top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Пушчанскія юнакі на службе расейскага войска і пагібель Ігнася Козец з Казлова Барка, 1916 год


У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты. Дадзенае апавяданьне ёсьць чацьвертае, што я друкую ў гэтым краязнаўскім блозе.


Гэты аповяд кароценькі і без складаных вострасюжэтных дзеяў. Яна паведамляе аб трагічным лёсе аднаго сымпатычнага пушчанскага хлопчыка Ігнася Козец, які заўчасна загінуў, працуючы юнгам у кавалерыйскім аддзеле расейскага войска пад час Першай сусьветнай вайны. Рыхтуючы гэтую кнігу Налібоцка-пушчанскіх навэлаў, немагчыма было прамаўчаць аб тым кранальным хлапчуковым лёсе.

Пад час Першай сусьветнай вайны расейскае войска набірала на службу крыху юнгаў, то бок патрыятычна нашыхтаваных хлопцаў 14-17 гадоў. Пераважна яны дапамагалі чымся пры вайсковых штабах як пасыльныя для вуснай або пісьмовай перадачы паведамленьняў, таксама дзеля выведкі ў прыфрантавой зоне з нямецкага боку, але ў асноўным пры даглядзе за коньмі ў кавалерыі. Камандаваньне лічыла, што наяўнасьць юнгаў спрыяе ўздыму вайсковага маральнага духу і матывізаванасьці жаўнераў у вайне. Разьлік быў просты. Раз юнакі згодны ўдзельнічаць у вайне і магчыма ахвяраваць жыцьцём, то напэўна тое азначае, што існуе адзінае ўсенароднае супрацьстаяньне ворагу, што вайна патрэбна грамадзтву дзеля далейшага прасоўваньня найістотнейшых інтарэсаў дзяржавы або абароны заваёў айчыны. Юнгаў у расейскім войску не было шмат, але разам з тым іхняя наяўнасьць не была чымся надзвычайным асабліва ў кавалерыі.

З восені 1915 году ў Налібоцкай пушчы пад хутарам Казловы Барок на пастоі быў немалы кавалерыйскі аддзел. Тая кавалерыя была патрэбна на выпадак прарыву нямецкіх войскаў паўз Нёман у паўночна-усходнім накірунку на абарончыя пазыцыі расейскіх войскаў. У гэтым выпадку контратака немцаў кавалерыяй на пераважна адчыненых варунках даліны Нёмна магла бы быць слушнай і прыпыніць прасоўваньне варожага нямецкага боку.

На пачатку зімы 1915 года на службе ў тым кавалерыйскім аддзеле апынуліся два гэтакіх юнгі. То былі Яўген Цехановіч з вёскі Вераскава, якая на той час была акупавана немцамі, ды Ігнась Козец, які жытлаваў з бабуляй побач на адным з хутароў паселішча Казлоў Барок. Невядома, чаму той Ігнась мешкаў толькі з бабуляй, і дзе былі ягоныя бацькі на той час. Калі задацца пытаньнем, чаму тыя хлопцы апынуліся ў расейскім войску, то вядома, што тымі юнгамі рухаў ня толькі патрыятызм. Немалой матывацыяй было, што ў войску яны былі апрануты і накормлены. Што тычыцца Ігнася, то ён з бабуляю нярэдка галадавалі, бо не маглі даць рады, каб напрацаваць досыць харчоў удвох стары і падлетак. Таму Ігнась, служачы побач з бабуліным хутарам, усяляк дбаў, каб хоць крыху падхарчаваць сваю саслабелую бабулю, самотнае жыцьцё якой было далёка ад сытага.

У штодзённай працы з коньмі прайшла зіма і вясна 1916 году. Лёгка Ігнасю не было. Але ён працаваў шчыра, быў абаяльным жвавым хлапчуком, і яго любілі жаўнеры, якія былі штодзённа побач. Зь ім жаўнеры дзяліліся сваёй ежай, каб Ігнась ня чэзнуў ад недаяданьня, бо ўсе ведалі, што пераважна ён адносіць свае харчы бабулі.

Неяк улетку ў самую заедзь (па-тутэйшаму той сэзон завуць ядун) коні амаль што вар’яцелі ад заядзі, асабліва ад слепакоў. Даглядаючы за імі, неяк Ігнась быў моцна зьбіты гэтакім зьбянтэжаным канём. Той адбіў яму нырку. Ігнась цяжка захварэў, але трымаўся. Палкавы лекар наколькі было ў ягоных мажлівасьцях спрабаваў уратаваць Ігнася. Ён выразаў яму адбітую нырку, але мусіць позна або няўдала. Ігнась пух і пачуваўся цяжка. Потым Ігнась стаў моцна худнець і ўрэшце сьпятрэў, як кажуць, да скуры і костак. Разам з гэтым схуданьнем Ігнась губляў магчымасьць хадзіць. Ён адчуваў, што памрэ і прасіў перавезьці яго да бабулі. Што маглі яму адказаць тыя людзі вакол яго, бо бабуля тыдзень як памерла. Яму абяцалі перавезьці да бабулі, як яму стане крышачку лепш. Ня гледзячы на ўсе намаганьні лекараў, Ігнась памёр, пратрымаўшыся ледзь не два месяцы. Кажуць, што незадоўга да сьмерці Ігнась, неяк дазнаўшыся, што бабуля ўжо памерла, ён папрасіў кагось занесьці яго да Вусы – рэчкі ягонага маленства, якую ён успрымаў як блізкага сябра. Яму хацелася перад сьмерцю прыпасьці да чагось свайго і блізкага, хоць не да бабулі дык хоць да ўлюблёнай рэчкі. Яго насілі да Вусы і ня раз. Як Ігнась памёр і калі яго хавалі, то нават некаторыя загартаваныя ў цяжкіх баях жаўнеры румзалі ад той кранальнай страты як тыя дзеці. Гэтак скончылася нядоўгае жыцьцё слаўнага пушчанскага хлопца з Казлова Барка на імя Ігнась Козец.


50 views0 comments
bottom of page