Пясчаная выдзьма пад Навусьцю
- Vadim Sidorovich

- 18 hours ago
- 2 min read
Пад хутарам Навусьць у Налібоцкай пушчы захавалася цікавае геомарфалягічнае ўтварэньне. Гэта пясчаная выдзьма вышынёю каля чатырох мэтраў ды недзе 70 мэтраў на 30 мэтраў у яе прыблізна авальнай форме. Паходжаньне той акумуляцыі пяску водна-ледавіковае, а потым эолавае. Пры таяніі ледавіка цягам Сожскага абледзяненьня (220-110 тысяч гадоў таму) тым часам, калі край гэтага ледавіка стаяў крыху паўночней сучаснай Налібоцкай пушчы, дзе ўтварыў Ашмянскую краявую граду, тутай, дзе зараз даліна Волькі, нёсься вялізны паток вады. У некаторых мейсцах гэты паток раздзяляўся, утвараючы разгалінаваньне адпаведнай даліны, якую ён утвараў. Паміж гэтакімі патокавымі рамёнамі часам адкладаліся грады пяскоў, якія падсыхаючы, перадзьмуваў вецер. Высокая форма гэтых пяскоў, як у выпадку пад цяперашняй Навусьцю, захавалася з таго, што ўсяродку пясчанай грады залягаюць крыху зацьвярдзелыя пясчанікі, то бок крэмназём умацаваны карбанатамі. Гэтак і здарылася пад цяперашня Навусьцю. Большасьць той доўгай пясчанай грады паступова зарасло травастанам і лесам, але на самым яе прыканцы захаваліся адчыненыя пяскі. Напэўна гэтаму нямала спрыялі тое, што ў міжваенны час тамака быў канец вузкакалейнай чыгункі з буданамі, дзе шмат працавалі з пагрузкай дрэўны ў вагоны. Таксама цяперака гэтыя пяскі шмат ўжываюць дзікія капытныя і ваўкі дзеля грумінгу і знакоўкі, што значна падтрымоўвае тыя пяскі ад зарастаньня.



На ніжніх фатаздымках пясчанай выдзьмы відаць абнажэньне пясчаніка.
Дзікія капытныя і ваўкі на тых пясках.

Цікава, што да вёскі Навусьць, дакладнее да бліжэйшага да Навусьці-вёскі канца Козе Пенна даходзіла вузкакалейка зь Івянца, якая існавала з 1922 году па 1935 год. Апошнія шэсьць гадоў кавалак гэтай вузкакалейкі ад Поўдарожжа да Козе Пенна не ўжавыўся, калі прыблізна і зроблена было гэта фота. У 1935 годзе яна была разабрана польскімі уладамі і тутэйшымі сялянамі. Нават цяперака ў яе навакольлі на кожным сялянскім падворку ў тым ліку і ў Навусьці можна знайсьці рэйкі ад той чыгункі. У 1920-х гадох перасоўваньне па вузкакалейнай чыгунцы ад Івянца да Козе Пенна адбывалася цягніком зрэдку. У асноўным вагоны (2-5) цягнулі конна па 4-6 моцных коней. Фактычна, то была першая вузкакалейная чыгунка ў тэрэне Налібоцкай пушчы. Яна была пабудавана ў 1907 годзе з вёскі Вайгняты да вёскі Букатава, якая потым у 1922 годзе была значна падоўжана й перасекшы раку Бярэзіну паміж вёскамі Навасёлкі й Барценіха й была пракладзена пушчай да мястэчка Валожын, потым на мястэчкі Першай, ды Івянец і далей да хутара Козе Пенна. Узгодна з тагачаснай польскай мапай (А33 В33 Iwieniec) гэта вузкакалейка была пракладзена ад Івянцу на вёску Серкулі, потым на вёскі Дайнаву, Паўдарожжа, Новы Двор і потым на Козе Пенна. Агульная яе даўжыня была 94 км.

























Comments