top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Сталае рысёвае мейсца шматгадавога ўжытку

Updated: Jan 13, 2023

Сааўтар Ірына Ратэнка


У Налібоцкай пушчы гэтак жа як і ў іншых раскошных лясох рысі  на сваёй дзялянцы жыхарства маюць даволі шмат сваіх мейсцаў разнастайных па іхняй ролі ў іхнім рысіным патрэбах. Гэта  мейсцы тэрытарыяльнай знакоўкі; сну, або проста адпачынку; логавішчы,  іхнія лавецкія засады; мейсцы грумінгу і пазьбяганьня заедзі або дажджу і снегападу; мейсцы, дзе рысяняты могуць бяспечна і зручна паварукацца адно з адным;, а таксама дзе матка можа іх пакарміць і бясьпечна пакінуць на нейкі кароткі або працяглы час. Больш за ўсё бывае ў рысяў мейсцаў тэрытарыяльнай знакоўкі. У некаторых дарослых самцоў іх бывае сотні. Адылі й астатніх рысёвых мейсцаў іншага кшталту ў кожнай рысі нямала.


Часам нейкія лякальныя варункі патоляць большасьць рысіных патрэбаў гэтакіх як сон і грумінг у сухім мейсцы бяз заедзі і (або) асадкаў, эфэктыўнай лавецкай засады і (або) знакоўкі, а таксама як зручнае і бясьпечнае мейсца для побыту маткі з рысянятамі. У гэтакім мейсцы рысі зьяўляюцца часта. Паколькі прасторавай структуры папуляцыі рысі характэрна ўкладзенасьць дзялянак жыхарства шэрага асобнікаў (на гэтакай дарослага самца звычайна  жывуць маткі з рысянятамі і напаўдарослыя асобнікі), то ў адно гэтакае мейсца можа рэгулярна візытаваць 3-7 розных рысяў (улучая рысянят).


Ніжэй мы паказваем гэтакае рысёвае мейсца, дзе цягам сямі гадоў была зафільмавана прысутнасьць шасьці розных дарослых самцоў, чатырох матак з рысянятамі (адна зь іх карыстала тое мейсца чатыры гады, а другая два гады), ды пяці невялікіх (напэўна напаўдарослых на другім годзе жыцьця) асобнікаў. Цягам гэтых сямі гадоў не праходзіла і дзесяці дзён, каб нейкая рысь не прыйшла туды, але нярэдка бывалі рысёвыя візыты і праз дзень і нават па некалькі разоў за содзень. Візытаваньне рысямі таго мейсца заўважна залежала ад шчыльнасьці насельніцтва ў Налібоцкай пушчы. Калі рысяў было 4-6 асобнікаў на 100 квадратовых кілямэтраў, то мы рэгістравалі рысяў на тым мейсцы ў сярэднім раз на 3-5 содняў; а калі рысяў паменшыла да 1-3 асобнікаў на 100 квадратовых кілямэтраў, то рысі ўжывалі тое мейсца раз на 7-11 содняў.


Тамака яны ўхаджвалі за сабою (грумінг); адпачывалі час ад часу спаўшы; пільнавалі падыход патэнцыйных ахвяр, каб здабыць іх падкраўшыся;  рысіняты гулялі барукаючыся і лазячы на стаўпуры паваленых дрэў; рысіца ўхаджвала за імі і карміла сваім малаком або прынесенай ахвярай; часам рысіняты падоўгу адседжваліся тамака, калі матка адыходзіла кудысьці; а таксама часта рысі знакавалі тое мейсца мачою, апраўкамі і водарам скураных залоз.

Крыху апішам тое рысёвае мейсца і адзначым чымся яно адмысловае для рысяў. Па-першае, яно ўяўляе сабою шэраг (пяць) вываратаў вялікіх ялін разьмеркаваных побач па простай лініі на краю ветравала. З камлявога боку гэтых вываратаў заўжды суха і няма ветру. Па краю ветравала беспасярэдне за гэтымі вываратамі ідзе зьвярыная сьцяга, па якой у асноўным ходзяць алені, казулі, ласі, дзікі й янотападобныя сабакі. Частка гэтых зьвяроў ёсьць патэнцыйныя ахвяры рыся. Да таго ж таксама блізкі бок ветравала мяжуецца з невялічкай высечкай, дзе з мажлівых ахвяр рысей часта кормяцца казулі, алені і зайцы-белякі. Рысю можна з таго мейсца падпільноўваць ахвяр, то бок і адпачываеш, і палюеш. Далей,  тамака ёсьць нямала паваленых стаўпуроў дрэў, якія ўзвышаюцца каля двух мэтраў над зямлёю, а таксама паўсюдна і каля тых вываратаў захаваліся досыць вялікія дрэвы. Гэта азначае, што для рысянят як зручна гуляць адно з адным, гэтак і лёгка схавацца на недасягальнай вышыні на выпадак небясьпекі.

На відэа зьверху і на калажы зьнізу рысі ў тым мейсцы ў розныя сэзоны і гады, а таксама з рознымі патрэбамі.





106 views0 comments
bottom of page