Крывалучны лёс Юльяна Бацяна з Каменя
- Vadim Sidorovich

- 23 hours ago
- 42 min read
Дадзенае апавяданьне аб лёсе аднаго з пушчанцаў не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая адлюстраваньне ды мажлівая рэканструкцыя падзей на няпоўнай дакумэнтальнай аснове з імкненьнем праўдападабенства, але ў шмат якіх частках ўтрымлівае мастацкую выдумку, калі бракавала сапраўднай інфармацыі, або трэба было падаць апавяданьне як прывабную дзеля чытва гісторыю з мажлівымі размовамі ды пачуцьцямі.
У 1980-ых гадох я часта наяжджаў на хутар Вялікае Печышча ў Налібоцкай пушчы, дзе жытлавала радзіна маіх знаёмцаў Ядзьвігі Далідовіч і Ромака Маргуля. Мне надта падабаліся прыродна багатыя ваколіцы, гасьціннасьць ды адмысловы лад жыцьця гаспадароў, і я часам бываў тамака аж ад некалькіх тыдняў. Ядзьвіга шмат ведала разнастайных пушчанскіх гісторый, і ледзь ня кожны вечар мы праводзілі ў гэтакіх размовах. Ромак у тых аповядах ўдзельнічаў мала. Звычайна ён толькі слухаў і часам сьцісла штось камэнтаваў. Цягам гэтых бясед мы бясконца пілі гарбату з іхным хутарскім мёдам, а таксама бальзам Беларускі, да пяці бутэляк якога я звычайна прыносіў з сабою, едучы ў Вялікае Печышча. Ромаку й Ядзьвізе падабаўся той бальзам, і я ня мог адмовіць ім гасьцінным у гэтым задавальненьні. Больш таго гэты напой вельмі падабаўся і мне таксама. Адылі паступова ў Ядзьвігі тыя аповяды скончыліся. Аб гэтым яна нямала шкадавала, што ня можа распавесьці мне штось яшчэ новае. Тады я прасіў яе распавесьці нейкую ейную гісторыю яшчэ раз і як мажліва больш падрабязьней. Гэтак яна і рабіла. Аднойчы прыйшоўшы з навальнай пушчы, Ядзьвіга паведзіла мне, што да іх прыехала маці Ромака, або як яна яе называла Маргуліха, і таму мне начаваць на сене ў пуні. Яшчэ яна сказала, што вартасьцю прыезду ейнай сьвякрухі для мяне будзе тое, што Маргуліха можа распавесьці незвычайна цікавы аповяд пра крывалучны лёс аднаго ейнага сваяка. Маці таго сваяка на імя Юльян Бацян і бабуля Маргуліхі былі роднымі сёстрамі. Я ўзбадзёрыўся навіною аб новай цікавай гісторыі і быў гатовы слухаць яе хоць адразу. Пасядзелкі за апошняй бутэлькай таго цудоўнага бальзаму адбыліся ўвечары, і вось што тая Маргуліха мне паведзіла.
У лістападзе 1918 году да бацькоўскай сядзібы на ўскрайку вёскі Камень, што на ўскрайку Налібоцкай пушчы, вярнуўся з Першай сусьветнай вайны Юльян Бацян – тутэйшы маладзён, які меў тады няпоўных трыццаць гадоў. Ён вярнуўся цэлы, то бок з рукамі і нагамі, хаця цягам вайны быў двойчы паранены. На той вайне Юльян даслужыўся да падпарутчыка і быў двойчы ўзнагароджаны Георгіеўскім Крыжам. Да вайны Юльянаў бацька Апанас Бацян быў лясьнічым у развойным Каменьскім лясьніцтве. Юльян пасьля сканчэньня Баранавіцкай лясной школы адразу заняў пасаду опэр-аб’ездчыка, а потым намесьніка лясьнічага Каменьскага лясьніцтва. Тым часам Юльян з бацькам Апанасам фактычна кіравалі ўсімі справамі лесанарыхтовак вакол Каменя. Але насунуўшаяся вайна ўсё зьмяніла. Юльян трапіў у войска, а тамака на ваенны фронт. Бацька і двое малодшых братоў памерлі ад тыфу або дыфтэрыі цягам той вайны.
Вялікая хата Бацяноў на ўезьдзе ў Камень з Дайнавы і Млынкоў цяперака засталася амаль што апусьцелай. На час вяртаньня Юльяна з вайны ў даволі вялікай хаце Бацяноў фальварковага выгляду мешкалі толькі ягоная маці Юзэфа і аўдавелая ды хваравітая сястра Казя. Іхная хата была з пакоямі на два канцы і з двума ўваходамі па цэнтру будынка з вуліцы і з падворка. Уваходы былі з прыгожымі кутнымі каптурамі, абапёртымі на таўстыя дубовыя палі. Дванаццаць параўнальна вялікіх шыбаў з разнымі ліштвамі й аканіцамі дадавалі хаце хараства. Бярвеньні сьцен былі таўстыя і без прыточак. Дах быў пакрыты хваёвай гонтай, над якім фарсіста ўзвышаліся аж чатыры фігурных коміны. За ўваходамі быў вялікі сьцюдзёны пакой для гаспадарскіх патрэб і з драбінаю на агромістае гарышча. Кожны канец хаты падзяляўся на кухню-сталоўку з вялікай печчу, залю і спальню, якія атапліваліся печамі-стаякамі. Столь у хаце была высокая, што давала прыемнае адчуваньне прасторы пакояў. З гаспадарчых забудоў былі вялікая абора, якая складалася з быдлячага хлява і пуні з сенам, параўнальна невялікая стадола толькі для збожжа, вялікіх лямусу і варыўні са скляпеньнем. Лямус і варыўня былі пакрыты таксама гонтай, тады як стрэхі аборы і стадолы былі з саломы. Да вайны жылі Бацяны заможна, але ўвесь іхны радзінны набытак быў спустошаны вайной і яе наступствамі.
Як Юльян вярнуўся з вайны ў спустошаную сядзібу, не было ані што есьці, ані ва што апрануцца. Юльян заняў адзін канец хаты ды стаў памалу спрабаваць неяк абжывацца. Працы з мінімальна годнымі грашыма ў Камені не было. Нястача душыла большасьць каменьскіх радзін асабліва тых, дзе былі дзеці, хворыя ды састарэлыя бацькі. Каменьскае лясьніцтва ўжо не існавала, і калі яно зьберыцца з працаю і ці мажліва тамака будзе набыць годную пасаду было невядома. Да вайны Юльян яшчэ ня быў у шлюбе, і па іроніі лёсу перш за ўсё ён абжыўся жонкай Фросяй або Эфрасіняй. То была спагадлівая ды вабная маладая кабета, якая ўжо пабывала ў кароткім замужжы, але аўдавела цягам вайны і гадавала малую дачку ад таго шлюбу. Неўзабаве апынулася, што ў паваеннай прыфрантавой вёсцы акрамя як удавой разжыцца было няма чым. Прадбачучы гэта, Юльян вярнуўся з вайны, маючы пры сабе тры рэвальвэры са значнымі запасамі набояў для іх. То быў парабелум і два наганы. Лепшы самаўзводны наган Юльян меўся пакінуць на ўсялякі выпадак дзеля собкага ўжытку ў гэты ліхі час, тады як другі наган і парабелум ён меўся спрадаць, каб на гэтыя грошы пачаць неяк абжывацца. Каб узараць свае маргі ды штось засеяць на іх, пільна патрэбен быў конь. Каня мажліва было арандаваць, але тое каштавала ледзь ня чвэрць ураджаю. То былі вельмі кабальныя ўмовы, на якія мала хто пагаджаўся. Неяк аралі на валах ды на людзкім цягле. Але ў хаце Юльяна былі толькі жанкі ды не самыя моцныя жанкі, якія б цягло ў іхніх дзерванах нават ня зрушылі бы. Патрэбен быў менавіта конь. Дык вось другі наган Юльян абмяняў у былога саслужыўца па Каменьскаму лясьніцтву на ўжо немаладога хударлявага каня. Яшчэ ў Бацяноўскім хляве, дзякуй Богу, былі куры, і больш не было анічога.
Пільнай была патрэба прадаць парабелум. Але каму? Тое было ня проста і небясьпечна. Юльян хацеў за яго і адпаведныя сто набояў атрымаць пяцьдзясят а то і шэсьцьдзесят рублёў золатам. З гэтым дапамог усё той жа былы саслужывец па лясьніцтву. Яго звалі Гінтаф Кавалевіч. Пакупніком апынуўся ягоны супольнік напэўна па нейкім крымінальным справам, жыхар вёскі Выганічы Ксавэры Дзервянец. Той Ксавэры меў каля сарака гадоў, і па словах Гінтафа ён быў надзвычай харобрым і даволі прадпрымальным мужыком. З Першай сусьветнай вайны Ксавэры вярнуўся поўным кавалерам Георгіеўскага Крыжа. Спродаж парабелума адбыўся ў будынку млына ў Івянцы акурат перад Калядамі. Млынар быў сваяком Гінтафа, і да яго быў давер. У выніку спродажу парабелуму і набояў Юльян атрымаў шэсьцьдзесят рублёў золатам. Ксавэры быў пры ладных грошах і не скупіўся за відавочна добра дагледжаную зброю і аж са ста набоямі. Калі яны ўтрох з млынаром абмывалі гарэліцай той інтэрас, то Ксавэры, дазнаўшыся аб нестачах у радзіне Юльяна й убачыўшы ў ім спраўнага мужыка, загартаванага вайною, запрасіў яго заехаць да яго на бяседу ў Выганічы. Пры гэтым ён зацеміў, што магчыма возьме яго ў сваю справу з грашыма на жыцьцё. Але, што гэта за справа, Ксавэры гэтак і не абмовіўся, хаця Юльян пытаў, што тое за справа і якія грошы.
Ксавэры толькі і сказаў:
– Ты ўсё ж неяк прыедзь пабалакаем. Магчыма што і зьлепім. Мне гэтакія спраўныя людзі патрэбны. Мая хата ў Выганічах другая справа на ўезьдзе з Ракава.
Адылі то быў ня блізкі сьвет тыя Выганічы пад мястэчкам Ракаў, і Юльян усё ня мог выбраць досыць вольнага часу. Трэба было вырашаць пільныя пытаньні аб тым, што есьці, якімі дровамі паліць у печах, чым увесну засеяць свае маргі і гэтак далей. Ды яшчэ Фрося была загрубеўшы, і яе цяжарнасьць пасоўвалася надта цяжка. А там праз нейкі месяц пачалася Савецка-Польская вайна, на якую Юльян неспадзявана трапіў. Юльян быў мабілізаваны польскім бокам, атрымаўшы камандаваньне ўзводам жаўнераў-пехацінцаў. Ягоны ўзвод адразу трапіў на жорсткі фронт, які адбіваў наступ савецкага войска пад камандаваньнем Тухачэўскага. На гэтай вайне Юльян ізноў быў двойчы ня цяжка паранены пад Варшавай і пад Менскам. З Савецка-Польскай вайны Юльян вярнуўся амаль што героем з двума ўзнагародамі Крыжом Харобрых. Але ў далейшы мірны час акрамя шаноўнага стаўленьня мясцовых уладаў тое не дадало Юльяну і ягонай радзіне штось значнае ў штодзённым жыцьці з ягонымі шматлікімі патрэбамі. Трэба было з нечага карміць і апранаць ужо двух дзяцей, састарэлую матку і не надта здаровую сястру. Фрося ізноў была цяжарная амаль што на апошніх снасях.
Нястача ўсё балей брала Юльяна за горла. Мажліва было пайсьці да Івенцу на службу памежнікам і не шарагоўцам. Юльяна не аднаго разу клікалі туды. Тамака плацілі ня кепска. Але за дзьве вайны Юльяну гэтак абрыдла ўсё вайсковае, што ён разглядаў для сябе гэтакі шлях як найгоршы. Адылі як ня дбаў Юльян і куды не зьвяртаўся па дапамогу, але патрэбнага выніку ўсё не было. І вось тады недзе ў сярэдзіне лета, амаль што загнаны ў кут беднасьці, Юльян паміж іншым прыгадаў аб Ксавэры Дзервянцы з Выганічаў. Не было вядома, ці жывы той Ксавэры, ці не. Але Юльян спадзяваўся, што мажліва ён жывы і магчыма чымся дапаможа ў ягонай нястачы. Трэба было ехаць да Ракава. Магчыма толькі каб шукаць таго Ксавэры, Юльян бы ў тую няблізкую дарогу і не паехаў бы, але ў Ракаве мешкаў родны дзядзька Міхась Бацян, якому бацька Юльяна раней шмат дапамагаў па розным ягоным інтэрасам. Той дзядзька Міхась жыў адносна заможна, і Юльян спадзяваўся ўзяць у яго гадавую пазыку, каб разжыцца дойнаю мыкаю. З гэтымі двума справамі Юльян і выбраўся ў тую дарогу са сваім хударлявым конікам і на паўразламанай фурманцы.
Дзядзька Міхась прыняў пляменьніка гасьцінна, усё бахваліўся набыткамі, але пазычыў толькі драбязу ў дзесяць рублёў золатам, каб не памерлі з голаду. А вось бяседа з Ксавэрам была больш спадзеўнай. Ксавэры адразу пазнаў Юльяна. За бяседай між іншым паказаў усё той жа парабелум, які некалькі гадоў таму набыў ад Юльяна, пахваліўшы:
– То, спадар Юльян, адмысловы комін і смаліць ён як мае быць. Дзякуй яшчэ раз. Ня раз ён мяне вызваляў з нявыкруткі.
А зь якой нявыкруткі – тое не ўдакладнялася. Як вызначылася з размовы, Ксавэры неяк пазьбег удзелу ў Савецка-Польскай вайне, захаваў былыя набыткі, і цяперака ён быў у дастатку і пры грошах. Ксавэры ня меў сваёй радзіны, часова жытлаваў з рознымі аўдавелымі кабетамі або нават яшчэ непабраўшыміся дзеўкамі. У Выганічах ён меў сваю немалую, добра дагледжаную хату, у якой дажывалі свой век ягоныя бацькі. Звыклай сялянскай гаспадаркі на той сядзібе амаль што не было. Тамака Юльян заўважыў кароўку, курэй, загон з бульбай, некалькі вульляў з пчоламі ды гарод. Больш анічога. Было зразумела, што Ксавэры зарабляе грошы нейкім іншым чынам і відаць не зусім законным. Загнаны ў кут нястачы, Юльян ужо быў гатовы на заробкі любым спосабам, нават нейкім нязлосным злачынствам. Яшчэ балей яго штурханула да гэтакага вынахада фактычная адмова дзядзькі Міхася пазычыць грошы на кароўку, каб у ягонай радзіне было малако. У думках і пачуцьцях Юльяна было журботна ды трывожна і не ад таго, што ў іхнай радзіне ня будзе досыць малака, а таму што паўсюль во жывуць людзі, якіх ён даўно ведае, але ў ягонай нястачы ніхто зь іх ня хоча дапамагчы. Адвярнаюцца нават блізкія сваякі, якім у свой час яны значна дапамагалі, як таму дзядзьку Міхасю. Таму з Ксавэрам, які быццам бы латва абяцаў патрэбную дапамогу, зьявілася згода ісьці на любыя нават крымінальныя справы.
Паразмаўляўшы шмат аб чым другасным за весахоўкай і пачосткай, Ксавэры запытаў Юльяна, ці не прыехаў ягомасьць наконт той ужо даўняй прапановы аб мажлівай супрацы з грашыма. Юльян адказаў:
– Так, але з чаго складаецца тая мажлівая праца? Адчуваю, што тое будзе не ў ладах с законам. На кепскую злачыннасьць я не пайду, а на драбязу чаму не. Які час, гэтакія і справункі. Калі па людзях страляць ня трэба і мажліва зарабіць грошы на жыцьцё, то я згодны.
– А навошта па людзях страляць? Руля – гэта дзеля сполаху хамаў, паліцыі ды вайскоўцаў, каб не забілі рабуючы, каб не скруцілі ды за краты нізавошта. Але бліжэй да справы. Акурат мне цяперака патрэбны адзін а лепш і два надзейных супольніка, – пачаў казаць Ксавэры.
– Дык у чым справа больш падрабязна, калі ласка? Давай на чыстую, калі гэтак, – запытаў Юльян.
– На чыстую дык на чыстую. Мне чаго цябе палохацца. Ты мне зацную зброю спрадаў. Ты ведаеш, яна дагутуль лепшая ў ваколіцах, – пачаў гэтак Ксавэры.
Потым Ксавэры памаўчаў, быццам бы мяркуючы з чаго пачаць казаць пра справу, наліў яшчэ па кілішку весахоўкі, ды стаў піць, сказаўшы: «Будзьма». Зноў крыху памаўчаў і нарэшце стаў апявядаць пра ягоную справу. Казаў ён гэтак:
– Тутай побач савецкая мяжа. У нас у Польшчы тавару да халеры, а тамака ў Саветах пуста. Узяўшы ў нас тавар, тамака ў Саветах прадасі ўтрая даражэй. Тое кантрабанда або як яшчэ кажуць перамыт. Менавіта гэтым я зараз і займаюся. Пераважна раблю ходкі ў Саветы, калі ночы доўгія і яшчэ няма сьнегу, то бок па восені. Мінулы і прамінулы год я насіў розны тавар, вадзіўшы з сабою да дзесяці носчыкаў. Я быў у іх за машыніста то бок правадніка ды цалкам арганізатара перамыту. Насілі далёка на маліну аж пад Менск. Маліна, каб ты ведаў, тое сядзіба, дзе ўпотай прымаюць кантрабандысцкі тавар і дзе мажліва бяспечна ачомацца, то бок тамака ёсьць што пад’есьці і дзе бясьпечна паспаць пасьля цяжкага начнога пераходу. То для мяне была цяжкая і небясьпечная праца. Да і грошы былі так сабе – 25-30 рублёў золотам мне як машыністу і па 15 рублёў золатам носчыкам за ходку ў два бакі. Чаго толькі не насілі за мяжу. Тавар браў у ракаўскіх габрэяў-гандляроў. З гэтымі сквапнымі жыдамі дамаўляцца мне было няпроста. Іншы бы дамовіўся, а я зусім ня ўмею размаўляць на іхнай ноце. Ня давяралі яны мне. Яны анікому не давяраюць, але да мяне чамусь ставіліся асоба недаверліва. Не падабаюцца яны мне, варожыя мне гэтыя гандляры-жыды. Гэтак і хочацца даць ім у пысу, як я зь імі аб чымся дамаўляюся. Але не дасі, бо іхная сіла, яны пры ладных грошах. Імі куплена ўсё: і мясцовая гміна, і паліцыя, і памежнікі. Кінуў я гэта і стаў хадзіць саматугам з некалькімі супольнікамі. Нашу сьпірт. Адразу сьпірт куплялі на Паморшчынскай вінакурні, а цяперака робім самі ў лесе за Ракавам на закінутай смалярні пад Іслаччу. Паліцаі куплены. Ніхто не чапае. А заробкі на сваёй сьпірцяге ўтрая большыя. Вось гэтак, Юльяне, і жывём. Зіму і весну на печы адлёжваемся, асалоду маем за гарэлічай і па кабетах, улетку гонім жытнёўку ды пераганяем яе ў сьпірт, а па восені носім тую сьпірцягу, кожную ноч носім аж да белай сьцежкі. Зіма пачалася – спыняемся. І гэтак па колу. Жывём, братка Юльян, ня блага. Ведаю, хочаш запытаць, навошта мне зброя. А каб не чапляліся, асабліва прагныя да спажывы сяляне, якія нярэдка заступаюць дарогу. Мы іх хамамі клічам. Прынагодна са сьпіртам нашу і дробны тавар з жалеза: іголкі, напёрсткі, лязы дзеля галеньня, а таксама рэвальвэры ды набоі да іх. Носім недалёка за Краснасельскі лес, што вось тамака за Ракавым у бок Менску. Пяць кілямэтраў да мяжы, яшчэ восем тым лесам ды яшчэ чатыры пераважна галявінна да маліны. Кароткі адпачынак на маліне і назад той жа ноччу. Недзе трыццаць пяць кілямэтраў праходу за ноч. І гэтак з верасьня кожную ноч, пакуль ня ляжа белая сьцежка, якой мы ісьці не рызыкуем, да і маліншчык па сьнегу не прымае. Палохаецца, і ёсьць чаго. Удзень сьпім, ямо, п'ём гарэліцу ды штось іншае робім. Твой заробак будзе часьцей за ўсё каля дваццаці рублёў золатам за ходку, часам дваццаць пяць, нават трыццаць, але можа быць толькі пятнаццаць рублёў золатам за ходку. Калі будзеш ісьці ў ходку са сваёй руляй і згодны страляць у хамаў, заступіўшым дарогу каб абрабаваць, то дамо на пяць рублёй балей за кожную ходку. Калі будзеш дапамагаць жэніць сьпірцягу, то твой кошт 3-5 рублёў за содзень. Вось гэтак, калі на чыстую. То як табе, ці згодны? – казаў Ксавэры.
– Цалкам па рукам. Пакуль што буду працаваць толькі па восені носчыкам. Магу хадзіць са сваёй руляй на ўмовах, як ты кажаш. У мяне наган-самаўзвод. Страляць я ўмею. Дзьве вайны прайшоў. Ёсьць яшчэ пытаньне. А ці не дасі мне рублёў сто наперад пад наступныя заробкі? Потым заберыш з маёй долі, – адказваў Юльян.
– Дабро, дамо. Тое не пытаньне. Не апошнія. Наган – руля добрая. Тады к верасьню пад’яжджай ня менш чымся на два месяцы. Бяры сваю рулю, набоі і каб меў добрыя ялавыя боты ды ліхтарык. На боты, і на ліхтарык дам дадаткова рублёў дваццаць у лік наступных заробкаў. Я табе веру. Бачу, што ня кінеш. Па тваім вачам бачу, што ня кінеш. Ну а цяперака давай вып’ем яшчэ па кілішку, каб замацаваць супольны інтэрас. Возьмеш грошы, ну і едзь сабе з Богам да верасьня. Ужо тое хутка. А мяне шмат спраў чакае. Вунь бачыш на падворку Пятро чакае. Ужо з паўгадзіны чакае. Нешта пільнае, – казаў гэтак Ксавэры.
Праз пару хвілін, пазычаючы грошы, Ксавэры дадаў:
– Ты, Юльяне, не хвалюйся, небясьпека з гэтым невялікая. Я ўсё добра ведаю. Вяду пакрыёмымі сьцежкамі. Наўрацьці будзьма сыпацца. Яно было нашмат горай, як я вадзіў людзей пад Менск з габрэйскім таварам. Далей дарога, шмат прыходзілася ісьці па галявінам, больш носчыкаў, з таго і больш рызыкі.
– Добра, дзякуй за пазыку, аддамо. Я не з палахлівых. Дзьве вайны за плячыма. Да пабачэньня ў верасьні, – падзякаваў Юльян.
Яны паціснулі адзін аднаму рукі на разьвітаньне і разышліся. Па дарозе дадому Юльян адвёз да дзядзькі Міхася ў Ракаў тыя дзесяць рублёў, якія ён надоечы пазычыў. Юльян сказаў, што ўжо ня трэба, бо сам зарабіў. Дзядзька пачуваўся асаромлены і не знаходзіў патрэбных слоў дзеля апраўданьня сваёй няўдзячнасьці ды скупасьці. Ну а Юльян з палёгкай неўзабаве зьехаў з ягонага двара.
Да верасьня цягам месяца Юльян уладжваў справы ў радзіне, і ў дамоўлены час у новых ялавых ботах, з руляў, набоямі і двума ліхтарыкамі прыехаў у Выганічы да Ксавэры. Быў ён з сястрой Казяй, якая пагнала конную фурманку да хаты ў Камень. Да гэтакай кантрабандысцкай працы Юльян звыкся хутка. Ён быў яшчэ фізычна моцна бадай што ў росквіце мужыцкіх сіл ды загартаваны выпрабаваньнямі двух войнаў. Харобры, спраўны і вынаходлівы Юльян неўзабаве стаў, як кажуць, правай рукою Ксавэры а то і на раўных зь ім. З Ксавэры ды Юльянам звычайна хадзілі яшчэ ад двух да чатырох сьпіртаношаў. Аднаго зь іх прывёў у каманду сам Юльян. Ім быў Ягор Фалькоўскі – маладзён крыху балей за дваццаць гадоў таксама з Каменя. Рабілі ходкі за мяжу ледзь не штоноч. Маліна была ў сялянскай сядзібе побач з фальваркам Раговішча ў трох кілямэтрах на паўночны ўсход ад тракту з Ракава на Менск акурат проці Краснага Сяла. Было відавочна, што тая маліна працуе на фальварак. Невялічкая хата маліншчыка як і сам фальварак Раговішча разьмяркоўвалася акурат пры немалым лесе. Уначы падыходзілі блізка да той сялібы. Калі пярэдняя шыба на падыходзе да хаты была з адгорнутымі фіранкамі і відаць быў скнары сьвет газьнічкі на сталом па цэнтру пакоя, то гэта азначала, што нейках небясьпекі або проста нейкіх староньніх людзей у хаце няма. Калі знак быў адмоўны, то прынесены сьпірт хавалі ў адмысловым тайніку ў лесе ды ішлі назад. Але звычайна ўсё было добра. Ксавэры ішоў да маліншчыка, а носчыкі ў пуню з сенам. Крыху адпачывалі, штось елі і пілі, ды ішлі ў зваротную дарогу.
Ксавэры вёў упэўнена, ведаў дарогі добра, але яму падабаліся прыгоды з гострымі пачуцьцямі, і на гэтай хвалі ён любіў назаляць памежнікам з абодвух бакоў або нават пазабаўляцца з імі часам вельмі небясьпечна. Напрыклад, калі на шляху была памежная засека з калючым дротам, ён ніколі не спрабаваў мінаць яе, а звычайна спраўна разразаў дрот нажніцамі па жалезу, рабіўшы сабе праход. Тым мейсцам у гэтую восень калі і хадзілі, то не раней чымся праз некалькі тыдняў. Нярэдка каля гэтакіх зробленых у тых засеках праходах Ксавэры ставіў бутэльку з гарэлкай і кілішак як з польскага, гэтак і з савецкага бакоў. Крытычныя сытуацыі былі, але ўсё неяк абыходзілася і вярталіся ў Выганічы цэлымі. Пераважна былі сутычкі з сялянамі, якія спрабавалі рабаваць кантрабандыстаў. Гэтакіх сялян звалі хамамі. Калі хамы заступалі дарогу, Ксавэры спрытна і без папярэджаньня пачынаў паліць з рулі па нагам і рукам тых хамаў. Аднаго разу пад Гутамі Ксавэры забіў насьмерць гэтакіх двух хамаў. Але тады інакшага выйсьця не было, бо тыя хамы былі нашыхтаваны вельмі рашуча, каб пазабіваць і потым абрабаваць перастрэтых кантрабандыстаў. Прыходзілася страляць па памежнікам ды хамам і Юльяну. Цалкам Юльян звыкся з гэтым жыцьцём кантрабандыста ў тым ліку з ягонымі рызыкамі, хаця неабузданная рызыкоўнасьць ды авантурнасьць характару Ксавэры часам яго хвалявалі.
Гэтак прайшло тры гады і тры восеньскія сэзоны ходак за мяжу ў Саветы ў асноўным са сьпіртам. Адно лета цягам трох тыдняў Юльян працаваў на выганке сьпірту на той закінутай смалакурні пад Іслаччу за Ракавым. Заробак быў невялікі, штось каля трох рублёў золатам за содзень. Але Юльян хацеў авалодаць гэтай справай, каб з цягам часу магчыма самому наладзіць выпрацоўку сьпірту або годнай жытнёўкі. Гэтымі трыма гадамі ў сядзібе Бацяноў у Камені дзякуючы разнабаковым дбаньням Юльяна мацнеў і мацнеў набытак. Ужо было досыць ежы, вопраткі, але прыбывала і дзяцей, якіх налічвалася ўжо трое, а чацьверты тым часам яшчэ боўтаўся ў матчыным чэраве Эфрасіньі. Юльян ня толькі займаўся заробкам грошаў праз кантрабанду, але і спраўна вёў гаспадарку, якая прырастала з кожным годам. Той час, калі ён адсутнічаў па кантрабандысцкім справам, наймалі парабка – якогась маладзёна з больш бедных суседзяў.
На чацьверты сэзон літаральна ў трэцяй ходцы здарылася патавая сытуацыя. Трапілі ў засаду на савецкім баку пад хутарамі Валаўшчызна. Тады ішлі новым шляхам паўз Затычына, які Ксавэры напэўна ведаў ня гэтак дасканала. Значная група памежнікаў з большага атачыла кантрабандыстаў ды патрабавала здацца, распачаўшы страляніну. Адзін з пяці носчыкаў адразу быў забіты. Ксавэры з Юльянам заложна стралялі ў атветку са сваіх рэвальвэраў, каб вырвацца з атачэньня. У ходзе той перастрэлкі трапнымі стрэламі былі забіты аж пяць савецкіх памежнікаў і ў тым ліку ачольнік Краснасельскай памежнай заставы. Безспадзеўна аточаны памежнікамі Ксавэры застрэліўся, Ягор Фалькоўскі быў узяты ў палон, тады як Юльян з яшчэ адным носчыкам далі рады ўцячы. Далей на допыце ў Саветах Ягор здаў, хто былі тыя двое носчыкаў, якія ўцяклі. Таксама ён паведзіў, што жыхар Каменя Івянецкай гміны на імя Юльян Бацян быў тады з рэвальвэрам і разам з Ксавэрам Дзервянцом з Выганіч Ракаўскай гміны страляў у савецкіх памежнікаў. Адпаведна памежныя ўлады з савецкага боку накіравалі запыт да польскага боку, каб ім выдалі жахлівага забойцу і парушальніка мяжы Юльяна Бацяна. У Івянцы ведалі Юльяна як героя Савецка-польскай вайны і адмовілі, спаслаўшыся, што ўсё гэта агавор мірнага і пасьцівага чалавека, што Юльян Бацян жытлуе з жонкаю і чатырма дзецьмі даволі далёка ад мяжы, і што сьведкі кажуць аб ягонай наяўнасьці ў Камені ў той узгаданы савецкім бокам дзень. Юльяна не дапытвалі і нават не выклікалі ў Івянец. Аб гэтым звароце савецкага боку ён даведаўся пазьней ад аднаго са знаёмцаў з Івянецкай гміны. Адылі за мяжу з кантрабандай Юльян больш не хадзіў.
На той час ужо зноў паўстала лесанарыхтоўчая праца Каменьскага лясьніцтва. Лясьнічым быў прызначаны пасяліўшыйся ў недалёкіх Млынках польскі асаднік, які ня меў аніякага досьведу ў лясной справе ды зусім ня ведаў каменьскай часткі Налібоцкай пушчы. Таму на пасаду намесьніка лясьнічага быў гжэчна запрошаны Юльян. Ён заняў тую ж пасаду, зь якой сышоў па мабілізацыі з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Лясьнічы ўвогуле мала што рабіў. Упэўніўшыся ў спраўнасьці намесьніка, ён паступова пераклаў усю кіраўнічую працу, а таксама адказнасьць на Юльяна. На пасаду опэр-аб’ездчыка Юльян запрасіў свайго каменьскага прыяцеля ўсё таго ж Гінтафа Кавалевіча, у якога калісьці абмяняў каня на наган з набоямі. Гінтаф быў ня толькі прыяцелям, але прыдатным супольнікам па ўсякім пазапрацоўным справам і патрэбам. Ён быў нямала абавязаны Юльяну воляй. Два гады таму Юльян праз шэраг уплывовых знаёмцаў перш за ўсё ў памежным гарнізоне вызваліў Гінтафа ад крымінальнай справы, якая пагражала яму вязьніцаю. Таксама справы з Гінтафам былі зручны тым, што ён ня меў радзіны і заўжды быў вольны дзеля любых спраў.
Заробка ў лясьніцтве бракавала на жыцьцё. Таму Юльян з Гінтафам дамовіліся вырабляць жытнёўку ў нетравым пушчанскім кутку блізу рэчкі Каменка кілямэтраў пяць на захад ад Каменя. Набылі абсталяваньне, і самагонная справа пайшла годным чынам. Юльян займаўся справамі лясьніцтва ў тым ліку выконвая працоўныя абавязкі за Гінтафа. Гінтаф пераважна працаваў на самагонным заводзіку. Да працы далучылі яшчэ аднаго мужыка з недалёкіх Млынкоў. Яго звалі Ян Руды. Ян не толькі дапамагаў з гонкай жытнёўкі, але і займаўся закупкай збожжа ды спродажам гарэліцы. Гэтак параўнальна ціхамірна мінула два гады.
Улетку трэцяга году, як Юльян пачаў працу ў Каменьскім лясьніцтве, ён быў уцягнуты ў моцны канфлікт з ачольнікам Івянецкага паліцэйскага пастарунка. Ім бы малады, гадоў дваццаці пяці ганарлівы паляк на імя Крыштаф Валуцкі, які быў дасланы сюды на працу навядзеньня парадку з нейкага заходняга рэгіёна Польшчы. Канфлікт узьнік не на пустым мейсцы. Некалі яшчэ ў 1913 годзе лясьнічы Каменьскага лясьніцтва бацька Юльяна Апанас, сам Юльян і два паліцыянта спрабавалі злавіць клусаўнікоў, якія забівалі ласёў на мяса. Доўга не маглі іх злавіць і нарэшце злавілі. Імі неспадзявана апынуліся суседзі – бацька і два ўжо сталыя сыны па прозьвішчу Болтрыкі, якія жытлавалі праз адну сядзібу ад Бацяноў. Апанас сам быў не рады гэтаму, бо злавіў суседзей, зрабіў іх ворагамі на ўсё далейшае, але ўжо адвярнуць падзеі назад было немагчыма. Апанас тады казаў, што набылі ворагаў на ўсё жыцьцё, і што гэта яшчэ дасца ў знакі не яму дык дзецям. Тыя клусаўнікі былі асуджаны ад аднаго да трох гадоў вязніцы. Старога ўжо бацьку па хадатайству Апанаса цягам года выпусьцілі, а сыны праз год былі мабілізаваны на вайну. Адзін зь іх загінуў, другі вярнуўся з вайны і вось акурат зь ягонай дачкою гэтага сына пабраўся малады ачольнік Івянецкіх паліцыянтаў Крыштаф Валуцкі. Крыштаф быў зацятым польскім нацыяналістам, нецярпімым к праявам беларускасьці на новых польскіх землях акупаванай заходняй Беларусі. Менавіта з мэтамі апалячваньня новых усходніх беларускіх зямель і былі дасланы сюды на ўсход асобы кшталту Крыштофа. Зразумела, яго моцна нашыхтавалі на варожасьць да суседзкіх Бацяноў перш за ўсё да Юльяна, які няў удзел у той аблаве.
Канфлікт з Крыштафам Валуцкім распачаўся неспадзявана і зьнянацку. Сенакосныя дзялянкі Бацяноў і Болтрыкаў былі побач, і той Крыштаф, які дапамагаў сенаваць бацькам сваёй маладой жонкі непраўдзіва й абразьліва абвінаваціў Юльяна, што той залез з касьбою ў іхні пракос. Юльян, які ўзгадоўваўся ў беларускамоўнай радзіне Бацяноў, у сучасных умовах пражываньня з польскай дзяржаўнасьцю меў мяшаную мову, якая складалася прыблізна на палову з польскіх і беларускіх слоў, а таксама прысутнічалі і некаторыя расейскія словы як моўная спадчына даваенных расейскіх часоў. Гэтак тутай размаўлялі бадай што ўсе тутэйшыя і нават дасланыя сюды і ўжо пажыўшыя тутай польскія ачольнікі. Але Крыштаф быў параўнальна нядаўна прыехаўшы ды моцна нацыялістычна нашыхтаваны. Да таго ж Болтрыкі, на дачцэ якіх ён ажаніўся былі палякамі і ўжывалі параўнальна больш польскіх слоў чымся астатнія тутэйшыя беларусы. Дык вось на непраўдзівае абвінавачваньне Крыштафа Юліан з гонарам і годнасьцю на сваёй звыклай мове спакойна пачаў яму тлумачыць, што ён попусту гэтак раз’юшыўся і паказаў яму межавыя знакі пастаўленыя каморнікам. Крыштаф гэту мову цяжка разумеў і агрэсіўна не прымаў. Таму ён, анічога ня слухаючы, пагрозьліва абураўся ўсё з той жа нагоды, абвінавачваючы, што Юліан перанёс памежныя знакі каморнікаў ледзь не на два мэтра на сваю карысьць. Юліан перастаў яго слухаць, спакойна дасенаваў і сышоў дахаты.
Адылі далей, падаграваемы прагай помсты Болтрыкаў, Крыштаф Валуцкі не сунімаўся. Ён недзе знайшоў у навалах дакумэнтаў той зварот зварот савецкага боку аб выдачы ў Саветы Юльяна Бацяна, дзе між іншым значылася, што кантрабандыста несьлі на савецкі бок сьпірт. Аднекуль Крыштаф даведаўся, што Юльян з кімсьці вырабляе жытнёўку ў пушчы. На гэтай падставе, падмацаванай лжесьведчаньнем двух падкупленых каменьскіх жыхароў аб купле самагонкі ў Юльяна Бацяна, Крыштаф дамогся ў Валожынскага пракуратара ордэр на вобшук толькі хаты Бацяноў у Камені на знаходжаньня тамака самаробнай гарэлкі. Крыштоф меў намер абшукваць усю сядзібу, папярэдне падкінуўшы ў гумно або хлеў шмат бутэляк самагонкі. Адылі пракуратар, паразмаўляўшы з прадстаўнікамі гміны і памежнага гарнізону ў Івянцы, зразумеў плян Валуцкага і дазволіў обшук выключна хаты. Ён так і сказаў, што на падворак пры жаданьні мажліва і падкінуць, недвусэнсоўна паглядзеўшы на Валуцкага. Груба перашукалі сядзібу Бацяноў, але з алькагольных напояў знайшлі толькі дзьве бутэлькі крамнай жытнёўкі. Юльян быў досыць асьцярожны, каб, гонячы сваю жытнёўку, мець яе пры сабе ў хаце.
Пасьля таго вобшуку ачольнікі ў Івенцы, паважаючы Юльяна Бацяна, як значнага ўдзельніка Савецка-Польскай вайны, не адобрылі гэтых захадаў Крыштафа Валуцкага. Досыць рэзкі ў адносінах ачольнік Івянецкага памежнага гарнізону, які прыватна ведаў і прыхільна ставіўся да Юльяна, гэтак і сказаў Крыштафу:
– Ты яшчэ ў пялюшкі рабіў, калі Юльян нашу свабоду і незалежнасьць, не шкадуючы свайго жыцьця, бараніў. Забудзь да яго дарогу, я табе раю.
Але той івянецкі ачольнік паліцыянтаў Крыштаф Валуцкі быў поўны пыхі і злосьці за атсутнасьць падтрымкі з боку Івянецкіх уладаў і таму не сунімаўся. Апынуўшыеся ў залежнасьці або падкупленыя людзі па загаду Крыштафа пісалі ў пастарунак звароты аб быццам бы злоўжываньнях Юльяна на пасадзе намесьніка Каменьскага лясьніцтва. Але й гэтыя паклёпы й агаворы сканчаліся нічым. На Валуцкага ў Івенцы глядзелі ўсё больш крыва. Па скаргах ад Івянецкіх ачольнікаў разглядалася, каб звольніць Валуцкага з гэтай пасады ды прыбраць яго з Івенцу.
Адылі акурат ў гэты час Крыштафу пашанцавала. На оптавай спродажы самаробнай жытнёўкі злавілі Яна Рудога – супольніка Юльяна і Гінтафа па гарэлачным заробкам. Крыштаф паабяцаў не заводзіць крымінальнай справы на Яна, калі той прывядзе іх да самагоннага заводзіка, калі тамака будзе сам Юльян. Прыходзілася чакаць, бо гэтым часам Юльян заяўляўся тамака зрэдку і непрадсказальна калі. Крыштаф пагадзіўся чакаць зручнага выпадку.
Тутай трэба зацеміць, што звычайна бяда не ходзіць на самоце, яны часта зьяўляюцца гуртом. Гэтак і было тады з Юльянам. Заложна адбіваючыся ад справакаваных Крыштафам паклёпаў, Юльян, ня гледзячы на штодзённую трывогу жонкі, не наддаў патрэбнай увагі хваробе дзяцей, якія захварэлі на шкарлаціну. Нарэшце дзеці былі дастаўлены ім у Валожынскі шпіталь, але цягам тыдня двое малодшых дзяцей Юльяна і Эфрасіньі памерлі. Гэта трагедыя пераўтварыла звычайна спагадлівае радзіннае жыцьце Юльяна ў невыносныя пакуты. Прыгнутая горам на мяжы вар’яцтва Эфрасінья не толькі словамі а ўсім сваім думкамі, пачуцьцямі ды рухамі вінаваціла Юльяна ў сьмерці тых іхных дзяцей, хаця насамрэч хвароба дзяцей на шкарлаціну ў той час часта прыводзіла да іхнай сьмерці, нягледзячы на самыя пільныя дбаньні. Юльян пачуваўся вельмі знэрваваны ды выснажылы. Ён губляў належную сувязь з рэчаіснасьцю і ўсімі гэтымі злыбядовымі падзеямі быў падрыхтаваны да непрадсказальна моцных учынкаў супрацівы далейшай злоснай навале, адкуль бы яна не сыходзіла. Ягоны рэвальвэр быў несупынна зь ім у правай кішэні, а ў левай кішэні заўжды было некалькі магазінаў з набоямі.
У той зломны раньне лістападаўскі дзень Юльян вырашыў часова прыпыніць працу на самагонным заводзіку магчыма да наступнага лета пакуль жыцьцё не стане больш спрыяльным прынамсі да часу, калі той зацяты канфлікт з Крыштафам Завацкім неяк супынецца. Той дзень на самагонным заводзіку працаваў Гінтаф. Трэба было разабраць абсталяваньне на часткі і пахаваць іх надзейна недзе навокал. Таму Юльян, перш чымся падацца да заводзіка, заехаў да Яна Рудога ў Адамкі. То было яшчэ зусім раніцай, і ян сказаў, што зможа быць на заводзіку толькі пешкі і гадзін праз пяць. Ён саслаўся, што ягоны конь павінен быць заняты ў іншай справе з ягоным бацькам.Юльян пагадзіўся на гэту адтэрміноўку, бо сам меў пільныя справы ў лясьніцтве, якія маглі заняць гадзіны са тры. Юльян быў як заўжды верхам на кані. То быў добры рысак ад лясьніцтва. Гэтакага жа рысака меў і Гінтаф як опэр-аб’ездчык.
Тым часам як Юльян ад’ехаў, Ян на сваім кані верхам паімчаў да паліцэйскага пастарунка ў Івянец, а адтуль ужо з Крыштафам Валуцкім і двума ўзброенымі паліцэйскімі фурманкай выехалі ў бок Каменя й Млынкоў. У Адамках Як пакінуў каня пры бацькоўскай сядзібе і падсеў на фурманку да паліцыянтаў. Нарэшце яны наблізіліся да мейсца разьмеркаваньня таго самагоннага заводзіка. Коннаездная дарога сканчалася. Далей трэба было ісьці праз лес і багну з кілямэтар пешкі. Крыфтаф загадаў Яну наблізіцьіх да самагоннага заводзіку і вярнуцца назад да фурманкі. Ужо мінула шэсьць гадзін пасьля размовы яна з Юльянам раніцай на падворку ў Адамках. Юльян быў надта дакладны ва ўсім, за што яго часам клікалі мянушкай немец. Сапраўды Юльян зьявіўся на заводзіку акурат праз пяць гадзін. Ён паразмаўляў аб усім гэтым з Гінтафам. Той пераймаўся за нягоды Юльяна і быў згодны. Ён казаў, што на мейсцы Юльяна проста бы забіў бы гэтага гада Крыштафа, можа не сам, наняў бы каго, каб самому залатвіць алібі. Пад час гэтакай размовы Юльян насамрэч злосна сьціскаў рукаяць нагану ў вялікай кішэні свайго плашчу.
Крыштаф з паліцыянтамі зьявіўся на самагонным заводзіку зьнянацку, але бадай што адразу атрымаў кулю проста ў лоб ад Юльяна. Паліцыянты маючы вінтоўкі вісячымі на плячы зусім не былі гатовы да гэтакай разьвязкі падзей, да і, як яны за некалькі сэкунд схамянуліся, на іх ўжо глядзелі дзьве рулі наганаў ад Юльяна і Гінтафа. Што тычыцца Гінтафа, то ён адразу паразумеў, што нават калі б ён проста стаяў і назіраў падзеі, то за выраб самагону і фактычную падтрымку забойцы ён атрымаў бы шэраг гадоў вязьніцы. Адзінае магло зьмягчыць яму адказнасьць, каб ён на момант зьяўленьня паліцыянтаў самнапаў на Юльяна і абязброіў яго. Але Гінтаф ня быў здраднікам і да таго ж быў нашмат слабейшы і менш спрытны за Юльяна.
Пасьля стрэлу ў Крыштафа Юльян гучна і злосна загадаў паліцыянтам адкінуць зброю ў бок і швыдка легчы тварам ў зямлю. Ён сказаў, каб яны ня дзёргаліся і не палохаліся, бо забіваць іх ня будзе. Паліцыянтам сьвязалі рукі сзаду і зьнялі зь іх боты. Потым Юльян сказаў Гінтафу:
– Слухай, гэта Ян нас здаў. Ён напэўна зараз там у тупіку дарогі гэтых чакае. Аднаго падлюка ўжо не дачакаецца. Гайда зь ім разьберымся. Ты перарэжаш яму шлях наперадзе пры кладцы праз ручай, калі ён будзе ўцякаць, а я зьяўлюся сзаду.
– Добра. Зразумела, – адказаў перайманы падзеямі, але досыць рашучы Гінтаф.
Падыйшлі туды. Гэтак і было. Ян чакаў пры фурманцы. Ён ня ведаў аб наяўнасьці зброі ў супольнікаў і меркаваў, што страляў нехта з паліцыянтаў. Ян нэрвова хадзіў пры фурманцы і відавочна моцна пераймаўся. Юльян з руляй у руцэ зьявіўся на блізкай адлегласьці, сказаўшы: – – Ну што пагаворым, сука.
Ян адразу пачаў палітаваць але не па дарозе, дзе б мог яго спыніць падасьпеўшы Гінтаф. А ўбок проста ў лес. Прагучаў стрэл. Міма. Другі стрэл, і Ян зваліўся, схапіўшыся за нагу і енчачы ад болю. Падасьпеў Гінтаф.
– Трымай яго. Я перавяжу яму рану, - сказаў Юльян. Гінтаф наваліўся на Яна, а Юльян замест перавязкі секануў яму жылы пры ступаке. Ян яшчэ гучней ды звар’яцела заенчыў ад невыноснай болі.
– Гэта табе сука за здраду. Усё жыцьцё будзеш памятаваць, кульгаючы, калі выжывеш, не зьюшыўшыся, – з нянавісьцю кінуў Юльян.
Потым ён дадаў:
– Чакай пры фурманцы. Разьвяжыш рукі паліцыянтам. Яны цябе дапамогуць дабрацца да Млынкоў, калека.
Гінтаф разпрог каня і забраў яго з сабою, навязаўшы на шляху да заводзіка ў лесе. Калі Юльян і Гінтаф вярнуліся на мейсца заводзіка, адзін з паліцыянтаў зубамі спрабаваў развязваць рукі другому, але Юльян ведаў, як трэба тое надзейна рабіць. Гінтаф падбег і сунуў нагою ў твар таму зубастаму паліцыянту. Рукі паліцыянтаў сьвязалі яшчэ мацней.
Гінтаф прапанаваў:
– Слухай, давай ім ногі пазблытаем. Вяровак маем досыць. Нам бясьпечнага часу завітаць да хат будзе балей.
– Не. Могуць заблытацца, паваліцца і ня выбрацца з пушчы. Няхай жывуць і памятуюць нашу дабрыню. Са зьвязанымі рукамі, бяз ботаў і з параненым Янам яны будуць у Адамках гадзіны праз чатыры самае хуткае. Каня мы ім не пакінем. Ён і нам дзеля паклаж прыдастца, – адказаў Юльян.
Потым ён дадаў, зьвяртаючыся да піліцыянтаў:
– Мой вам суворы загад. Пры фурманцы заберыце параненага ў нагу Ян з Млынкоў. Ён вам развяжа рукі, і вы яго панесецё. Інакш ён сам ня дойдзе і зьюшыцца.
– А як знайсьці фурманку? – запытаў адзін з паліцыянтаў.
– Во ў гэтым накірунку кілямэтар праз лес і багну, як вы і сюды ішлі. Калі ня трапіце на дарогу, то абавязкова трапіце на ручай. Па таму ручаю ўвер або ўніз і неўзабаве будзе масток. Сзаду яго будзе фурманка без каня а пры ёй ваш Ян, – растлумачыў Юльян.
– Слухай гэтага падлюгу давай кінем пры крыніцы ў бруд. Няхай адчуе, як брудна на ягонай душы. Яна яшчэ недзе тутай, - сказаў Юльян, зьвяртаючыся да Гінтафа.
– Я тое ж самае хацеў запрапанаваць, – адказаў той.
Гэтак і зрабілі. Потым забралі паліцыянскія вінтоўкі, Крыштафаў парабелум, а таксама дзьве сякеры, рыдлёўку, каган, патэльню, дзьве кварты жытнёўкі і запас солі с заводзіка ды з коньмі сыйшлі. Трафейную зброю і рэчы схавалі ў лесе, не дахадзя да фурманкі. З трыма коньмі дайшлі да фурманкі. На фурманцы валяўся Ян, стогнучы ад болю і пакут за сваю калецкую прышласьць. Ён ужо пасьпеў неяк дапаўзьці да фунманкі і перавязаць раны разарванай сподняй кашуляй. Нічога не кажучы, Юльян і Гінтаф асядлалі коней і пусьціліся наўскач у бок Млынкоў і Каменя. На раздарожжы раз’ехаліся, дамовіўшыся перастрэцца ў пэўным мейсцы не пазьней як праз дзьве гадзіны.
Юльян перш чымся зайсьці апошні раз у сваю хату ўзяў са схрона ў гумне ўсё наяўныя зьберажэньня грошаў. Іх было каля чатырыста рублёў золатам і сто даляраў. Зайшоў да ўжо безнадзейна хворай маці, ля якой акурат у гэты час сядзела сястра Казя. Маці ледзь пазнала Юльяна. Юльян адвёў казю ў кут і хутка распавёў, што адбылося. Ён даў ёй сто рублёў і наказаў, каб аб ўсім распавесьці Фросе але пазьней пасьля ягонага сыходу. Раіў, каб яна з дачкою і сынам эмігравала ў Амэрыку. Акурат зараз у Івенцы агітуюць аўдавелых кабет ехаць у Амэрыку даглядаць састарэлых людзей за заробак, які дазваляе неяк пражыць. Бяруць на гэта кабет і з дзецьмі з пэўнымі абмежаваньнямі, якім сытуацыя Фросі патоліць.Казя глядзела на брата з жахам, хацела штось сказаць, але Юльян даў паразумець, што не мае больш ні хвіліны на гэта. Далей Юльян зайшоў да Фросі. Яна ледзь зьвярнула на яго ўвагу. Юльян сказаў, што пільна зьяжджае на нейкі час па пытаньню працы, і даў ёй двесьце рублёў. Прасіў добра схаваць гэтыя немалыя грошы, бо яны хутка ёй спатрэбяцца. Абняўшы і пацалаваўшы жонку праз валасы ў галаву, Юльян выйшаў да сына, які нешта еў на кухні. Пасядзеў з сынам хвілін дзесяць, запытаў як ягоныя справы, потым падараваў яму свой любімы нож-складанчык, які зваў сьцізорыкам, запальнічку і ліхтарык. Прасіў гэта ўжываць, але берагчы, бо гэта таткавы любімыя рэчы. Таксама даў сыну дзесяць рублёў на ласункі і выйшаў. З сабою ў вялікую торбу ўзяў зімовую вопратку і абутак, ваўняную коўдру, некалькі бабровых капканаў, набоі для нагана, дзьве новыя запальнічкі, цьвікоў, солі, два кавалка сала і два бохана хлеба. Таксама Юльян не забыўся ўзяць з хаты мапы, якія ахоплівалі тэрэн Налібоцкай пушчы. Тыя мапа ён яшчэ прывёз з Першай сусьветнай вайны, напрыканцы якой ён абмяняў на гарэлку ў ротнага фельдфебеля. Больш Юльян ня ўзяў з сабою анічога. Взваліў тое на каня і памалу пайшоў у бок Млынкоў ніжняй дарогаю паўз Каменку, каб менш сустракаць мінакоў.
На мейсцы сустрэчы Юльяна ўжо чакаў немала зьбянтэжаны Гінтаф. Юльян не дакараў за гэта супольніка. Ён быў надта яму ўдзячны, што той падтрымаў яго ў гэтым прыкрым здарэньні. Зразумела, за некалькі гадзін жыцьцё Гінтафа перакулілася, і цяперака было невядома, якія яшчэ выклікі, выпрабаваньні і пакуты яго чакаюць. Ён усё гэта безумоўна адчувае. Разам з гэтым Юльян ведаў Гінтафа як невыпраўнага прыгодніка і авантурніка, і таму здагадваўся, што недзе часткаю сваёй істоты Гінтаф узрадваўся гэтым жыцьцёвым зьменам. Ну а што сам Юльян? А Юльян ужо нямала шкадаваў, што забіў Крыштава, што суседзкая дачка аўдавела. Падаецца, яна кахала таго Крыштафа. Юльян ужо пераймаўся, што зрабіў таго здрадніка Яна кульгавым інвалідам, і ці выжыве ён увогуле? Адылі гэтыя шкадобы былі нядоўгімі. Пасьля нейкіх хвілін гэтых сантымэнтаў да сваіх ахвяр, ён сам адчуў сябе пакутлівай ахвярай.
“За што, за якія ягоныя грахі было гэта ўсё яму?” – гэтак меркаваў ён, едучы на сустрэчу з Гінтафам на Явянецка-Бакштоўскім гасьцінцу за Дайнавой. Перастрэў Гінтафа. Той ужо, відавочна хвалюючыся, чакаў. За сьпінаю ў Гінтафа была паляўнічая стрэльба. Тое было дарэчы, і Юльян пашкадаваў, што не ўзяў з дому сваю. Перакінуўшыся некалькімі словамі, па гасьцінцу спачатку ехалі моўчкі. Юльян працягваў напружна меркаваць. Ён зьнянацку гэтак балюча адчуў, што не ён сам, а гэтыя злыя людзі, перш за ўсё той падлюга Крыштаф спляжылі ягонае жыцьцё і выгналі яго з роднага кута, ад блізкіх людзей на душэўныя пакуты і цяжар выжываньня ў пушчанскіх нетрах.
“Усё жыцьцё ён, Юльян жыў, як мог, пасьціва, любіў і клапаціўся аб блізкіх і родных, вучыўся, заложна працаваў па лясной справе і хатняй гаспадарцы, не раз ахвяраваў жыцьцём на вайне, як казалі, за веру і айчыну. Яго быццам бы шмат хто з навакольных, а таксама ў войску паважаў, і было за што. Ён заўжды ўкладаўся ва ўсе справы ўсёй сваёй моццу, і во гэтак усё ўчынілася неўспагадна і з жахлівым выклікам нарэшце, што адчуваецца недалёкі заўчасны канец жыцьця,” – гэтак тым часам меркаваў Юльян, едучы вярхом на кані першым.
Той конь зваўся Няўрымста. Гінтафага каня звалі Сівы. Гінтаф ехаў на Сівым сзаду, а да ягонага сядла была прывязана доўгая вяроўка ад шворкі трафейнага каня, які бег мэтраў пяць сзаду. Той конь цягнуў на сабе амаль што ўсю паклажу. Юльян зьнянацку адчуў моцную крыўду, якая пераходзіла ў лютую нянавісьць.
Юльян задаваўся пытаньнямі і сам іх спрабаваў разьвязваць:
– Але на каго гэта крыўда і нянавісьць? На Крыштафа? То яму ўжо горай чымся Юльяну. Ён нябожчык і сыйшоў праз сваю ганарыстасьць і злобу. Час, люты час злому ўсяго – во з чаго гэта ўсё. Войны, разбурэньні, людзкая нястача і жаданьне жыць, даць лепшае жыцьцё блізкім людзям. А тыя даброты дзе яны? Яны ў мізэрнасьці. Калі ты іх здабыў, то амаль што лічы скраў іх ад кагось. Не я ад кагось не краў. Я крыху гэта браў ад пануючага ладу жыцьця з ягонымі хібамі і тутай у Польшчы, і ў Саветах. А страляў у людзей выключна толькі, калі тыя хацелі зьнішчыць яго.
Перастрэлі каменьскага лесьніка таксама вярхом на кані. Той ветліва прывітаўся і запытаў, куды яны з паклажаю і стрэльбаю выправіліся. Юльян без бянтэжы адказаў, што пад Печышча высочваць мядзьведзя, якія павадзіўся хадзіць за мёдам на пасеку Каменьскага лясьніцтва. Разьехаліся. Юльян хваляваўся, каб той не перастрэў паліцыянтаў. Але не, не перастрэ. Было відаць па адбіткам капытоў каня, што ён далучыўся да гасьцінцу з правай лясной дарогі. А неўзабаве ўперадзе паказаліся і тыя. Пад’ехалі да іх. Юльян на ўсялякі выпадак дастаў трафэйны парабелум Крыштафа. Гэтыя два паліцыянта басанож цягнулі футманку, на якой уткнуўшыся тварам ў сена ляжаў здраднік Ян Руды.
Юльян запытаў:
– Як ён?
– Анічога, бачыш, жывы, – са злосьцю адказаў адзін з паліцыянтаў.
– Як вашага каня завуць? – запытаў Юльян.
– Калода. Непаваротлівы конь, але цягучы. Я за ім даглядаў, – адказаў другі паліцыянт зусім бяз злосьці як быццам анічога крывавага не адбылося.
Таго паліцыянта з Далідавіч Юльян крыху ведаў. Менавіта ён прамарудзіў са стрэлам ў бок Юльяна тамака на самагонным заводзіку. А мажліва ён не хацеў пляміць рукі крывёю, або палохаўся наступстваў, бо па рознаму яшчэ маглі павярнуцца гэтакія падзеі.
– Нялёгка вам. Бачыш, і паліцыянтам прыходзіцца цяжка працаваць, а ня толькі людзей гвалтаваць, – зларадна кінуў ім Гінтаф.
У сваім жыцьці ён нямала пацярпеў ад гэтага кшталту людзей, і таму яго ў гэтым мажліва было паразумець. Паліцыянтам заставалася яшчэ гадзіны са дзьве цяглавай хады да Каменя. Таму быў час заехаць, каб забраць мяшок з вінтоўкамі й іншым, які надоечы схавалі каля самагоннага заводзіку. Забралі тыя рэчы і вярнуліся на гасьцінец.
Ужо пад’яжджалі пад хутары Паўдарожжа. Гінтаф жартліва запытаў:
– А якія ў вас, спадар Юльян, пляны наконт шыкоўнай вячэры ды вечаровай забавы з хутарскімі пушчанкамі?
– Вабных кабет ня абяцаю, а ладная вячэра ў чыстай хаце мажліва будзе. Трэба абмыць пачатак іншага жыцьця. Дзьве кварты ў нас ёсьць. Я мяркую хопіць. Каб толькі не з капыт. Пачынаецца жыцьцё як ў тых Радзівілаўскіх стражнікаў. Дзе прыпыніўся, тамака і хата. Толькі без пашанотаў і ўвесь час мяркуй адкуль магчыма небяспека. Добра. Ня буду цябе марудзіць. Едзем да маёй роднай, але дужа састарэлай цёткі. Яна са сваім дзедам і нямым непабраўшымся сынам жывуць ў пушчанскіх нетрах за Кольлікамі кілямэтры чатыры па дарозе на поўдзень. То бок перад Паўдарожжам зьвярнаем з гасьцінца ды едзем ў бок Рудні, а тамака на палове шляху да Рудні направа. Я дарогу ведаю. Тамака пакуль недзе і затабарымся. То гаёўня Калюгі на ўскрайку багны Гразкае Балота. Туды недзе заўтра пэўне ж прыпруцца паліцыянты нас шукаць. Напэўна ў Івянцы ведаюць, дзе мае сваякі жывуць, а можа не. Не хвалюйся, неяк дамо рады. Заўтра і колькі наступных дзён у пушчы перасядзім, а тамака неяк усё уладкуем. Неяк дамо тамака рады, каб увогуле тамака перезімаваць, а потым уся пушча наша, і хата пад кожнай елкай, – тлумачыў Юльян.
– Добра, рушым туды. Трэба толькі асьцярожна тамака трамацца, каб нас не накрылі паліцыянты, і са зброяй напагатове. Ды шмат ня піць жытнёўкі, – пагадзіўся Гінтаф.
– А калі я зашмат яе піў? Але кварту ў двох пацягнем, каб зьняць немарась з капылоў і душы,” – жартліва абурыўся Юльян, усьміхаючыся.
– Пацягне, чаму не. Мажліва на два мяртвяка на сёньня будзе балей, – адказаў Гінтаф.
– А мне ўжо ўсяроўна. Неяк будзе, – скончыў размову Юльян.
Пад’яжджалі да таго пушчанскі-заглыбленага хутара Калюгі. Яшчэ здалёк забрахалі тры сабакі і выбеглі да коньнікаў. Яны ведалі Юльяна, крыху дабрэй пабрахалі вакол, завіхлялі хвастамі ды следавалі да сядзібы. Юльян зацеміў:
– Во, у нас папярэджаньне ёсьць, калі хто ў Калюгі сунецца.
На брэх сабак не з хаты, а з гумна вышлі ўсе нешматлікія жыхары Калюгаў: састарэлая цётка Міхаліна, ейны мужык, дзед Мікола і глуханямы сын Базыль. У гумне яны малацілі збожжа. Нягледзячы на прыязны гасьцінны выгляд гаспадароў, цалкам сядзіба ў Калюгах рабіла вельмі панурае ўражаньне. Немалая хата з нізкай стольлю мела ўгнуўшуюся страху, пакрытую састарэлай трысьнягом, на якім парасло шмат імхоў. Тая страха відавочна працякала ў дажджлівае надвор’е. Хата мела толькі пяць простых параўнальна невялікіх шыбаў без упрыгожаньняў, зь якіх толькі дзьве шыбы былі са шклом. Астатнія тры шыбы былі зачынены кавалкамі ваўнянай тканіны, паверх якой забіты дошкамі. Некалі фарсісты невялічкі каптур над дзьвярыма быў нямала пахіліўшыся і відавочна чакаў, каб зусім заваліцца. Паміж хатаю і састарэлымі ды нядбайна складзенымі гаспадарчымі забудовамі быў вельмі брудны падворак з агароджаю для каня і мыкі. Хлеў, вялікае гумно-пуня і лямус стаялі кутом. Яны былі пакрыты амаль што пагніўшаю саломаю, у якой там-сям былі дзіры. За гаспадарчымі забудовамі і з тылу хаты былі непралазныя зарасьлі крапівы з маліньнікам. Усё патыхала заняпадам з нагоды недахопу сілы і гаспадарчых сродкаў.
Падышоўшы і гжэчна павітаўшыся са сваякамі, Юльян перш за ўсё сьцісла, нічога не хаваючы, распавёў пра здарыўшаеся забойства і свае пільныя патрэбы. Гасьцінная, але вельмі занепакоеная гэтым цётка Міхаліна неяк разгублена стала запрашаць Юльяна з Гінтафам у хату, каб падсілкаваць з дарогі. Адылі яшчэ даволі рухавы і больш разважлівы дзед Мікола, які належным чынам усьвядоміў цяжкую сытуацыю Юльяна, узяў кій і адразу павёў іх у бок багны. Перайшлі першы пас выкашанай травяной багны са стажкамі сена на адонках. Ён быў даволі шырокі метраў сямсот. Выйшлі на працяглаю мэтраў трыццаць шырынёй ухадольную выспу, паросшую старым іглічным лесам. За ёй быў ізноў ужо вузейшы пас травяной багны, дзе ліпелі дзьве нядбайна складзеныя пунькі, набітыя сенам. У большую пуньку, калі вынесьці сена, магло акурат стаць і легчы тры кані, і кожны быў бы ў сваёй невялікай засеке. У другой меншай пуньцы можна было спаць і пакласьці тое-сёе з рэчаў. Далей выйшлі на другі значна шырэйшы пас сухадольнага ельніку, які ўкліньваўся ў багну. Тамака Мікола паказаў грудок метра тры вышынёй над роўнем вады ў багне, дзе можна было бы збудаваць напоўніцу патаемную зямлянку. Гэтак спраўна дзед Мікола за нейкую гадзіну, мала што кажучы, растлумачыў, як ім хавацца і што трэба рабіць, каб перазімаваць. Спрыяла яшчэ і тое, што ў якіхсьці чатырох кілямэтрах ад таго мейсца былі чатыры стажкі сена, нарыхтаванага Каменьскім лясьніцтвам, аб якіх ведалі толькі Юльян, Гінтаф і яшчэ два лясьнікі. Да зімы гэта сена трэба было перавезьці ў гэты ельнік, што забясьпечыла б кормам трох каней да веснавой травы. Усё было мінімальна годна для зімоўкі.
Як вярнуліся на хутар, дагэтуль зьбянтэжаная ўсім зьнянацку нахлынуўшым цётка Міхаліна па ранейшаму чакала на падворку пры хаце. Зайшлі ў хату праз нізкія дзьверы, якія вымагалі значна згібацца пры ўваходзе. Немалая хата з нізкай стольлю, глінабітнай няроўнай падлогай і вялікай у шчылях і копаці печчу была прапітана смуродам дыму, плесьні і гаспадарскіх рэчаў. На сьценах паўсюдна былі ўбіты цьвікі, на якіх навалам віселі вопратка і розныя хатнія рэчы. Беспарадак рэчаў быў і на шырокіх паліцах пры адной са сьцен. З мэблі ў хаце стаялі чатыры драўняныя ложкі, дзьве простыя шапы і даволі прыгожы, але ладна зашмальцаваны ўжыткам крэдан. Той крэдан выглядаў адзінай аздобай хаты, які прыгадваў усім, што на гэтым хутары былі і больш спрыяльныя, больш заможныя часы. Пасьпешна пад’еўшы і выпіўшы жытнёўкі за лепшую долю, Юльян з Гінтафам ды Базылём пайшлі зруйнаваць адбіткі конскіх капытоў на апошніх двух кілямэтрах дарогі аж да раздарожжа ў бок хутара. Гэта трэба было, каб у паліцыянтаў, якіх чакалі заўтра, было менш падозры і пытаньняў да хутарцоў.
Паліцыянты заявіліся толькі праз два дні амаль што на сьвітанку. Іх было аж пяцёра. Усе з Валожына. Распытвалі, папярэджвалі, нічога падазронага не знайшлі ды паехалі назад. Потым праз гадзіну вярнуліся, ізноў усё агледзелі будынкі ды пакінулі два паліцыянта са зброяй у засадзе. Юльян і Гінтаф былі папярэджаны аб небясьпецы ўмоўным знакам, якім быў прывязаны на пашу хутарскі конь на краю першай багеннай галявіны ў бок іхнага табарышча. Дадатковым знакам быў воз, пастаўлены на відавоку ў пэўным мейсцы падворка. Далей паліцыянты заяўляліся ў Калюгі яшчэ два разы, і потым напэўна актыўны вышук уцекачоў прыпынілі.
Юльян і Гінтаф, як усё было сплянавана, абсталяваліся неблага. Коні стаялі то пад елкамі пры сене пры збудаванай зямлянцы, а то ў той пуньцы. Спалі пераважна ў зямлянцы, бо тамака была пячурка. Але часам, вяртаючыся з Калюгаў, ленаваліся ісьці яшчэ кілямэтар і кідаліся спаць у той пуньцы. Мыліся у лазьні ў Калюгах. Юльян і Гінтаф шмат дапамагалі па хутарской гаспадарцы ў тым ліку і з выганкай жытнёўкі. Яны перавезьлі частку абсталяваньня са свайго самагоннага заводзіка пад Камянкай ў Калюгі. Дзівосна, што шмат чаго тамака засталося цэлым. Але найбольш каштоўнае абсталяваньне як тое змеевікі ды награвальныя бакі Юльян і Гінтаф схавалі ў навакольлі яшчэ тады ў той ракавы дзень, чакаючы здрадніка Яна Рудога. Шмат часу Юльян і Гінтаф выдаткавалі з паляваньнем на лося, бабра ды зайцоў. Гэта давала мяса. Двух ласёў застрэлілі з паліцэйскіх вінтовак. Тры бабра былі злоўлены капканамі. Таксама даволі шмат зайцоў было злоўлена зашмаргамі. Гэтак і перазімавалі. Цалкам, нягледзячы на шмат падзей і заняткаў, было і зашмат сумных часін, калі лежучы гадзінамі на палацях у цёмнай і вільготнай зямлянцы, або нават надухмяным сене у той пуньцы, кожны аддаваўся сваім ня надта вясёлым думкам. Таксама бракавала повязі з жанчынамі, і гэта было ня толькі мужыцкая патрэба інтымнай блізкасьці. Хацелася цалкам нейкага ідэалізаванага жаноцкага душэўнага цяпла, спагады ды прыхільнасьці, да чаго гэтыя ўжо немаладыя мужыкі пазвыкаліся.
Асабліва журыўся Гінтаф. У сярэдзіне сакавіка ён аднойчы сказаў Юльяну, што пасьля веснавога разводзьдзя, недзе ў траўні сыйдзе за Нёман да Бярозаўкі, дзе на шкляной гуце ўжо даўно аконамам працуе яго родны дзядзька Ляксей. Па спадзяваньню Гінтафа той можа выправіць ягоны далейшы лёс, здабыўшы яму новыя дакумэнты. Таксама Гінтаф меў спадзеву пасяліцца і здабыць свой уласны хлеб на жыцьцё дзесь тамака каля дзядзькі. Калі ўсё пойдзе параўнальна латва, то ён паспрабуе з гэтым дапамагчы і Юльяну. Юльян не пярэчыў. Ён і без таго быў надта ўдзячны Гінтафу за ягоную адданую падтрымку ў гэтую патавую для Юльяна восень і зіму. Да таго ж Юльян і сам нямала нудзіўся гэтым існаваньнем пры Калюгах, і з пачаткам лета зьбіраўся выправіцца ў вандроўку па Налібоцкай пушчы кудысь далей ад Каменя, каб пашукаць нейкага больш цікавага лёсу.
Аднойчы перастрэўшы пад Печышчам усё таго ж лесьніка, даведаліся пра навіны з Каменя. Маці Юльяна памерла цягам двух тыдняў пасьля ягонага сыходу. Жонка Фрося ўжо пад вясну эмігравала ў Амэрыку з дзецьмі. У хаце Бацяноў засталася толькі Казя. Да яе хваравітай стаў заляцацца значна старэйшы бабыль з Серкулёў, і быццам бы Казя дала згоды на ягоныя пярэбары да яе ў прымакі. Нягледзячы на забойства Крыштафа, Юльяна асоба ніхто не асуджае ані ў Камені, ані ў Івянцы. Кажуць, што Крыштаф сам узьлез на гэты ражон. Больш бядуюць аб далейшым лёсе Юльяна і аб спусташэньні некалі вялікай і паважанай радзіны Бацяноў. Але паказвацца Юльяну ў Камень або Івянец нельга, бо паліцыянты зловяць і засудзяць. Ачольнік пастарунка паліцыі ў Івянцу цяперака ізноў непрыемны і чымся падобны на забітага Крыштафа Валуцкага.
– І дзе яны гэтакіх толькі беруць? Напэўна спэцыяльна гэтакіх вышукваюць, каб здзекваліся над людзьмі, – вяршыў гэтак свой аповед той лясьнік.
Вясна гэты год была раньняя, і к канцу красавіка палавень з большага сышла. Тады Гінтаф, гжэчна разьвітаўшыся з усімі, пусьціўся ў дальнюю дарогу ў Бярозаўку. Дакладна як туды накіроўвацца цераз пушчу ён ня ведаў. Дзед Мікола, які шмат дзе быў Налібоцкай пушчы і нават дападаў да Любчы і Наваградка, растлумачыў яму, як трапіць да Жоўта-Нёманскага каналу, ды дзе перайсьці бродам Нёман паміж Любчай і Дзялятычамі, а потым як абмінуць тыя Дзялятычы, а там далей толькі трымацца Нёмну, каб дапасьці да Бярозаўкі. Гэта шлях прагледзелі на адпаведных мапах, якія меў Юльян. Гінтаф пагаліўся, чыста апрануўся, узяў харчы на тры дні, свой наган, палову наяўных агульных грошаў, плашч, запальнічку, сякерку і рушыў у дарогу на сваім кані Сівым. На разьвітаньне ён паабяцаў, што абавязкова яшчэ завітае ў Калюгу, каб дапамагчы Юльяну. Юльян шчыра абняў Гінтафа і адпусьціў з Богам.
Праз месяц падобным чынам рушыў у тым жа накірунку і сам Юльян. Ён выбраўся з усім сваім скарбам на двух конях. Дзед Мікола абяцаў даглядаць за іхнай зямлянкай. Старыя Міхаліна і Мікола і нават глуханямы Базыль пусьцілі на волю скупую сьлязу. У сваёй хутарской самоце і жыцьцёвай безвыходнасьці, у адчуваньні блізкіх парушальных зьменаў яны моцна прыкіпелі, зрасьліся з прыемнымі іхным душам Юльяну і Гінтафу. Мікола і Міхаліна ўжо каторы год рыхтаваліся нарэшце паміраць, а глуханямы сын Базыль асэнсоўваў свой гаротны самотны лёс са скуднымі сродкамі на існаваньне па іхнай канчыне.
Юльян вандраваў пушчай больш за два месяцы. Бываў у розных яе кутках. Нават завітаў да правабярэжнага Нёмна напроці вёскі Купійск на левым берагу, дзе жытлаваў у зямлянцы і ваяваў зь немцамі апошнія два гады цягам Першай сусьветнай вайны. З усіх агледжаных мейсцаў асабліва ён упадабаў глухаманны, багаты зьверам, рыбаю ды ягадамі кут пры рацэ Бярозе ва ўрочышчах Дразды, Рабачова і Галайбова Града. Тамака было адносна бязьлюдна, бо з паўднёвага ўсходу прасьціралася агромістае багна Паўднёвае Ўюнішча, а з захаду была водная Бяроза зь яе цяжка праходнай далінаю, якая поўнілася абалоннымі азёрамі па старарэччам. Канешне часам і тутай сустракаліся нейкія людзі звычайна палясоўшчыкі ў сваіх абходах або тыя, хто ў сваёй беднасьці шукаў нейкай спажывы ў шматлікіх акопах і зямлянках, застаўшымся пры Бярозе ад Першай сусьветнай вайны, захрасшай у гэтых мясьцінах на доўгія два з паловай гады. Юльян як зьвер, а тым ліку як той воўк або рысь латва навучыўся пазьбягаць гэтых людзей. Чым Юльян карміўся? Шмат у чым то была рыба. Яшчэ неяк едучы паўз Жоўта-Неманскі канал, Юльян забраў чыесьці невялікія мярэжы, уладкаваныя ў тым канале, і цяперака ён імі ўдоваль лавіў сабе рыбы ў даволі рыбнай Бярозе-рацэ. Нават большасьць злоўленай рыбы Юльян мяняў на жытнёўку, хлеб ды малочную ежу на хутары Прыстань непадалёку. Гаспадары таго самотнага хутара былі рады гэтакаму абмену і не задавалі непатрэбных пытаньняў кшталту, хто ён такі. Спаў Юльян або ў збудаваным будане пад вялікай разлапістай елкай ва ўрочышчы Дразды. Той будан меў страху з вялікіх кавалкаў кары ад памерлых агромістых дубоў. Другім мейсцам прыпынку была вялізная нара, якую Юльян вырыў у забытым некалькі гадоў таму немалым стозе сена на ўскрайку травяной багны Казялец пры Галайбовай Градзе. Акрамя таго тутай паўсюдна былі напаўразбураныя часам зямлянкі ад расейскага войска часоў Першай сусьветнай вайны. Прыбраўшы і падбудаваўшы нейкую, даволі годна было карыстаць яе дзеля адпачынку і нават адстою цягам некалькіх даждлівых дзён. Аб наступнай зіме Юльян пакуль што не меркаваў. Яго захапляў гэты прыродна багаты кут са старажытнымі лясамі ды раскошнымі багнаю і ракою. Пакуль што ён спрабаваў асалодвацца сваім незвычайным жыцьцём у гэтым вабным кутку. Юльян любіў прыроду, усё ў ёй: лес, багну, рэчкі, зьвера і птушку. Ён цалкам добра пачуваўся на прыродзе нават, калі быў самотны доўгі час. Нельга сказаць, што да яго тым часам не вітаў прыкры настрой, дэпрэсіўная немарась і моцнае жаданьне жыць з людзьмі звычайным жыцьцём, як жывуць усе. Тое безумоўна было, і Юльян перажыў нямала цяжкіх перайманьняў за гэтыя два месяцы асабліва ў зацяжныя даждлівыя содні.
Ня раз ён задаваўся пытаньнямі, чаго яму бракуе, і ад чаго ён часам упадае ў цяжкі дэпрэсіўны настрой. Меркаваў Юльян тады прыблізна гэтак: «Вопратка ёсьць, есьць ня блага, нават тутай пры Бярозе ён есьць значна лепей чымся калісьці ў сваёй хаце ў Камені. Так, сьпіць ён ня гэтак утульна і ня з жонкай, а як мядзьведзь у берлагу. Ладна, гэты брак ёсьць, не хапае кабеты, усёй вабнай жаноцкасьці, якая можа даць шмат асалоды мужыку. Гэта насамрэч ёсьць, але жанчыну ён можа знайсьці і тутай. Нават на хутары Прыстань яму казалі, што вось бадзяецца па пустому мужык, а тутай у кожнай другой хаце аўдавелае кабета чэзне і прагне штоноч хоць якога сабе мужыка. Так, каб задацца мэтаю, то кабету дзеля мужыцкай асалоды ён бы сабе пэўне ж знайшоў. Таму гэта і ня гэта. Што яшчэ? Праца? Тутай ён працую ня менш, і яна прыемней чымся тая лесазабойская праца па лесанарыхтоўкам у Каменьскім лясніцтве. Людзі як гэтакія, каб іх было шмат вакол, ды прасоўвацца паміж іх, узаемадзейнічаць, сябраваць і варажбаваць? Не, ня гэта. Я ня гэтакі сацыяльны. Я заўжды цураўся мейсцаў і сытуацый, дзе актуе шмат людзей. Напэўна ўсё ж яму цяжка, што ў яго няма свайго кута, дзе ўсё роднае, спадчыннае, куды дбаць у набытак ёсьць для яго важкая асалода. Ды людзі блізкія, то бок жонка, супольныя дзеці, сваякі, сябры – усё гэта дае матывацыю дбаць разам на свой кут, адчуваць асалоду супольнасьці. Во ў чым тая любая вузкая сьцежка патрэбнай сацыяльнасьці, якая дае мэлёдыю жыцьця і без якой чэзьнеш. Але гэта ўжо яму не выправіць. Таму ня трэба аб гэтым і меркаваць». Але потым неяк аб усім гэтым цяжка меркавалася і другі, і трэці, і дзясяты разы.
Але пераважна настрой Юльяна быў значна больш станоўчы. Цяперака ён пачуваўся цалкам значна лепей чымся мінулай зімою пад Калюгамі. Прыгадваючы тую зімоўку, Юльяна прыгнечвала тое, што ўрэшце ізноў прыдзецца падавацца зімаваць у Калюгі, дзе пераважна прыйдзецца знаходзіцца ў той цеснай, цёмнай ды вільготнай зямлянцы. Перажыць аднаму ў пушчы зіму, каб не згаладацца і не звар’яцець ад самотных цяжкіх думак, уяўлялася мала верагодным. Трэба было ўжо нешта меркаваць, дзе перажыць наступную зіму. Усё з гэтым вырашыў наступная хада падзей ды выпадковая сустрэча.
Ва ўрочышчы Дразды Юльяна стаў данімаць мядзьведзь. Ён некалькі разоў цягам ягонай адсутнасьці непрыемна гаспадарыў у ягоным будане, з’еўшы запасы харчоў. А ў сярэдзіне ліпеня той мядзьведзь загрыз каня Калоду. Юльян спутаў ногі Калодзе і пакінуў яго пасьціся на лясной лонцы. Ён выехаў на Няўрымсьце раніцай па рыбу з разьлікам вярнуцца праз некалькі гадзін, але затрымаўся на Бярозе да вечара. Калі дабраўся да табарышча ў Драздах, то конь Калода быў забіты. Туша яго была адцягнута ў лес і закідана валежнікам. Па ўсім адзнакам было відаць, што Калоду забіў мядзьведзь. Каб пазьбегнуць далейшых нападаў таго мядзьведзя, Юльян быў вымушаны ператабарыцца кілямэтраў на сем паўднёвей ва ўрочышча Галайбова Града. Пакуль што, начуючы ў той нары ў стозе сена, Юльян выведваў больш падрабязна мясьціны навокал. І вось аднойчы ў лесе на Галайбовай Градзе Юльян перастрэў на выгляд вясковую кабету прыблізна ягоных гадоў. Яна зьбірала чарніцы, якіх гэтае лета асабліва ў тым урочышчы было процьма. Юльян падышоў да жанчыны пазнаёміцца, прывязаўшы Няўрымсту за дрэва загадзя. Павітаўся і стаў прыязна размаўляць з ёю, крыху дапамагаючы зьбіраць ёй ягады. Апынулася, што гэта жанчына жыве без мужыка, якога забілі цягам Савецка-Польскай вайны. Вызначылася, што яна мешкае са старой маткай на адным з двух ацалеўшых хутароў з найменьнем Асовыя. Яе клікалі Тацьцяна Смолка. На другім хутары ледзь не ў двух кілямэтрах ад іхнай хаты жытлавала другая радзіна, якая складалася з мужыка, жонкі і трох дзяцей. Тая радзіна не была варожай, але рэдка вітала да бядацкай хаты Тацьцяны і пераважна лучылася стасункамі да хутароў Зялёнае бліжэй да Любчы. Тацьцяна паскардзілася, што жывецца ім цяжка, ледзь не ў прогаладзь, бо вядома, нас толькі дзьве бабы без мужыка.
Юльян усьвядоміў, што гэта ягоны шанец крыху палепшыць быт і цалкам стан свайго жыцьця на нейкі час. І хаця тая Тацьцяна не надта яму вонкава падабалася, ён стаў да яе як мог удала падлабуньвацца. Тацьцяна асоба не манежылася і, ужо дазьбіраўшы вядро чарніц, яна авалодала ўсімі мужыцкімі якасьцямі Юльяна проста на мейсцы сярод таго бязьлюднага чарнічнага бору. Далей таксама было ўсё проста. Пасьля нейкіх пытаньняў наконт хто ён і адкуль, Тацьцяна запрасіла Юльяна жытлаваць у сябе ў якасьці ейнага мужыка. Калі Юльян сказаў, што ён хаваецца тутай у пушчы ад уладаў з Івянецкага боку, то тое Тацьцяну не зьбянтэжыла. Яна сказала, што да Івянца тутай як да месяца на цёмным небе, і што ён будзе жытлаваць у яе ўпотай, калі тое спатрэбіцца. Яна распавяла, што мае сабак, што тыя папярэджваюць, калі хто ідзе, і на падворак без яе не дапускаюць. У хаце ёсьць дзе схавацца, калі што. Ну і лепш, каб на некалькі тыдняў яму зьнікаць ад яе ў пушчу пад час сенаваньня, бо ў іх начуюць сваякі з Любчы, якія сянуюць недалёка па багне. У астатнім можна звычайна разам жыць бяз сполаху і бянтэжы. Істотна, што ў Юльяна ёсьць конь. Тады бяз хлеба і бульбы ня будзьма. Юльян таксама дадаў, што можа здабываць мяса паляваньнем і лавіць рыбу.
– Вось і цудоўна. Пайшлі да мяне. Ці яшчэ раз? – запытала Тацьцяна.
– Яшчэ раз і тады пайшлі, – з усьмешкай адказаў Юльян.
Гэтак пражыў Юльян каля Тацьцяны Смолка ў Асовых доўгія чатыры гады. Той Смолкаў хутар у Асовых быў вельмі занядбаны. Той жа выгляд хаты як і ў Калюгах ды падобнае запусьценьне на падворку і ў гаспадарчых забудовах. Але ў Калюгах пры гаспадарцы былі і конь, і мыка, і свойская птушка. Тутай жа акрамя дзясятка курэй анічога балей ў хлеве не было. Цалкам Асовыя прыгнечвалі ня менш чымся Калюгі. Але важкай вартасьцю зімоўкі тутай у Асовых былі большая бясьпека жытлаваньня ў хаце, а не ў настылай ды вільготнай зямлянцы, таксама штоноч быў ложак з заўжды прагнай да блізкасьці Тацьцянай ды багатыя зьверам і рыбай мясьціны. Зімою Юльян пераважна быў заняты з нейкімі сялянскімі справамі пры сядзібе ці лавіў зашмаргамі зайцоў ды лісаў у бліжэйшым пушчанскім навакольлі.
Звычайна гэтым застылым аднастайным сэзонам Юльян моцна нудзіўся. Яго душы было зусім цесна ў межах гэтага зусім сялянскага быту і клопатаў. Раней ён ніколі ня жыў напоўніцу па сялянскі, і гэта аднастайнасьць клопатаў пры сядзібе ды няўтульнасьць беднай сялянскай хаты нямала прыгнечвалі Юльяна. Раней Юльян пераважна ініцыятыўна ды імпэтна і спраўна рухаў жыцьцё вакол сябе, і таму ён быў поўны жыцьцёвай энэргіі і нейкіх задумак. А тутай у Асовых з Тацьцянай ягоныя абставіны жыцьця, занядбаны быт, беднасьць ды адсутнасьць мажлівасьцяў рухалі ім, штодня паказваючы пэўныя межы. Гэтыя жыцьцёвыя межы былі зусім вузкія, зь іх прагнулася вырвацца і бегчы штомоцы прэчкі, але куды? Во гэтага куды зусім не было хіба што ў няўтульную зямлянку пад Калюгамі. Сама думка цяперака аб гэтай альтэрнатыве ягонай зімоўкі наддавала яшчэ балей немарасі ў самаадчуваньне Юльяна. У Асовых усё ж такі была Тацьцяна, спагада, а можа ўжо і каханьне якой да Юльяна часам выводзіла яго з прыкрага прыгнечанага душэўнага настрою. З Тацьцянай было даволі добра ў ложку, але паразмаўляць зь ёю было мажліва толькі аб гаспадарцы, надвор’і ды сэзонных праявах у навакольлі. Тацьцяна гэтак і ня стала для Юльяна блізкім чалавекам , зь якім яму бы хацелася жыць далей, пакуль жывецца. Юльяну гэтак было пасобна перш за ўсё зімаваць. У Асовыя амаль што ніхто не вітаў. Недзе раз на месяц заходзіў тутэйшы палясоўшчык Мацей – родны брат Тацьцяны, які жытлаваў з жонкай і дзецьмі ў Дзялятычах. Ён звычайна прыносіў солі і запалак. Сымон ведаў усё пра Юльяна, і нікому, нават сваёй жонцы аб ім не распавядаў. Як белая сьцежка зьнікала, то Юльяну станавілася значна вальней. Тады ён займаўся ловам рыбы для сябе і на спродаж. Таксама Юльян разам з Сымонам стралялі звычайна двух а то і трох ласёў на мяса: абавязкова аднаго ўвесну і другога па восені.
Як бы Юльяну не было нудна і з адсутнасьцю жаданьня працаваць ў Асовых, але ён значна палепшыў Тацьцяніну гаспадарку: падрапараваў будынкі, у хляву завяліся япрукі, козы і балей курэй. Тацьцяна гэтаму вельмі радавалася. Яна хацелала зацяжарыць ад Юльяна, чаму той усяляк працівіўся. Але яна спадзявалася. Пад час сенаваньня з сярэдзіны чэрвеня як мінімум на месяц Юльян зьнікаў у Калюгі, дзе дапамагаў з сенам і іншымі справамі сваёй яшчэ жывой цётачцы Міхаліне, дзеду Міколе і іхнаму сыну Базылю. На той час гэта Юльянава дапамога была надта патрэбна ў Калюгах. Летась Базыль штось зламіў у назе. Костка неяк зраслася, але цяперака Базыль моцна кульгаў. Калі Юльян гэтак прыходзіў у Калюгі трэці раз, яму сказалі, што два месяца таму заяжджаў Гінтаф і пытаў аб Юльяне. Гасьцяваў Гінтаф два содні і тады зьехаў. Яму сказалі, каб прыехаў ён у ліпені. Тады Юльян дакладна будзе тутай.
Акурат на пачатку ліпеня прыехаў Гінтаф. Ён цяперака меў новы польскі пашпарт на імя Рафал Буйніцкі, які за грошы чераз знаёмцаў у гміне залатвіў яму ягоны дзядзька з шкляной гуты ў Бярозаўке. Гінтаф таксама цяперака працаваў на той гуце дапаможцай шкладува. Гэта было відаць, бо тая праца паменшыла ў ім здароўя. Жытлаваў Гінтаф прымаком у нейкай аўдавелай кабеты. Гэтакіх гаротных жанок з хатамі ў Бярозаўке было шмат. Гінтаф прапанаваў Юльяну той жа самы шлях. Калі спрадаць Юльянава каня Няўрымсту і ягоную зброю, і на гэтыя грошы Гітафаў дзядзька магчыма мог бы залатвіць для Юльяна новы польскі пашпарт Ну і з працаю на гуце пытаньняў не было б. Пакуль Юльян знайшоў бы сабе кабету да спадобы, то жытлаваць ён мог у яго.
Юльян падзякаваў, але адмовіўся, сказаўшы:
– Дарагі Гінтаф мне і тутай часам нудна, але тое ў Бярозаўцы дакладна не для мяне. Ды і Няўрымста ёсьць як мой даражэнькі сябра. Сябрамі не гандлююць. Я зь ім дзяліў столькі нядолі, прайшоў столькі цяжкіх дарог, ён разумее мяне з паўслова. Ён цяперака частка мяне самога. Якая бы злыбяда не здарылася, я ніколі не буду яго пазбаўляцца. Толькі калі сам памрэ або загіне. Ён мне як дарагі ды верны сябра, разумееш?
Відаць было, што Гінтаф са шкадаваньнем успрыняў гэту адмову, на якую ён не спадзяваўся.
– Слухай Гінтаф, ці як ты тамака зараз Рафал, а табе ня нудна тамака пры той гуце і нейкай бабе? Не цягне цябе кудысь на прыродны прастор, дзе хараство краявіду і сьвежае паветра, на волю з тых чужых дымных працоўных памяшканьняў той гуты, з чужой хаты той чужой кабеціны, ды з напэўна прыкрага адчуваньня жыцьця чужога табе мястэчка? – запытаў Юльян. – Згодны, і прыкра, і нудна, і шмат чаго нэрвуе ды нават злуе. Усё тамака чужое, кудысь увесь час цягне прочкі адтуль. Але пагаджацца на штось кшталту той цяжкапомнай зімоўкі вакол Калюг ізноў я не здольны. Пляную падсабраць грошы ды ў Амэрыку. Кажуць тамака воля. Нават у Бярозаўцы ёсьць прадстаўнік амэрыканскай кампаніі, якая зьбірае годных людзей на працу і жыцьцё ў Амэрыцы. Я ўжо зь ім размаўляў. Той запэўніў, што мяне абавязкова возьмуць, – казаў Гінтаф.
– Ну так, тамака воля быць рабом чужынцаў. Я гэтак усё тое разумею. Язджай. Паспытаеш яшчэ і тамака ліха, а я уж неяк тутай, на сваёй зямлі свой век давякую, – адказаў Юльян.
Праз чатыры содні Гінтаф ад’ехаў, абяцаўшы раз на год заяжджаць у Калюгі ліпнем. Ад’язджаючы, выглядаў ён неякавата. Нават старыя Міхаліна з Міколам заўважылі тое. На разьвітаньне Юльян абняў сябра, сказаўшы:
– Дзякуй сябра Гінтаф за сяброўскую вернасьць і жаданьне дапамагчы. Бывай. Адчуваю, што не ўбачымся балей. Бывай ды ідзі з Богам.
Было відаць, што Гінтаф расчуліўся ледзь не да сьлёз. Насамрэч Гінтаф больш у Калюгі не заяжджаў. Наступнай вясною ён з’ехаў у Амэрыку з той самай кабетай, з якой жытлаваў у Бярозаўцы. Юльян пражыў у Асовых яшчэ год. Усё было гэтак жа сама. Адылі ягонае саадчуваньне ўсё пагаршаліся. Унутрана ён да душаразьдзіраючага крыку быў ня згодны гэтак доўга жыць і надалей. Яму хацелася жыцьцёвых зьменаў, да лепшага, да ранейшага жыцьця, у якім з былой жонкай Фросяй ён быў суладны і шчасны.
«Ягоны любы сынок, дзе ён зараз? Ці прыгадвае ён мяне – ягонага бацьку? Дзе яна, ягоная дагэтуль любая і помная Фрося ў той Амэрыцы. Ці ёй прагнецца назад да мяне? Ці наогул памятае яна мяне? Мажліва ўжо яна чыясьці жонка, а не ягоная», – гэтакія прагныя прыкра-шчымлівыя думкі-трызьненьні штодня лезьлі да Юльяна ў галаву. Немагчымасьць аднаўленьня былога жыцьця руйнавалі ягоную жыцьцёвую волю, і Юльяну ўжо станавілася ўся роўна, што зь ім будзе далей абы не няволя. Ягоны далейшы лёс яго балей не хваляваў. Ён ужо ня раз меркаваў аб самагубстве. Але наяўнасьць побач заўжды прыязнай да яго Тацьцяны, ейнае кранальнае шчасьце побач зь ім прыпынялі тыя намеры скончыць самому сваё жыцьцё. Увесну Татьцяна нарэшце загрубела, з чаго яна надта радавалася. Яна не спадзявалася, што Юльян будзе жытлаваць зь ёю да скону ягонага веку. Яны былі занадта розныя, хаця і абодва вясковыя жыхары. Тацьцяна адчувала, што не сёньня ды праз нейкі час Юльян назаўжды сыдзе. Адчуваць гэта Тацьцяне было ёй вельмі маркотна. Але разам з гэтым яна дзякавала Богу, што Юльян даў ёй гэтыя чатыры больш-менш шчасныя гады, якіх магло і ня быць, каб ня здарылася тая выпадковая сустрэча на Галайбовай Градзе.
Наступным летам па сканчэньню фактычна чацьвертага года жыцьця ў Асовых напрыканцы чэрвеня Юльян як і раней ехаў на пабыўку ў Калюгі, каб зьнікнуць з Асовых на час люднага тамака сенаваньня. На паўдарогі да Калюг Юльян прыпыніўся на начоўку ва ўрочышчы Сьвістунова Града блізу Жоўта-Неманскага каналу. Уначы Юльяна атакавалі ваўкі, якія меліся хутчэй за ўсё здабыць ягонага каня Няўрымсту. Юльян спрабаваў адстрэльвацца з нагана, але гэтым тых ваўкоў не адагнаў і нават у цемрачы не пацэліў аніводнага зь іх параніць. Ногі каня не былі спутаны, і ён моцна спуджаны пабег далёка ад табарышча, дзе быў нарэшце забіты і за ноч паўзьедзены тымі ваўкамі. Сапраўднае гора ахапіла Юльяна, як ён раніцай знайшоў мёртвага сябра на ўскрайку Гала Балота. Пастаяўшы каля трупа Няўрымсты, Юльян застрэліўся з таго нагана, які шаснаццаць гадоў таму прывёз з сабою з Першай сусьветнай вайны. Ішоў 1934 год.




Comments