Як цягам вайны Яўстах Радзівілка трапіў сваё каханьне ды паваеннае жыцьцё ягонай радзіны
- Vadim Sidorovich

- 2 days ago
- 36 min read
Дадзенае апавяданьне аб лёсе гэтых пушчанцаў не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным.
Яно ёсьць мастацкая адлюстраваньне ды мажлівая рэканструкцыя падзей на няпоўнай дакумэнтальнай аснове з імкненьнем найбольшага праўдападабенства. Нягледзячы на гэта, безумоўна ў гэтым апавяданьні ёсьць нямала выдуманага, як тое размовы ды частка імёнаў, якія згадваюцца ў апавяданьні. Таму перш за ўсё яго трэба ўспрымаць як мастацкі літэратурны твор.
Гэтую гісторыю мне паведзілі яшчэ ў студэнскія гады яе асноўныя дзеячыя асобы, а менавіта Яўстах Радзівілка і Аўгусціна Фарботка. На пачатку 1980-ых гадоў я часам вітаў у іхнюю зьбяднелую хаціну з прывабным духам радзіннага шчасьця і радасьці жыцьцёвага руху. Але распавяду ўсё па парадку.
Родам з хутароў Завоі Яўстах Радзівілка напрыканцы 1937 году быў прыняты на службу палясоўшчыка ў гаёўню Купалішча. На паўночным усходзе Налібоцкай пушчы гэта гаёўня была найбольш заглыбленай у леса-багенныя нетры. Яна разьмяркоўвалася паміж разложыстай багнаю Паўночнае Ўюнішча з захаду і меншай, але вельмі топкай багнаю Купалішча з усходу. Сам купалішчанскі двор з хатаю і гаспадарчымі забудовамі стаяў на адрогу вялікай сухадольнай выспы Чарнава пры беразе багеннай рачулкі Жаўцянка. Цалкам тая гаёўня ўяўлялася немараччу, зь якой коннай фурманкаю магчыма было выбрацца ў накірунку бліжэйшай вёскі Белакорац толькі ў адносна засушлівае надвор’е летнім часам ды марознай зімою. Звычайна тая дарога забірала ня менш двух гадзін цяжкай працы каня і фурманшчыка. Даждлівым часам або веснавой распуціцай гаёўня Купалішча было адрэзана ад навакольнага людзкога сьвету. Веснавая ізаляцыя купалішчанскага гаёвага доўжылася каля двух месяцаў, а позьневосеньская гэтакая – каля месяца. Нагодамі налібоцка-пушчанскай леса-лавецкай гаспадаркі мець гаёвага ў Купалішчы былі цэлы шэраг, але асноўнымі былі наступныя дзьве.
Першая гэтакая нагода была неабходнасьць камусь забясьпечваць летняе сенакашэньне на прыгаданых травяных багнах, а таксама вартаваць багенныя сенакосы ад гвалтоўных пакосаў. Дзеля забесьпячэньня сенакашэньня пры купалішчанскай гаёўні лясьніцтва адбудавала дзьве вялікія пуні, а таксама значную колькасьць малых пуняк і трывалых адонкаў беспасярэдне пры травяных багнах. Пад час сенакосу ў тых пунях цягам некалькіх тыдняў жытлавала да сарака працаўнікоў сенакосу. Вывозілі сена ў першую палову зімы па яшчэ плыткаму сьнегу і марознаму надвор’ю. Да сканчэньня вывазу сена гаёвы быў павінен вартаваць складзенае сена і кантраляваць ягоны вываз.
Другой надобай мець гаёвага ў Купалішчы была патрэба ахоўваць гэтыя мясьціны ад клусаўнікоў. Асабліва значнымі лавецкімі гатункамі тутай былі лось, дзік, бабёр і качкі-крыжанкі. Акрамя таго на купалішчанскім багна штогод гнездавалася нямала шэрага гуся, які падлягаў у даваеннай Польшчы строгай ахове. Словам, адказнай працы ў купалішчанскага гаёвага было шмат ўся сэзонна.
Наймітам у тую аддаленую гаёўню ў купалішчанскай глухамані бралі спраўных і толькі жанатых мужыкоў. Практыка з самотнымі палясоўшчыкамі не апраўдвала сябе, бо яны ад таго адзінокага цяжкага жыцьця сьпіваліся і занядбала ставіліся да леса-лавецкай службы. Таму займеўшы гэтакую прапанову на працаўладкаваньне яшчэ нежанаты Яўстах пасьпяшаўся пабрацца шлюбам. Яму сасваталі дзяўчыну на імя Емяльяна Бычкоўская з недалёкай вёскі Рассолішкі. Емяльяна быццам бы спадабалася Яўстаху, і ён даў згоду на шлюб. Ну а саму Емяльяну ніхто і не пытаў, бо ў ейнага даволі беднага бацькі было яшчэ аж тры дачкі на выдане. Праз тры месяцы пасьля вясельля маладыя сужанцы перабраліся са сваім скарбам у гаёўню Купалішча, якая ўжо больш года пусьцела.
Праз два гады восеньню 1939 году савецкае войска вярнула заходнюю Беларусь ад Польшчы ў склад Беларусі і Савецкага Саюза цалкам. Шмат чаго памянялася ў жыцьці навакольных людзей, але ў жыцьці пры купалішчанскай гаёўні тых зьменаў было няшмат. Фактычна для Яўстаха зьмяніліся ачольнікі, паменшыў заробак, ну а ягоныя абавязкі засталіся, як і былі ранейшымі. Гэтак мінуў час да пачатку новай вайны 22 чэрвеня 1941 году. За гэты час у Емяльяны нарадзілася дачка, якая на другім годзе жыцьця памерла ад нейкай хваробы. Цалкам ладу ў радзіне Яўстаха і Емяльяны не было, бо не было каханьня да вясельля, ды не зьявілася яго і потым. Кожны выконваў свае працоўныя і радзінныя абавязкі, а размаўлялі яны між сабою мала, часта сварыліся бадай што нават з-за пустэчы. Яўстах моцна пераймаўся гэтакім нешчасьлівым станам стасункаў з жонкаю, шукаў нейкага выйсьця, тады як і без таго негаманкая Емяльяна сьцялася і казала штось толькі па пільнай справе.
Пачатак вайны, якая фактычна дакацілася да Налібоцкай пушчы толькі к канцу ліпеня 1941 года, неяк зблізіў Яўстаха і Емяльяну, кінуўшы ім выклік, каб шукалі падтрымку адзін у аднаго. Іхнія стасункі значна пацяплелі, і Яўстах, нягледзячы на цяжкі выпрабавальны час стаў спадзявацца, што мажліва ў яго з Емяльянай наладзіцца радзіннае жыцьцё, і будзе шчасьце. Але не табе. К восені 1941 году на сяродбагеннай сухадольнай высьпе Чарнава сталі зьбірацца чырвонаармейцы, якія адсталі ад сваіх вайсковых частак пры швыдкім наступе нямецкіх захопнікаў, або тыя, якія зьбеглі з нямецкага палону. Набралася тых жаўнераў пад шэсьцьдзесят ды зь імі каля дзясятка навакольных мужыкоў. Аднаго зь іх Рамана Радзівілка з вёскі Белы Бераг Яўстах добра ведаў. Ён быў сваяком Яўстаха, а дакладна стрыечным дзядзькам. Менавіта Раман прывёў у Чарнава першую групу чырвонаармейцаў. Паступова гэта партызанскае згуртаваньне пачало структурна афармляцца і ўладкоўвацца жытлаваць. Свойскія жывёлы, якія мелі пры двары Яўстах і Емяльяна былі хутка спажыты на ежу. Гаспадарчыя забудовы і сама гаёўня былі заселены партызанамі. Гвалту не было, бо фактычна тое жытло належыла лясьніцтву, то бок было дзяржаўным. Яўстаху з Емяльянай дастаўся невялічкі пакой у бакоўцы гаёўні. Рэшта гаёўні стала жытлом для камандзіра і камісара партызанскага атраду, а таксама слугавала ў якасьці штабу ды складу найбольш каштоўнай маёмасьці. Самі Яўстах і Емяльяна ўзгодна парады дзядзькі Рамана ўступілі ў гэты партызанскі атрад. Аніякіх боек з немцамі пакуль што не было. Час праходзіў у бытавым уладкаваньні і здабычы мяса пакуль што паляваньнем ды зборам восеньскіх грыбоў і журавін. Акрамя таго ледзь не штодня хадзілі пад Валожын зьбіраць гэтак ці інакш згубленую войскамі зброю, шукаць ежы ў сялян ды набываць у іх патрэбныя рэчы дзеля жыцьця ў пушчы зімою.
Яўстах быў пільна патрэбен і на паляваньні, і ў вылазках пад Валожын. Яўстах дбаў, каб патрэбная праца была зроблена годна і ўвогуле каб быць добрым дапаможцай у нялёгкай партызанскай справе. Характар у яго быў спакойны і пакладзісты. Таму з камандаваньнем партызанскага атраду ў Яўстаха склаліся добрыя стасункі. Ён таксама бачыў, што ягоны ўнёсак у агульныя справы каштуецца годным чынам. Гэта радавала. Агарчала іншае. Гэтым часам Яўстах і Емяльяна, выконваючы розныя працы ды шмат той працы, мала бачыліся бадай што толькі апоўначы ў агульным ложку да і то далёка не кожную ноч. Паступова яны пачалі надта аддаляцца адзін ад аднаго, зноў размаўлялі замала і ўсё сварыліся ўпотай ад іншых. Яўстах адчуў, што ў Емяльяне шмат чаго зьмянілася. Часам ён адчуваў яе нават варожай яму. Нарэшце Емяльяна стала адмаўляць Яўстаху ў сэксуальнай блізкасьці з пагрозаю, што калі ён будзе браць яе гвалтам, то яна паскардзіцца аб тым камандзіру партызанскага атраду. Неўзабаве ўсё высьветлілася. Неяк раніцай аднаго даждлівага дню дзядзька Раман паклікаў Яўстаха на невялічкую размову. Доўга не віхляючы, Раман паведзіў Яўстаху наступнае:
– Слухай, Яўстах. Мне прыкра табе гэта казаць, але твая жонка Емяльяна ўжо месяц як згулялася з Нікадзімам, ну тым чырвонаармейцам, якога клічуць Валуном і які пабіўся з Сямёнам Фурманка цягам мінулай вылазкі пад Валожын. Усе кажуць, што яна сама пад яго лягла. Ад тваіх бацькоў яшчэ да пачатку гэтай вайны я чуў, што ў цябе з ёю ўсё нешта ня ладзіцца, ну а цяперака ўжо няма чаго і наладжваць зь ёю. Калі выжывеш цераз гэту вайну, то знойдзеш сабе яшчэ лепшую бабу і гэтакую па душы. Ня варта гэту здрадлівую суку неяк вяртаць. Камандзір размаўляў з Валуном на гэты конт, а той уперся. Казаў, што калі будзе насядаць, то ён сыйдзе зь ёю ў суседні партызанскі атрад пад Белы Бераг. Ну а ты ведаеш, Нікадзім ёсьць адзіны, хто выдатна валодае выбуховай справай. Без яго нашаму камандзіру аніяк. Ён яму шмат чаго даруе праз гэта. Ты ведаеш, Нікадзім – злосны бамбіза. Калі ён пайшоў на гэта паскудства, то ён можа прынагодна стрэліць табе ў сьпіну. Загінешь праз подлую суку. Мая табе парада – цікай адселе паціху. Ідзі да кагосьці з пушчанскіх сваякоў, хоць сабе да цёткі Ганны Дубіцкаў у Яськава або ў Новы Двор да кагось з Ліпніцкіх. Яны хоць сабе і далёкія табе сваякі, але прымуць і дапамогуць. Да бацькоў у Завоі не ідзі. Тамака часта бываюць немцы. Тамака заб’юць, бо хто-небудзь данясе, што ты быў у партызанах. Ну вось і ўсё, што мне карцела табе паведзіць.
– Дзякуй, Раман. Я здагадваўся аб нечым гэтакім, да і ладу ў мяне з Емяльянай ніколі не было. Пасьпяшаўся я са шлюбам перад тым як асесьці тутай у Купалішчы. Падавалася, што нічога сабе дзеўка, зь віду спагадлівая ды сабою спакусьлівая, а яно во як апынулася……. Так, я сёньня паціху сыйду адселе. Будзеш бачыць маіх бацькоў, то скажы, каб не пераймаліся за мяне. Скажы, што я пасунуся ў бок цёткі Ганны. Я два гады таму быў у іх па восені. Дапамагаў Юзафу па бортнай справе. Гасьцяваў у іх тры дні. Сынок іхні Ян мне быў надта да спадобы, і ён гэтак да мяне прыкіпеў за тыя тры дні. Ян надта цікавіцца зьвярыма і птушкамі. Другую ноч, што я начаваў у іх, ён не даў мне спаць, і ўсё распытваў пра зьвярыныя майнацыі, ну і пра птушак гэтаксама. Ну а Ніна як ладна падрасла за тыя два гады, што я яе ня бачыў. Малая, а ўжо жаноцкая гэтакая. Цудоўная зь яе кабетка будзе, як вырасьце і дасьпее. Во толькі гэта клятая вайна на пакуты людзкія, – адказаў Яўстах.
– Добра, ідзі з Богам. Толькі зусім употай, паціху. Не аб чым гэтым не шкадуй, а то замінжуешся. Нават і крыху не пераймайся, бо аб Емяльяне няма чаго і шкадаваць. Гэта разбіты збан, які ня склеіць, – казаў яшчэ Раман.
– Добра, ня буду, бывай. Спадзяюся, яшчэ неяк убачымся, – сказаў на разьвітаньне Яўстах.
– Я ўжо ні на што не спадзяюся. Мо і давядзецца ўбачыцца, хто тое ведае. Бывай, – адказаў Раман.
Яны абняліся, парукаліся і разышліся. А Яўстах, яшчэ раз узважыўшы ўсе акалічнасьці і рызыкі, да вечара пакрыёма сыйшоў партызанскага лягеру ў Купалішчы. Ён узяў з сабою стрэльбу, набоі, два нажа, запальнічкі, ладны запас солі, крыху мяса на першыя содні ды штось дадатковае з вопраткі на зіму. Яўстах накіраваўся ў бок хутароў Яськава, дзе на хутары жыла ягоная цётка Ганна ў шлюбе Дубіцкая. К вечару наступнага дня, пераначаваўшы ў пушчы пад разлапістай елкай ды абмеркаваўшы сваё незайздроснае становішча, Яўстах прыбыў на хутар Дубіцкіх. Тамака было ціхамірна, ані немцаў, ані партызанаў. Яўстах распавёў пра сваё незайздроснае жыцьцё апошняга часу і папрасіўся на часовы побыт, абяцаўшы заложна дапамагаць па гаспадарцы ды неяк здабываць хоць якую зьверыну на мяса. Дубіцкія гжэчна паспачувалі ды без якіхсьці ўмоў пагадзіліся нават на працяглы пастой пляменьніка.
Гэтак напрыканцы лістападу 1941 году распачалася жытлаваньне Яўстаха Радзівілка на хутары Дубіцкіх у Яськава. За наступную зіму вялікімі высілкамі Яўстах з нейкай дапамогаю Юзафа здабылі два лася ў багеннай даліне Ізьледзі. Падавалася, што тое былі апошнія ласі ў пушчанскім навакольлі. Таксама ў траўні 1942 году Яўстах неспадзявана застрэліў вялікага мядзьведзя, які аднекуль зьявіўся і рабаваў пчаліныя калоды Дубіцкіх. Калі яшчэ ўлічыць, што за зіму Яўстах злавіў зашмаргамі каля дзесяці зайцоў, то ягоны ўнёсак у харчаваньні радзіны Дубіцкіх быў надта значны. Дубіцкія самі казалі, што Яўстах іх карміў гэту зіму, бо без ягонай здабычы мяса паляваньнем яны б галадалі. Канешне, у Дубіцкіх была жывёльная гаспадарка ды гарод, але з таго яны шмат дапамагалі харчамі паташненскім партызанам з-пад ракі Бярозы. Гэтак жа сама дапамагалі тым партызанам харчамі і другія радзіны з Яськава, а менавіта Гвінты, Арыкі ды Юрэвічы. Гэтую сваю дапамогу яны штотыдзень зносілі ў варыўню да Дубіцкіх, адкуль харчы забіралі партызаны. Перадачай харчоў партызанам стаў займацца Яўстах, і к лету ён ужо ведаў шмат каго зь іх. Тыя ад імя камандзіра партызанскага аддзелу запрашалі Яўстаха ды Юзафа да сябе. Яўстах сказаў, што да восені прыйдзе мо і з Юзафам, во толькі дапаможа ўлетку з бульбай і жытам, а таксама сенаваньнем, каб мажліва было даваць харчы партызанам і надалей. З гэтым тыя партызаны пагадзіліся.
З канца ліпеня, як толькі скончылі з сенаваньнем, сталі часта наяжджаць немцы як да Дубіцкіх, гэтак і да другіх хутароў Яськава. Напачатку жніўня на кожным з хутароў былі перапісаны ўсе мешканцы й усім быў дадзены суворы загад не выходзіць за межы хутарской гаспадаркі ды бліжэйшага навакольля. Адылі Юзаф атрымаў дазвол аглядаць калоды пчол з умовай перадачы ледзь не ўсяго мёду да нямецкага боку. На час перапісу мешканцаў Яўстах схаваўся ў гумне, каб не было небясьпечных пытаньняў, хто ён і адкуль. Далей з канца жніўня паступіў загад не выходзіць за межы двара і палеткаў. Нават нельга было выгнаць самому яшчэ наяўнае быдла на пашу, якая разьмяркоўвалася ў трохстах мэтрах ад хаты. Блага, што ў Дубіцкіх самі мыкі латва туды хадзілі ды ўвечары прыходзілі назад. У апошнія дні жніўня зьявілася шмат баравікоў. Назьбіраць гэтых годна страўных грыбоў уяўлялася вельмі істотным, каб перажыць наступную зіму. Гэтым употай пераважна займаўся незапісаны Яўстах. Даволі часта дзеці Дубіцкіх Ніна ды Ян дапамагалі Яўстаху. Каб менш было рызыкі, у баравікі выбіраліся ад самага браску.
Гэтак было і тады шостага верасьня 1942 года. А шостай раніцы Яўстах, Ян ды Ніна ўжо зьбіралі баравікі ў вялікія лазовыя кашы ў недалёкім бару ў бок Гвінтоўскага хутара. Яўстах як заўжды быў з вінтоўкаю за плячыма. Праз нейкую гадзіну яны пачулі гукі нямецкіх матацыклаў адразу і ў Гвінтах, і на іхным хутары. Яўстах скамандаваў ісьці дадому. Набліжаючыся ўжо да хутара пачулі дзьве аўтаматныя чэргі. Гэтымі стрэламі немцы забілі Юзафа і Ганну. А было гэтак. Пад’ехаўшыя немцы загадалі Ганне, якая вышла да брамы, сабрацца з конным возам за пятнаццаць хвілін. Узгодна перапісу на возе павінны былі сядзець Ганна, Юзаф, Ніна ды Ян. За тыя зьдзеклівыя пятнаццаць хвілін у суматохе ды Ганненай гістэрыцы аб дзецях Дубіцкія ледзь запрэглі каня ў фурманку. Немцы з беларускамоўным паліцаем чакалі непадалёку, пілі гарэлку, штось елі, гучна жартавалі ды рагаталі. Прайшло роўна пятнаццаць хвілін, і яны пагрозьліва падышлі да воза пры хутарской браме. Паліцай запытаўшы Ганну аб дзецях Ніне ды Яне, даклаў немцаў аб іх адсутнасьці. Тады адзін з тых фашыстаў выйшаў крыху наперад ды выпусьціў дзьве аўтаматныя чэргі па Ганне і Юзафу, якія адразу жа сканалі. Пасьля гэтага забойства, частка нямецкіх карнікаў пайшла выганяць мыкаў з аборы, забіваць свойскую птушку і адзінага япрука. Хтось падпальваў хутарскія будынкі. Трое карнікаў з паліцаем пайшлі агледзіць навакольны лес і акурат наткнуліся на дзяцей Яна і Ніну. Яны пайшлі самі дадому, тады як незапісаны мешканцам Яўстах з кашамі баравікоў і сваёй вінтоўкай схаваўся ў гушчары крыху далей. Карнікі, убачыўшыя дзяцей, шэрагам аўтаматных чэргаў адразу іх пазабівалі. Тым часам з боку Гвінтоў таксама чуліся аўтаматныя чэргі. То нямецкія фашысты забівалі вялікую радзіну Гвінтоў. Пачуўшы гэта Яўстах стаў памалу красьціся тым гушчаром прэч у бок багеннай даліны Ізьледзі, дзе магчыма было надзейна схавацца. Раптам непадалёку ўжо ў тым жа гушчары Яўстах убачыў немца з аўтаматам. Яўстах затаіўся, наставіўшы трохлінейку ў бок таго немца. А немец ішоў наўпрост на яго. І вось як толькі той карнік заўважыў Яўстаха, ён яго застрэліў, трапіўшы ў галаву. Не марудзіўшы ні сэкунды, Яўстах схапіў нямецкі аўтамат ды два запасных магазіны і стаў штопрыці палітаваць у бок Ізьледзі. На шчасьце незаўважаны ён дапяў туды, дзе ў тапільнай немарачы залітага вадой чорнаалешніку галодны перасядзеў аж тры содні, пакуль усё сьцішылася, і, як падавалася, большасьць нямецкіх карнікаў зьехала з навакольнай пушчы. Каб схавацца ад начнога холаду і дажджу, які ліў увесь другі дзень гэтай адседкі, Яўстах вырыў нару ў парахні вялікага алешнікавага коблу. То быў вялізны кобл, дзе чатыры жывыя алешыны расьлі на спарахнелых камлях даўно памерлых і заваліўшыхся ў ваду і багавіньне вялічэзных алешын.
Цягам гэтай адседкі Яўстаха душыла шкадоба аб загінулых Дубіцкіх, ня столькі аб цётцы Ганне і Юзафу, сколькі аб палюбіўшыхся яму дзецях любай прыгажуне дзяўчыне Ніне ды юнаку Яну. Яўстах поўніўся лютай нянавісьцю да нямецкіх акупантаў. У думках ён быў гатовы забіваць іх жорстка і безьліч. Да забойства таго немца ў гушчары надоечы Яўстаху ніколі не прыходзілася забіваць чалавека. Да вайны і нават да ўчарашняга дню сама думка аб забойстве чалавека была для Яўстаха агіднай і абуральнай. Адылі, убачыўшы як немцы забілі Ніну й Яна, у Яўстахавай душы і капылах усё перакулілася. Цяперака ён не проста быў гатовы забіваць нямецкіх захопнікаў і іхніх паслугачоў, а прагнуў гэта рабіць. Яшчэ трэба зацеміць, што гэта вайна варвалася ў жыцьцё Яўстаха не дваццаць другога чэрвеня бягучага года і не тады, калі ў Купалішчы зьявіліся чырвонаармейцы, зь якімі ён рабіў небясьпечныя вылазкі пад Валожын зьбіраць зброю і здабываць харчы. Яўстах нават не адчуваў усёй мажлівай злыбядовай бездані вайны нават і тады, як ён страціў жонку, здрадзіўшую яму з чырвонаармейцам, і пад уяўнай пагрозай быць забітым быў вымушаны кінуць хату, у якой пражыў чатыры гады. Вайна з усёй моцы храснула ў твар Яўстаху менавіта толькі ўчора, калі ён быў сьведкам забойства любых сваякоў і сам забіў чалавека, няхай і нямецкага фашыста. Думкі і меркаваньні аб усім гэтым поўнілі Яўстаха тыя самотныя, галодныя і сьцюдзёныя тры содні, як ён хаваўся ў тым кобле сярод затопленага чорнаалешніку па-над рэчкаю Ізьледзь.
На чацьверты дзень на досьвітку, як пацішэла навокал, Яўстах выбраўся са сваёй схованкі і рушыў у бок ракі Бярозы пад Паташню. Пушчанскія мясьціны на тым пераважна багенным шляху Яўстах ведаў дасканала, але толькі к вечару ён дабраўся да паташненскага партызанскага лягеру. Тры содні галадоўкі пазбавілі моцы, і напрыканцы таго шляху Яўстах ледзь валок свае ногі. Патрульныя вартавыя пазналі Яўстаха. За той амаль што год, як Дубіцкія зьбіралі ў навакольных хутарцоў харчы і перадавалі іх паташненскім партызанам, шмат хто зь іх ведаў Яўстаха. Таму тамака яго сустрэлі з даверам, бачылі, што ён галодны, і адразу накармілі. Пад’еўшы, Яўстах расказаў аб трагедыях у Яськава і папрасіўся прыняць яго ў партызаны. З гэтым не было пытаньняў. Яўстах перадаў здабыты нямецкі аўтамат і два магазіны з набоямі камандзіру. Той вельмі ўзрадаваўся гэтаму падарунку, бо гэтакай хуткастрэльнай аўтаматычнай зброі ў паташненскіх партызанаў яшчэ не было.
Гэтак у верасьні 1942 году Яўстах пачаў сваю партызанку. Паташненскія партызаны не адседжваліся ў пушчы, а даволі часта рабілі атакі на нямецкія вайсковыя аддзелы, разьмеркаваныя па вёскам уздоўж тракта на Ліду. Былі і сутычкі з немалым атрадам польскай Арміі Краёвай, які разьмяркоўваўся паміж вёскамі Ляжневічы і Лугамовічы. Адылі асноўным заняткам паташненскіх партызанаў было рэгулярнае пашкоджаньне выбухоўкай чыгункі ў накірунку Вільні і Гародні. То былі вельмі істотныя, але небясьпечныя выправы партызанаў. Выдатнае веданьне Яўстахам пушчы, як у ёй жытлаваць, ягоныя харобрасьць, лютасьць да нямецкага ворага, кемлівасьць і фізычная выносьлівасьць паступова зрабілі яго як аднаго з найбольш годных вояў гэтага партызанскага атрада. Камандзір упадабаў Яўстаха і даручаў яму шэраг важлівых заданьняў. Ён стаў адным з тых, каго камандзір мог запрасіць да сябе ў зямлянку паразмаўляць за партызанскае жыцьцё, пра пляны наступных атак на немцаў ды выпіць гарэліцы.
Адылі ў адным з перастрэлак з жаўнерамі польскай Арміі Краёвай пад Круплямі Яўстах атрымаў кулю ў левае калена. З дапамогаю аднаго з партызанаў Яўстах ледзь дабраўся да партызанскага лягеру на той час ва ўрочышчы Дразды. Калена было моцна пашкоджана. На ўдачу Яўстаха к таму часу ў паташненскіх партызанаў зьявіліся свае аж два лекары – габрэі, бацька і сын з Іўя. Яўстах прыцярпеў дзьве апэрацыі на калена ў даволі прымітыўных умовах і прымітыўнымі сродкамі. Замест наркозу або нейкай анастэзіі было выпіць дзьве конаўкі гарэліцы. Нарэшце нагу Яўстаху залеквалі, але яна моцна скрывела і стала крыху карацейшай. Акрамя таго тая нага ледзь гнулася ў пашкоджаным каленке. У выніку таго Яўстах стаў моцна кульгаць і быў ня здольны на цяжкія пераходы або няць удзел у партызанскіх атаках на немцаў. Адылі Яўстах ня быў з тых, хто, зрабіўшыся калекай, з лыжкай за халявай боту сядзеў бы і чакаў чарговай партызанскай пайкі. Ён хацеў быць карысным і неяк дапамагаць. У партызанскім лягеры пад вялікай разложыстай елкай Яўстах з дапамогаю іншых збудаваў ладную паветку, пад якой утварыў кавальска-цясьлярскую майстэрню, дзе наладзіў рамонт партызанскай зброі ды іншых рэчаў.
Але падыходзіў ліпень 1943 году. Нямецкія ваенныя ўлады сьцягвалі да Налібоцкай пушчы шмат карнага войска, каб залатвіць шчыльную блякаду налібоцка-пушчанскіх партызанаў і павынішчаць большасьць зь іх. Хто казаў, што немцы будуць мець дваццаць тысяч карнікаў, а хто называў і большыя лічбы. Ня толькі паташненскія, але і ўсе іншыя партызаны ў Налібоцкай пушчы рыхтаваліся пакідаць свае лягеры і пускацца ў дальнія пераходы. Неяк за тыдзень да гэтых падзей камандзір атраду выклікаў да сябе Яўстаха, сказаўшы прыблізна наступнае:
– Сябра Яўстах, цяжкія словы я табе павінен паведзіць. Наступнымі днямі мо праз тыдзень, а мо праз содзень мы зрываемся з гэтага наседжанага мейсца ў далёкі пераход за Баранавічскія лясы ў Івацэвічскі агромісты леса-багенны масіў, калі яшчэ трапім туды. Тамака наш паратунак, бо тутай, як падаецца, мажліва будзе цесна і горача. Ты гэтага пераходы з тваім калецтвам не адолееш. З майго дазволу бер зброю, бер усё, што толькі табе трэба, і неяк ратуйся сам дзесь тутай у багнах на нейкіх выспах. Ты гэтую пушчу ведаеш лепш чымся хто з нас. Мне вельмі шкада цябе адпускаць, але што з гэтым паробіш. Во прыватна ад мяне вазьмі чатыры рэчы. Першае гэтая папера для нейкіх савецкіх упаўнаважаных з маім тлумачэньнем, што ты ваяваў з нямецкімі фашыстамі верай і праўдай увесь час гэтай подлай вайны да ліпеня 1943 году, меў раненьне, калецтва і, што я цябе сам адаслаў у пушчу выжываць на час гэтай блякады нямецкіх карнікаў. Яшчэ ад мяне вазьмі во гэты пакунак солі, гэту бутэлячку з пэніцылінам і во гэты стрэптацыд на выпадак хвароб. Усякае бывае. Што паробіш. Бывай браце, мо і ня ўбачымся ніколі, хто ведае.
Камандзір быў мудры чалавек, спрактыкаваны ў супрацьстаяньні шматлікім выклікам і выпрабаваньням, якія выпалі на ягоную долю. У выпадку Яўстаха менавіта гэтыя лекі, дадзеныя яму, праз нейкія пару месяцаў захаваюць мажлівасьць Яўстахава шчасьця.
А пакуль што ён пайшоў зьбірацца ў дарогу. Яўстах ужо ведаў, куды ён пойдзе. Яшчэ мінулай восеньню, у лістападзе Яўстах быў на баявым заданьні пад вёскай Кляцішча. Па дарозе туды цераз багенныя нетры ўрочышч Кухня і Крывуха ён з шэрагам іншых партызанаў цяжка прабіраліся ў бок Кляцішчаў паўз рэчышча Жоўтай. Тамака ў Крывухе яны напаткалі напаўразбураную часам пуньку, дзе хтось некалі захоўваў сена, накошанае тамака на травяной багне. То было найлепшым мейсцам, дзе схавацца.
Пачаўшы зьбіраць патрэбныя рэчы пры сваёй зямлянцы побач з той кавальска-цесьлярскай паветкай, Яўстах мусіў увесь час прыпыняцца. Усе ў партызанскім лягеры ўжо ведалі, што камандзір адсылае Яўстаха ратавацца самому. Па аднаму і маленькімі групкамі падыходзілі разьвітацца. Гэтым часам Яўстах кранальна адчуў з якой спагадаю ставіліся да яго ўсе гэтыя людзі. Амаль што кожны штось прыносіў, каб аблегчыць Яўстаху ягоныя паратункі на самоце ў пушчанскіх нетрах. Назьбіралася ўсяго шмат. Яўстах зладзіў вялікую прастакутную засьпінную ношку з шырокімі лямкамі. Ён узяў тыя лекі, соль, дзьве трафейныя запальнічкі, шмат набояў для сваёй вінтоўкі, каваль сала, буханку хлеба, пад дваццаць матацыклетных тросікаў на зашмаргі, дзясятка са два цьвікоў, бляшанку з дзёгцем, абцугі, сякеру, вайсковы кацялок, дзьве лыжкі, конаўку, два нажы, некалькі кравецкіх іголак, ніткі, скрутак чыстага радна на лапіклі ды дадатковую вопратку, якая была. Лекар дараваў пляшку сьпірту, якую Яўстах узяў таксама. Лекар сьцісла растлумачыў, як карыстаць той пэніцылін ды стрэптацыд у выпадку хваробы і зь якімі праявамі. Тыя матацыклетныя тросікі Яўстах паступова зьбіраў цягам партызанскіх выпраў з падбітых нямецкіх матацыклаў. Зашмаргамі зь іх Яўстах зьбіраўся лавіць зайцоў ды лісаў на мяса і нейкае футра дзеля ўцяпленьня. Цалкам атрымалася цяжкая ноша. Зь ёю за сьпінаю, а з вінтоўкай у правай руцэ і рыдлёўкаю замест кія ў левай руцэ памалу, кульгаючы, пацёгся скалечаны Яўстах прэчкі. Шмат хто з лягерных моўчкі або са сьціслымі пажаданьнямі глядзеў яму ўсьлед. Усе жычылі яму выжыць і радавацца жыцьцю.
Да рэштаў той пуні ў Крывухе Яўстах дацёгся толькі к вечару трэцяга дня з двума начоўкамі ў вогнішча пад елкамі на тым ягоным павольным шляху. Начаваць было цёпла, але цяжка дапякалі званцы, хоць Яўстах і мазаўся дзёгцем. Побач з рэштамі той пунькі была невялікая сухадольная выспа з шэрагам елак, пад якімі Яўстах адразу і затабарыўся. Першы дзень з раніцы на тым мейсцы Яўстах рабіў зашмаргі. Потым рэшту гэтага дня і ўвесь наступны дзень ён дбайна ўладкоўваў зашмаргі. Ставіў іх на ўсё, што толькі мажліва было зьесьці, а менавіта на зайцоў, ліса, лясную куну, бабра, норку і выдру. Ужо раніцай наступнага дня Яўстах злавіў выдру. Мяса ў ёй было толькі на два дні, таму зашмаргі былі пакінуты ў насьцярожаным стане. Тыя зашмаргі трэба было кантраляваць кожную раніцу, і на гэта Яўстах звычайна выдаткоўваў час аж да сярэдзіны дня. Рэшту дня ён займаўся буданам.
Гэтак за два тыдня працы з тых рэштаў пуні ды іншага ляснога матэрыялу Яўстах збудаваў сабе будан з ложкам, сталом, вешалкамі для рэчаў ды невялікім скляпеньнем пад падлогаю з жэрдак. Улетку ў гэтым скляпеньні было ня гэтак горача, і таму здабытае мяса тамака мажліва было захоўваць даўжэй. Мейсца для будана было выбрана на невялікай сухадольнай высьпе пад вялікай елкай, побач зь якой было яшчэ шэраг гэтакіх жа елак. Гэта давала нейкую ўтульнасьць побыту асабліва ў дажджлівыя содні. Дах быў зроблены адразу з напаўгнілых дошак з той пунькі, паверх якіх было аж тры скрыля з яловай і дубовай карою. Зьверху то бок з летака будан было заўважыць немагчыма. Зямлянку на той высьпе не выкапаў бы, бо на мэтровай глыбіні ўжо стаяла вада. У цёплы сэзон у гэтакім будане было знаходзіцца прыемней чымся ў заўжды вільготнай зямлянцы, але ўзімку і нават восеньню ў будане будзе сьцюдзёна і нават невыносна цяжка пры моцным марозе. Каб перажыць зіму ў гэтых умовах, трэба было збудаваць хоць сабе прымітыўную печку. А на печку патрэбна цэгла. Таму Яўстаху заставалася вялікая праца хадзіць на спаленыя хутары пад Вайнілаўшчыну ды назьбіраць тамака нейкіх цаглін на печку і нейкай хоць сабе іржавай жэсьці на дымаход. Яўстах падлічыў, што кожнага разу працаю ледзь не цэлага дню ён смог бы неяк у сваёй ношцы прыносіць восем, а магчыма і дзесяць цаглін. Гэтакім чынам тыдня за тры, ну хоць сабе і за месяц ён мог бы зладзіць сабе сякую-такую печку.
Цэглы на тых спаленых хутарох пакуль што было даволі. Знайшоў Яўстах і з дзясятак дзіравых паржавелых вёдзер, зь якіх у сукупнасьці мажліва было зрабіць дымаход. Цягнуць у сваёй ношцы Яўстах змог толькі восем цаглін за раз, але нават і гэта з ягоным кульганьнем было досыць цяжка. На трэці дзень гэтакай працы на спаленым хутары Дзянісава ў зарасьніку бэзу Яўстах знайшоў малапрытомную дзяўчыну гадоў мо пятнаццаці. Дакладна ён пачуў моцны кашаль у бэзе і, занурыўшыся туды, убачыў яе, лежачую тварам да зямлі. Яўстах прысеў побач і пакратаў дзяўчыну за плячо. Яна крыху зварухнулася, потым, прыпадняўшыся на руках, паглядзела на Яўстаха памутнелымі спакутаўшыміся вачыма. Гэта была звычайнага аблічча дзяўчына сярэдняга целаскладу з простымі, але прывабнымі рысамі твару. Незвычайным у яе абліччы была капа густых і доўгіх валасоў сьветла-карычневага колеру, якія былі сьпешна-неахайна заплецены ў дзьве таўстыя касы. Гэта незвычайна прывабная рыса вонкавасьці дзяўчыны адразу кранула Яўстаха, але ён адразу адагнаў ад сябе гэтыя мужыцкія адчуваньні. Дзяўчына была ў бядзе, і ёй патрэбна была хуткая дапамога. Што тычыцца той хворай дзяўчыны, то ў той момант неяк засьцерагацца незнаёмца ў яе не было моцы. Яна хацела штось запытаць, але зайшлася доўгім прыступам кашлю. Дзяўчына відавочна пакутвала ад заедзі, была вельмі гарачая, моцны кашаль з адхаркваньнем гнойных макроты казаў аб жыцьцёва небясьпечнай хваробе, а на правай падпухлай руцэ каля вялікага пальца была гнойная рана. Гэта дзяўчо даходзіла. Падавалася, што ёй заставалася жыць толькі некалькі содняў. З большага адкашляўшыся, дзяўчына абыякава запытала:
– Хто ты?
– Я напэўна гэтакі як і ты уцякач ад вайны, ад немцаў, ад ліха, якое зь імі наслалася сюды. Не палохайся мяне. Я добры чалавек і хачу табе неяк дапамагчы. Ты тутай за некалькі содняў дакладна здырдзішся. Разумееш, ты паміраеш. Хадзем да мяне. Я маю будан, а галоўнае маю лекі. Яны цябе падымуць на нагі. Будзеш здаровай. Вось толькі як туды мне цябе данесьці. Я зусім калека. Цяжка хаджу. Адкуль ты? Дзе твае бацькі? Што з табою здарылася? – казаў Яўстах.
Даволі блытана дзяўчына адказала Яўстаху прыблізна наступнае:
– Мяне завуць Аўгуста. Прозьвішча маіх бацькоў Фарботкі. Мы жылі на хутары ў Шубінскім Бару. Бацькоў маіх, бабулю і дзьве сястры забілі немцы, бо тата трымаў сувязь з партызанамі, паведамляў ім аб руху немцаў і дапамагаў з харчамі. Як немцы прыехалі нас забіваць, я ўжо крыху хворая ляжала на сене ў гумне. Іх расстралялі на падворку, і як пачалі запальваць будынкі, я ўцякла з гумна ў лес тылам шчыльна парослым крапівою. Уцякаючы, я звалілася і рукою напаролася на вастрыё клямара, які тырчаў са спарахнелага бервяна побач з гумном. Потым блукала па лесе, або ляжала на зямлі зусім хворая і выснажалая. Шукала штось зьесьці. Згаладалася. Мне няма куды ісьці. Мне, дзядзька, надта цяжка, быццам бы паміраю.
– Я табе дапамагу. Ты будзеш жыць. Доўга і шчасна жыць. Хадзем да майго будана. Вось толькі як туды дадыбаць, – казаў расчулены Яўстах.
Дзяўчына неяк паднялася. Абапіраючыся на кульгавага Яўстаха, яны гэтак прайшлі мо з кілямэтар. Заставалася яшчэ тры, а можа нават чатыры кілямэтра цяжкага шляху па завалежанаму лесу і багне. Адпачыўшы з паўгадзіны, Яўстах паспрабаваў несьці Аўгусту. Але тое было яшчэ цяжэй чымся гэтак ісьці. Тады Яўстах зрабіў з ношкі шырокія лямцы крыж-накрыж, якімі ён утрымліваў Аўгусту ззаду, а яна штомоцы трымалася вакол Яўстахавай шыі. Гэтак Яўстах нёс яе, колькі змог. Потым яны ізноў ішлі як адразу. К вечару неяк дайшлі да будана. Яўстах уклаў Аўгусту на свой ложак, запаліў вогнішча, на якім скіпяціў вады з дубцамі, лісьцямі і ягадамі маліны. Аўгуста прагна выпіла дзьве конаўкі гэтага напою, пасьля чаго Яўстах даў ёй першую порцыю пэніцыліну, прыгадваючы, як раіў лекаваць гэтым сродкам партызанскі лекар. Далей Яўстах ахайна адмачыў, а потым адмыў пашкоджаную руку Аўгусты ў слабым растворы солі. На адмытую рану Яўстах насыпаў таўчонага стрэптацыду і перавязаў яе адрэзаным пасам радна. Аўгуста папрасіла есьці. «Во, значыцца, будзе жыць», – падумаў Яўстах. Ежа была, бо надоечы Яўстах злавіў у зашмаргу бабра ды зварыў усё ўзятае зь яго мяса. Яўстах падагрэў дзясятак тонкіх лустачак таго мяса на тычцы над гарачымі вуглямі ды даваў іх па адной Аўгусце, перад гэтым пацёршы іх аб кавалак каменнай солі, якую даў яму камандзір паташненскага партызанскага атраду.
«Дзе яны цяперака і што робяць? Ці ўсе жывыя?» – падумаў у гэты момант Яўстах. Акурат апошнімі днямі Яўстах шмат чуў у пушчанскіх ваколіцах аўтаматныя чэргі ды вінтовачныя стрэлы. «Напэўна распачалася тая блякада Налібоцкай пушчы нямецкімі карнікамі. А што іх чакае тутай? Магчыма немцы ня змогуць забрацца сюды ў гэтую багенную немарач, да і для партызанскага лягеру тутай няма мейсца. Таму магчыма яны адседзяцца ў багне пры Жоўтай адны, і нейкая злыбяда іх не зачэпіць», – гэтак меркаваў Яўстах. Яму хацелася спадзявацца на лепшае.
Гэтак у лекаваньні Аўгусты, здабычы хоць якога-небудзь мяса і пераносе цэглы з Дзянісава прайшоў месяц. За гэты час Аўгуста акрыяла. У будане Яўстах склаў невялікую пячурку. Акрамя таго ён на мэтар падоўжыў будан, і гэта дала мажлівасьць зрабіць яшчэ адны асабныя палаці для Яўстаха. Дагэтуль, як зьявілася Аўгуста, Яўстах спаў навонкі на яловых лапках пад камлём вялікай разлапістай елкі пры вогнішчы. Пад час блякады партызанаў нямецкія карнікі да іхняга мейсца пры багеннай рачулцы Жоўтая не дабраліся, хаця насамрэч недзе на пачатку жніўня Яўстах чуў нямецкія галасы і нават стрэлы на супрацьлеглым беразе багеннай даліны Жоўтай. Вось тады Яўстах падумаў, што калі ён хадзіў у Дзянісава за цэглай цераз гэту багну кожным разам па іншаму мейсцу і таму ён не натаптаў нейкай сьцежкі, то гэта было вельмі важкім вынахадам. Хаця тады яму тое падавалася празьмернай перасьцярогай. Цяперака немцы маглі заўважыць тую магчымую сьцежку, а тады, пайшоўшы па ёй, яны знайшлі б іхні будан ды пазабівалі іх. А так во яны захаваліся жывымі.
Трэба таксама адзначыць, што гэтымі небясьпечнымі соднямі, тыднямі і месяцамі як Яўстаха, гэтак і Аўгусту перапаўняла адчуваньне вялікай каштоўнасьці кожнага пражытага дня, бо было невядома анікому, асабліва ім у іхнай ізаляцыі колькі будзе доўжыцца гэта вайна, і да чаго яна ўрэшце прывядзе. Было невядома, колькі ім яшчэ засталося жыць. Мажліва зусім нядоўга, і таму кожны пражыты дзень, нават поўны цяжкіх высілак, але пражыты вольна сярод гэтай ціхамірнай прыроды асьвятляўся нейкай незвычайнай радасьцю і асаблівай значнасьцю. Дні праходзілі павольна. Сьпяшацца не было куды. Тамака ў прышласьці магла быць бяздонная зеўра небыцьця. Гэта яны штосэкундна адчувалі, і таму чапляліся сваёй сьвядомасьцю за рух часу, каб мага балей яго запаволіць. Ані Яўстах, ані Аўгуста не маліліся ані хрысьцьянскім, ані якімсьці іншым багам аб сваім уратаваньні. Наўрацьці яны верылі ў іх існаваньне, або існаваньне нейкага іншага сусьвету. Абодва прагна хацелі жыць тутай, тутай на гэтай цудоўнай зямлі ў іхны час. У сваёй душы яны штодня дзякавалі гэтаму вялізарнаму лесу, дзякавалі гэтым багнам, усёй гэтай пушчанскай прыродзе, якая дала ім прытулак у гэта ліхалецьце, неяк корміць і сагравае іх. Тое была іхная вера, вера абодвух у моц і розум гэтай пушчанскай прыроды. Гэта былі насамрэч паганьскія пачуцьці, якія ім даў сам лад іхнага пушчанскага існаваньня ў лядашчым будане на рэчцы Жоўтай. Нават пазьней, як Яўстах і Аўгуста нарэшце выжылі і апынуліся больш-менш у мірным жыцьці зноў такі сярод гэтай пушчы, яны сьвяткавалі толькі па-сутнасьці і паходжаньню паганьскія сьвяты: Дзяды, Каляды, Вялікдзень, Радаўніца, Янаў дзень і Купальле. Гэта цікава адзначыць, але вернемся назад да іхнага жыцьця ў Налібоцкай пушчы на Жоўтай сярод вайны.
К сярэдзіне жніўня ў пушчы пацішэла. Цяперака ўсе думкі Яўстаха і ўжо бадзёрай Аўгусты былі накіраваны на тое, як ім перазімаваць. Па-першае, яны зрабілі шчыльныя дзьверы ў той будан. У дзьвярных завесах не было нястачы. Шмат іх валялася на папялішчах спаленых немцамі пушчанскіх хутароў. Тамака ж сабралі і шмат цьвікоў, якімі навесілі на сьцены вялікія кавалкі дубовай кары са старых памерлых дубоў. Зьнізу амаль што на мэтар будан абкапалі зямлёю. Тое дала шчыльныя сьцены, якія трымаюць хоць неяк цяпло. Удвох прынесьлі да будана на Жоўтую шмат цэглы, якою абклалі сваю пячурку, каб яна даўжэй грэла па згасаньні.
Былі й яшчэ значныя пасоўкі ў іхнай гаспадарцы. У спаленым спалучэньні хутароў, якое найменавалі Барсукі, у зарасьніку маліны знайшлі аж тры вялікіх скрутка радна: два ільняных і адзін ваўняны. Радно было прамоклае і падплесьнявелае, але яшчэ досыць трывалае. З гэтага радна зрабілі потым штось кшталту коўдры, а галоўнае неяк пашылі вопратку для Аўгусты на сьцюдзёны сэзон. Акрамя таго на спаленым хутары Жабрачыха знайшлі два чыгунных кагана. То было вельмі істотна. Цяпер было зручна варыць мяса, калі надаралася, што Яўстах нешта здабываў у зашмаргі. Таксама цяперака мажліва было сагрэць досыць вады, каб увосень і зімою абмыцца.
Быў і другі, яшчэ больш важкі клопат – што есьці зімою. Зразумела, што нешта будзе лавіцца ў зашмаргі, але гэтага на двох ужо было замала, і гэта было толькі мяса. Неяк яшчэ цягам хваробы Аўгусты Яўстах, швэндаючыся ўздоўж даліны Жоўтай, знайшоў падвешаную пад вялікай елкай крыгу. Сама мярэжа была яшчэ трывалая, але мярэжная ячэя была дзівосна дробная. Яўстах забраў яе да будана, дзе асадзіў на новыя крыгавіньні. Гэтай зьявіўшайся у іх крыгаю яны удвох лавілі рыбу. У асноўным трапляліся невялікія шчупакі ды вельмі шмат уюноў. Вось тады Яўстах зразумеў, чаму на крызе была гэтакая дробная ячэя. То была крыга-уюналоўка. Злоўленымі шчупакамі разнастайнілі свае цяперашнія вячэры, а ўсіх уюноў засушвалі на зіму. У верасьні пачалі зьбіраць журавіны і каліны. Таксама зьбіралі і сушылі баравікі. Вязанкамі з сухімі баравікамі быў завешаны ўвесь будан асабліва каля печы. Неяк увечары Аўгуста ўзгадала, што яе бацька па зьяўленьню немцаў і партызанаў недзе схаваў два невялікіх кубельца багата прасоленага сала. Тады ён сказаў маці, што тое будзе і запас сала, і запас солі на чорны дзень. Аўгуста бачыла, як бацька вадзіў маці паказваць тое мейсца. Быццам бы яны дайшлі да аборы, пастаялі на вялізным плыткім камяні пры ўваходзе ў кароўнік, штось казалі адзін аднаму ды пайшлі дахаты, то бок з гэтага Аўгусьце не стала вядома, дзе бацька схаваў тое сала. Выслухаўшы тое, Яўстах сьцьвярджаў, што сала схавана пад тым плыткім канянём.
Праз некалькі дзён Яўстах і Аўгуста выбраліся на пагарэлы хутар Фарботкаў у Шубінскім Бару. Нядаўнія магілы пры лесе каля пагарэлага хутара казалі, дзе пахаваны бацькі, дзьве сястры і бабуля Аўгусты. Хтось пахаваў нябожчыкаў пасьля таго забойства. Хутчэй за ўсё то былі сваякі з бліжэйшага хутара Красная Горка, дзе таксама жытлавала радзіна Фарботкаў. Аўгуста горка пабівалася, убачыўшы тыя капцы і зьнішчаную іхнюю дамоўку. Яна пачала яшчэ румзаць на падыходзе, як краявід стаў ёй вядомы кожнай ягонай часткай яшчэ з малалетства. Сярод папялішча былых будынкаў Яўстах хутка знайшоў той насамрэч вялікі і плыткі камень. Узятай з сабою рыдлёўкай, ён стаў падкапваць пад той каменнай плітою, і неўзабаве адкапаў тыя два кубельцы. Яны былі невялікія, велічынёю з вялікі цэбар, але надта цяжкія. Знайшоўшы тое, што шукалі, трэба было сунуцца назад з кубельцамі, але Аўгуста сьлёзна папрасіла Яўстаха схадзіць да сваякоў на Красную Горку. Яўстах, схаваўшы кубельцы з салам, пагадзіўся. Праз нейкія паўгадзіны пешкі па конаезнай дарозе яны дапялі на Краснай Горкі. Тамака было гэтак жа як і ў Шубінскім Бару, то бок усё спалена і анікога навокал. Крыху пастаяўшы і агледзіўшы тое ўсе, пасунуліся назад у Шубінскі Бор. Тамака Яўстах і Аўгуста вяроўкамі праз адтуліны ў кубельцавых вушах увязалі іх, каб пасобна было несьці. Цяжка і памалу гружаныя яны пашыбавалі назад да будана на Жоўтай. Гэтае сала з сольлю ды самі кубельцы насамрэч апынуліся вельмі істотнымі дзеля іхнага выжываньня ў наступны час перш за ўсё зімою 1943-1944 гадоў.
Як было зразумела з самага пачатку аповеда Яўстах і Аўгуста сталі мужыком і жонкай, пражыўшы разам шмат гадоў і нарадзіўшы не адно дзіця. Упэўнены, што чытачу будзе цікава, як і калі адбылася першая блізкасьць паміж імі. У тое лета 1944 года, калі Яўстах знайшоў хворую Аўгусту, ёй было без некалькіх месяцаў шаснаццаць гадоў. Яўстаху тады было дваццаць восем гадоў. Яна нагадвала яму прысьпеваючую дзяўчыну, якая праз некалькі гадоў ужо будзе дакладна здатнай да шлюбных адносін. Але ўсё гэта паміж імі здарылася нашмат раней. Яўстах, які даўно ня меў сэксуальнай блізкасьці з кабетамі, ужо ў верасьні лавіў сябе на пажадлівай фізычнай цяге да Аўгусты, але ён забараняў сабе нават і меркаваць аб гэтым. «Яна яшчэ дзіця. Трэба пачакаць з гэтым, » – ня раз сам сабе казаў Яўстах у гэтакія прагныя хвіліны. Адылі, вяртаючыся з таго паходу ў Шубінскі Бор за кубельцамі з салам, Яўстах заўважыў, што Аўгуста не па-дзіцячаму, а магчыма й ужо па-даросламу закахалася ў яго. Яе позірк на яго быў жаноцкі і аднасэнсоўны. Што тычыцца Яўстаха, то ён яшчэ з таго апекаваньня хворай Аўгустай шчыра пакахаў яе як дарагое дзіця, а можа й як кабетку, якая ўрэшце зь яе калісьці атрымаецца. Карацей кажучы, у тую ноч пасьля паходу ў Шубінскі Бор Аўгуста сама прыйшла на палаці да Яўстаха са сваёй ільняной коўдрай, сказаўшы, што ёй сьцюдзёна і неяк палахліва спаць адной. Яўстах, нічога не кажучы, запусьціў Аўгусту ў свае прагныя абдымкі. Далей усё было натуральна проста, але толькі пасьля таго, як Аўгуста сказала Яўстаху словы «любы мой». Назаўтра, як Яўстах быў сам, кантралюючы зашмаргі, ён нямала зьдзіўляўся сэксуальнай сьпеласьці гэтай юначкі як фізычнай, гэтак і псыхалягічнай. Пазьней увечары на пытаньне Яўстаха, ці цяжка ёй было пайсьці на гэты неспадзяваны крок. Аўгуста ўжо з заўважнымі рысамі жаноцкасьці адказала прыблізна гэтакім чынам:
– Глупы мой, не. Проста і натуральна. Настолькі натуральна, што я аб гэтым нават не меркавала.
Сказаўшы гэта, Аўгуста пацягнула Яўстаха на палаці. У наступныя содні, тыдні і месяцы іх агарнула сапраўднае шчасьце, бязьмежнае шчасьце і радасьць сярод гэтага жабрацкага побыту, цяжкіх выклікаў і выпрабаваньняў зімоўкі пры Жоўтай. Яны былі разам, разам ва ўсім са сваім бязьмежным шчасьцем і радасьцю.
Безумоўна былі і трывогі, якія жылі з Яўстахам і Аўгустай увесь час. Яны палохаліся, каб іхнае шчасьце ў гэтым будане сярод гэтай трыклятай вайны не разбурылі немцы. Але тое мейсца было вельмі прыдатным, бо тамака не было магчымасьці прытуліцца партызанам, бо проста не было досыць сухадолу. А гэта азначала, што немцам не было патрэбы лезьці ў гэтае тапіла за пошукам партызанаў. Іхныя праваднікі-калябаранты з тутэйшых ведалі, што тамака партызанаў ня будзе, і таму аніякіх аблаў на Жоўтую ва ўрочышчы Кухня і Крывуха не праводзілі. Гэта неяк супакойвала. Другое хваляваньне іх абодвух было, каб Аўгуста не зацяжарыла цягам вайны пры скудным жытлаваньні ў будане. Таму як мага дбайна захоўваліся, каб тое не здарылася, але ўся роўна пэўныя перайманьні на гэты конт былі. Больш хваляваўся Яўстах, тады як Аўгуста звычайна казала:
– Ну і нічога. Калі Бог дась нам дзіцятка нашага каханьня, то будзем неяк гадаваць. Бабуля мне казала, што цягам Першай сусьветнай вайны яна гадавала немаўлятку – сястру маёй маці, прыблізна ў гэтакіх жа ўмовах.
Зіму перажывалі цяжка. Мучыла ня сьцюжа. Не, у будане ўдвох на палацях пры пячурцы было досыць цёпла. Навонкі таксама не асоба мёрзлі. З футравай шкуры адлоўленых лісаў Яўстах зрабіў штось кшталту валёначак сабе і Аўгусьце. Падэшвы, насок і пятка былі звонку ўмацаваны скурай бабра. Тонкія паскі скуры выдры Яўстах карыстаў кшталту тоўстых нітак дзеля цыраваньня частак таго абутку. У гэтых валёначках Яўстах і Аўгуста пераважна знаходзіліся ў будане або хадзілі навокал. Таксама на выхад далей у маразы Яўстах скроіў сабе й Аўгусьце іншы больш трывалы абутак з футравай скуры выдры, умацаваўшы падэшвы скурай бабра. Акрамя таго рэштамі футра адлоўленых лісіц Яўстах прыгожа ўбраў самашытую зімовую вопратку Аўгусты, а на каўнер курты лягло цэлае футра ліса. Зімою нават раз, а то і два разы на тыдзень неяк мыліся. Прабівалі на рэчцы палонку, слалі каля палонкі сухога трысьнягу, кіпяцілі ў каганах вады, а ў вызваліўшымся з-пад сала кубельцы з кіпня і сьцюдзёнай вады рабілі цёплую ваду. Потым адзін станавіўся галяком на трысьнёг, а другі паліваў яго цёплай вадою. Мыдла не было, але і тое мыцьцё проста цёплай вадою добра асьвяжала цела. Памыўшыся гэтакім чынам, яны беглі на палаці да гарачай печкі. І тады было вельмі добра, калі страўнік ды й усё цела не пакутвала ад голаду, бо часам былі зусім нішчымныя содні. Каб не спраўнасьць Яўстаха ў адлове зайцоў і лісаў, каб не траплялася сярод зімы дагэтуль нямала ягад каліны, каб не перазімавалыя журавіны на багне, што на паўднёвы захад ад вытокаў Жоўтай, то перажыць зіму, а яшчэ цяжэй прадвесьню было б немагчыма. Немінуча здырдзіліся бы ад голаду.
Гэтак Яўстах і Аўгуста жылі пры рэчцы Жоўтай да сярэдзіны ліпеня 1944 году. Іншых людзей за ўвесь гэты час амаль што ня бачылі. Цяперака пушча была спусьцелая. У ёй стаялі пераважна толькі партызанскія аддзелы. Іншых людзей кшталту ўцекачоў ад вайны было ў ёй няшмат. Яўстах прыблізна ведаў, дзе мажліва перастрэць партызанаў, і таму туды ён не хадзіў. Ваяваць ён ня мог з-за калецтва, ды трэба было апеквацца любай Аўгустай. Таму ў бок партызанаў не ішлі, каб ня мець непатрэбнага клопату. Толькі два разы Яўстах перастрэў Іпаліта Рыгорцавіча з недалёкага спаленага хутара Барсуча, які са сваімі хаваўся ад вайны недзе таксама ў багенным урочышчы Юніца. Дык вось трэці раз Яўстах перастрэў Іпаліта напрыканцы ліпеня і ад яго ён даведаўся, што савецкае войска ўжо пагнала немцаў на захад ад пушчы і што цяперака напэўна мажліва вяртацца да сваіх хутарскіх папялішчаў.
Гэта навіна моцна ўзбудзіла як Яўстаха, гэтак і Аўгусту. Гэтак ці інакш трэба будзе выбірацца з гэтага багавіньня кудысь бліжэй да людзей. Але куды і якіх людзей – тое было цяжкае пытаньне. З другога боку тутай пры Жоўтай у іх быў будан з печкаю, а як тамака на новым мейсцы адбудоўвацца і абжывацца, бо адзін амаль што яшчэ дзіця, а другі калека – то было неразвязна цяжкае пытаньне. І ўсё ж у гэтым накірунку беглі думкі і ў Яўстаха, і ў Аўгусты. Сталі абмяркоўваць, дзе пасяліцца і чым яны па вайне маглі бы карміцца. Вырашылі знайсьці вольную лонку дзесь бліжэй да былых хутароў Вайнілаўшчына, Дзянісава, Барсукі, Барсуча ды Жабрачыха. Яўстах прыгледзіў гэтакае мейсцакрыху на захад ад былога хутара Барсуча, і яны пайшлі разам яго агледзіць. Тое мейсца было ў кілямэтрах трох ад іхнага будана пры Жоўтай, і туды мажліва было перанесьці ўвесь іхны скарб улучна і цэглу, якую ўжо нідзе, ні на якімсьці спаленым хутары немажліва было знайсьці. Цягам вайны партызаны ды ўцекачы ўсё паразьбіралі на падобныя пячуркі, якая была ў іхным будане. Мейсца абодвум спадабалася. Яно было відавочна вольным. На ім ніколі не было аніякага хутара. Побач травяная багенка, якая магла быць пашаю для мыкаў і дзе магчыма было ўкасіць сена. За багенкаю працякала рэчка Ізьледзь. Вырашылі карміцца ў прышласьці менавіта гадаваньнем мыкаў, хаця якая яна можа быць – то было дазваньня загадкава. Распачалі паступова самавольна будавацца на той лонцы пад Барсуча. Ну а калі зь якой важлівай нагоды іх згоняць, то Яўстах з Аўгустай меркавалі пасунуцца на жыцьцё да спаленага хутара Аўгуставых бацькоў у Шубінскі Бор. Тамака ня згонюць, бо Аўгуста ёсьць адзіная выжыўшая спадкаемца таго мейсца.
У гэтакіх размовах ішлі напрасткі да сябе ў будан каля Жоўтай. І вось пры былой сенажатцы на травяным багна ва ўрочышчы Карыцішча ўжо на адлегласьці з кілямэтра паўтара да будана Яўстах і Аўгуста нечакана напаткалі схуднелага каня з сядлом і страмёнамі. З цуглямі ў роце ён цяжка мог карміцца травою. Таму відаць і схуднеў. Вытаптаная шмат дзе трава, шэраг конскіх лёжак і аправак сьведчылі аб тым, што гэты конь быў тамака ўжо шмат содняў. Неўзабаве адчулі смурод падліны. Пайшлі ў бок, адкуль сьмярдзела, і знайшлі памерлага жаўнера з адзнакамі польскай Арміі краёвай. Пры ім была зброя. Відаць, што той жаўнер быў паранены ды ад кагось уцякаў, але абязьсіліў, прылёг на траве, дзе абязьюшыўся ды памёр. Яўстах заняўся тым конем, а Аўгуста паўбегам рушыла да будана за рыдлёўкай. Як Аўгуста вярнулася, то пахавалі таго жаўнера, зьняўшы зь яго даволі годныя ялавыя боты. Каня і зброю забралі сабе.
Конь апынуўся паслухмяны. Відаць, ягоныя гаспадары мяняліся шмат разоў, і ён да гэтага прызвычаіўся. Каня назвалі Лях то бок паляк. Наяўнасьць гэтага каня прыспароміла ўсе пляны Яўстаха й Аўгусты. Цягам рэшты жніўня і да пачатку кайстрычніка яны перавезьлі на кані ўсё каштоўнае з будана пры Жоўтай. Цяперака напоўніцу гэтакі ж будан стаяў на той іхнай лонцы пры Ізьледзі. Вярталіся да папялішчаў на сваіх хутарох застаўшыеся ў жывых пушчанцы. Іпаліт Рыгорцавіч было пачаў казаць, што тая лонка пры Ізьледзі, цяперака занятая Яўстахам і Аўгустай, насамрэч ёсьць ягоны сенакосны пляц, і што Яўстах з Аўгустай павінны тое мейсца вызваліць. Але дакумэнтальных правоў на тую лонку ў Іпаліта не было. Да таго ж у Іпаліта была слабая паваенная пазыцыя. Служба савецкай бясьпекі, якая пільна кантралявала засяленьне пушчы, з павагаю паставілася да партызанскай паперы, выдадзенай Яўстаху камандзірам партызанскага атраду. Гэта ўзмацняла той факт, што той камандзір ужо займаў пасаду ва ўстанове савецкай улады ў недалёкім Навагрудку. Дзьве наяўныя вінтоўкі Яўстах здаў адпаведнай службе бясьпекі яшчэ раней пры першым іхным візыце. У Іпаліта гэтакіх дакумэнтаў не было, хаця шэраг партызанаў сьведчыла, што ён гэтаксама дапамагаў ім. Каб канчаткова ўладзіць стасункі з будучым суседам, Яўстах даў Іпаліту каня Ляха на карыстаньне цягам двух тыдняў. То была значная дапамога, якая дала яму магчымасьць узараць утравелую за вайну ніву і прытрыляваць бярвеньня з лесу на адбудоўку хоць якой сабе хаты.
Узімку Лях ледзь не штодня працаваў на трылёўцы лесу для навакольных хутарцоў. З таго Яўстах і Аўгуста пераважна карміліся ды абжываліся вопраткай і бытавымі рэчамі. Увесну патрэба каня навакольнымі хутарцамі вельмі ўзмацнілася. Усім трэба было араць зямлю. Узамен бралі харчамі, ды дапамогаю будоўлі хаты. К сьнежню 1945 года Яўстах і Аўгуста перабраліся жытлаваць у невялікую збудаваную хату з маленькай шыбкай, бо нідзе шкла дастаць было немагчыма. Падлога ў той хаціне была земляная, печка ўсё з тых жа цаглін. Цалкам печ была большай, бо яна стаяла на драўняным зрубе. Дадаткова з паўсотні цаглін даў усё той жа Іпаліт зноў такі за карыстаньне Ляха. Сваю сядзібу Яўстах і Аўгуста назвалі Галамоўшчына па назову аднайменнага ўрочышча. Улетку 1946 года збудавалі абору з пуняю. Адзін гаспадар з Заберазі абмяняў на Ляха ягоных бычка і цялушку. З таго пачалася мыкавая гаспадарка ў Галамоўшчыне. Гэтым жа летам Аўгуста загрубела і к наступнай вясьне нарадзіла сына. Праз два гады ў Аўгусты і Яўстаха нарадзілася яшчэ і дачка. Потым нараджаліся яшчэ двое дзяцей, але яны памерлі малымі ад нейкіх заразных хвароб. Тым часам і старэйшыя хлопчык ды дзяўчынка, і самі бацькі таксама хварэлі, але ня гэтак цяжка як немаўляты, якія памерлі. Нягледзечы на гэта гора, радзіннае шчасьце і радасьць жыць поруч у штодзённым каханьні не пакідала Яўстаха й Аўгусту.
Гэту радзіну на іхным хутары Галамоўшчына я ўпершыню перастрэў улетку 1982 году. Вандруючы па Налібоцкай пушчы ды цікавячыся выдрамі, я хацеў менавіта летнім часам прайсьці ўздоўж рэчкі Ізьледзь ад яе сутокаў з Волькай пад Паташняй і да істокаў каля хутара Зьвярынец на цэнтральным усходзе гэтай пушчы. І вось к вечару пасьля першага цяжкага дня пераходу па багне абапал Ізьледзе, неаднаразовых пошукаў яе рэчышча, бо Ізьледзь тамака разьліваецца на шмат маленькіх рамёнаў, я выйшаў на багенную галявіну. Напрыканцы той галявіны віднеўся нейкі хутар і чуліся шматлікія мыканьня. Я накіраваўся да таго хутара са спадзевай заначаваць у гэтых хутарцоў дзесьці ў пуні на духмяным сене. Наўпрост праз багенны травастан ісьці было надта цяжка, бо напаткаў надта топкае багавіньне. Таму я пайшоў да левага боку галявіны, дзе было ня гэтак топка і дзе адлегласьць да сьцяны лесу была ўсяго мэтраў сто. Падыходзячы да таго лесу пры ягонай мяжы з хутарской галявінай, я ўбачыў жанчыну, якая бегла з усёй моцы на мяне і крычала:
– Палітуй прэч! Лезь на дрэва! Бугай заб'е!
Сапраўды ў лесе недзе недалёка чуўся нейкі хруст, і таму я пасьпяшаўся швыдка ўскараскацца на елку. Я быў на вышыні мэтраў чатырох, як да стаўбура гэтай елкі ўжо падбег вялізны і злосны бык, які быў відавочна раз’юшаны зьяўленьнем чужака. У быка нос быў праколаты вялікім жалезным колкам. Неўзабаве падбегла тая жанчына, якая рашуча схапіла быка за тое колка, і ён паслухмяна пайшоў за ёй да кашары. Запёршы ў кашары быка, жанчына вярталася да мяне на елке. Тым часам да камля гэтай елкі падбеглі два сабакі. Яны гультаявата брахнулі на мяне, потым абсікаўшы камель, падаліся да гаспадыні. Падышла і яна, запытаўшы:
– Ну, чаго табе там? І хто ты такі, ды як ты тутай у гэтым тапіле апынуўся?
– Ведаеце, гаспадынечка, я змок і хацеў было папрасіцца ў вас пераначаваць дзе-небудзь на сене ў пуні, але зараз, убачыўшы вашага быка, я і тутай пачуваюся вельмі добра, – паспрабаваў для пачатку аджартавацца я.
– Ну, не лібізуў. Няма мне калі з маладзёнамі жарцікі жартаваць, – казала далей тая кабета.
– А ўвогуле я студэнт, студэнт універсітэту, будучы заоляг. Цікаўлюся выдрамі. Во і шукаў іх па Ізьледзі. Я ж ня ведаў, што тутай гэтакая твань. На мапе рэчка як рэчка. Быццам бы можна ісьці паўз яе. А тамака што ні крок, то па пояс у багавіньне, – гэтак тлумачыў я.
– Ну ты сядзі на елке, раз табе падабаецца, а я пайду ў свайго мужыка запытаю, што з табою рабіць, – казала яна.
– Толькі не забівайце, я добры і хачу яшчэ пажыць. Нават дзяцей не нарадзіў, – працягваў жартаваць я.
Яна відаць усьміхнулася і пайшла ў накірунку хаты, а я больш пасобна ўладкаваўся на таўстой бакавой галіне той елкі ды стаў чакаць яе вяртаньня. Хвілін праз дзесяць падышлі тая жанчына і ейны мужык. Яна была яшчэ досыць вабная кабета з выгляду паміж сарака пяцьцю і пяцідзесяцьцю гадамі. Ён быў хадзіў з мыліцай і выглядаў значна старэйшым за яе, мо гадоў пад семдзесят. Насамрэч ёй тады было пяцьдзясят чатыры гады, а яму шэсьцьдзесят шэсьць гадоў. Мужык сказаў:
– Гэй ты, студэнт, злазь. Пойдзем, пераначуеш.
Я даведаўся, як іх зваць, ды штось распавёў аб сабе. Яны былі нешматслоўны, паказалі мне, дзе на сене я магу паспаць, забаранілі паліць і ўвогуле карыстацца запалкамі ды сышлі. Я, пераспаўшы на тым духмяным сене, на досьвітку сышоў да Ізьледзі. То было маё першае знаёмства з Яўстахам і Аўгустай у іхнай Галамоўшчыне.
У сьнежні таго жа году я завітаў да іх ізноў. На гэты раз начаваў дзьве начы ды ў іхнай хаце. Паразмаўляўшы за вячэрай, з іхнай свойскай весахоўкай і прынесеным мною бальзамам беларускім, мы добра паразумеліся і душэўна прыйшліся адзін да аднаго, ня гледзячы на значную розьніцу па веку. Напраўду тыя дарослыя Аўгуста й Яўстах былі шчырыя й адчыненыя як добрыя дзеці. Да іх цягнула і хацелася ў іх бываць. На той час у Аўгусты і Яўстаха было цалкам пяць дзяцей. Старэйшыя сын і дачка жытлавалі ўжо асобна недзе ў Юрацішках і Лежневічах. З бацькамі было яшчэ трое больш позьніх дзяцей узростам прыблізна чатыры, шэсьць і дзевяць гадоў. З таго часу і аж да іхнага высяленьня кудысь на вёску ў Стаўпецкі раён праз два гады я гасьцяваў у іхнай хаце мо яшчэ разоў дзесяць пераважна ў зімовы час. Гісторыя жыцьця Яўстаха й Аўгусты пад час Другой сусьветнай вайны і вакол яе паўстала для мяне цягам шматлікіх вечаровых бясед. Ім было вельмі прыемна тое прыгадваць, і фактычна кожным разам майго візыту да іх мы ў нашых размовах гэтак або інакш вярталіся да той ваколваеннай тэмы іхнага выжываньня і каханьня. Пераезд іх на жытлаваньне ў вёску быў вымушаны з нагоды дзяцей вучыцца ў школе, тады як вазіць дзяцей у школу з іхнай глухамані да няблізкіх Кляцішчаў або далёкіх Бакштаў яны аніяк не маглі. Старэйшых дзяцей яны сьперва вучылі ў недалёкай Каменнай Слабадзе, дзе пачатковая школа была ў хаце Каваленкаў. Потым тыя вучыліся ў Кляцішчах, жывучы школьныя дні ў інтэрнаце. Потым школы ў Каменнай Слабадзе ня стала, інтэрнаты пры іншых школах занепадалі. Каб вучыць дзяцей, прыйшлося выселяцца з хутарской зашывені ў людзі.
Побыт у двары Галамоўшчына ў Яўстаха й Аўгусты пакінуў у маёй памяці шэраг зыркіх уражаньняў. Па-першае, то іхняя хата, у якой не было электрычнасьці. Паводле слоў Яўстаха й Аўгусты ўсё ў іхнай хаце засталася амаль гэтакім жа, як яе адбудавалі ў 1945 годзе. Тыя ж сьцены, тая ж печ, тыя ж палаці, тая ж земляная падлога, тое ж толькі адно маленькае акенца, адно толькі гонт мяняўся двойчы. Нараджаліся дзеці, а грошы зарабляліся быдлам акурат столькі, каб пражыць, то бок на ежу і вопратку. Нават неяк Аўгуста паказала мне ты два чыгунныя каганы, што яны знайшлі ў вайну на спаленай Жабрачыхе і карысталі ў сваім будане на Жоўтай. Захаваўся й адзін з тых сальных кубельцаў з бацькоўскага Шубінскага Бору. Усё гэта ўражвала мяне, які мінулую вайну адчуваў толькі па аповедам сьведкаў і ўдзельнікаў. Таксама з Аўгустай хадзіў я на мейсца таго будана пры Жоўтай. Пасьля савецкага асушэньня 1960-1970-ых гадоў тамака ўсё зьмянілася. Не было ўжо тых вялізных елак пад якімі стаяў будан. Таксама не было ўжо і самой рэчкі Жоўтай, а толькі рэшты яе перасохлага рэчышча. Адылі грудок, дзе стаяў іхны будан захаваўся. Ён быў густа парослы хмызамі чарэмхі ды крушыны. З параўнальна вялікіх дрэў на ім было некалькі асін і чорных алешын, а таксама дзьве елкі. На мейсцы, дзе стаяў будан, мы знайшлі шэраг кавалкаў цаглін ды абачліва не забраны клямар.
Увесь паваенны час Яўстах і Аўгуста займаліся гадоўляй быдла. З мыкаў яны мелі вялікага быка, ад чатырох да шасьці кароў на малако сабе і на разьвядзеньне, а таксама да шасьці сегалетак цёлак і бычкоў ды яшчэ некалькі падросшых цёлак, каб давесьці іх да стады дойнай каровы. Гэтакіх дойных маладых кароў, звычайна дзьве на год яны спрадавалі. Гэты спродаж даваў каля тысячы двухсот савецкіх рублёў. За гэтыя грошы іхная радзіна і жыла. Насамрэч у той час дазвалялася адной радзіне ўтрымліваць ня больш двух дойных кароў і аднаго бычка. Часова да зімы можна было яшчэ мець двух цялят любога полу. Гэтакім чынам у Яўстаха й Аўгусты заўжды быў значны лішак – да васьмі асобін мыкаў. Тое яны, як маглі, хавалі ад уладаў. Па-першае гэта хавалі самі пушчанскія нетры, бо туды ў Галамоўшчыну ня гэтак і лёгка было дабрацца. Акрамя таго мясцовыя ўлады ведалі, што Яўстах з Аўгустай і з дзецьмі ледзь-ледзь выжываюць, і таму іх не надта чапалі з нейкімі там кантрольнымі выездамі. Адылі на ўсялякі выпадак Яўстах і Аўгуста мелі ў даліне Ізьледзі агароджаную кашару, схаваную ад людзкога вока сьцяною лазовых хмызоў. Менавіта тамака ў цёплы сэзон часта ўтрымліваўся лішак мыкаў. У той пакрыёмай кашары была паветка з сенам ды вялікая кармушка-ясьлі, куды падвозілі на конным возе сьвежай накошанай травы. Акрамя таго ў самой кашары было з паўгектара пашы. Узімку лішак быдла хавалі ў аборы. Тая абора ў Яўстаха з Аўгустай была даволі вялікая і значна большая чымся іхная хата. У ёй было двое дзьвярэй. Адны дзьверы вялі ў кароўнік, а другія дзьверы ў пуню. Кароўнік і пуня былі разьдзелены перагародкай, якая мела праход паміж. Як заходзіш у кароўнік, то дазволеная колькасьць мыкаў быццам бы стаіць у загародках перад табою. Насамрэч за тыльнай сьценкаю, якая перагароджвала кароўнік уздоўж, было яшчэ пакрыёмае памяшканьне для лішка мыкаў, уваход у які быў з пуні і звычайна завалены сенам.
Яшчэ мне запомніліся дзьве дзеі, якія я назіраў пры маім побыце на хутары Галамоўшчына ў Яўстаха й Аўгусты. Першае – гэта, як яны мыліся ўзімку. Тое я неяк убачыў, вяртаючыся да іхнай хаты з пушчы зімовым надвячоркам. Дык вось каля хаты была немалая копань, якую Яўстах з Аўгустай пашыралі і паглыблялі рыдлёўкамі кожную летнюю сухмень. Па цэнтру гэтага стаўка ў лёдзе была прарэзана пілою палонка недзе мэтра паўтара на сантымэтраў семдзесят. З абодвух бакоў палонкі на саломе, пасланай на лёд, стаялі ночвы. Адны ночвы былі вялікія, а другія меншыя. Пры беразе на цяжкіх бэтонных блёках ад нямецкіх бункераў Першай сусьветнай вайны была ўмацавана вялізная глыбокая балея – тая, у якіх мяшаюць цеста на хлебазаводзе. У той балеі кіпяцілася вада на вогнішчы, што гарэла пад балеяй паміж блёкамі. Час ад часу, прыкладна кожныя пятнаццаць хвілін гарачую ваду падлівалі ў ночвы, а сьцюдзёную ваду з палонкі ў балею. Усе былі абсалютна голыя: і бацькі, і дзеці, мыючыся і жарсна забаўляючыся вакол палонкі і ночваў. Як я падышоў, дзеці не зьвярнулі на мяне ўвагу, Яўстах, усьміхаючыся, маўчаў, а Аўгуста сказала без аніякай бянтэжы:
– А мы во гэтак мыемся. А што, цікава прыдумалі?
Яна стаяла абсалютна голая перада мною ў трох мэтрах. Я дагэтуль памятую яе худаватае, прыгожа складзенае жаноцкае цела, але з моцна абвіслымі грудзьмі, ускарміўшымі цалкам семярых дзяцей.
Адносна гігіены, трэба зацеміць, што Яўстах і Аўгуста мелі вельмі цікавую прыбіральню. Пад час побыту ў іх я дбаў, каб спраўляць малую і вялікую патрэбу недзе ў пушчы, бо я ня бачыў побач іхнай прыбіральні, да і неяк няёмка і сарамліва было ўтручвацца ў гэту інтымную частку іхнага жыцьця. Але аднойчы я, дапамагаючы ім штось на падворку, адчуў важкую патрэбу да туалету. Я запытаў Яўстаха, дзе ён. Той паказаў рукою на бліжэйшую сьцяну лесу, сказаўшы літаральна наступнае:
– Во бачыш сьцежачку да лесу, ідзі па ёй, убачыш рыдлёўку. Гэта і ёсьць наша прыбіральня. Як ёй карыстацца - уцяміць будзе ня цяжка.
Тутай трэба зацеміць, што я шмат бываў у вясковых жыхароў, вядома карыстаўся іхнымі прыбіральнямі. Але гэта прыбіральня ў Яўстаха й Аўгусты на хутары Галамоўшчына была найчысьцейшая з усіх дагэтуль і апасьля мною бачаных.
Другі важкі ўспамін ад Яўстаха й Аўгусты былі сьняданкі разам зь імі. Звычайна яны елі два разы на дзень: позьні сьняданак пасьля ранішняга догляду быдла й іншых пільных спраў на падворку ды вячэра ўжо як сьцямнее. Той сьняданак, амаль што абед быў заўжды важкі і аднолькавы. Аўгуста пякла ў печы тоўстыя бліны, якія ўсе елі з мешанкай з тварагу, сьмятаны і прастаквашы ў прыкуску з мёдам, запіваючы гарбатаю. Прайшло ўжо крыху больш сарака гадоў з тае пары, калі я ўдзельнічаў у гэтакіх сытных сьняданках, а я сам дагэтуль сьнедаю ўсё гэтак жа, то бок позна апоўдні. Звычайна пасьля ўсіх шматлікіх ранішніх спраў на падворку мы ямо блінкі або налісьнікі з гэтакаю ж кісламалочнай мешанкай, з мёдам і гарбатаю. Ямо доўга і шмат, размаўляючы і з асалодаю адчуваючы, што яшчэ жывеш, жывеш у радзінным каханьні разам, і што яшчэ ёсьць шмат плянаў на жыцьцё.
Вось як раз допісам аб гэтым вялікім радзінным каханьні Яўстаха й Аўгусты я і хацей бы скончыць свой аповед аб іх сьветлых маёй памяці. Узгодна маім жыцьцёвым назіраньням мала якой парке ўдаецца захаваць жарснае каханьне і глыбокую павагу да канца супольнага жыцьця, тое адчуваньне немажлівасьці дзейнічаць, чагось хацець, штось плянаваць, радавацца чамусь, чымся захапляцца і цалкам жыць адно без аднаго поруч няспынна, без пярэрвы. І менавіта гэтак яны і жылі, штодзённа радуючы адзін аднаго сваім шчырым каханьнем, шчырым ухваленьнем адзін аднаго, дабрачыннасьцю ды прагнасьцю быць заўжды побач. Агульнавядома, што твар чалавека з цягам часу гэтак ці інакш адлюстроўвае і ягоную дабрачыннасьць, і стваральную ўзьнёсласьць думак, і мажліва наскрыленьне кепскіх учынкаў і памкненьняў. Адукаваны і ўзбагачаны жыцьцёвым досьведам чалавек лёгка расчытае гэтакае па твару любога, як бы той не маскаваўся пад штось іншае. Дык вось, гледзячы ў адчыненыя дабразычлівыя твары Яўстаха й Аўгусты, я да бянтэжы губляўся ад думкі наконт таго, колькі ім насамрэч гадоў. Зь іх далёка немаладых твараў глядзелі на мяне рысы шчырых і добрых дзяцей, зусім не запсутых цяжкімі заганамі гэтага жыцьця. Як быццам не было ў іхным жыцьці тых злыбядовых выклікаў і цяжкіх выпрабаваньняў цягам вайны, як не было заўсёднай бытавой нястачы ў паваенны час.




Comments