top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Тышкевіцкае Вялае як выбітная з'ява лякальнай гісторыі Налібоцкай пушчы

Updated: Mar 29, 2023

Сааўтар Баляслаў Сідаровіч


У дзевятнаццатым стагодздзі і на пачатку дваццатага стагодздзя мейсца Вялае, або Вяла, дзейнасць ліцвінскага магнацкага роду Тышкевічаў тамака набыла вялікую значнасць у гісторыі Налібоцкай пушчы. На самым пачатку дзевятнаццатага стагодздзя (з 1803 году) Тышкевічы завалодалі землямі на Валожыншчыне (у тым ліку й паўночнымі тэрыторыямі Налібоцкай пушчы ўлучна Вялае) і адбудавалі вялікі мураваны палац у мястэчку Валожын. Яны пачалі ўжываць Вялае як мейсца правядзеньня шыкоўных ловаў, якія былі істотным атрыбутам магнацкага жыцьця ў той час. Першапачаткова ў Вялым былы толькі развойная гаёўня, дзе мешкалі адпаведныя леса-лавецкія службоўцы кшталту асочнікаў і лясных стражаў.


У 1840 годзе ў Вялае Тышкевічамі адбудоўваецца драўняны паляўнічы палацак. У прыватнасьці, ягонае будаўніцтва было замоўлена, фінансавалася і кантралявалася Бенядыктам Эмануэлям Тышкевічам (жыў 1801-1866 гады). Гэты палацык прастаяў у Вялае ў больш менш першапачатковым выглядзе да сярэдзіны 1880-х гадоў, калі ён быў значна перабудаваны. Яго звалі даўнім лавецкім палацыкам. Захаваўся ягоны фотаздымак, што быў надрукаваны ў польскім лавецкім часопісе ў 1939 годзе ( Łowiec Polski, 1939(3)). Тамака таксама надрукавана фота іншага лавецкага палацыку ў Вялае, які звалі новым. Параўновываючы іх архітэктурна, відаць, што новы палацык быў асобным будынкам (то бок не зьяўляўся перабудаваным даўнім палацыкам), але абодва палацыка архітэктурна падобны. Хутчэй за ўсё ён стаяў блізка ад даўняга палацыку на тым жа самым пляцу з супрацьлеглага боку. Недзе напрыканцы 1880-х гадоў, або на самым пачатку 1890-х гадоў гэтыя драўняныя вялікія забудовы зь якойсьці нагоды згарэлі.




Даўні лавецкі палацык у Вялае. Фота надрукавана ў Lowiec Polski, 1939(3).
Даўні лавецкі палацык у Вялае. Фота надрукавана ў Łowiec Polski, 1939(3).



Новы лавецкі палацык у Вялае. Фота надрукавана ў Lowiec Polski, 1939(3).
Новы лавецкі палацык у Вялае. Фота надрукавана ў Łowiec Polski, 1939(3).

Замест згарэўшых паляўнічых палацыкаў у Вялае Бенядыктам Генрыхам Тышкевічам (жыў 1852-1935 гады) у 1890-х гадох будуецца вялізная мураванка, астанцы якой ацалелі дагэтуль. Гэты палац быў мураваны чырвонай цэглай на муры з колатага валуну. Ён меў тры паверхі (калі лічыць пакоі на паддашку) й шмат пакояў. Перад пераездам у Вялае Бенядыкт Генрых Тышкевіч жыў пераважна ў Францыі. Па сьмерці жонкі ў 1883 годзе ён вырашыў значна больш жыць сярод дзікай прыроды, у аддаленым і ціхамірным Вялае ў Налібоцкай пушчы.


Фота зьлева паказвае будаўніцтва мураванкі ў Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.

Фота справа паказвае сучасны выгляд астанцаў той мураванкі ў Вялае.


У новай мураванцы Бенядыкт Генрых Тышкевіч ладзіў фоталябараторыю і павільён для фотаздымак. Бенядыкт Генрых Тышкевіч быў першым ліцьвінска-беларускім фатографам. Акрамя павільённых фотаздымкаў ён займаўся фатаграфаваньнем побыту тамтэйшых сялян. Таксама Бенядыкт Генрых Тышкевіч быў аматарам паляваньня й фатаграфаваў прыроду ў тым ліку і некаторых дзікіх жывёл, напрыклад высакародных аленяў. Істотна зазначыць, што геаграфічную лякалізацыю сваіх фотаздымкаў Бенядыкт Генрых Тышкевіч падпісваў нязьменна як Літва, Вялае. У Вялае ён пераважна жыў досыць значны час (гады). Цяжка сказаць да якога году гэты славуты піянэр-фатограф, выбітны вандроўнік і калекцыянэр Бенядыкт Генрых Тышкевіч пераважна жыў у Вялае , а потым толькі часам наведваўся ў Вялае. Таксама ўсе гэтыя гады ён часта бываў за мяжою, пераважна ў Францыі, а потым зноў вяртаўся ў Вялае.



У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.
У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.



У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.
У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.



Хата і радзіна вартаўніка і распарадчыка Вялае на час адсутнасьці Тышкевічаў,  1890-я гады.  Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.
Хата і радзіна вартаўніка і распарадчыка Вялае на час адсутнасьці Тышкевічаў, 1890-я гады. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.



У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.
У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.




У Вялае ў 1890-х гадох. Фота Бенядыкта Генрыха Тышкевіча, дадзенае дзеля друку Музэем Нісефора Ньепса, Францыя.




Бенядыкт Ян Тышкевіч з забітымі двума дзікамі ў прыіслачскай дуброве. Надрукавана ў Łowiec Polski, 1934 (8).
Бенядыкт Ян Тышкевіч з забітымі двума дзікамі ў прыіслачскай дуброве ў Налібоцкай пушчы недзе ў 1910-я гады. Надрукавана ў Łowiec Polski, 1934 (8).

Паступова Вялаўская гаспадарка пераходзіць у рукі сына Бенядыкта Яна Тышкевіча (жыў 1875-1948 гады), які быў жарсным заўзятарам паляваньня й узбагачэньня навакольнай прыроды. Адылі ягонае пушчанскі-значнае гаспадараньне доўжылася ў Вялае толькі да 1915 году.У Вялым Бенядыкт Ян Тышкевіч стварыў досыць вялікі зьвярынец плошчай каля 400 гектараў. У гэтым зьвярынцу, які праіснаваў да 1915 году, утрымліваліся ласі, даніэлі, плямістыя й высокародныя алені, казулі й нават бурыя мядзьведзі. Таксама ў зьвярынцу пачалі разводзіць баброў ды базаноў. Будаўніцтва зьвярынцу каштавала больш за тысячу расійскіх рублёў, што на той час было немалымі грашыма. У Вяла ў асноўным паляваньне вялося на дзікоў, ласёў, высакародных аленячў і боброў. Бавіліся й паляваньнем на глушцоў, качак, бурага мядзьведзя, ваўка й рысь. Бенядыкт Ян Тышкевіч, як і бацька, быў таксама крыху фотааматарам і пераважна спрабаваў фільмаваць дзікіх жывёл, але гэтакія ягоныя фотаздымкі на жаль амаль што не захаваліся (мажліва акрамя некаторых, што былі надрукаваны ў ужо прыгаданым польскім лавецкім часопісе ў 1939 годзе). У Тышкевічаў быў свой прыватны самаход – адзін з першых на тагачаснай Беларусі, і на гэтым самаходзе на пачатку дваццатага стагодзьдзя яны прыяжджалі ў Вялае. Гэтакім чынам, то быў першы аўтамабіль, які ездзіў на тэрэне Налібоцкай пушчы. Бенядыкт Ян Тышкевіч канчаткова зьехаў зь Вялае з пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе, далей жыў у Парыжы і больш у Вялае не вяртаўся.




Фота высакародных аленяў у Налібоцкай пушчы недзе ў 1910-я гады. Верагодна фота Бенядыкта Яна Тышкевіча. Фота надрукавана ў Łowiec Polski, 1939(3).

Фота паляўнічых трафеяў на шрэках у Вялае недзе ў 1930-я гады. Фота надрукавана ў Łowiec Polski, 1939(3).



У 1915-1918 гадох пад час Першай сусьветнай вайны ў мураванцы Тышкевічаў у Вялае абаснаваўся вялікі расійскі ваенны шпіталь. Пад час гэтае вайны Вялаўскі зьвярынец і мураваны палацык у Вялае былі разрабаваны вайскоўцамі і клусаўнікамі, да таго ж адна з акопных ліній абароны расійскіх войскаў капалася па краю зьвярынца, што таксама нямала прыспароміла заняпад зьвярынца і палацыку.


Пасьля Першай сусьветнай вайны за польскім часам польскія ўлады з 1926 году спрабавалі аднавіць Вялаўскі зьвярынец і адрамантаваць Тышкевічскі палацык у Вялае, уклаўшы ў гэта шмат фінансаваньня. Разводзілі аленяў, баброў ды базаноў. Уваход Заходняй Беларусі ў склад СССР, а далей Другая сусьветная вайна спынілі гэтакія працы ў Вялае.


Пад час Другой сусьветнай вайны савецкія партызаны выбухнулі Тышкевічскую мураванку ў Вялае, бо тамака мейсьціліся вайсковыя немцы.У 1940-1951 гадох за савецкім часам у Вяла й ейных ваколіцах на параўнальна невялічкай плошчы 13.6 тысяч гектараў праіснаваў Вялаўскі запаведнік, што быў створаны савецкім урадам дзеля захаваньня і разьвядзеньня аленяў, дзікоў і баброў. У 1951 годзе, не дасягнуўшы развою, ён быў скасаваны савецкім урадам. Далей за савецкім часам у Вялае быў адбудаваны вялікі санаторый, які спыніў сваю дзейнасьць у асноўным з нагоды радыяактыўнага забруджваньня ў 1986 годзе пад час Чарнобыльскай аварыі. Цяперака Вялае стаіць пераважна запусьцелае, але хтосьці тамака мешкае ў дамох былых санаторных службоўцаў.

275 views0 comments
bottom of page