прасіў нейкі капялюш, дык Акуліна дала яму Ксавэраву аблавушку.

Апоўдні Караль падышоў да рэчкі Вусы акурат перад Парцыянаўскім поплавам, паўз каторы з вялікай алешыны было неяк відаць Кляцішча ды грэбля ў бок Карыцішчанскага багна і Жоўта-Нёманскай канавы. Седзячы на той алешыне спачатку Караль чуў нейкае незвычайна ціхае жыцьцё вёскі, потым пачуў некалькі стрэлаў, рокат матацыклаў. З гэтага ён паразумеў, што Кляцішча зараз поўнае немцаў і туды ісьці нельга. Адылі, на той алешыне сонца прыпякала гэтак пяшчотна, а вакол усё была гэтак ціхамірна, як раней да вайны, што хлопец з асалодаю сядзеў на тым дрэве яшчэ ледзь не гадзіну, абмяркоўваючы, як яму быць далей.

Раптоўна пачуўся нейкі аўтамабільны рух на бліжнім рагу вёскі. Два вайсковых грузавіка поўныя жаўнераў выехалі на ўскраіну Кляцішчаў. Жаўнеры сталі саскокваць з грузавікоў, шыхтавацца і неўзабаве расьцягвацца ў доўгі ланцуг уздоўж той грэблі. Караль саскочыў з алешыны, зразумеўшы, што немцы з нейкай нагоды будуць абшукваць Парцыянаўскі поплаў, узьбярэжжа Вусы, а можа пойдуць і далей у Завушню то бок ва ўрочышча за правым берагам Вусы. Узваліўшы праз плячо зьвязаныя торбы са сваім скарбам, Караль амаль што пабег назад у бок Волькі і Навусьці. Перайшоўшы рэчку Ізьледзь, Караль залез на елку, што расла на краю адчыненай даліны Ізьледзі. Ён вырашыў чакаць тутай. Калі немцы зьявяцца на тым боку даліны, то пакуль яны пяройдуць праз багенную абалонь Ізьледзі ды саму рэчку, ён пасьпее ўцячы далей на поўнач да багнаў абапал Волькі.

Караль чакаў доўга ў моцным трывожным напружаньні спачатку на дрэве а потым пры доле. Чакаючы, ён зьеў тую бульбу з лустай сала з пачастунку Акуліны. Потым ад нэрвовасьці Караль бясконца еў яблыкі, якія назьбіраў у Навусьці. Дагэтуль бадай што цэлы дзень ён голаду не адчуваў і есьці зусім не хацелася. А цяперака Караль еў і не мог наесьціся, амаль што не адчуваючы смаку. Нямецкіх карнікаў усё яшчэ не было відаць. Пачало вечарэць, і Караль усьвядоміў, што тых немцаў тутай ня будзе. Да Ізьледзі яны відавочна не дайшлі. Трэба было меркаваць аб начлегу. Яшчэ з дрэва Караль заўважыў звычайную для пушчанскіх абшараў поплаўную пуню. Яна стаяла пры краі адчыненай даліны зьлева на адлегласьці з паўкілямэтра. Караль пацёгся туды. Пуня была бітком набіта сена, а ад яе вяла коннаездная дарожына. Яшчэ не сьцямнела, і Караль пайшоў па гэтай дарожыне. Неўзабаве праз якісь кілямэтар Караль выйшаў да спаленага хутара са сьвежай магілай. На магільным грудку стаяў насьпех зроблены крыж, на якім было выразана, што тутай пахавана радзіна Гвінтоў. Караль пазнаў гэты хутар. Ён бываў на ім з маці. Раней на ім было шмат розных забудоў і вялікая хата. Цяперака амаль што ўсё было спалена, але на ўскрайку лесу ацалела піўніца ды вялікае гумно дакладнее было бы сказаць пуня – гумно, бо ў гэтым будынку было шмат сьвежага духмянага сена. Брама ў той вялікі будынак была выламана. Вакол таго гумна пад страхою стаяла шмат пустых пчаліных калод. Загінулы гаспадар Браніслаў Гвітн быў заўзятым бортнікам ды, вядома, акрамя таго меў шмат іншых сельскагаспадарчых заняткаў. Збожжа ў асяродку гумна не было, але было заўважна, што збожжавыя снапы нядаўна хтось адсюль вывез. Яшчэ было ня цёмна і можна было штось пашукаць на вынішчаным хутары Гвінтоў дзеля собкага спажытку, але Караль быў настолькі выснажаны сёньняшнім днём, што ён зарыўся ў тое духмянае сена, накрыўся бацькавым сурдутам і амаль што адразу заснуў.

Прачнуўшыся раніцаю калі ўжо добра разднела, Караль убачыў, што пад страхой пры сене вісела неабабраная фасоля. Зьнізу яе не было відаць за сенам, і таму яе не забралі разам са збожжам. Фасолі было даволі шмат і можна было набраць ладную торбу. У амаль што пустой Гвінтовай піўніцы вісела шмат бульбяных торб. У адну зь іх Караль склаў абарваныя стручкі фасолі, а астатнія торбы ён таксама забраў ды схаваў паблізу ў лесе, падвесіўшы на галіну вялікай елкі са шчыльнай кронай. Вярнуўшыся назад, Караль стаў пільна аглядаць, што яшчэ тутай можна набыць. Пад страхою гумна, у садзе і агародзе былі розныя прылады, якія пэўне ж павінны спатрэбіцца надалей. Караль забраў аж тры сякеры і дзьве рыдлёўкі, а таксама бортніцкія дымар і брыль з навясной сеткай дзеля абароны ад пчол. Караль меркаваў, што Браніслававы пчалярскія калоды напэўна недзе недалёка замацаваны на дрэвах. Магчыма мёд у іх быў яшчэ не забраны. Тады зь іх можна было бы набраць мёду. З дзясятак вульляў, якія стаялі ў садзе, былі кімсьці барбарскі разрабаваны, і пчол ужо тамака не было. Пчаліныя вульлі нагадалі Каралю аб слодычы. Яму часта надта хацелася зьесьці чагось салодкага. У Навусьці ў іх быў мёд, і апошнія месяцы, калі ён прыходзіў з догляду быдла да хаты, маці кожны раз паіла яго поўнай водарам гарбатаю то чабаровай, то залётнікавай, то ліпавай у прыкуску з мёдам. Цяперака гэтага надта бракавала і клапатлівай любай маці й яе духмянай гарбаты.

На Гвінтовам падворку Караль шукаў якога-небудзь каганка, каб самаму штось варыць на вогнішчы. Хтось ужо ўсё гэтакае напэўна забраў раней тады, калі было забрана збожжа з гумна. Адылі за гумном па-за пчалярскімі калодамі Караль усё ж такі знайшоў досыць вялікі каган з дзёгцем. Пераклаўшы дзёгаць у торбу, Караль агледзеў сьценкі таго кагана. Ён быў цэлы, ну а вычысьціць яго на вогнішчы ды пяском і вадою было не цяжка. Конаўка ды дзьве лыжкі ў Караля ўжо былі. Таксама пад страхою Гвінтовай піўніцы было навалена шмат напаўпабітага керамічнага посуду, сярод якіх Караль выбраў дзьве рэчы, што гадзіліся, каб зрабіць зь іх штось падобнае на міскі. У Гвінтовым садзе было яшчэ шмат яблыкаў, але ўжо нехта іх нямала пазьбіраў. Тое самае было на немалой бульбянай дзялцы. Напэўна самі Гвінты бульбу яшчэ не капалі. Пасьля разбурэньня хутара і забойства радзіны Гвінтоў нехта пачаў тую бульбу выкопваць. Было зразумела, што ў тых рэштах бульбы быў у значнай меры Караляў паратунак цягам наступнай зімы асабліва, калі ён ня зможа зімаваць у хроснай маці ў Кляцішчах. Трэба было як мага хутчэй капаць тыя рэшты бульбы нават навыперадкі з тымі, хто ўжо тое робіць. Але хто тыя людзі? Можа тое ягоныя сваякі Шыбуты, што рымсьцілі на Вялікай высьпе ў Валяватцы?

Неўзабаве адказ на гэтыя пытаньні зьявіўся. Да Гвінтовага хутара пад’ехаў конны воз, а на ім сядзела трое Арыкаў з суседняга хутара Дашчэчына. То былі гаспадар Дашчэчна Марцін Арыка з жонкай Каралінай, а таксама іхні старэйшы сын Кастусь. Караль добра ўсіх іх ведаў. Караліна была стрыечнай сястрой Фрэдэрыкі. Акрамя таго Караліна і Фрэдэрыка добра ладзілі адна з адной і былі сяброўкамі з маладосьці. З нагоды сваяцтва і сяброўства жонак тыя Арыкі ды Шыбуты нярэдка гасьцявалі адзін у аднаго. Арыкі былі заможнымі, і яны чым маглі заўжды шчыра дапамагалі Шыбутам асабліва пасьля трагічнай пагібелі гаспадара Трафіма. На гэтым увесь час настойвала Караліна. У ёй быццам бы жыла правіна перад Фрэдэрыкаю, што вось гулялі дзеўкамі разам, а пабраліся шлюбам з мужыкамі рознай заможнасьці. Яна выйшла замуж за досыць заможнага Марціна, а Фрэдэрыка пабралася з беднаватым Трафімам.

Адылі на тварах Арыкаў, у іхнім сьціплым прывітаньні, а таксама маўчаньні звычайна гаваркіх Арыкаў бачылася нейкае непапраўнае гора. Караліна сказала, што во зараз мы ёсьць усе Арыкі з Дашчэчна перад табою, потым адвярнулася ў роспачы і заціснулася ў рыданьні. Марцін папрасіў, каб спынілася пабівацца, бо трэба рабіць справу. Караль даведаўся, што нямецкія карнікі спалілі і разрабавалі ўсю іх немалую гаспадарку, але Марцін ды Караліна пасьпелі ўцячы ў багенную абалонь Ізьледзі да сына Кастуся, які тамака пасьвіў тры мыкі ды каня. Бабуля Агафья – матка Марціна з дачкамі Ярынай і Серафімай былі ў грыбах, і немцы перастрэлі іх на вяртаньні назад да Дашчэчна. Тыя кінулі сабраныя грыбы і, уцякаючы, сталі хавацца за пагорак як мага хутчэй. Чэргамі стрэлаў з аўтаматаў немцы забілі і бабулю і дачок.

Паразмаўлялі аб розным пільным, пераважна трагічных падзеях апошніх дзён. Арыкі ня ведалі, што сярод спаленых у Паўдарожжы пушчанцаў была і Фрэдэрыка з астатнімі дзецьмі. Гэта зноў выклікала істэрыку ў чульлівай Караліны за сваіх дачок і за гэтакую пакутлівую пагібель ейнай сяброўкі і яе дзяцей. Караліна пабівалася, сын Кастусь клапаціўся вакол яе, а звычайна разважлівы і стрыманы Марцін адвёў Караля ў бок і распытаў, ці еў ён што сёньня ці не і дзе ён зьбіраецца далей рымсьціць. Караль распавёў, што зьбіраўся ісьці да хроснай у Кляцішча, але тамака былі немцы, і таму ён вырашыў зімаваць недзе тутай у нейкай зямлянцы, якую зьбіраецца пабудаваць. Марцін дастаў з воза збан малака і ладны кавал хлеба і даў Каралю пад’есьці. Калі той еў, Марцін сказаў, што ў іх акрамя быдла не засталася анічога, што Дашчэчна дазваньня зьнішчана і ўсё разрабавана як помста, што ім удалося ўцячы. Быдла няма чым карміць зімою і дзе трымаць, можа будуць утрымліваць быдла ў гэтым гумне, але яно тутай доўга не прастаіць, бо гэта мейсца досыць праходнае і нехта іхняе быдла адберыць. Караль паведзіў пра абалонную пуню Гвінтоў, пра якую Марцін ведаў, але забыўся. Марцін таксама сказаў, што калі Каралю будзе няўсьцерп, то каб прыходзіў да іх некуды ў ваколіцах Дашчэчна. Ён параіў накапаць бульбы на Гвінтовай дзялцы як мага больш і прыхаваць яе недзе ў зямлі пад вялікай елкай. Таксама Марцін даў Каралю нераспакаваны пачак даваенных, яшчэ польскіх запалак і сказаў, што істотна насушыць баравікоў, якіх цяперака самы ўраджай.

Амаль што тры дні запар Караль бачыў Арыкаў на бульбяной дзялцы Гвінтоў, абедалі разам. Елі Арыкава малако з хлебам ды Каралева сала. На тым сала ў Караля больш не засталося. Затое Караль накапаў пяць вялікіх торбаў бульбы і прыхаваў іх у трох мейсцах. Таксама Марцін прывёз Каралю торбу рэпы і крыху солі. Больш Арыкаў Караль ня бачыў. Не карысталі яны для свайго быдла і Гвінтоўскія пуні. Пазьней Караль даведаецца, што Марціна і Караліну заб'е выбухам бомбы, якую скінуў на іхняе табарышча нямецкі летак. Марцін з адарванай нагой яшчэ пражыве цэлы содзень і памрэ на руках у гаротнага сына. Кастусь неяк перажыве вайну, прымкнуўшы да савецкіх партызанаў, будзе харобра біцца з немцамі, не шкадуючы жыцьця, а пасьля вайны менавіта ён будзе жытлаваць з радзінаю ў Дашчэчна.

Пасьля канчатковага сыходу Арыкаў Караль будаваў зімавальную зямлянку на грудах на супрацьлеглым баку даліны Ізьледзі. Па-ранейшаму ён начаваў у Гвінтовым гумне, зарыўшыся ў сена. Харчаваўся варанай або печанаю на вуглях бульбаю ды варанымі баравікамі. Еў яблыкі з саду Гвінтоў і саду суседняга спаленага хутара Дубіцкіх. Піў гарбату, завараную на сьцяблах маліны і чорнай парэчкі. Сушыў баравікі, зьбіраў каліну і журавіны. Крыху балей накапаў бульбы на бульбяной дзялцы Дубіцкіх, якіх як і Гвінтоў застрэлілі на іхнім падворку. Тую бульбу ўжо нехта выкапаў, але штось у зямлі яшчэ засталося. Некалькі разоў да Гвінтоўскага хутара зьяўляліся немцы на матацыклах. Караль чуў гэтыя адметныя гукі загадзя і ўцякаў на супрацьлеглы бок даліны Ізьледзі.

Неяк ранкам, заспаўшы даўжэй звычайнага, Караль пачуў нейкую гамонку недалёка звонку ды трэск зламанай галіны напэўна ў Гвінтовым садзе. Выглянуўшы з гумна, Караль убачыў трох хлопцаў, што зьбіралі рэшты яблыкаў. На выгляд ім было гадоў ад пятнаццаці да васемнаццаці. Караль аклікнуў іх і стаў падыходзіць. Тыя хацелі была ўцякаць, але спыніліся і таксама пайшлі насустрач. Гэтыя хлопцы апынуліся ўцекачамі з мястэчка Івянец. Яны былі габрэі, два браты Лёва і Мойша, а таксама іхні сусед Ізя. Іхніх бацькоў замардавалі нямецкія фашысты, а яны выратаваліся толькі таму, што па загаду бацькоў Лёва і Мойша езьдзілі на коннай фурманцы на млын у Чашэвічы. Вяртаючыся да хаты, іх перастрэў гэты Ізя, які паведзіў аб трагедыі і сказаў, што ўсім ім трэба ўцякаць кудысь у пушчу, бо ў Івянцы і ваколіцах немцы пачалі лавіць і забіваць усіх габрэяў. Уцякаць трэба не на коннай фурманцы а пешкі, бо пешкі будзе бясьпечней. Утрох яны вярнуліся да млынара ў Чашэвічы, дзе заначавалі. Каня з фурманкай аддалі млынару ў абмен на нейкую цёплую вопратку, абутак, соль, запалкі, а таксама харчы на першыя дні. Хлопцы ведалі, што за Івянцом пачынаецца агромістая пушча, дзе можна схавацца. Як там выжыць, цямнага пляну далейшых дзеяў у іх не было.

Адылі жыць хацелася, і хлопцы ўжо ў цемрачы паступова й абачліва пракраліся да вёскі Камень, дзе жытлавала Ізіна цётка. Ейная сядзіба апынулася пустой, бо цётку й усю яе радзіну надвячоркам забілі нямецкія карнікі. Але хлопцы таго ня ведалі. Яны падышлі з тылу сядзібы і толькі пагрукалі некалькі разоў ў тыльнае акенца хаты. Ніхто да той шыбкі не падышоў, і хлопцы палеглі адпачыць у нейкай гаспадарскай забудове, якая чамусьці была не зачынена. На досьвітку, падышоўшы да хаты сьпераду й убачыўшы, што дзьверы адчынены, а ў хаце нікога няма, зьбянтэжаныя хлопцы было пасунуліся да тылу падворка, каб уцякаць да пушчы. Сьвітала, і ў гэтым ранішнім сьвятле яны ўбачылі, што за той забудовай, якая дала ім начны прытулак, ляжаць забітыя Ізіна цётка і ўся яе немалая радзіна ўлучна мужык, маці і колькі то дзяцей. Усе яны таксама былі габрэі, якіх немцы дбалі павынішчаць. У жаху хлопцы сьпешна ўцякалі да недалёкага ўжо краю пушчы.

Паступова, зьеўшы ўсё і блукаючы, хлопцы апынуліся блізу разбуранага хутара Гвінтоў, недалёка ад якога яны заначавалі, трасучыся ад начной сьцюдзёнасьці. Падняўшыся ад самага браску і прайшоўшы з паўкілямэтра, хлопцы ўбачылі гэты хутар. Вырашылі, што тамака можна чымся пажывіцца, і першае, што кінулася ў вочы было крыху яблыкаў у хутарскім садзе. Вось гэтакая была гісторыя той сустрэчы, якую паведзілі габрэйскія хлопцы Каралю. Караль распавёў сваю невясёлую гісторыю цяжкага жыцьця і трагічных падзей апошніх тыдняў. Падобная трагічная гісторыя й амаль што аднолькавы век маладзёнаў, а асабліва жаданьне выжыць у гэтай крывавай калатэчы хутка паяднаў іх.

Караль сказаў, што ў яго ёсьць бульба, сушаныя баравікі ды ўжо немалы запас журавін і каліны, і што ён будуе зямлянку недалёка адсюль, бо ў гэтым хаця і ўтульным гумне надоўга заставацца сьмяротна небясьпечна. Караль прапанаваў хлопцам прытуліць іх каля сябе. Яны з радасьцю пагадзіліся. Хлопцы сказалі, што ў іх амаль што нічога няма, але на шляху да хутара, даволі недалёка адсюль яны ўчора надвячоркам заўважылі пчаліную калоду, падвешаную на дрэве. Пахадзіўшы навокал, яны знайшлі яшчэ дзьве гэтакія жа калоды, дзе павінен быць мёд. Пасьмяяліся, сказаўшы, што гэта іхні ўнёсак у супольную гаспадарку.

Далей пайшла рутынная падрыхтоўка да жыцьця ў зімовай пушчы. Па-першае яны дабудавалі зямлянку на грудах левага супрацьлеглага края даліны Ізьледзі цяперака ўжо з разьліку на чатырох чалавек. Тую зямлянку, што пачаў будаваць Караль, хлопцы пашырылі і зрабілі ў ёй чацьвёра палацей. Цяпло давала невялічкая печка, якую выклалі з цаглін сабраных на папялішчы Гвінтовай хаты. Непададёку нават зрабілі дадатковую маленькую зямлянку на ўсялякі выпадак. Надзейна перахавалі свой рэчавы скарб і запасы харчоў. Бульбу схавалі аж у пяці мейсцах у зямлі пад камлямі тоўстых ялін. Бульбы прыбавілася, бо яшчэ раз учатырох перакапаўшы бульбяныя дзялкі Гвінтоў і Дубіцкіх, хлопцы набралі бульбы ледзь не дзьве вялікія торбы. Таксама хлопцы працягвалі сушыць грыбы на зіму і зьбіраць каліну ды журавіны. Яны адчувалі, што колькі бы яны не сабралі, то зашмат ня будзе. Усё назапашанае праесца, і верагодна хутчэй чымся яны мяркуюць. Што тычыцца тых пчалярскіх калод, то адна зь іх была без пчол, а ў двух другіх хлопцы набралі мёду, які ў сотах склалі ў бочачку, што знайшлі на спаленым хутары Дубіцкіх. Мёда бралі толькі палову ад наяўнага, бо хацелі захаваць тых пчол надалей.

Было яшчэ адно выбітнае здарэньне ў іхняй хлапечай падрыхтоўцы да зімы. Пакуль яны будавалі асноўную зямлянку, то, па-ранейшаму рызыкуя, начавалі зарыўшыся ў сена ў Гвінтовым гумне. Самаму меншаму і хударляваму Ізе было заўжды сьцюдзёна і з кожнай чарговай ноччу ён адрываў свой начлежны тунэль усё глыбей у тое сена. І вось аднойчы ён наткнуўся ў сене на бочачку. За ёй была і другая гэтакая жа. То былі два кубельцы з салам, прыхаваныя ў сене Гвінтамі. О то была радасьць! Назаўтра хлопцы пераклалі на другі бок гумна ўсё тое сена, каб знайсьці штось яшчэ. Але нічога балей спажыўнага ў тым сене не было.

Падавалася, што цалкам хлопцы ўсім гэтым добра падрыхтаваліся да зімоўкі. Адылі нават эканомячы, бульба і іншае спажывалася настолькі хутка, што пачынаў браць сполах, як то перажыць зіму. Сытуацыя з харчамі пагаршалася тым, што хлопцам значна дапамагалі спажываць тыя харчы маленькія канкурэнты: мышы ды палёўкі. Асабліва тое тычылася галоўнай ежы – бульбы. Яны ня столькі зьядалі той бульбы, колькі псулі. Гэтыя маленькія грызуны падгрызалі шмат бульбін, і тыя падгрызеныя бульбіны гнілі. Яшчэ адну самую дальнюю елку, пад камлём якой хлопцы схавалі больш адной вялікай торбы бульбы, вывернула ветрам. У выніку тая бульба памёрзла. Пасьля маразоў была адліга, і памёрзлая бульба збуцьвела і пачала гнісьці. Хлопцы агледзелі тое акурат напрыканцы той адлігі, калі ўжо амаль што нічога ўратаваць было немагчыма.

У пачатку сьнежня хлопцаў стала на аднаго менш. Ізя захварэў і за тыдзень барацьбы з хваробаю неўпрыкмет уначы памёр. Тое надта ўзрушыла ўсіх трох. Ежы заставалася зусім мала. Караль спрабаваў лавіць зайцоў зашмаргамі, якія ён нарэзаў з сырамятнай скуры, кавалак якой ён знайшоў у тым Гвінтовым гумне. За два месяца Караль злавіў толькі аднаго зайца. К Калядам сытуацыя з харчамі стала крытычна горшаць. Удзень хлопцы расхадзіліся па навакольнай пушчы, каб знайсьці балей ягад каліны, але няшмат яе ўжо было. Амаль што ўсю каліну пазьядалі птушкі.

І вось аднойчы Лёва з Мойшай прыйшлі на табарышча і паведзілі Каралю, што яны напэўна будуць сыходзіць у партызанска-уцекачоўскі аддзел Зорына. Сёньня ў пушчы яны перастрэлі некалькі габрэяў з Зорынскага табарышча. Хлопцы распавялі ім сваю гісторыю цяперашняга жыцьця і свой сумнеў, што яны перажывуць зіму, і тыя запрасілі іх да сябе. Абяцалі папрасіць за іх самаго Зорына. Заўтра апоўдні яны дамовіліся сустрэцца ва ўмоўленым мейсцы. Сказалі, што дамаўляліся і на Караля. Але Караль чамусьці наадрэз адмовіўся, сказаўшы, што будзе рымсьціць тутай, як бы цяжка не было.

Назаўтра Мойша з Лёвай сышлі і назад к вечару не вярнуліся. Горкая самота ахапіла Караля, але ён вырашыў змагацца за жыцьцё сам насам у зімовай пушчы. Не хацелася не да каго ісьці з працягнутай рукою. Караль ведаў, што ўсё гэта не на заўжды, як і ўсё іншае ў гэтым сьвеце. Трэба неяк перажыць, годна перажыць, а там у прышласьці яшчэ будзе шмат цудоўнага. Гэтакай была хада думак і спадзеў у мужнага Караля ў гэты складанейшы, цяжкі час ягонага жыцьця.

Пасьля сыходу Мойшы і Лёвы Караль яшчэ раз агледзіў свае запасы харчоў. Захавалася толькі каля сарака бульбін, торбачка сушаных баравікоў, невялічкі кавалак сала, а таксама дзьве торбачкі з журавінамі ды ягадамі каліны. Калі кожны дзень зьбіраць хоць паўлітра каліны, то з месяц можна працягнуць на гэтых рэштках харчовых запасаў. А як далей? Няўжо паміраць з голаду? Гэтак меркавалася Каралю ў той дзень. Гэта былі журботныя думкі, поўныя трывогі. Адылі другая палова для прынесла значную палёгку. Па-першае, у адным мейсцы Каралю ўдалося сабраць літра са два каліны. Другім было тое, што, праходзячы каля адной з Гвінтоўскіх пчалярскіх калод, Караль заўважыў, што лясная куна зусім нядаўна неяк атадрала заглушку атвора ў калодзе, ела мёд і гэтым зьнішчыла тую пчаліную радзіну. Заглянуўшы ў калоду, Караль упэўніўся, што мёда ў ёй яшчэ ёсьць. Тады ён выразаў бяросты ды зрабіў аж тры бяроставых слоіка разам каля трох літраў ёмістасьці. Той ёмістасьці акурат хапіла, каб туды ўкласьці ўвесь застаўшыйся мёд ў сотах. Ну, а па-трэцяе, ужо ў вечаровым сутоньні, аглядаючы безнадзейныя скураныя зашмаргі, Караль на сваё зьдзіўленьне ўбачыў, што ў адну зь іх злавіўся заяц, які быў ужо мёртвы. Во, то быў зацны дзянёк, і ў Караля ўжо пабольшала той спадзевы выжыць. Гэтак меркавалася Каралю, засынаючы ў сваёй даволі цёплай і сухой зямлянцы з печкай, у якой у той момант патрэсківалі ў агні дровы.

Разам з гэтым адчуваньнем сёньняшняй удачы павялічвалася і трывога ў лучнасьці са сваёю бясьпекаю ў гэтым мейсцы. Сёньня ён ледзь ня ўвесь дзень чуў нямецкія летакі ды аж сем моцных выбухаў авіябомб некалькі кілямэтраў к усходу ад ягонага табарышча. Увесь апошні тыдзень адбывалася штось падобнае, але сёньня Каралю было найбольш жахліва ад пачутага. Караль ведаў, што тое было. Тамака, куды бамбавалі нямецкія летакі, разьмяркоўваліся партызаны ды габрэўскія ўцекачы. Караль усё больш і больш пудзіўся, што гэта неяк зачэпіць і ягонае цяперака адносна спакойнае жыцьцё.

І ўрэшце зачапіла. Пад час самых Калядаў на груды, дзе Караль самотна жытлаваў у сваёй зямлянцы прыйшоў аддзел савецкіх партызан каля пяцідзесяці асоб. Караль акурат быў каля сваёй зямлянкі. Камандзір аддзелу дапытаў Караля. Караль з большага паведзіў, як яно было ў яго. Той праінфармаваў, што Кляцішчы цяперака вольныя ад немцаў, і ён можа перабрацца да хроснай маткі. Камандзір таксама сказаў, што можна ўступіць у ягоныя партызаны, але са сваёй зброяй. Тады Караль ня толькі б зь імі ваяваў супраць нямецкіх захопнікаў, але і быў бы пастаўлены на забесьпячэньня харчамі і вопраткай ад іхняга партызанскага аддзелу. Караль адказаў, што зброі ня мае, але будзе ваяваць, калі зброю дадуць. Вельмі хацелася бы адпомсьціць немцам за жорстка забітую радзіну і спаленую родную Навусьць. Камандзір пахлопаў па плячы, сказаў, што добра, неяк знойдуць зброю і для яго. Так пакуль і засталося, але да Караля падсялілася яшчэ тры чалавекі. Партызаны ўдзень будавалі зямлянкі, а на зьмярканьні кудысь сыходзілі начаваць. Содні праз чатыры камандзір самаручна прынёс Каралю стрэльбу, даў зарады і паказаў, як зь ёю абыходзіцца, дадаўшы, што ён цяперака жаўнер у іхнім аддзеле.

Наступных дзён пяць Караль да выснажэньня дапамагаў партызанам будаваць іхнія зямлянкі. Асабліва цяжка было насіць бярвеньня за сотні мэтраў ад зямлянак. Сячы дрэвы на тых грудах забаранялася, каб лес на грудах захоўваў годную маскіроўку лягеру з боку неба. Будоўлю скончылі. Пачалося жытлаваньне Караля з тымі партызанамі, якое доўжылася для Караля яшчэ дзён пяць. Гэтыя дні яго чамусь вайсковаму вучылі, а галоўную частку дня ён працаваў на загатоўцы дроў для лягера разам з адным партызанам гадоў сарака з Далідовіч на імя Алесь, як мешкаў у ягонай зямлянцы.

На шосты дзень раніцаю на лягер наляцеў нямецкі лятак, які пачаў бамбаваць. Караль убачыў, што той лятак ляціць над верхавінамі дрэў проста на яго, і ён імгненна скокнуў у сваю зямлянку. Сьледам раздаўся выбух, які абрушыў цяжкую столь зямлянкі разам з печкаю. Алесь быў на аддаленьні каля трыста мэтраў, ён схаваўся пад камлішчам вялікай елкі і ацалеў. Ён бачыў, як Караль заскочыў у зямлянку перад выбухам. Як скончылася тая бамбардзіроўка, Алесь як мог швыдка раскапаў абрушыную зямлянку і выцягнуў адтуль яшчэ жывога Караля на дзіва непараненага, але крыху кантужанага і надыхаўшагася едкага дыму. Да вечара Караль, пакінуты Алесем пад тоўстай разлапістай елкай, больш-менш акрыяў і прыцёгся ў лягер. Там хавалі забітых, якіх было каля дзесяці асоб. Яшчэ балей было параненых, якіх ацалелыя і нейкія незнаёмыя прышлыя партызаны заносілі некуды ва ўсходнім накірунку. Караль хадзіў хістаючыся і яго ўвесь час ванітавала. У дадатак ён быў у амаль што мокрай вопратцы і яго калаціла ад сьцюдзёнасьці. Каралю часам падавалася, што ён памірае. Бачучы ягоны стан ня здольнага на дапамогу, але і не параненага на Караля амаль што ніхто не зьвяртаў увагі. Таму ён, не аб чым не мяркуючы, пацёгся праз заледзянелую і засьнежаную даліну Ізьледзі да Гвінтовага гумна. На дзіва тое гумно было яшчэ цэла, але сена засталася мала. Гэтага мала адылі выстарчыла, каб неяк зарыцца ў яго, скруціцца клубком і ў бяспамяцтве заснуць. К вечару паўднёвы вецер прынёс адлігу і напэўна гэта ўратавала Караля ад замярзаньня. Караль прабыў у тым сене амаль што ў беспрытомнасьці двое содняў, пасьля чаго да яго пачалі вяртацца нейкія сілы, і ён вылез з сена агледзіцца. Па-ранейшаму было параўнальна цёпла. Сьнег падтаваў і друзьнеў. Караль, цяжка перасоўваючы аслаблыя ногі, накіраваўся на другі бок даліны Ізьледзі ў зьнішчаны бамбаваньнем лягер. Пераходзячы рэчку Ізледзь па нетрывалым лёдзе з пусталедзецай пры берагох, Караль уваліўся ў раку і вымак па грудзі. Мокры і здранцьвеўшы ад сьцюдзёнасьці, ледзь перасоўваючыся па друзламу падталаму сьнегу, выснажэлы Караль дацягнуўся да мейсца былой сваёй зямлянкі.

Пасьля таго бамбаваньня ўсё тамака было непазнавальна. У разбомбленым партызанскім лягеры і вакол не было ані душы. Караль абышоў увесь лягер і прысеў на паваленае бамбаваньнем дрэва каля разбуранай сваёй зямлянкі. Ён быў усё яшчэ агаломшаны падзеямі таго бамбаваньня і таму цяжка цяміў. Да таго ж Караль быў прадрогшы ад сьцюдзёнасьці ў мокрай вопратцы і абутку. Хацелася сабрацца з думкамі наконт таго, як то яму быць далей. Шукаць тых партызан ён чагось не імкнуўся. Караль адчуваў сябе слабай і бездапаможнай націнай у гэтым жорсткім звар'яцелым сьвеце. Яму ўжо не хацелася ані за кагось помсьціць ды ані з кім ваяваць. Каралю толькі прагна хацелася хоць як выжыць у гэтай крывавай калатэчы і жыць далей, калі гэта ўсё скончыцца, жыць падобна таму, як людзі жылі ў ягонай улюблёнай Навусьці – працавіта і ціхамірна. Гэта была адзіная мэта, якая напоўніцу паглынала ягоную сьвядомасьць у тыя хвіліны цяжкага роздуму. Цяперака для Караля галоўнымі былі зусім простыя пытаньні. Першае пытаньне, як распаліць вогнішча, каб абсушыцца. Адно крэсіва Караль меў у сваім рэчавай схованцы, якая была на адлегласьці крыху балей за паўкілямэтра. Караль ня быў упэўнены, што зараз ён з лёгкасьцю знойдзе тое мейсца схованкі. Другое крэсіва было ў бацькавым сурдуце, які ляжаў на ягоных палацях у зямлянцы пад час выбуху. Каб дабрацца да сурдута, трэба было адкінуць убок нямала зямлі і дрэўны. Патрэбны былі рыдлёўка і сякера. Караль меў гэтыя рэчы паблізу зямлянкі. Свае вельмі зручныя рыдлёўку і сякеру Караль хаваў побач з зямлянкай, каб ніхто з партызан не забраў. Але як іх знайсьці, калі ўсё гэтак непазнавальна разварочанае бамбаваньнем лягеру. Пашукаўшы мо з паўгадзіны, Караль усё ж такі знайшоў свае тыя прылады і ўзяўся расчышчаць мейсца зямлянкі.

Адпачыўшы крыху на тым жа паваленым дрэве, Караль пачаў разьбіраць завал, каб знайсьці той сурдут. Пасьля немалых высілкаў, Караль дабраўся да рамяна сурдута і неяк паступова выцягнуў яго з-пад абваліўшыхся бярвеньняў. Сурдут быў амаль што цэлы, крыху вільготны але не мокры. Крэсіва ляжала ў кішэні ў непашкоджаным стане. Пасьля шэрагу незадачных спроб Караль усё ж такі распаліў вогнішча, большага абсушыўся ды сагрэўся. Вельмі хацелася есьці і папіць чагось гарачага. Таму Караль, сабраўшыся з сіламі, пайшоў адкапываць свой схрон апошніх харчоў ды рэчавы схрон пад камлімшчамі вялікіх елак. У рэчавым схроне павінен быць вялікі каган, які ён схаваў туды, як толькі пачаў сталавацца ў партызан.

Ужо зьмяркалася, калі Караль прыйшоў да вогнішча з тым каганом і наяўнімі харчамі. Сярод іх было каля дваццаці бульбін, торбачка падмокшых сушоных баравікоў, берастовы слоік з мёдам у сотах на разы тры папіць гарбаты, а таксама напаўпустыя торбачкі з журавінамі і ягадамі каліны. Зварыўшы і пад’еўшы бульбу з баравікамі, а таксама папіўшы гарбаты з малінавых дубцоў у прыкуску з мёдам ды журавінамі, Караль адчуў сябе значна падмацаваным. Ён вырашыў заўтра яшчэ дзень адляжацца ў вогнішча, зьесьці амаль што ўсё, што мае, тым самым набрацца моцы дзеля пераходу ў Кляцішча да хроснай маці. Мелася ўзяць з сабою толькі сякеру, крэсіва ды дадатковую вопратку з рэчавага схрону. Усе астатнія рэчы ўлучна каган і адно крэсіва, рыдлёўку, дадатковую сякеру і штось іншае Караль вырашыў зноў схаваць у тым схроне на ўсялякі выпадак. Таксама на ўсялякі выпадак Караль вырашыў пакінуць захоўвацца ў кагане пяць лепшых бульбін і крыху журавін. Дзеля начоўкі пры вогнішчы Караль насек шмат яловых лапак, якія паклаў пад сябе ды зрабіў заднюю сьценку. Падклаўшы на вугольля сухія бярвеньня і дровы больш дробныя, Караль улёгся на лапнік і спрабаваў заснуць. Цалкам тое было нялёгка, бо адзін бок мёрз, у другі жа моцна прыпякала вогнішча, а ў капылах круціўся рой журботна-трывожных думак.

Пасьля дня адпачынку і яшчэ адной ночы ў вогнішча, Караль пацёгся ў Кляцішча. Ужо падыходзячы да вёскі, на грэблі праз Парцыянаўскі поплаў Караль сустрэў мужыка з Кляцішчаў, які паведзіў, што немцаў тамака з кайстрычніка не было. Яшчэ ён паведзіў, што ў Кляцішчах амаль штодня бываюць савецкія партызаны, якія базуюцца некалькі кілямэтраў на поўдзень ад вёскі. Караль даведаўся, што ягоная хросная маці Альбіна Міцкевіч жывая, яе мужык у партызанах, двое меншых дзяцей зь ёю, а старэйшую дачку Агнешку ў верасьні забралі немцы і дагэтуль яе лёс невядомы. Альбіна моцна пабіваецца па ёй.

Заўжды добразычлівая і спагадлівая Альбіна прыняла Караля з цеплынёй і шчырасьцю як сына. Караль рэшту зімы, вясну і пачатак лета перабыў у Альбіны. Ён, як толькі мог, усяляк дапамагаў ёй асабліва з дровамі і агародам. Ажэшка так і не вярнулася ад немцаў. У сярэдзіне чэрвеня 1943 года ў Кляцішчах зьявіўся значны аддзел немцаў. Караль параіўся з Альбінай ды сышоў у пушчу да свайго зімовага табарышча пры Ізьледзе, маючы двухтыднёвы запас ежы ад Альбіны. Не прайшло і месяца, як Кляцішчы былі зьнішчаны. Кагось пагналі ў Стоўпцы, каб везьці на цяжкія працы на Нямеччыну, кагось замардавалі проста ў вёсцы або ў паблізу ў лесе. Што тычыцца хроснай маці Альбіны, то хтось паведзіў немцам, што мужык Альбіны ў партызанах, і тады яе з двума дзецьмі нямецкія карнікі закатавалі на падворку, а сядзібу спалілі.

Караль жа, пабыўшы з тыдзень на табарышчы, зразумеў, што аднаму яму цяперака не выжыць. Як здабываць у пушчы ежу цягам зімы і што есьці далей нават летам, як во скончыцца тое, што ён прынёс на табарышча ад Альбіны? Усё гэта падавалася яму невырашальным. Таму Караль, узяўшы самае неабходнае, адправіўся шукаць габрэйскі лягер Зорына. Яшчэ як Караль жытлаваў у Кляцішчах, ён даведаўся, што асноўны Зорынскі лягер знаходзіцца за рэчкай Вуса ва ўрочышчы Завушня недзе кілямэтры са тры ад Кляцішча на поўнач. Другі запасны і больш гаспадарчы іхні лягер быў на паўночны ўсход ад Кляцішчаў на адлегласці кілямэтраў з восем аж пад вёскаю Церабейнае. І тыя і другія Зорынцы шмат бывалі ў Кляцішчах. Нейкіх зь іх ён нават пазнаў бы пры сустрэчы, і магчыма тыя пазналі бы яго.


Караль Шыбут у Польшчы па вайне з паненкамі, недзе пачатак 1950-х гадоў.

Шукаць Зорынскі лягер пад Вусаю давялося нядоўга. Праз тры гадзіны хады ў тым накірунку Караля перастрэў Зорынскі патруль. Караля прывялі ў лягер і дапыталі. Ён распавёў усю сваю гісторыю, прыгадаўшы пра габрэўскіх хлопцаў Лёву і Мойшу, якім Караль дапамог захавацца цягам мінулай зімы. Тыя Лёва і Мойша былі пад Церабейным, і заўтра або пасьлязаўтра яны павінны зьявіцца ў гэтым лягеры ў Завушні. На гэты час Караля зьмясьцілі пад варту ў адмысловую зямлянку-астрог, дзе ён прасядзеў да наступнага вечара. У Завушню прыйшоў Лёва, пацьвердзіў усё пра Караля, і яго выпусьцілі з той астрожнай зямлянкі ды прынялі ў сваё ўцекачоўскае пасяленьне. Яму было даручана даглядаць за быдлам у лягеры пад Церабейным разам з Лёвам і Мойшам. Больш нічога асаблівага невядома пра той час жыцьця Караля ў Зорынскім лягеры. Вядома, што напрыканцы свайго побыта ў ім Каралю давялося прымаць удзел у вайсковых дзеях партызанскага аддзелу Зорына.

Па заканчэньню вайны ў межах Налібоцкай пушчы летам 1944 года Караль, выйшаўшы с Зорынцамі з пушчы і прайшоўшы кантроль савецкіх органаў бясьпекі, падаўся ў бок роднай Навусьці. Недзе тамака ён перастрэў Ленарда Юрэвіча, які быў стрыечным братам Караля, бо ягоная маці Фрэдэрыка і бацька Ленарда Роберт былі роднымі сястрой і братам. Разам з Ленардам і ягонымі сёстрамі яны збудавалі невялічкую хацёнку на папялішчах былой Юрэвічавай сядзібы ў Яськава ды сталі займацца агародніцтвам, разжыліся мыкаю ды курамі. У 1946 годзе зьявілася магчымасьць пераезду на жытлаваньне ў Польшчу, і Караль стаў у чаргу на пераезд туды. Прыйшлося чакаць ледзь не тры гады, і ў 1949 годзе Караль перабраўся на жыцьцё ў Польшчу. Тамака яму крыху пашанцавала і ён трапіў на пасяленьне Налібоцка-пушчанскіх мігрантаў пад Шчэцінам, якое звалася Шчэльцы Краінскія. Шмат хто клікаў гэту немалую беларускую вёску як Рудня, бо значная частка тых Налібоцка-пушчанскіх пасяленцаў была родам са зьнішчанай немцамі Рудні Налібоцкай. Тамака Караль пабраўся шлюбам і пражыў усё астатняе жыцьцё. Меў шэраг дзяцей і ўнукаў, якія цяперака жытлуюць у Польшчы. У 1970-ыя гады Караль неаднаразова прыяжджаў у Налібоцкую пушчы і гасьцяваў у таго ж стрыечнага брата Ленарда Юрэвіча. Безумоўна абодва шмат прыгадвалі, як яны перажывалі мінулую вайну. Па маёй просьбе тую гісторыя Ленард Юрэвіч і ягоная жона Тарэся з Мазалеўскіх падрабязна распавядалі мне напрыканцы 1980-ых гадоў пад час майго побыту ў гэтай гасьціннай радзіне. Некаторыя падрабязнасьці я меў магчымасьць удакладніць у Тарэсі напрыканцы 2022 году, калі тая яшчэ была жыва.


Трэцяя трагічная і сьцісла вядомая гісторыя пачалася з таго, як позьняй восеньню 1942 году да састарэлай Матроны Шыбут прыблудзіліся два габрэйскіх хлопчыкі, якія прасілі прытулку і паратунку. Матрона жытлавала на бліжэйшым да Навусьці-вёскі зарэчным груду, дакладнее ў зарослым дрэвамі рагу гэтага грудку. Гэтакім чыгам яе маленькая хатка стаяла на вотшыбе таго груду і была незаўважнай. Мужык Матроны Ануфрый памёр яшчэ да вайны у 1933 годзе. Матрона прытуліла тых хлопчыкаў, а потым давялося даглядаць яшчэ двух іншых хлопчыкаў, бацька якіх быў у партызанах. Нехта данёс немцам. У жніўні 1943 года Матрону з двума хлопчыкамі немцы забілі на зарэчных Навусьцянскіх грудах, дзе па загаду немцаў састарэлая Матрона сама капала сабе магільную яму. Матрону застрэлілі, а дзяцей нямецкія карнікі забілі насьмерць дрынамі. Двое другіх хлопчаў (невядома якіх) неяк уцяклі , і лёс іх невядомы.


Матрона Шыбут была вельмі цікавай асобай і тутай хацелася паведзіць штось вядомае пра яе даваеннае жыцьцё. Тая Матрона з Навусьці паходзіла з дробна-шляхецкага роду з-пад Вільні і стала Шыбут па шлюбу. Недзе ў пачатку 1880-ых гадоў яна вывучылася на фельдшара ў Віленскай медычнай вучэльні. Матрона пачала працаваць у Віленскім навакольлі як асыстэнт лекара-інфэкцыяніста. Праз некалькі гадоў яна была паслана ў Ашмянскі ўезд, мястэчка Бакшты, што ў Налібоцкай пушчы. Яе накіравалі ў дапамогу тамтэйшым лекарам, якія з цяжкасьцю давалі рады заразным хваробам, што надта распаўсюдзіліся. Па дадзеным тагачаснай статыстыкі толькі ў 1886 годзе ў Ашмянскім павеце воспай і тыфам хварэла больш тысячы чалавек на кожную зь іх, шкарлятыну і крывавы дрыстун – крыху менш за тысячу чалавек на кожную, дыфцярык, халера, адзёр і сыбірская язва – таксама пад тысячу чалавек у сукупнасьці. Сьмяротнасьць ад захворваньня складала да 40%, і гэта толькі тое, што трапіла ў статыстыку. Часам цягам некалькіх гадоў людзі паміралі цэлымі радзінамі і ледзь ня вёскамі.

Неяк Матрона пазнаёмілася з Ануфрыям Шубутам з Навусьці, які лекаваўся ад адной з гэтым хвароб у Бакштоўскім лекарскім бараку. Матрона выхадзіла Ануфрыя, той напоўніцу акрыяў і стаў вітаць да Матроны ў Бакшты. Праз нейкі час Матрона і Ануфрый пабраліся шлюбам. Адразу яны жытлавалі ў Бакштах, бо Матрону не адпускалі з працы ў мэдычным бараку. Але памалу тая хваля эпідэмій сышла, і Матрона вызвалілася з гэтай далёка не самай лёгкай і не самай бясьпечнай працы. Ануфрый і Матрона перабралася на жыцьцё ў Навусьць, дзе дажывалі свой век бацькі Ануфрыя. Ануфрый займаўся жывёлагадоўляй і бортніцтвам, Матрона працягнула лекаваць людзей але ўжо саматужна. Таксама Матрона аказвала і нейкія вэтэрынарныя паслугі. Сьцісла кажучы – дзьверы іхняй хаты не зачыняліся. Акрамя звыклай дапамогі людзям з заразнымі хваробамі кшталту халеры, воспы або тыфу Матрона пачала прымаць роды, упраўляць вывіхі, зьнімаць сполах, дапамагаць людзям з хваробамі страўніка і вантробаў, лекаваць рожу і іншыя скураныя хваробы. Матрона шмат карысталася лекавымі травамі, якія добра ведала яшчэ ад бацькі, які слыў траўнікам. Акрамя таго недзе раз на месяц Ануфрый езьдзіў коннай фурманкай па лекі і патрэбныя прылады да аптэкі ў Наваградак або Валожын. Матрона была вельмі уважлівая, рахманая і спагадлівая жанчына. Людзі нават цягнуліся да яе за цёплым словам асабліва калі напаткалі злыбяду. Таму можна сказаць, што Матрона аказвала і псыхалягічную дапамогу. Словам, Матрона была Навусьцянскай і навакольнай амбуляторыяй у тыя даволі хваравітыя часы.


Сядзіба Матроны і Ануфрыя разьмяркоўвалася на выспавым груду плошчай каля чатырох гектараў, які быў з усіх бакоў аточаны травянымі багнамі. З поўдня ад гасьцінца Івянец-Бакшты да іхняга груда вяла конаездная дарога, якая прахадзіла паўз першую Валяватку (адзін з хутароў Навусцянскага Зарэчча) а потым па трохсотмэтровай грэблі. З паўночнага боку ад іхняй сядзібы была багенная даліна рэчкі Волька а за ёю Навусьць-вёска (асноўная частка Навусьці). Ведаючы заразнасьць хвароб да і з патрэбы нейкіх умоў, перш за ўсё з патрэбы асобнага значнага пакоя для лекаваньня Ануфрый зладзіў асобны будынак для лекарскай працы Матроны. Паступова асноўным даходам радзіны Ануфрыя і Матроны стала Матроніна саматужна лекарская дзейнасьць. Ануфрый значна паменшыў жывёльную гаспадарку і ў асноўным працаваў па ўсялякай дапамозе Матроне. Дзяцей у іх неяк не было.

Надышоў час Першай сусьветнай вайны. Ануфрыя мабілізуюць у расейскае войска. У 1916 годзе ён вяртаецца з вайны калекам без адной нагі. Жывёльнай гаспадаркі яны амаль што ўжо не трымаюць, можа толькі курэй ды гусей. Матрона працягвае лекаваць. З таго і жывуць. Недзе напрыканцы 1930-ых гадоў яшчэ бацькоўская вялікая хата ды ўсе гаспадарчыя забудовы згараюць нейкім чынам. Ужо састарэлыя Ануфрый і Матрона перабіраюцца жытлаваць у іхнюю амбулаторыю. У 1933 годзе на 81-ым годзе жыцьця Ануфрый памірае. Матрона застаецца адна, жытлуе ў той маленькай лекарскай хаце і па-ранейшаму на колькі ёсьць у яе моц неяк лекарскі дапамагае людзям. З гэтага жыве, а таксама трымае даволі шмат гусей, якія гадуюцца на траве ды ўсяго таго, што знойдуць на недалёкай рэчцы Волька. Таксама трымае курэй. Родны малодшы брат Ануфрыя Аляксей, які жыве на суседнім большым груду, шмат дапамагае Матроне.


Пасьля Другой сусьветнай вайны некаторыя ацалелыя радзіны адбудаваліся ў Навусьці, і ў1960-х гадох у Навусьці-вёсцы было сем двароў. Чатыры сядзібы цягнуліся ўздоўж рэчкі Волька. Па яе цячэньню спачатку была хата Івана Шыбута з жонкай Нінай (дачка Ўладзіміра Комсы ад першага шлюбу). У іх было некалькі дзяцей. Ніна памерла заўчасна. Пасьля Нінінай сьмерці Іван жыў з сужыцельніцай Флёрай, якая злоўжывала алкаголем. Іхняе сужыцельства скончылася трагічна – Іван забіў Флёру. Яго пасадзілі ў астрог надоўга, адкуль ён не вярнуўся.


Ніна Комса, Іван Шыбут і Нініна дачка Ганна Комса, што як і маці памерла заўчасна.


Далей была сядзіба Міхала Шыбута з жонкай Валяй. Зь імі мешкала Валіна маці Крысьціна. Проці хаты гэтых Шыбутаў у бок лесу па вайне была адбудавана стадола (канчаткова парушана ў 2010 годзе), дзе разьмяркоўваліся коні-цяжкавозы, што працавалі на тралёўцы лесу з людзьмі-наймітамі ад Бакштанскага леспрамгасу.


Стадола дзеля разьмеркаваньня каней-цяжкавозаў у Навусьці (у занепалым стане незадоўга перад яе ліквідацыяй).

То адбудаваная Ўладзімірам Комсам хата на беразе Волькі ў 1952 годзе

Ганна Комса ў маладосьці і старасці, Уладзімір Комса ў 1970-х гадох.


Ніжэй па цячэньню Волькі быў двор Уладзіміра Комсы з жонкай Ганнай (у дзявоцтве Шыбут, родная сястра ўжо прыгаданага Івана Шыбута). Яны мелі двух дзяцей Ліду і Валю. Ліда да гэтых часоў жыве ў бацькоўскай хаце з мужыком Міхасём але толькі ў цёплы сэзон. Далей, апошняй уніз па Вольцы была сядзіба другога Міхала Шыбута (сына Ўладзіміра Шыбута) з жонкай Лідай. Ад рэчкі ў бок лесу былі яшчэ тры сядзібы. Самая крайняя хата пры лесе па дарозе ў Юраўск належыла Яўгену Шыбуту (другому сыну Ўладзіміра Шыбута) з жонкай Рамуальдай, або па-простаму Ромай. Гэты двор адбудаваны акурат на мейсцы былога двара Ўладзіміра Шыбута сына Ксавэры Шыбута. Недалёка ад іхняй хаты ў бок Волькі была хата Марылі Шыбут (ейны мужык Яўхім памёр раней), потым хата яе сына зноў-такі Міхала Шыбута з жонкай Зосяй.


Рома й Яўген Шыбуты, іхні сын Анатоль каля хаты ў Навусьці ў 1969 годзе. Рамуальда Шыбут на сваім падворку ў Навусьці перад спродажам сядзібы ў 2002 годзе.



Кацярына й Іван Незабудкі ды Баляслаў Садоўскі (жыхары Козе Пенна) ловяць рыбу крыгаю на Вольцы блізу Навусьці, 1960 год.


Баляслаў Садоўскі з Козе Пенна ў 1970-я гады.

У Козе Пенна былі тры двары. Ад Волькі ў лес на ўсход былі сядзібы Жыльневічаў (Віктар з жонкай Юзэфінай або проста Юзэфай, якія мелі некалькі дзяцей), потым Незабудак (Іван з жонкай Кацярынай і з дзецьмі), потым Садоўскіх (Баляслава з жонкай Генуэфай, або проста Геняй, сын Уладзімір і дачка Марыя). Недалёка ад іх на паўднёвы захад жыла радзіна Рыбіцкіх (Іван з жонкай Міхалінай). Далей у Лойкаўшчыне жытлавалі Шчэрбацэвічы (Аляксандр з жонкай Яўгеніяй, якія мелі толькі адну дачку Марыю). Марыя пабралася з Богданам Касьпяровічам, і яны таксама мешкалі тамака аж пакуль ужо нажыўшы дванаццаць дзяцей ня выселіліся ў Яськава-Гвінты.



Марыя Шчэрбацэвіч у 1960-х гадох, яе бацька Александр Шчэрбацэвіч у 1990-х гадох.

Богдан Касьпяровіч і яго жонка Марыя (у дзявоцтве Касьпяровіч) у 2014 годзе каля свайго двара ў Яськава-Гвінты.


На двух Зарэчных выспах, што да вайны клікалі Валяваткай, у асноўным жытлавалі браты Гарадовічы. На бліжэйшым грудзе да Волькі быў двор Лукаша з жонкай Дашай. На далейшым грудзе ад Волькі жыў Якім Гарадовіч з жонкай Веранікай. Абедзе Гарадовічская радзіны мелі дзяцей. Па вайне на тыя груды ўсё часьцей кажуць як Гарадовічскія, а не Валяватка. Далей уніз па цячэньню Волькі ў трэцяй даваеннай Валяватцы па-ранейшаму мешкалі Віршычы (Станіслаў з жонкай Алесяй і дзецьмі). Тое мейсца сталі клікаць як Жданкі, а за найменьням Валяватка застаўся толькі хутар Сабалеўскіх, што недалёка ад Каменнай Слабады.


Хутар Віршычаў у Жданках, пачатак 1980-х гадоў. Стась Віршыч на сваім панадворку, 1960-я гады

189 views0 comments
bottom of page