top of page

Сантымэнтальныя ўспаміны, крочачы пушчанскімі сцежкамі, на Радаўніцу

  • Writer: Vadim Sidorovich
    Vadim Sidorovich
  • Apr 22
  • 3 min read

Сёньня Радаўніца. Гэтым сьвяточным днём я не паехаў на Каралёўстанскія могілкі, каб праведаць капцы любых крэўных. Тамака цяперака зашмат людзей. Мне больш пасуе схадзіць да іх калісьці ў будныя дні пад вечар, калі тамака амаль што нікога няма.


У гэты дзень я з сынам Вінцэсям пайшоў да пушчы, то бок Налібоцкай пушчы, у якой мы жывем на хутары Навусьць у самым яе асяродку. Пад’ехалі ва ўрочышча Далкі, перайшлі рэчку Вольку па ўжо ўтравелай ляжнёўцы ды пасунуліся па сваіх справах датычных ваўкоў праз урочышча Таварышчына ў бок былых хутароў Малых і Вялікіх Печышчаў. Адтуль мы меліся шыбаваць у бок Волькі ва ўрочышча Ялоўка ды потым ісьці даўно знаёмымі сьцежкамі ўздоўж Волькі ўверх ейнага цячэньня да той утравелай ляжнёўкі.


Больш-менш гэтай пуцявінай я хаджу ўжо амаль што сорак пяць гадоў. Сорак пяць гадоў! Хаджу з рознымі людзьмі – не, не турыстамі на адзін раз, а з людзьмі, якія ў пэўны кавалак майго жыцьця займалі ў ва мне пэўнае мейсца, што абавязкова лучыцца з нейкім узаемадзеяньнем на прыродзе, то бок зоалягічныя дасьледаваньні ці назіраньні, або пошук рагоў, ды й мала што яшчэ. Гэтак я збудаваны, што ўсё маё вакол прыроды.


Дык вось гэтым разам на Радаўніцу, як я з Вінцэсем ішлі той пуцявінай, мяне агарнулі думкі ды ўспаміны. Надвор’е было цудоўнейшае, прыроднае хараство вакол. Мне хацелася асалодвацца ўсім гэтым і радавацца таму, што жывы і як і раней усё яшчэ жвава шыбую гэтай пажыцьцёвай пуцявінаю. Я зусім не хацеў забіваць свае капылы нечым гэтак ці інакш абцяжарываючым, але гэтыя думкі ды ўспаміны ўпарта лезьлі ў маю галаву, адрываючы ад адчуваньня пушчы. Я іх ганю, а яны мімаволі напаўняюць мяне. Мусіць тое дзень такі – Радаўніца.


Сяргей Салук у Налібоцкай пушчы, 1982 год.
Сяргей Салук у Налібоцкай пушчы, 1982 год.

Ідучы, я меркаваў, што вось я тутай хаджу ўжо сорак пяць гадоў, хаджу з рознымі людзьмі, іх было даволі шмат, і дзе яны зараз. Кагось ужо няма ў жывых, а іншыя пераважна далеча. А я вось усё хаджу тутай. Навакольле той пуцявіны спрэс непазнавальна зьмянілася. Каб мяне – таго маладзёна, якім я быў сорак пяць гадоў таму, перанесьці нейкім чынам з тагачаснай гэтай пуцявіны ў яе сучасную, то, дальбог, я б не пазнаў, дзе я апынуўся. Разам з гэтакімі думкамі і пачуцьцямі невыразна моцнае адчуваньне адчужанасьці ды часовасьці ўсяго, улучна і свайго жыцьця агортвала маю істоту. Было адчуваньне самотнасьці ды нявызначанасьці людзкога лёсу.

Усьлед за гэтым мяне запаланілі ўспаміны аб людзях нечым значнымі для мяне, зь якімі я шмат бываў тутай. Перш за ўсё я прыгадаў неразлучніка-сябру маёй маладосьці – Сяргея Салука. Менавіта ён упершыню прывёў мяне ў гэтыя мясьціны. Менавіта зь ім мы тутай швэндаліся ў прыродных вандроўках з зоалягічнымі зацікаўленасьцямі доўгіх і рамантычных чатыры гады студэнцтва. Сяргея ўжо няма, ён даўно-даўно не хадзіў гэтай пуцявінай са мною і цалкам ня быў у Налібоцкай пушчы, а я вось усё хаджу гэтымі сьцежкамі. Трэба зацеміць, што, бываючы тамака ў Печышчанскім баку, я кожны раз прыгадваю Сяргея, але гэтым разам мой сяброўскі цёплы ўспамін аб ім быў надзвычайны. Тое, відаць, Радаўніца.


Далей у маю пацяжэлую галаву напэўна ізноў нават проці майго жаданьня налучаліся іншыя ўспаміны з людзьмі, зь якімі мяне нітавала жыцьцё і зь якімі мы ня раз мерылі гэтыя сьцежкі ў мінулым. Прыгадаўся бадай што сябра з мінулага Пятро Капура, з якім тутай шукалі рогі. Яго ўжо таксама няма ў жывых. Ён як і Сяргей Салук заўчасна выбраўся. Прыгадаліся й іншыя супольнікі, зь якімі езьдзіў сюды па рогі, а менавіта Валодзя Хартановіч, Сяргей Зуёнак, Юры Сяржанін, Ігар Качаноўскі ды Аляксандр Казулін. З апошнім мы таксама віталі сюды на глушцовыя і цецяруковыя токі.


Далей тыя супольнікі адышлі, і я шмат хадзіў па гэтым сьцежкам са сваімі супрацоўнікамі па зоалягічным справам: Зьмітром Красько, Аляксеем Полазавым, Рыгорам Янутай, Ганнай Мезінай, Ірынай Салавей, Сьветай Адамовіч, Ларысай Ціхаміравай, Зьмітром Лукашанцам ды іншымі, але гэтыя зь іх больш помныя. Дзе яны зараз? Тутай іх не відаць. Адна з тых супрацоўнікаў – Ірына Ратэнка, васямнаццаць гадоў таму стала маёй цяперашняй, назаўжды любай жонкай. Мы вельмі шмат хадзілі тутай разам. Бываем у Печышчанскім баку і цяперака, але радзей, бо маем трох дзяцей.


Далей усе гэтыя людзі вакол мяне тутай на гэтых сьцежках акрамя жонкі Ірынкі зьніклі, але цалкам зьявіліся новыя з ліку замежных зоалягічных валянтэраў. Тое было зусім іншае людзкое асяродзьдзе.  Мне ўсплывалі ўспаміны й аб іх, перш за ўсё Яне Гоўя, Максімільяне Хетзэру, Санне Руіз і Санне Вандэнберге, Герардзе ООнку ды Пепейне Тхуфту. Іх ужо таксама няма тутай, і напэўна гэта назаўсёды. Сумна і журботна, але гэтак. Цяперака я крочу на гэтых Печышчанскіх сьцежках пераважна з сынамі Вінцэсем і Болесем, і гэта вельмі прыемна і нечым мяне натхняе, але малаверагодна, што яны пойдуць па жыцьці маімі сьцежкамі. Тое, відаць, толькі мая сьцежка.

 
 
 

Comments


© 2018-2026 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich.

All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

Усе фотаздымкі на сайце — уласнасць іх аўтараў і не могуць выкарыстоўвацца без іх дазволу.

bottom of page