Забытыя жаўнеры на багне Валасеньскай галявіны (1917 год) і іхняя гісторыя
- Vadim Sidorovich

- Dec 4, 2023
- 11 min read
Updated: Mar 24
У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты.
Дадзенае другое апавяданьне, як і ўсе наступныя на гэту тэму не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая рэканструкцыя падзей на дакумэнтальнай аснове з імкненьнем праўдападабенства, але ў нейкіх частках тое можа ўтрымліваць выдуманыя імёны і мастацкую выдумку, калі бракавала сапраўднай інфармацыі.
Быў верасень 1917 года. Як і два гады таму ў Налібоцкай пушчы нямецкае войска стаяла па тром лініям абароны на левабярэжжы ракі Нёмна і правабярэжжы ракі Бярозы або Заходняй Бярэзіны. Расейскае войска адпаведна моцна акапалася ўздоўж гэтай жа лініі фронту з супрацьлеглага боку і мела тры асноўныя лініі абароны і дзьве дадатковыя лініі абароны, якія былі больш заглыбленыя ў леса-багенны абшар гэтай пушчы. Усе гэтыя два гады пазыцыйнай вайны ў Налібоцкай пушчы значных боек амаль што не было. Здараліся лякальныя атакі з абодвух бакоў, але зь іх нічога не вынікала. Фронт аніяк ня рухаўся. Жаўнеры ў вільготных і сьцюдзёных зямлянках кармілі вошай ды пацукоў, часам галадалі, а калі й елі, то тое было ня досыць і нясмачна. Жаўнеры й афіцэры з абодвух бакоў масава хварэлі на тыф, гішпанку і дыфтэрыю. Адпаведна яны часта паміралі ад гэтых хвароб. Іхнія целы кідалі ў ямы па 30-100, што звалася брацкай магілаю або капцом. Гэта доўгая безвыніковая пазыцыйная вайна ачамярэла як жаўнерам з расейскага боку, гэтак і нямецкім жаўнерам з супрацьлеглага боку. З абодвух бакоў пачаўся сабатаж вайсковых абавязкаў і нават братанія процістаячых аддзелаў расейскіх і нямецкіх жаўнераў. Афіцэры нэрваваліся, пагражалі бунтуючым жаўнерам астрогам і нават расстрэлам. Нямала якіх жаўнераў застрэлілі за братанія і непаслухменства. У адказ жаўнеры забілі не аднаго афіцэра. Фронт з абодвух бакоў развальваўся. Асабліва заўважна тое было з расейскага боку, дзе забесьпячэньне войскаў было значна горшым ды моцную антываенную прапаганду і агітацыю каб сабатаваць вайну праводзіла камуністычная партыя бальшавікоў.
Вось у гэтай калатэчнай сытуацыі апынуўся невялікі расейскі артылерыйскі аддзел у 10-15 жаўнераў, які знаходзіўся на доўгачасовым пакрыёмым баявым дзяжурстве сярод раскідзістай адчыненай травяной багны, якую звалі Валасеньскай. Тая Валасеньская багна прасьціралася на правабярэжжы Нёмна паміж паселішчамі Купійск, Галяндэрня і Броднае з поўдня ды Будамі і Ўстрынь-Баркі з поўначы. Той вайсковы аддзел, дакладней артылерыйскі ўзвод мейсьціўся на больш-менш сухадольнай але невялікай высьпе, якая звалася Печышчам. У Печышчы на той час стаяў занядбаны самотны двор з маленькай хаткай. У гэтай хаціне гэтак жа самотна жытлавала састарэлая ды хворая знахарка Глафіра Падбярозка, якая была вядома ў навакольлі сваімі лекарскімі здольнасьцямі. Некалі, ледзь не штодня да яе прыходзілі навакольныя людзі за нейкім лекаваньнем, а цяперака сюды анікога не пускалі ды па праўдзе ніхто і ня ішоў. Жаўнеры таго артылерыйскага ўзвода юціліся ў дзьвюх выкапаных зямлянках ды занялі закінутае, але яшчэ прыдатнае для пастою гумно-пуню, што належала Глафіры. Знаходжаньне гэтых жаўнераў у Печышчы пачалося ўзімку 1915 году, і ім здавалася, што гэты іхні пакрыёмы пастой тамака ніколі ня скончыцца. Печышчанскія жаўнеры акрамя звычайных для таго часу вайсковых стрэльбаў мелі на ўзбраеньні чатыры кулямёты і дзьве гарматы на выпадак прарыву немцаў цераз лінію фронту па Нёмну й іхнім руху праз грэблю, якая перасякала Валасеньскую багенную галявіну з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. На пачатку грэблі на Валасеньскім Рагу блізу хутара Валасень і на яе канцы блізу хутара Трасьцяніца стаялі па значнаму аддзелу расейскага войска. Асабліва вялікі аддзел у два палкі стаяў пры Трасьцяніцы. Тыя вайскоўцы кантралявалі ўсялякі рух па грэблі, а Печышчанскім жаўнерам трэба было больш-менш употай жытлаваць тамака і быць у сталай баявой гатоўнасьці. Аб мажлівым прарыву немцаў павінен быць паданы ўмоўлены агнявы сыгналь вайскоўцамі з-пад Валасені або Трасьцяніцы. Раз на два тыдня Печышчанскім вайскоўцам падвозіліся харчы і пошта ў Валасень. Тады Печышчанскія жаўнеры двума коннымі вазамі забіралі ўсё ім дастаўленае, рухаючыся па лядашчай вузкай грэблі. Раней гэта грэбля ад Валасені да Печышчаў была нішто сабе, але яе бадай што спляжылі яшчэ ўзімку 1915 году, калі зацягвалі туды гарматы.

Ачольнікам над тым артылерыйскім аддзелам засады пры Валасеньскай грэблі быў малодшы афіцэр у чыне прапаршчыка на імя Ўладзімір Дубіцкі. Ён быў беларускага паходжаньня й акурат родам з Налібоцкай пушчы, недзе з паўночнай яе часткі пад Валожынам. Вядомы імя і прозьвішча яшчэ трох тых жаўнераў. Імі былі рускі Захар Шакута, беларус Васіль Несьцяровіч, ды паляк Адам Калей. Менавіта сам ачольнік печышчанскіх вайскоўцаў Уладзімір Дубіцкі хадзіў за харчамі і поштай да суседняга валасеньскага аддзелу. Меўшы ўжо гадоў пад сорак ён быў яшчэ не пабраўшыся шлюбам. Побач з валасеньскімі вайскоўцамі на хутары Валасень жытлавала аўдавеўшая вабная маладая кабета на імя Клёпа (або Клеапатра) Фарботка. Клёпа к таму часу яшчэ ня мела дзяцей, бо прабыла ў шлюбе нядоўгі час. Яна паходзіла з недалёкага хутара Сьмейнае, які мейсьціўся на паўночна-заходнім краю Валасеньскай багны недзе на адлегласьці двух кілямэтраў ад Печышча. Тамака з астатнімі дзецьмі жытлавалі яе бацькі Мультан ды Ізабэла Фарботкі. Клёпін мужык Яўстах Півавар быў тутэйшы з Купійска. Акурат пад час Сталыпінскай зямельнай рэформы ў Расеі за бацькоўскія грошы ён купіў паўвалокі зямлі пад хутарскую гаспадарку ў Валасені. Але, трапіўшы пад мабілізацыю, Яўстах загінуў у першыя жа месяцы вайны.
І вось Уладзімір неяк паступова сышоўся з Клёпаю. Употай ён часам начаваў у яе і нават праводзіў у Валасені некалькі содняў, дабіраючыся туды самавольна. Дакладна валасеньскія жаўнеры і іхны ачольнік паручнік Фядос Рыгорцэвіч ведалі аб ягоных візытах да Клёпа, але па мужыцкай салідарнасьці яны не даносілі пра тое вышэйшаму камандаваньню. Гэтаму спрыяла яшчэ і тое, што Фядос Рыгорцэвіч быў земляком-беларусам родам з недалёкіх Прудоў. Пабыўшы ў Клёпы, Уладзімір абавязкова заходзіў да Фядоса, каб выпіць зь ім бутэльку жытнёўкі, нейкі запас якой мела Клёпа. Цягам гэтых пасядзелак Фядос і Ўладзімір надта ўпадабалі размовы на тутэйшыя тэмы даваеннага налібоцка-пушчанскага жыцьця. Час ад часу Клёпа папаўняла гэты гарэлачны запас, калі Ўладзімір прывозіў да яе некалькі торбаў жытняй мукі або зерня. Гэтую гарэлачную сыравіну неяк здабываў Фядос. Усё гэта ўзмацняла іхнае таварышчыства ды спрыяла бясьпецы пабывак Уладзіміра ў Валасені. Цягам сваіх пабывак Уладзімір тое-сёе дапамагаў Клёпе па невялічкай напаўразрабаванай гаспадарцы. Вяртаючыся з Валасені, ён абавязкова прыносіў сваім жаўнерам нейкія дадатковыя харчы і кварту жытнёўкі ад Клёпы. З харчоў тое звычайна было курыныя яйкі або гародніна, але пры ўбогім забесьпячэньні харчамі, і тое для ўсіх у Печышчы было добра.
Улетку 1915 году ў навакольлі хутара Валасень адбылося досыць жахлівае здарэньне. Чацьвёра расейскіх жаўнераў з пяхотнага палку, што мейсьціўся паміж хутарамі Броднае і Галяндэрня, перанялі ў лесе блізу Валасені васьмінаццацігадовую дзяўчыну Аляксандру Козец з хутара Броднае. Аляксандра пайшла туды з малодшай сястрой Даміцэляю ні то па грыбы, ні то па чарніцы. Жаўнеры былі нападпітку і зьдзекліва затрымалі Аляксандру, аб’явіўшы яе нямецкім шпегам. Учынілі над ёю быццам бы допыт у лесе, а потым заткнулі ёй рот анучай і па чарзе пачалі яе гвалтаваць ды ўрэшце забілі. Пра тое неяк дазнаўся малады пасьцівы афіцэр рускага паходжаньня Максім Венедыктаў, які тэрмінова паведзіў пра тое жахлівае здарэньне свайму вайсковаму ачольніцтву. Да таго ж бацькі Аляксандры Тодар і Ярына Козец ужо прыйшлі да вайсковага ачольніцтва ў Казловым Барку, каб неяк адшукаць сваю дачку. Малодшая дачка Даміцэля бачыла, як тыя жаўнеры схапілі Аляксандру. Таксама Даміцэля, схаваўшыся непадалёку ў хмызах, была сьведкай, як тыя жаўнеры пачалі біць і гвалтаваць Аляксандру. Як зьявілася магчымасьць уцячы незаўважанай, Даміцэля палітавала з усіх ног да бацькоў у Бродным. Трох з тых гвалтаўнікоў адразу схапілі і таго жа дня застрэлілі па выраку тэрміновага ваенна-палявога суду. Аднаму зь іх удалося кудысь ўцячы. Арыштаваныя гвалтаўнікі паказалі дакладнае мейсца, дзе схавалі цела забітай Аляксандры. Бацькі Тодар і Ярына Козец пахавалі сваю згвалтаваную дачку на тым жа мейсцы пры багеннай галявіне, пасадзіўшы побач елачку. Тая магіла з помнікам і цяперака вялізнай елкай і дагэтуль ёсьць тамака. Праз некалькі месяцаў магчыма ад шкадаваньняў і цяжкіх перайманьняў па гэтак жахліва і заўчасна загінулай дачцэ Аляксандры Тодара хапіў удар у галаву (па-цяперашняму інсульт), у выніку чаго яго параліхавала, а яшчэ праз некалькі месяцаў ён памёр. Жонка і маці Ярына засталася адна з трыма дзецьмі ў Бродным. Расейскае ваеннае камандаваньне нейкі час, не скупясь, дапамагала ім харчамі.
Неяк напрыканцы 1915 году пры дапамозе Клёпы печышчанскія жаўнеры абзавяліся мыкаю. Уладзімір Дубіцкі разам з іншым беларусам Васілём Несьцяровічам, якому той напоўніцу давяраў, абмянялі дойную мыку на тры баявыя стрэльбы з шасьцю скрынямі набояў. То быў абмен з Мультанам Фарботка – бацькай Клёпы з недалёкага хутара Сьмейнае. Надоечы тую мыку меўся забраць аддзел расейскіх вайскоўцаў, які разьмяркоўваўся ў Трасцяніцы. Тым часам Фарботкава мыка была дзесь у навакольнай пушчы на пашы. Жаўнеры пачакалі некалькі гадзін і сышлі. Адразу апасьля той абмен і адбыўся. Параіла Клёпа, якая акурат у гэты дзень гасьцявала ў бацькоў. Той абмен мыкі на зброю пасаваў Фарботкам са Сьмейнага, бо час быў ліхі, і ўсяго жахлівага мажліва было чакаць. Магчыма Фарботкам хацелася абмяняць мыку на штось іншае, але ў печышчанскіх жаўнераў была толькі зброя. Потым трасцяніцкім вайскоўцам сказалі, што мыку задралі ваўкі, і тыя адчапіліся. Але на адыход яны пагражалі, маўляў, маніш дзед, глядзі, бо калі даведаемся, што ашукаў, то будзе худа. У Сьмейным дваццаці трох гадовы Васіль Несьцяровіч пазнаёміўся з Мультанавай дачкой Тарэсяй, ды пасьля таго даволі часта пачаў зьнікаць з Печышча на спатканьні зь ёю ў Сьмейным. Уладзімір ды й іншыя саслужыўцы ставіліся да таго лагодна, маўляў, справа маладая і няхай пагуляе ды яшчэ і за іх. Мультан, Тарэся або хтось з ягоных сыноў часам прыходзілі самі ў Печышча, каб штось дапамагчы з мыкаю ды ўзяць сабе гарлач малака.
Гэтак тыя жаўнеры жытлавалі ў Печышчы размераным жыцьцём ды сваім малым гуртом даволі доўга. Да цяжкасьцяў і бракаў таго жыцьця яны звыкліся, хаця яно было параўнальна лягчэйшым за жаўнерскі пастой у іншых мейсцах франтавога навакольля. Таму маліліся на тое, каб іх кудысь не перасунулі. Васіль неяк прызнаўся Ўладзіміру, што калі іх будуць адводзіць адсюль, то ён уцячэ ды будзе неяк трымацца Фарботак. Гэтакія ж думкі блукалі й у галаве самаго Ўладзіміра.
К канцу лета 1917 года ў расейскім войску, што стаяла ў Налібоцкай пушчы пры Нёмне, стала неспакойна. Здараліся частыя непадпарадкаваньні загадам камандзіраў, было шмат дэзэрцірства жаўнераў, а таксама братаньні з раней варожымі нямецкімі жаўнерамі. Камандзіры нэрваваліся, кагось забіралі ў вайсковы астрог, кагось расстрэльвалі на мейсцы за дэзэрцірства і непаслухменства. Печышчанскім жаўнерам ужо месяц не падвозілі пошту і харчы, а на Валасеньскам Рагу амаль што нікога з жаўнераў не засталося. Уцёк дадому ў Пруды і Фядос Рыгарцэвіч. Уладзімір Дубіцкі паслаў два жаўнера да камандаваньня ў асноўным вайсковым лягеру ў Казлоў Барок, каб даведацца аб сытуацыі з харчамі й увогуле. Вярнуўся толькі адзін зь іх. Другога пасыльнага застрэліў нэрвовы афіцэр за тое, што ён быццам бы самавольна пакінуў баявую варту ў Печышчы. Пасьля гэтага здарэньня Васіль Несьцяровіч сышоў з Печышча да Фарботак у Сьмейнае. Якраз гэтымі днямі памерла старая гаспадыня Печышч Глафіра Падбярозка. Жаўнеры пахавалі яе непадалёку ад яе маленькай хаты. Тая Глафірына магілка да гэтай пары заўважна на той печышчанскай высьпе, але на на ёй няма аніякіх адзнак.
Уладзіміру Дубіцкаму таксама самому хацелася сысьці, але куды. Сысьці на хутар Валасень да Клёпы Фарботка было небясьпечна. Ён нават перастаў вітаць да яе і пачаў нямала хвалявацца за яе лёс. І вось калі ён наважыўся ісьці да яе ў Валасень, каб забраць яе ў Печышча, яна сама прыйшла да яго, спадзяючыся на ягоную абарону. Цягам мінулага тыдня ўсю ейную гаспадарку разрабавалі нейкія незнаёмыя жаўнеры. Да таго ж пад пагрозай забіць яны ўтрох гвалтавалі яе чацьвёра содняў запар. Хтось зь іх са стрэльбай увесь час пільнаваў Клёпу, каб тая ня зьбегла прэчкі. На пяты дзень тыя гвалтаўнікі зьніклі. Уладзімір Дубіцкі, зазнаўшы нявыказаны Клёпін папрок, пачуваўся вельмі кепска. Ён загадаў застаўшымся жаўнерам страляць у любога, хто наблізіцца да выспы Печышча. Праз два дні Ўладзімір і Клёпа сышлі да Фарботак у Сьмейнае. Сваіх жаўнераў пад сваю адказнасьць ён распусьціў, але яны ня ведалі, як і куды ім ісьці. Іх нямала палохаў лёс застрэленага тыдзень таму іхняга саслужыўца, які пайшоў даведацца аб сытуацыі ў Казлоў Барок. Таму застаўшыеся жаўнеры меркавалі жытлаваць у Печышчы яшчэ нейкі працяглы час да дакладнага вызначэньня сытуацыі на фронце. Уладзіміру Дубіцкаму тое пасавала. Што тычыцца Фарботкавай мыкі, то яна перастала даваць малако, а быка нідзе ў ваколіцах не было. Таму яе забілі, падзяліўшы мяса пароўну паміж печышчанскім і сьмейненскім бакамі. Дзьве гарматы, што былі ўсталяваны ў Печышчы па сыходу жаўнераў тамака і засталіся. Іх забралі з печышчанскай выспы толькі напрыканцы 1920-х гадоў за польскімі ўладамі. Падобна на тое, што кулямёты забраў Уладзімір з Васілём, як сыходзілі ў Сьмейнае да Фарботак.

Паступова застаўшыеся печышчанскія жаўнеры некуды сышлі. Тамака застаўся жытлаваць толькі Захар Шакута ды Адам Калей. Яны мешкалі ў хаце памерлай Глафіры Падбярозкі. Але ў першую іхнюю зіму Захар моцна застудзіўся і памёр. Адам Калей застаўся сам. Яму не было куды ісьці. Ягоная жонка і двое дзетак, якія да вайны разам зь ім жытлавалі недзе ў Польшчы на Мазурах, памерлі не то ад гішпанкі, не то ад тыфу. Аб гэтым ён даведаўся напрыканцы 1916 года з бацькоўскага ліста. Вяртацца на радзіму, дзе ўсё нагадвала аб ягонай трагедыі, ён не меў аніякай ахвоты. Самотны Адам пачаў вітаць на хутар Броднае да радзіны Козец. Іхная гаспадарка заняпала і не было чаго есьці. Спраўны Адам перабраўся да іх у прымакі адразу як бы парабкам. Дачка Даміцэля ўпадабала Адама і пагадзілася зь ім пабрацца шлюбам. Пасьля таго шлюбу маці Ярына крыху пажыла разам ды потым перабралася з двума астаўшыміся дзецьмі да сваіх састарэлых бацькоў у Купійск. Даміцэля і Адам пачалі мешкаць адны ў матчынай хаце ў Бродным. Гэтакім чынам быў пакладзены пачатак вядомай радзіне Калеяў у Бродным. Пасьля Другой сусьветнай вайны тамака жытлаваў Адамаў сын Зьдзіслаў з жонкай Янінай, якія нарадзілі чатырох дзетак. Старэйшага іхнага сына назвалі Адам у гонар дзеда.
Недзе праз год па сыходу ўсялякіх войскаў Уладзімір Дубіцкі з Клёпаю Фарботка перабраліся на абрабаваны хутар Валасень. На дзіва Валасеньская хата і гаспадарчыя забудовы захаваліся. Усё ўшчэнт было разрабавана, але сьцены і дах захаваліся, а тое было галоўнае. Жылі разам яны добра, нарадзілі чатырох дзяцей, але Ўладзіміру часам падавалася, што іхнае першае дзіця было ад тых жаўнераў-гвалтаўнікоў. Але ў гэтым ён больш дакараў самога сябе а не Клёпу, бо тады ён насамрэч меў усе магчымасьці забраць яе з Валасені да сябе ў Печышча раней, чымся тое здарылася.
Васіль Несцяровіч пабраўся з другой Мультановай дачкою Тарэсяй, але ў іх не атрымалася мець дзяцей. Ужо састарэлы Мультан, Васіль і двое Мультанавых сыноў Гінтаф і Дзям’ян заснавалі ў Бродным шафарню, дзе яны выраблялі шафы, буфэты, услоны, ложкі й іншую простую мэблю для сялянскіх хат. Тая мэбля карысталася попытам, што дазваляла Фарботкам жыць параўнальна заможна. Васіль з Тарэсяй мешкалі пры шафарні, тады як Фарботкі жытлавалі ў Сьмейным, і на працу ў Броднае яны езьдзілі штодня на коннай фурманцы тыя два кілямэтры па левабярэжнай дарозе ўздоўж старой даліны рэчкі Вуса. Яшчэ адзін Мультанаў самы малодшы сын Піюс стаў працаваць лясным службоўцам у Сьмейнае ў лясной гаспадарцы пры польскіх уладах.

Але надышоў верасень 1939 году, калі савецкае войска забрала ад Польшчы назад заходне-беларускія землі. Гэтак сталася, што новыя савецкія ўлады не зачапілі нейкім кепскім чынам ані Дубіцкіх, ані Калеяў. Але вось Піюс Фарботка як польскі лясны службовец з жонкай і двума дзецьмі быў выселены савецкімі ўладамі ў Сыбір у 1940 годзе, дзе яны неяк загінулі. Пры арышце порсткі ды ўсхопны Піюс, які кагадзе вярнуўся з паляваньня, аказаў немалы супраціў савецкім міліцыянтам. Таму ў няміласьць да тамтэйшых савецкіх уладаў трапілі ўсе Фарботкі са Сьмейнага й іхні зяць-прымак Васіль Несьцяровіч. Нязгодныя з гвалтам у дачыненьні Піюса астатнія Фарботкі, якія ня былі ўпэўнены ў даўгавечнасьці савецкай улады і мелі шмат зброі, меліся адказаць супрацівам. Сьцяўшыся, яны чакалі й у Сьмейным і на шафарні ў Броднае са зброяй напагатове. Матка і жонка Мультана, састарэлая Ізабэла зацята і гістэрычна румзала, аплаківая гаротны лёс Піюса, ягоных дзяцей ды палохаючыся за немінулую загібель астатніх чальцоў некалі вялікай радзіны. А тыя астатнія ня мелі аніякай ахвоты адпраўляцца за Піюсам у Сыбір. Меркавалася, што лепш загінуць тутай на сваёй зямлі пры сваіх дварах чымся сядзець у савецкім астрозе. Каб недзе хавацца на час перасьледу, Фарботкі падрыхтавалі пакрыёмыя зямлянкі ў глухім урочышчы Ліповіца на сухадольнай высьпе з дубова-ліпавым лесам на ўскрайку далёкасяжнай багны Паўднёвае Ўюнішча. Другое запасное табарышча было падрыхтавана ў багенным урочышчы Краснае на выспах Курганы.
Сутычка здарылася каля шафарні ў Бродным. Арыштоўваць астатніх Фарботкаў туды прыехаў на конных фурманках шэраг міліцыянтаў, якія не чакалі значнага супраціву і былі лёгка ўзброены. Як толькі міліцыянты пераехалі Краманіцкую канаву, яны былі сустрэты шквалам папяраджальнага кулямётнага агню паверх галоў. Быццам бы нікога з тых міліцыянтаў не забілі, але яны мусілі швыдка пакінуць Броднае. Фарботкі падпалілі шафарню і ратаваліся ўцёкамі на загадзя падрыхтаванае табарышча.
Пасьля сутычкі ў Бродным мясцовыя савецкія ўлады накіравалі вайсковы аддзел на вынішчэньне Сьмейненскіх Фарботкаў за бандытызм. І вось праз нейкі час стары Мультан Фарботка ды ягоныя сыны Гінтаф і Дзям’ян нейкім чынам былі перастрэты ў даліне Вусы пад Будамі сакрэтам савецкіх вайскоўцаў. Напэўна тыя Фарботкі хадзілі да свайго схрону са зброяй, бо зь імі было шмат узбраеньня. Перастрэты Фарботкі былі акурат сярод адчыненай даліны рэчкі Вуса. Сыны былі забіты амаль што адразу, а стары але яшчэ моцны Мультан схаваўшыся за таўстую алешыну доўга адбіваўся кулямётным агнём. Як скончыліся набоі Мультан застрэліўся з трохлінейкі, націснуўшы на курок пальцам нагі. Што тычыцца Васіля Несьцяровіча з жонкаю Тарэсяй, то неяк яны уцяклі ад таго перасьледу. Напэўна нейкі час яны рымсьцілі на тых пакрыёмых табарышчах у Ліповіцы і Курганах. Што зь імі здарылася далей, невядома. Далей неўзабаве была Другая сусьветная вайна з атакай нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз. Лёс маці і жонкі Ізабэлы невядомы. Мусіць яна засталася чакаць свайго лёса ў Сьмейным. Хтось казаў, што яе савецкія ўлады не чапалі, а яна загінула потым ад нямецкіх захопнікаў увосені 1943 году. Прынамсі яшчэ дзесяцігодзьдзе таму ў Сьмейным была нейкая магіла з спарахнелым дубовым крыжом.




Comments