top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Налібоцкая пушча як выбітная прыродна-гістарычная з'ява

Updated: Jan 15, 2023


Сярэдневечная Налібоцкая пушча. Малюнак Аляксандра Міцяніна.
Сярэдневечная Налібоцкая пушча. Малюнак Аляксандра Міцяніна.


Тое, што Налібоцкая пушча ёсць выбітна каштоўны прыродны комплекс, які мае ўнікальную людзкую гісторыю, у мяне ніколі ні выклікала аніякага сумлеву. Знаходзячыся ў Налібоцкай пушчы й вандруючы па яе абшарах, гэта неяк адчувалася само сабою, нават без якіхсьці грунтоўных ведаў, так на чуйным роўні. З цягам часу я ўпэўніўся, што не ўсе гэтак мяркуюць і на тое трэба доказы. Паступова я выпрацаваў гэтакі набор аргумэнтаў, якія тым ня менш успрымаліся годнымі зноў такі ня ўсімі людзьмі як з прафэсійнага, гэтак і з абывацельскага колаў. Звычайны пэсымістычны падыход да Налібоцкае пушчы наступны: «Ну, так, гэта вялікі лес, але амаль што паўсюдна пасечаны па Другой сусьветнай вайне. Акрамя таго тамака амаль што ўсе багны асушаны ў пасьляваенны час. Гэтакім чынам, экалягічная каштоўнасьць Налібоцкай пушчы невялікая. Гісторыяграфія Налібоцкай пушчы – нічога ня ведаю. Во Белавежская пушча, то тое выбітна, бо нават расейскія цары туды ездзілі на паляваньне». Пры гэтым адносна меншая годнасьць Налібоцкай пушчы ў параўнаньні з Белавежскай пушчай гучыць амаль што ў кожным другім гэтакім адказе. Тое вымагае гэтакае ж параўнаньне з Белавежскай пушчай унікальных вартасьцяў Налібоцкае пушчы.У гэтым выпадку я звычайна кажу наступнае, што й паведамлю тутай. Па-першае аб гісторыі Налібоцкае пушчы, гэты леса-багенны тэрэн у прынёманскай нізіне быў мёйсцам даўнейшых ловаў ліцьвінскіх князёў, аж з далёкага XIV стагодзьдзя, калі на яе ўскрайку будаваўся славуты Крэўскі замак. Нездарма, а з нагоды вяльможных паляваньняў ды дзеля навучэньня войска цягам ловаў зуброў, а таксама іншага буйнога зьвера, гэтая пушча пад Налібакамі й захавалася як агромісты прыродны комплекс. Пры гэтым ён паўсюль аблямаваны аграрна-ўрбанізацыйнымі землямі, што былі апірышчнымі ў даўнейшай беларускай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім, з першай яе сталіцаю ў недалёкім Наваградку. Нездарма ў бліжэйшых, або няблізкіх але яшчэ навакольлях Налібоцкае пушчы ёсьць гэтакая навала сярэднявечных замкаў: Мір, Нясьвіж, Любча, Наваградак, Крэва й Гальшаны. Да гэтага трэ дадаць, што параўнальна недалёка знаходзяцца кастэліі ў Лідзе, Вільні ды Троках. Дзе яшчэ ёсьць гэтакае спалучэньне князеўскіх маератаў ды раскошнага прыроднага тэрэну? Прынамсі гэтых рысаў гістарычнай адметнасьці няма ў Белавежскай пушчы. Таксама менавіта гэты прынёманскі край усьведамляецца як летапісная Літва й пачатак Вялікага Княства Літоўскага (Ермаловіч, 1991; Вялікае княства Літоўскае. Энцыкляпэдыя ў трох тамах, 2006-2008).


Сярэдневечнае паляваньне на зубра ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.
Сярэдневечнае паляваньне на зубра ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Выдатным для Налібоцкае пушчы зьяўляецца яе лучнасьць да ракі Нёман, якая здаўна ліцьвінамі, а па-цяперашняму беларусамі, вобразна ўспрымаецца як бацька зямлі беларускай. У гэтым дачыненьні параўнаньне гэтае пушчы з Белавежскай пушчай далёка не на карысьць апошняй, бо тамака няма гэтакае славутай і магутнай ракі, ды нават няма гэтакай як Бярэзіна (маецца на ўвазе Заходняя Бярэзіна).


Нёман пры Налібоцкай пушчы.

Надта істотна зьвярнуць увагу на сам назоў Налібоцкая пушча. У сярэднявеччы й нават яшчэ не так даўно пушчамі называлі досыць вялікія абшары прыроднага тэрэну з перавагай лесу. Гэтак Вялікае Княства Літоўскае а пазьней Беларусь ляндшафтна мела тры асноўныя складальнікі, як тое мала заселеныя людзьмі пушчы, леса-аграрная мазаіка з нешматлікімі людзкімі паселішчамі й моцна трансфармаваныя зоны аграрна-урбанізацыйныя вакол гістарычных цэнтраў, або напоўніцу аграрныя. Пры гэтым пушчы займалі ня менш паловы гэтае зямлі, ды й цяперака яны даюць ледзь не траціну Беларусі. Адылі, дагэтуль шырока распаўсюджаны толькі два найменьні вялікіх прыродных комплексаў са словам пушча. Гэта Налібоцкая пушча й Белавежская пушча, што паведамляе аб шырокім людзкім успрыманьні й Налібоцкай пушчы як выбітнай прыродна-гістарычнай зьявы дагэтуль.

Неаднаразова закаханыя згадкі пра гэтую пушчу ёсьць у паэтычных творах навакольных паэтаў Адама Міцкевіча й Уладзіслава Сыракомлі. Менавіта з гэтымі мясьцінамі шчыльна зьнітаваны іхняе жыцьцё й творчасьць. Адам Міцкевіч у сваёй славутай паэме «Пан Тадэвуш або апошні наезд у Літве» асабліва шмат радкоў прысьвяціў узьнёсламу апісаньню гэтае пушчы. Аб тым, што гэта як раз тыя мясьціны, мы пазнаем з адпаведных тапанімічных згадак, напрыклад, згадкі прынёманскі Купійск на ўскрайку Налібоцкае пушчы. Акрамя таго Налібоцкая пушча й у часы Адама Міцкевіча была найбольш раскошным леса-багенным тэрэнам у ягоных спадчынных мясьцінах.

Як падаецца, на думку пісьменьніка Ўладзіміра Арлова, выказанай у ягоным творы «Час чумы», менавіта ў Налібоцкае пушчы адбылася слыннае паляваньне вялікага князя літоўскага Аляксандра й ягонай сьвіты на зуброў, што апісана ў славутай паэме Міколы Гусоўскага «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis». Пад час гэтага паляваньня зубр-магут разьбіў паляўнічы памост княжаскай сьвіты, якую выратаваў адзін з шараговых паляўнічых. То быў славуты ліцьвінскі паэта Мікола Гусоўскі. Можа быць менавіта апісаньне велічы Налібоцкае пушчы й захапленьне пушчанскімі абшарамі, зубрамі, зьвярынымі ловамі мы чытаем у ягоных паэтычных радкох (Гусоўскі, 1973).

Ну гэта ўсё было раней, а што ёсьць у цяперашні час. Цяперака Налібоцкая пушча ўсё яшчэ агромісты лясны масіў недзе пад дзьве тысячы квадратовых кілямэтраў, па якому ляснымі дарогамі можна ледзь не дзень ехаць на самаходзе з канца ў канец і дзе пераважна не гэтак шмат людзей нават у цёплы сэзон. Так, ад Мірскага рогу на паўднёвым усходзе Налібоцкае пушчы й да Вішняўскіх ваколіц на яе паўночным захадзе напрасткі ёсьць амаль што 80 кілямэтраў. Сам гэты фэномэн неабсяжнасьці прыроднага асяродзьдзя ў цяперашні час ягонага хуткага зьнішчэньня й паўсюднай людзкой прысутнасьці ўжо ёсьць выбітнасьць. Трэба пагадзіцца, што Налібоцкая пушча шмат пасечана пасьля Другой сусьветнай вайны, але тамака яшчэ захавалася нямала фрагмэнтаў старога, а мейсцамі ледзь не пярвотнага лесу. Гэтакія маладасягальныя для лесасекаў старыя лясы яшчэ ёсьць ва ўсіх частках Налібоцкай пушчы, але пераважна яны захаваліся ў даліне Бярэзіны й абапал, а таксама пад Бродным на поўдні Налібоцкай пушчы.


Старасьвецкі лес у Налібоцкай пушчы.
Старасьвецкі лес у Налібоцкай пушчы.

Старасьвецкі лес у Налібоцкай пушчы.
Старасьвецкі лес у Налібоцкай пушчы.

Так, паўсюднае асушэньне Налібоцкае пушчы, што адбылася ў пэрыяд з 1960-х і да 1980-х гадоў, карэнным чынам зьмяніла яе прыроднае асяродзьдзе. Але шматлікія каналы й сухадольныя галявіны, што былі ўтвораны пад час асушэньня, пазьней былі з большага закінуты людзьмі з-за непатрэбнасьцю. Асушальныя каналы шчыльны засялілі й бабры. Пабудаваўшы мноства дам упоперак гэтых каналаў, яны ўтварылі ў Налібоцкай пушчы тысячы стаўкоў, што шмат дзе вярнула травяныя багны, багенныя чорнаалешнікавыя й пушыстабярозавыя лясы да іхняга натуральнага стану.


Бабровая дама на лесаасушальнай канаве ў Налібоцкай пушчы.
Бабровая дама на лесаасушальнай канаве ў Налібоцкай пушчы.

Бабёр - гатунак, яки значна паляпшае ясяродзьдзе Налибоцкай пушчы.
Бабёр - гатунак, яки значна паляпшае ясяродзьдзе Налибоцкай пушчы.

Жэрэмя баброў сярод закінутай і зарослай лазовымі хмызамі асушальнай сістэмы ў Налібоцкай пушчы.
Жэрэмя баброў сярод закінутай і зарослай лазовымі хмызамі асушальнай сістэмы ў Налібоцкай пушчы.

Бабровы стаў  на асушальнай канаве ў Налібоцкай пушчы.
Бабровы стаў на асушальнай канаве ў Налібоцкай пушчы.

Узьнік амаль што беспрэцэдэнтна біятапічна-разнастайны прыродны тэрэн з кампактным пакункам экалягічна ёмістых біятопаў. Трапіўшы сюды эколяг звычайна шакаваны тым экалягічным багацьцем Налібоцкае пушчы, што спалучылася цяперака не без дапамогі чалавека. Да таго ж трансзанальнае мейсцазнаходжаньне Налібоцкай пушчы паміж паўночнымі іглічнымі лясамі й больш паўднёвымі пераважна шырокалісцёвымі лясамі абумовіла надзвычайна гатункава-багатую флёру і фаўну са значным спалучэньнем барэальных і немаральных кампанэнтаў.


Зубры ў Налібоцкай пушчы. Цяперака іх каля ста асобнікаў.
Зубры ў Налібоцкай пушчы. Цяперака іх каля ста асобнікаў.

Буры мядзьведзь зноў засяляе  Налібоцкую пушчу. Цяперака іх 8-12 асобнікаў.
Буры мядзьведзь зноў засяляе Налібоцкую пушчу. Цяперака іх 8-12 асобнікаў.


Глушэц на токах у Налібоцкай пушчы.
Глушэц на токах у Налібоцкай пушчы.

Партус стаў распаўсюджаным гатункам драпежнікаў у Налібоцкай пушчы. Цяперака іх 80-100 асобнікаў.
Партус стаў распаўсюджаным гатункам драпежнікаў у Налібоцкай пушчы. Цяперака іх 80-100 асобнікаў.

Барадатая кугакаўка шырока распаўсюджана ў Налібоцкай пушчы.
Барадатая кугакаўка шырока распаўсюджана ў Налібоцкай пушчы.

121 views0 comments
bottom of page