Надрукаваны альбом-рэканструкцыя аб даўнейшай Налібоцкай пушчы
- Vadim Sidorovich

- Mar 25
- 3 min read
Што тычыцца Налібоцкай пушчы, то я часта даволі прыкра адчуваю, што нарадзіўся занадта позна. Мяне захапляюць мала кранутыя чалавекам нетравыя мясціны гэтай пушчы, гэтакая пушчанская зашывень, непралазнасць ды немарач, дзе толькі зрэдку бываюць людзі, а то і толькі я сам. Адылі такога ў любай мне Налібоцкай пушчы ўсё меншае і меншае. Пракладаюць новыя дарогі ды значна паляпшаюць былыя, каб ледзь не ва ўсіх пушчанскіх урочышчах сячы лес. Нетравыя мясціны паступова знікаюць ды ўжо дакладна становяцца ўсё больш дасягальнымі. Таксама цяперашняя Налібоцкая пушча ўсё часцей поўніцца аўтамабілямі-пазадарожнікамі, квадрацыкламі ды багі, на якіх ледзь не паўсюдна магчыма даехаць. Да таго ж усё болей з’яўляецца аматараў нетраў і зашывені, падобных мне. Яны прыемныя людзі, але цяперака былой пушчанскай глухамані, якую я пазнаў тут яшчэ нават у 1980-х гадах, бадай што няма. Таксама засталіся і нейкім цудам дагэтуль трымаюцца ледзь не апошнія кавалачкі, нават знічкі колішняй пушчанскай пярвотнасці, яе пракавечнасці, тады як нават у тыя ж 1980-я гады ўсё гэта не было рэдкасцю ў Налібоцкай пушчы. Адпаведна шкадаванне аб былых глухамані, нетрах і зашывені пушчы, імклівая настальгія аб некранутасці гэтага дарагога маёй істоце ляснога тэрэну параджаюць ува мне мроі аб ёй даўнейшай. Часам гэтакія мары ды ўяўленні вельмі захапляюць мяне, і гэта дае цудоўную мелодыю жыцця – жыцця тут, на яе абшарах.
Я кіраваўся менавіта гэтакімі пачуццямі, калі ў мяне ўзнікла ідэя пакуль што невялічкага альбома, у якім на падставе геабатанічных ды гідраграфічных ведаў, а таксама наяўных ранейшых мапаў, фотаздымкаў ды малюнкаў зрабіць спробу хоць нейкай рэканструкцыі выгляду вабных куткоў ды ў цэлым краявідаў даўнейшай Налібоцкай пушчы. Што значыць даўнейшай? Гэта не надта акрэслена. Пераважна тое азначае пушчанскі стан да татальнага асушэння і шыракасяжных лесанарыхтовак 1960-х і 1970-х гадоў, а ў чым мажліва, то і зазірнуць у пушчанскую пракавечнасць нават далей. Як мне ўяўляецца, хутчэй за ўсё, тое будзе Налібоцкая пушча другой паловы дзевятнаццатага і першай паловы дваццатага стагоддзяў. Я не наважыўся бы сцвярджаць, што гэтакай дазвання была тагачасная Налібоцкая пушча, бо гэта ёсць толькі мая мроя. Адылі я імкнуўся як мага больш праўдзіва ўкласці свае веды і наяўны ілюстратыўны матэрыял у гэтую рэканструктыўную распрацоўку.

Беспасярэднімі сродкамі дзеля гэтага былі наступныя. Першае – мапы даўнейшай і не гэтак даўняй мінуўшчыны, а таксама мапы пэўных урочышчаў, укладзеныя мною. Другое – фотаздымкі з Налібоцкай пушчы ранейшых часоў, на якіх будуць людзі за паляваннем ці высечкай лесу або проста будынкі, але з іх асноведзі зазірае і ранейшая пушча. Трэцяе – нечыя малюнкі ранейшых часоў на пушчанскія матывы або сучасныя малюнкі аб ёй даўнейшай. Адылі гэтакіх фотаздымкаў і малюнкаў у асноўным знайшлося толькі для цэнтральна-паўднёвай часткі Налібоцкай пушчы, яны пераважна звязаныя з дзейнасцю старажытнай гаёўні Буды. Чацвёртае і бадай што асноўнае, то ёсць больш-менш сучасныя мае фотаздымкі (1982–2026 гадоў) Налібоцкай пушчы, якія прыдатны дзеля ўяўлення аб ёй ранейшай і нават даўнейшай. Гэтыя фотаздымкі назнарок пераведзены з каляровых у чорна-белыя, каб стварыць адчуванне ўжо даўно мінулага часу, калі каляровыя фотаздымкі рэдка ўжываліся або яшчэ іх не было. Акрамя таго, чвэрць гэтакіх фотаздымкаў 1980-х гадоў былі насамрэч чорна-белыя. Пятае – фотаздымкі тэрэну Налібоцкай пушчы, зробленыя ў 1949–1967 гадах заолагамі (Анатоль Фамянкоў і Іван Данілюк) або асушальнікамі (Хведар Луганоўскі і Яўген Лазавік), таксама ўжываліся. Шостае – паказ даўнейшых варункаў тэрэну Налібоцкай пушчы аздабляўся фотаздымкамі знакавых гатункаў звяроў і птушак, але таксама на асноведзі больш-менш пярвотнага пушчанскага асяроддзя.
Цяперака паспрабую растлумачыць, як я падаваў адпаведны наяўны матэрыял у дачыненні даўнейшай Налібоцкай пушчы. Па-першае, даецца агульная мапа сучаснай Налібоцкай пушчы, як яна паўстае ў маім уяўленні па межах сталага размеркавання лесу к паўночнаму захаду ад Нёмана ды мястэчак Мір, Шчорсы і Любча, а таксама к захаду ад мястэчак Дзераўная, Налібакі, Івянец і Пяршаі ды к поўдню ад Валожына і Вішнева. На той агульнай мапе пазначаны шэраг прастакутнікаў, для якіх я на падставе пэўнай інфармацыі ўклаў падрабязныя мапы адпаведных кавалкаў Налібоцкай пушчы на канец васямнаццатага ды пачатак дзевятнаццатага стагоддзяў. Дык вось, па-другое, менавіта для ўрочышчаў тых пушчанскіх частак пададзены ілюстратыўны матэрыял аб іх мінулым выглядзе па магчымасці ў розныя сезоны.
Цалкам плошча абшараў Налібоцкай пушчы — каля дзвюх тысяч квадратных кіламетраў. Гістарычна гэтая пушча адразу называлася як Мікалаеўскі лес. Потым, калі гэтымі леса-балотнымі абшарамі ў асноўным завалодалі магнаты Радзівілы з Нясвіжа, то яе сталі клікаць як Занёманская пушча, бо яна размяркоўвалася за Нёманам адносна іхняга замка-палаца ў Нясвіжы. Кіраванне працамі лавецкай і лясной гаспадарак Радзівілаў у Занёманскай пушчы пераважна вялося з іхняй афіцыны ў мястэчку Налібакі. З таго часу паступова за гэтай пушчай замацаваўся назоў Налібоцкая пушча.
Паўднёвая, асабліва паўднёва-заходняя і бадай што цалкам заходняя часткі Налібоцкай пушчы былі ў асноўным лісцястыя з перавагай дуба, ясеня, ліпы, клёна і чорнай алешыны. Сухадольныя часткі ў цэнтры і к усходу пушчы былі пераважна іглічныя з вялікімі плошчамі бароў або хвойнікаў ды гушчароў, то-бок ельнікаў. Не менш за траціну тэрэну Налібоцкай пушчы займалі багнавыя дзялянкі. Тыя багны пераважна былі нізінна-травастанныя.




Comments